САПСА́Н, сокал-сапсан (Falco peregrinus),

птушка сям. сакаліных атр. сокалападобных. Пашыраны ў Еўразіі, Амерыцы, Афрыцы, Аўстраліі. На Беларусі вельмі рэдкі гнездавальны і вандроўны від. Жыве ў разрэджаных барах паблізу рачных поймаў і вял. балот, на ўчастках старых хваёвых лясоў з адкрытымі прасторамі. Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Даўж. да 49 см, маса да 1 кг. Крылы доўгія, вострыя, хвост клінападобны. Апярэнне цёмна-бурае, ніз цела светлы з тонкім папярочным малюнкам на баках і падхвосці (больш яркі ў самак). На грудзях кроплепадобныя стракаціны. Пад вачыма цёмныя плямы («вусы»). Гнёзды на дрэвах, селяцца ў гнёздах варон, крумкачоў, інш. буйных птушак. У кладцы 2—4 чырванавата-карычневыя яйцы. Асн. корм. — птушкі, якіх ловіць у палёце.

Сапсан.

т. 14, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНЕГАЛО́ВІК (Eryngium),

род кветкавых раслін сям. парасонавых. Каля 230 відаў. Пашыраны ва ўмераных, трапічных і субтрапічных паясах. На Беларусі 1 від — С. пласкалісты (E. planum). Трапляецца на сухіх грывах у поймах рэк, пясчаных узлесках, уздоўж дарог. Інтрадукаваны С.: альпійскі (E. alpinum), аметыставы (E. amethystinum), гіганцкі (E. giganteum), палявы (E. campestre).

Шматгадовыя, радзей адна- і двухгадовыя травы з прамастойнымі галінастымі сцёбламі. Лісце чаргаванае, разнастайнай формы, часта скурыстае і калючазубчастае. Кветкі двухполыя, дробныя ў шчыльных галоўчатых суквеццях пераважна сіне-блакітнага колеру. Суквецці абкружаныя цвёрдымі лісцікамі абгорткі. Плод — сямянка. Калючы, моцна разгалінаваны С. палявы ўтварае перакаці-поле. Дэкар. (для зімовых букетаў і фларыстыкі), лек., харч., меданосныя расліны.

А.​М.​Скуратовіч.

Сінегаловік палявы.

т. 14, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКО́ЧКІ (Sempervivum),

род кветкавых раслін сям. таўсцянкавых. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн.-Зах. Афрыцы. На Беларусі 1 від — С. атожылкавыя (S. sobolifera), які часта выдзяляюць у род Jovibarba. Трапляюцца па сухіх пясчаных месцах у хваёвых лясах. Як дэкар. расліны вырошчваюць С. дахавыя (S. tectorum) і каўказскія (S. caucasicum).

Шматгадовыя травы выш. да 40 см. Лісце мясістае, чаргаванае, ніжняе — у шчыльнай разетцы. Неквітучыя атожылкі ў выглядзе шарападобных разетак. Кветкі двухполыя, белыя, жоўтыя, ружовыя, чырв. ці пурпурныя ў шчыткападобна-мяцёлчатых суквеццях. Плод — лістоўка. Пасля плоданашэння расліна адмірае. Лісце і маладыя парасткі спажываюць як салату. Дэкар., лек., харч., меданосныя расліны.

А.​М.​Скуратовіч.

Скочкі: 1 — закаўказскія; 2 — каўказскія.

т. 14, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СО́КАЛ-КАРШАЧО́К, каршачок (Falco subbuteo),

драпежная птушка сям. сакаліных атр. сокалападобных. Пашыраны на Пн Еўразіі і ў Паўн. Афрыцы (акрамя тундраў і пустынь), насяляе лясы і лесастэпы. Гняздуецца на высокіх дрэвах. Зімуе на Пд Азіі і Афрыкі. На Беларусі нешматлікі пералётны від. Нар. назвы аралок, карагольчык, кабец. Занесены ў Чырв. кнігу.

