інтэгральнае паняцце, выпрацаванае тэарэтычным навук. мысленнем для цэласнага разумення чалавека ў яго гіст. і індывід, развіцці. Дае магчымасць: пазбегнуць аднабаковых тлумачэнняў паходжання чалавека (з пазіцый антрапа- і сацыягенезу, біялагізатарства, расізму, нацыяналізму); разглядаць пачатак чалавечай гісторыі ў дынаміцы эвалюцыйна-біял. перадумоў і матэрыяльна-дзейнасных фактараў гамінізацыі; зразумець прыроду як «неарганічнае цела» чалавека, што фарміруецца ў гіст. працэсе грамадства.
Выкарыстанне прынцыпу гістарызму да антрапалагічных праблем дае магчымасць раскрыць сац. сутнасць матэрыяльнага (фізічнага, біялагічнага) цела чалавека на ўзроўні яго філа- і антагенезу. Вял. мозг, рукі, здольнасць прама хадзіць, мысліць, гаварыць і інш. ўласцівыя чалавеку рысы — усё гэта жывая матэрыя, прырода. У той жа час гэта прырода чалавека фарміруецца самім соцыумам у працэсе яго гіст. развіцця. Дзіця пры нараджэнні атрымлівае ў спадчыну матэрыяльныя формы і задаткі чалавека, але самі па сабе яны яшчэ не робяць яго чалавекам. Ці стане мысліць і гаварыць дзіця, аб чым яно будзе мысліць і на якой мове размаўляць — усё залежыць ад сац. умоў жыцця. Антрапасацыягенез мае на мэце і даследаванне перспектыў змены матэрыяльных формаў і патэнцый чалавека ў працэсе натуральна-гіст. развіцця соцыуму, яго дэфармацыі і дэградацыі.
Літ.:
Ефимов Ю.И. Философские проблемы теории антропосоциогенеза. Л., 1981;
Проблемы современной антропологии. Мн., 1983;
Поршнев Б.Ф. О начале человеческой истории. М., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БУ́РА І НА́ЦІСК»
(«Sturm und Drang»),
грамадска-літ. рух у Германіі ў 1700—80-я г. (назва ад аднайм. драмы ням. пісьменніка Ф.М.Клінгера; 1776). Найб. значныя прадстаўнікі: І.В.Гётэ і Ф.Шылер (ранні перыяд творчасці), Клінгер, Я.М.Р.Ленц, Г.Л.Вагнер, Г.А.Бюргер, К.Ф.Д.Шубарт, І.Г.Фос. Для творчай практыкі пісьменнікаў «Бура і націск» характэрны пераважна зварот да драматургіі. Яны выступілі з рэзкім пратэстам супраць сац. несправядлівасці, дэспатызму феадалаў, рэліг. і саслоўных ланцугоў грамадства, адстойвалі права асобы на годнасць і свабоднае развіццё. У процілегласць асветніцкаму рацыяналізму і нарматыўнай эстэтыцы класіцызму «бурныя геніі» супрацьпаставілі ідэю самабытнага ва ўсіх праявах «характэрнага мастацтва», патрабавалі адлюстравання моцных пачуццяў, гераічных учынкаў, характараў, не зломленых дэспатычным рэжымам, абвяшчалі культ «арыгінальнага генія» — мастака-творцы. Літ. ўзорамі для іх былі паэмы Гамера і трагедыі У.Шэкспіра. Вырашальнае значэнне ў станаўленні эстэтыкі «Буры і націску» мелі думкі І.Г.Гердэра пра нац. своеасаблівасць мастацтва і яго нар. карані, пра ролю фантазіі і эмацыянальнага пачатку. Моцны пратэст супраць несправядлівасці, характэрны для творчасці прадстаўнікоў руху, дазволіў ням. Асветніцтву ўзняцца да ўзроўню нац.-вызв. задач эпохі.
