ТАКТАВІ́К,

від танічнага верша (гл. Танічнае вершаскладанне), у якім колькасць складоў паміж моцнымі націскнымі складамі (іктамі) ад 0 да 3—4. Пропускі націскаў на метрычна моцных месцах рэдкія, а ў 3-складовых інтэрвалах часта сустракаюцца звышсхемныя націскі на сярэднім складзе. Т. займае прамежкавае становішча паміж дольнікам і акцэнтным вершам (аднолькавая або прыблізна аднолькавая колькасць акцэнтаў — апорных рытмічных націскаў у вершаваных радках). У бел. паэзію Т. увялі ў пач. 20 ст. Я.​Купала і М.​Багдановіч. Прыклад 4-іктнага Т. ў Я.​Купалы:

Я табе́, зямля мая пра́дзедаў маіх.
Не патра́плю нічо́га жале́ць на све́це,
На свет цэ́лы гато́ў твой прыго́н апе́ці
І ўзнясці́ паса́д на магі́лішчах тваі́х.
(«Для зямлі прадзедаў маіх...»)

В.​П.​Рагойша.

т. 15, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)