Даўж. да 36 см, маса да 280 г. Самкі буйнейшыя за самцоў. Апярэнне спіны буравата-чорнае з шызым адценнем, грудзей і брушка — светла-вохрыстае з буйнымі цёмнымі стракацінамі, падхвосця і галёнак — рыжае; па баках ад дзюбы чорныя палосы — «вусы». Кольца вакол вока і ногі жоўтыя. Корміцца насякомымі, дробнымі птушкамі, лятучымі мышамі. Адкладвае да 4, зрэдку да 6 яец.

Э.​Р.​Самусенка.

Сокал-каршачок.

т. 15, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУБ’Е́КТ ПРА́ВА,

фізічная або юрыдычная асоба, якая валодае паводле закону здольнасцю мець і ажыццяўляць непасрэдна або праз прадстаўніка правы і юрыд. абавязацельствы. Неабходны элемент праваадносін ва ўсіх галінах права, але ў кожнай з іх яго суб’ект мае пэўную спецыфіку. Напр., у грамадзянскіх праваадносінах грамадзяне, чужаземцы і асобы без грамадзянства выступаюць як фіз. асобы; камерцыйныя і некамерцыйныя арг-цыі — як юрыд. асобы; трэці від суб’ектаў грамадзянскіх праваадносін складаюць дзяржава і дзярж. ўтварэнні. У адм. праваадносінах С.п. выступаюць у асноўным дзярж. органы, службовыя асобы, грамадзяне і толькі ў некат. выпадках — арг-цыі. Прызнаючы якую-н. асобу С.п., закон вызначае яго прававы статус, які характарызуе яго становішча адносна дзяржавы, дзярж. органаў, інш. асоб.

Г.​А.​Маслыка.

т. 15, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАКСАПЛА́ЗМА (Toxoplasma),

род паразітычных прасцейшых атр. какцыдый кл. спаравікоў. 1 від — Т. гондзіі (T. gondii). Паразіт млекакормячых жывёл, птушак і чалавека (канчатковыя гаспадары); узбуджальнік таксаплазмозу.

Даўж. 4—8, шыр. 2—4 мкм. Вегетатыўная форма рухомая, паўмесяцападобная. Жыццёвы цыкл характарызуецца чаргаваннем бясполага размнажэння (шызаганія) шляхам дзяленняў з утварэннем цыст, псеўдацыст і палавога працэсу (гаметаганія). Развіццё з удзелам прамежкавых гаспадароў — больш за 180 відаў свойскіх і дзікіх жывёл. У млекакормячых і чалавека Т. можа перадавацца і праз плацэнту.

Цыкл развіцця і спосабы заражэння таксаплазмай: 1 — кошка-гаспадар, дзе праходзіць шызаганія і стадыя палавога цыкла; 2—4 — паслядоўныя стадыі развіцця аацысты; 5—6 — мышы-гаспадары, у якіх адбываецца дадатковае бясполае размнажэнне; 7 — унутрывантробнае заражэнне мышэй.

т. 15, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАКТАВІ́К,

від танічнага верша (гл. Танічнае вершаскладанне), у якім колькасць складоў паміж моцнымі націскнымі складамі (іктамі) ад 0 да 3—4. Пропускі націскаў на метрычна моцных месцах рэдкія, а ў 3-складовых інтэрвалах часта сустракаюцца звышсхемныя націскі на сярэднім складзе. Т. займае прамежкавае становішча паміж дольнікам і акцэнтным вершам (аднолькавая або прыблізна аднолькавая колькасць акцэнтаў — апорных рытмічных націскаў у вершаваных радках). У бел. паэзію Т. увялі ў пач. 20 ст. Я.​Купала і М.​Багдановіч. Прыклад 4-іктнага Т. ў Я.​Купалы:

Я табе́, зямля мая пра́дзедаў маіх.
Не патра́плю нічо́га жале́ць на све́це,
На свет цэ́лы гато́ў твой прыго́н апе́ці
І ўзнясці́ паса́д на магі́лішчах тваі́х.
(«Для зямлі прадзедаў маіх...»)