Літ.:
Неустроев В.П. «Буря и натиск» // Неустроев В.П. Немецкая литература эпохи Просвещения. М., 1958.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДЭВІ́ЛЬ (франц. vaudeville),
жанр драматургіі; від лёгкага камедыйнага паказу з займальнай, нярэдка заблытанай інтрыгай, з песнямі-куплетамі, рамансамі і танцамі. Узнік у Францыі ў 18 ст. Класікі жанру Э.Скрыб, Э.Лабіш. Франц. вадэвіль паўплываў на развіццё гэтага жанру ў Польшчы (А.Фрэдра), Германіі (Г.Фрайтаг), Даніі (І.Л.Хэйберг) і інш. краінах Еўропы. У Расіі з’явіўся на пач. 19 ст. (А.Шахаўской, Дз.Ленскі, П.Каратыгін, Ф.Коні, М.Някрасаў, А.Чэхаў).
На Беларусі элементы вадэвіля былі ў інтэрмедыях фалькл.т-ра 16—19 ст. У прафес. драматургіі жанр вадэвіля распрацоўваў В.Дунін-Марцінкевіч. Свае п’есы «Пінская шляхта» (1866) і «Залёты» (1870) ён вызначыў як фарс-вадэвіль. Яны насычаны песнямі, куплетамі, рамансамі, разам з тым вызначаюцца сац. зместам, глыбінёй, сатыр. завостранасцю. Бел. вадэвіль, прыняўшы каноны класічнага франц. вадэвіля, меў уласную нац. адметнасць, што выявілася ў характары гумару, большай схільнасці да сатыры і фарсу. Элементы вадэвіля ёсць у п’есах «Модны шляхцюк» К.Каганца (1910), «Прымакі» Я.Купалы (1913), «Снатворны мак» К.Лейкі (1912), «Чорт і баба» Ф.Аляхновіча (1920), «Мікітаў лапаць» М.Чарота (1923), «Мужчына, будзь мужчынам» М.Матукоўскага (1966); на фарсава-вадэвільных сітуацыях заснаваны п’есы Л.Родзевіча «Пасланец» (1918), «Конскі партрэт» (1920) і «Збянтэжаны Саўка» (1921). На сучасным этапе вадэвіль у драм. мастацтве замяніла камедыя, у музычным — аперэта, мюзікл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́КТАР (ад лац. vector вядучы, нясучы),
1) накіраваны адрэзак пэўнай даўжыні. Абазначаецца лац. літарамі тлустага шрыфту a, A (AB — калі пачатак вектара ў пункце A, канец у пункце B) ці светлага шрыфту з рыскай або стрэлкай над імі: , , , . Даўжынёй (модулем) вектара наз. даўжыня адрэзка AB і абазначаецца AB ці ||.
Два вектары роўныя, калі яны паралельныя ці аднолькава накіраваныя і маюць аднолькавую даўжыню. Вектар, пачатак і канец якога супадаюць, наз. нуль-вектарам, даўжыня яго роўная нулю. Яму не прыпісваецца ніякі напрамак. Вектар, даўж. якога роўная адзінцы, наз. адзінкавым. На плоскасці ці ў прасторы ўсякі вектар можа быць паказаны накіраваным адрэзкам, адкладзеным ад пачатку каардынат. Таму вектар можна задаваць трыма сапраўднымі лікамі (x, y, z) — праекцыямі вектара на восі прамавугольнай сістэмы каардынат (каардынатамі вектара). У n-мернай прасторы вектар вызначаецца як упарадкаваная сістэма n сапраўдных лікаў (x1, x2, ..., xn).
З дапамогай вектара ў матэматыцы, фізіцы і механіцы апісваюцца сілы, скорасці, паскарэнні і інш. велічыні, зададзеныя лікам і напрамкам. Гл. таксама Вектарнае злічэнне.
2) У пераносным сэнсе — пэўны кірунак у якой-н. сферы дзейнасці ці адносін (напр., у палітыцы, эканоміцы і г.д.).
А.А.Гусак.
Вектар OM з праекцыямі x, y, z; i, j, k — орты прамавугольнай дэкартавай сістэмы каардынат.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТАМІНАЛО́ГІЯ (ад вітаміны + ...логія),
навука пра вітаміны; раздзел біяхіміі. Адрозніваюць вітаміналогію эксперыментальную (даследуе дзеянне пэўных вітамінаў і іх вытворных, міжвітамінныя ўзаемаадносіны, мадэлюе паталогіі, што ўзнікаюць пры недахопе вітамінаў) і клінічную (вывучае выкарыстанне вітамінных прэпаратаў для прафілактыкі і лячэння захворванняў).
Адкрыццё вітамінаў звязана з імем рус. ўрача М.І.Луніна, які ў 1880 заўважыў наяўнасць у ежы незаменных кампанентаў, што адрозніваліся хім. прыродай ад вядомых бялкоў, тлушчаў, вугляводаў і мінер. рэчываў. Назву яны атрымалі ў 1911 (польскі біяхімік К.Функ). Першы вітамін, хім. будова якога была адкрыта, — тыямін (А.Віндаўс, 1932, Р.Уільямс, І.Клайн, 1936). У Расіі далейшае развіццё вітаміналогіі звязана з працамі А.У.Паладзіна, Б.А.Лаўрова і інш. На Беларусі даследаванні (пачаліся ў 1930-я г.) былі засяроджаны на вывучэнні ролі вітамінаў у харчаванні чалавека і кармленні жывёл (А.Поляк, Л.М.Форштэр), пошуку новых вітамінаў (Л.П.Розанаў), біяхім. механізмаў дзеяння вітамінаў, іх удзелу ў абменных працэсах (С.Д.Пеўзнер, Я.І.Бляхер, В.А.Лявонаў, М.Ф.Меражынскі, Ю.М.Астроўскі і інш.). Н.-д. работы па вітаміналогіі вядуцца ў мед. ін-тах, ін-тах АН Беларусі — біяхіміі, радыебіялогіі, Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫПРА́МНІК ТО́КУ,
прыстасаванне для ператварэння пераменнага току (адна- або трохфазнага) у пастаянны ток. Складаецца з уласна выпрамніка (блока эл.вентыляў), трансфарматара (пры неабходнасці змяніць напружанне эл. сеткі да патрэбнай велічыні) і эл.фільтра (згладжвае пульсацыю выпрамленага напружання). Выпрамнікі току бываюць: электракантактныя, электравакуумныя (кенатронныя; гл.Кенатрон), газаразрадныя (гл.Газатрон, Ігнітрон, Тыратрон, Эксітрон) і паўправадніковыя (гл. ў арт.Паўправадніковыя прылады), адно- і двухпаўперыядныя, маставыя і з нулявым вывадам; адна-, трох- і мнагафазныя; рэгулёўныя і нерэгулёўныя.
Прасцейшыя аднапаўперыядныя аднафазныя выпрамнікі току маюць адзін вентыль, які прапускае пераменны ток толькі ў адным напрамку; выкарыстоўваюцца ў маламагутных (напр., бытавых) прыладах. Лепш згладжваюць пульсацыю напружання двухпаўперыядныя аднафазавыя выпрамнікі току, якія выкарыстоўваюцца пераважна ў прыстасаваннях са спажыванай магутнасцю да некалькіх кілават (радыёапаратура, прылады аўтаматыкі, тэлемеханікі і інш.), часам — для сілкавання магутных (да 1000 кВт) прыстасаванняў (напр., цягавых рухавікоў электравозаў). Двухпаўперыядныя трохфазавыя выпрамнікі току выкарыстоўваюцца ў магутных устаноўках прадпрыемстваў электраметалургіі, электрахіміі і інш. Мнагафазныя выпрамнікі току атрымліваюць павелічэннем ліку другасных абмотак трансфарматара і пэўным іх злучэннем, яны значна зніжаюць пульсацыю выходнага напружання.