В.​П.​Рагойша.

т. 15, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭЛЕФО́ННАЯ СУ́ВЯЗЬ,

перадача на адлегласць моўнай інфармацыі; від электрасувязі. Забяспечвае вядзенне вусных перамоў паміж абанентамі, якія знаходзяцца на любой адлегласці. Ажыццяўляецца шляхам пераўтварэння гукавых ваганняў у эл. сігналы ў мікрафоне тэлефоннага апарата абанента, які гаворыць, перадачы гэтых сігналаў па лініях правадной ці радыёсувязі і іх адваротнага пераўтварэння ў гукавыя ваганні тэлефонам абанента, які слухае. Перадача тэлеф. паведамленняў адбываецца па правадных, кабельных, радыёрэлейных, валаконна-аптычных лініях сувязі; камутацыя каналаў Т.с. (злучэнне і раз’яднанне абанентаў) — аўтам. і ручным спосабамі на тэлефонных станцыях. У Расіі гарадскія тэлеф. станцыі пачалі дзейнічаць з 1882, на Беларусі — з 1896; міжгародняя лінія Т.с. Мінск—Смалявічы—Барысаў пабудавана ў 1908. Гл. таксама Сувязь.

П.​М.​Малочка.

т. 16, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАЗА́НАВЫЯ (Phasianidae),

сямейства птушак атр. курападобных. 4 падсям.: курапаткі, курапаткі зубчастадзюбыя (Odontophorinae, 10 родаў), фазаны (Phasianinae, 16 родаў) і цацаркі (Numidinae, 5 родаў). Каля 180 відаў. Пашыраны на ўсіх мацерыках. Жывуць у разнастайных ландшафтах. Аселыя (акрамя перапёлак). У Чырв. кнізе МСАП 21 від і 2 падвіды.

Даўж. да 235 см, маса да 5 кг. У самцоў многіх відаў на неаперанай цэўцы рагавая шпора. Пераважна расліннаедныя. Манагамы і палігамы. Для многіх відаў характэрны перыяд такавання. Банкіўскія куры (гл. Банкіўскі певень) — родапачынальнік свойскіх парод курэй; паўліны і фазаны паўпрыручаныя. Многія Ф. — аб’екты палявання і развядзення.

Да арт. Фазанавыя. Фазаны: 1 — звычайны; 2 — залаты; 3 — дыямантавы; 4 — серабрысты; 5 — манал гімалайскі.

т. 16, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАКТО́РЫНГ (англ. factoring агент, пасрэднік),

від фін. паслуг, якія робяць камерцыйныя банкі і іх даччыныя фактар-фірмы дробным і сярэднім фірмам. Узнік у 16—17 ст. як аперацыя гандл. пасрэднікаў, потым набыў форму крэдытавання (гл. Крэдыт). Сутнасць Ф.: фактар-фірма, якая мае статус крэдытнай установы, набывае ў кліента правы на спагнанне даўгоў; частку (70—90%) гэтага доўгу вяртае кліенту да надыходу тэрміну яго аплаты даўжніком. Астатнюю частку доўгу за вылікам працэнтаў вяртае пасля пагашэння даўжніком усяго доўгу. У выніку кліент мае магчымасць хутчэй вяртаць даўгі, ажыццяўляць плацяжы. Адрозніваюць адкрыты — канвенцыйны Ф. (даўжнік паведамлены аб удзеле ў пагадненні фактар-фірмы) і закрыты (канфідэнцыяльны). Парадак правядзення і ўлік факторынгавых аперацый у камерцыйных банках рэгламентуецца Нац. банкам.

т. 16, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)