У.М.Сацута.
Схемы нерэгулёўных выпрамнікоў току на паўправадніковых дыёдах: 1 — аднафазнага аднапаўперыяднага; 2 — трохфазнага маставога; Д — дыёд.Схемы рэгулёўных выпрамнікоў току: 1 — на тырыстарах; 2 — на транзістарах і паўправадніковых дыёдах; Т — тырыстар; Д — дыёд; Тр — транзістар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫТВО́РЧЫЯ ФО́НДЫ,
асобасныя, рукатворныя і прыродныя рэсурсы, якія выкарыстоўваюцца ў вытв. працэсе для вырабу матэрыяльных і духоўных даброт. Да асобасных рэсурсаў адносіцца талент вытворцаў (у вузкім сэнсе рабочая сіла), элементамі якога з’яўляюцца інфармацыя, веды, уменні і навыкі; да рукатворных — пабудовы, збудаванні, машыны, абсталяванне, інструменты і механізмы, сродкі транспарту, сувязі, рабочая жывёла і інш.; да прыродных — зямля, яе нетры, клімат і да т.п. Вытворчыя фонды разглядаюць з трох бакоў. З боку паводзін суб’ектаў гаспадарання вытворчыя фонды — гэта рэсурсы, якія выклікаюць пэўную рэакцыю адасобленага суб’екта гаспадарання ў адносінах да ізаляванага запасу спажывальных даброт. З боку функцыянавання эканам. сістэмы — гэта тыя рэсурсы, якія ўжо выступаюць у якасці фактараў вытв-сці — спажывальных даброт і падзяляюцца на ўмовы, сродкі і прадметы працы. Паводле характару перанясення вартасці на ствараемы прадукт вытворчыя фонды падзяляюцца на асноўныя і абаротныя. Паводле матэрыяльна-рэчавага складу яны падзяляюцца на асобасныя і рэчаўныя. Гэты падзел мае істотнае значэнне для выяўлення тэхнічнай, вартаснай і арганічнай пабудовы вытворчых фондаў, дынамікі развіцця вытв-сці і эканам. сістэмы. Вытворчыя фонды Беларусі без уліку вартасці зямлі, нетраў, лясоў і таленту вытворцаў склалі ў 1990 105,7 млрд.руб., у т. л. асноўныя вытворчыя фонды 72,3 млрд., абаротныя 33,4 млрд.руб.; у 1994 адпаведна — 320 655, 307 338 і 13 317 млрд.руб., у фактычных цэнах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАГРАФІ́ЧНАЕ КІНО́,
кіно з каляровым цалкам аб’ёмным відарысам аб’ектаў, які ствараецца метадамі галаграфіі. Перспектыўнае для выкарыстання ў тэатралізаваных паказах, навуч. працэсе, для даследавання хуткацякучых фіз. працэсаў, неразбуральнага кантролю трываласці вібрыруючых вырабаў і інш.
Здымка фільма робіцца апаратамі, якія фіксуюць на плёнцы відарысы аб’екта пад рознымі вугламі. Кожны кадр складаецца з 3 галаграм (яны фіксуюць структуру адбітай аб’ектам светлавой хвалі), атрыманых у чырвоным, зялёным і сінім колерах. Пры дэманстраванні фільма плёнку, змешчаную ў праекцыйны апарат, асвятляюць прамянямі з адпаведнай даўжынёй хвалі ад трох лазераў. У выніку на спец. экране (амаль празрыстым) узнікае бачны трохмерны відарыс такіх памераў, як на плёнцы. Праекцыйным аб’ектывам атрыманы відарыс павялічваецца да памераў, адпаведных аб’екту здымкі. Асн. прынцыпы галаграфічнага кіно распрацаваны ў 1970-я г. ва Усесаюзным н.-д. кінафотаінстытуце (Масква), дзе зняты і прадэманстраваны (1976) першы эксперым. галаграфічны фільм працягласцю каля 2 мін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗЕ́ЛЬСКАЯ У́НІЯ 1413,
саюз ВКЛ з Польшчай, юрыдычна замацаваны ў 3 граматах (прывілеях) 2.10.1413 у замку Гарадле на р.Зах. Буг. 1-я грамата выдадзена ад імя 47 польск. феадалаў, якія надзялялі 47 феадалаў-католікаў ВКЛ сваімі гербамі і тым самым прымалі іх у сваё гербавае брацтва. У 2-й грамаце феадалы-католікі ВКЛ прымалі гербы польск. феадалаў і абяцалі быць з імі ў вечнай дружбе і саюзе. У выпадку смерці вял. князя Вітаўтаяны абяцалі не выбіраць сабе князя без парады і згоды польск. феадалаў. Тыя, у сваю чаргу, у выпадку смерці караля Уладзіслава II (Ягайлы) таксама не павінны былі выбіраць новага караля без парады і згоды Вітаўта і феадалаў ВКЛ. У 3-й грамаце (т.зв.Гарадзельскі прывілей 1413) Ягайла і Вітаўт абяцалі назначаць на дзярж. пасады феадалаў-католікаў, якія прынялі польск. гербы, і дазволіць ім свабодна распараджацца маёмасцю ў маёнтках, даць ільготы каталіцкай царкве. У грамаце абвяшчалася аб’яднанне ВКЛ з Польшчай, аднак гарантавалася захаванне адасобленасці і нязменнасці ўлады вял. князя, тым самым захоўвалася самастойнасць ВКЛ. Гарадзельская унія ўмацоўвала сілы ВКЛ і Польшчы ў барацьбе з замежнай агрэсіяй, а таксама мела на мэце задобрыць рымскую курыю, якая была занепакоена паражэннем Тэўтонскага ордэна ў Грунвальдскай бітве 1410.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРЦАГАВІ́НСКА-БАСНІ́ЙСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1875—78,
нацыянальна-вызваленчае паўстанне супраць тур. панавання ў Босніі і Герцагавіне. Пачалося 5.7.1875 як пратэст супраць павелічэння падаткаў. Хутка ахапіла амаль усю Герцагавіну, у жн.—вер. пашырылася на многія раёны Босніі. Узброеныя паўстанцы (10—12 тыс.чал., пераважна сяляне) блакіравалі шэраг тур. крэпасцей, занялі іх умацаваны апорны пункт Цішкавац, у ліст. разбілі тур. атрады каля г. Муратовіч. Праходзіла пад лозунгамі перадачы зямлі сялянам, далучэння Босніі да Сербіі, Герцагавіны — да Чарнагорыі і інш. Паўстанне падтрымала еўрап. грамадскасць (у жн. 1875 у Парыжы створаны Міжнар.к-т дапамогі паўстанцам). У ім удзельнічалі добраахвотнікі з Сербіі, Чарнагорыі, Харватыі, Балгарыі, Італіі і Расіі (у складзе апошніх была група бел. гімназістаў з Магілёва на чале з А.Лепяшынскім). Далейшым поспехам паўстанцаў садзейнічалі вайна Сербіі і Чарнагорыі супраць Турцыі (1876) і рус.-тур. вайна 1877—78. Аднак пасля паражэння сербскай і чарнагорскай арміі тур. ўрад перакінуў буйныя сілы ў Боснію і Герцагавіну, і да жн. 1877 паўстанне ў асноўным задушана; рэшткі паўстанцкай арміі перайшлі да партыз. дзеянняў. Паводле Сан-Стэфанскага мірнага дагавора 1878, які завяршыў рус.-тур. вайну, Боснія і Герцагавіна атрымалі аўтаномію, аднак паводле рашэння Берлінскага кангрэса 1878яны анексіраваны Аўстра-Венгрыяй, што пазней выклікала Герцагавінска-баснійскае паўстанне 1882.