род паўпаразітных кветкавых раслін сям. амяловых. Каля 100 відаў. Пашыраны ў трапічнай і субтрапічнай Афрыцы і Азіі, на Пн Аўстраліі; амяла белая (V. album) трапляецца ў Еўропе і на Каўказе, амяла афарбаваная (V. coloratum) — на Д. Усходзе. На Беларусі амяла белая расце ў зах. і паўд. раёнах пераважна на старых лісцевых дрэвах, асобны падвід (ssp. austriacum) на хвоі.
Двухдомны шматгадовазялёны шарападобны куст дыям. да 1,2 м. Лісце прадаўгавата-авальнае, супраціўнае, скурыстае, жоўта-зялёнае, размешчана папарна на канцах галінак. Кветкі дробныя жоўта-зялёныя, сабраны ў пучкі. Плод — белая аднанасенная ягада з клейкай мякаццю. Размнажаецца насеннем, якое птушкі заносяць на галіны дрэў, дзе яно і прарастае. Выкарыстоўваецца на лячэнне гіпертаніі і неўралгіі, як танізоўны сродак (прэпараты амялен, віскулен, акафіт), у нар. медыцыне пры хваробах сэрца і лёгкіх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРАМЕТЭАРАЛО́ГІЯ (ад агра... + метэаралогія),
сельскагаспадарчая метэаралогія, навука, якая вывучае метэаралагічныя, кліматычныя і гідралагічныя ўмовы, што маюць значэнне для сельскай гаспадаркі. Амаль не адмежавана ад агракліматалогіі (вывучае клімат як фактар с.-г. вытв-сці). Задачы аграметэаралогіі: вывучэнне заканамернасцяў фарміравання метэаралагічных і кліматычных умоў с.-г. вытв-сці, мікраклімату палёў; распрацоўка метадаў колькаснай ацэнкі ўплыву метэаралаг. фактараў на рост і фарміраванне ўраджаю, на развіццё шкоднікаў і хвароб с.-г. культур; абгрунтаванне эфектыўных мер па пераадоленні неспрыяльных і небяспечных для сельскай гаспадаркі гідраметэаралагічных з’яў; агракліматычнае абгрунтаванне прыёмаў меліярацыі; распрацоўка метадаў аграметэаралагічных прагнозаў; с.-г. ацэнка кліматычных рэсурсаў тэрыторыі і інш. На Беларусі рэгулярныя аграметэаралагічныя назіранні праводзяцца з 1921; у 1995 — на 48 метэастанцыях, у т. л. на 5 аграметэаралагічных станцыях. На аснове шматгадовых назіранняў падрыхтаваны агракліматычныя даведнікі (выд. 1958, 1970, 1985).
бел. і ўкр. гісторык. Вучыўся ў Кіеўскім ун-це (з 1916), скончыў Кіеўскую вайск. школу (1918). У 1918 прыняў грамадзянства БНР. З 1921 працаваў ва Укр.АН. Супрацоўнічаў з бел.час. «Полымя», Інбелкультам і Бел.АН. З 1933 праф. Нежынскага пед. ін-та. Абвінавачаны ў бел. і ўкр. «бурж. нацыяналізме» і звольнены. З канца 1930-х г. працаваў у Смаленску. У час Вял.Айч. вайны жыў на Украіне. З 1944 у Зах. Германіі, затым у ЗША. У 1950-я г. працаваў у цэнтры па вывучэнні СССР у Вашынгтоне. Вывучаў гісторыю Беларусі і Украіны 16—17 ст.; супрацоўнічаў з Бел. ін-там навукі і мастацтва ў Нью-Йорку. Аўтар прац пра сав. арбітраж і гістарыяграфію.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЕРДЗІ́Н-АНГУ́СКАЯ ПАРО́ДАбуйной рагатай жывёлы.
Мяснога кірунку. Выведзена ў 18 ст. ў Шатландыі (графствы Абердзін і Ангус) удасканаленнем мясц. чорнай бязрогай жывёлы. Гадуюць у Расіі, Казахстане, на Украіне, у Аўстраліі, Аргенціне, ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі і інш. На Беларусі выкарыстоўвалася для прамысл. скрыжаванняў з малочнымі і малочна-мяснымі пародамі. Парода скараспелая, ёй уласціва ранняе адкладанне тлушчу і якаснае мяса з выражанай «мармуровасцю».
Жывёла з выразнымі мяснымі формамі і лёгкім касцяком. Характэрныя прыкметы — бязрогасць і чорная масць, якія ўстойліва перадаюцца патомству пры скрыжаваннях з інш. пародамі. Вызначаецца высокай пладавітасцю і лёгкасцю ацёлаў. Жывая маса нованароджаных цялят 25—28 кг, ва ўзросце 7 месяцаў 180—200, у 18 месяцаў 400—450 кг, дарослых кароў 450—500 і быкоў 750—900 кг. Забойны выхад дарослых жывёл 60%.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБО́ЛЬЦЫ,
вёска ў Беларусі, у Талачынскім р-не Віцебскай вобл., на р. Абалянка. Цэнтр сельсавета і калгаса імя Дзяржынскага. За 36 км на Пн ад г. Талачын, 116 км ад Віцебска, 9 км ад чыг. ст. Лемніца. 450 ж., 156 двароў (1994).
У гіст. крыніцах упершыню ўпамінаецца ў 1385 як маёмасць вял.кн.ВКЛ Ягайлы. Пад назвай «Оболчи» згадваецца ў «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» (14 ст.). У 15 — пач. 16 ст. цэнтр Аболецкага намесніцтва (павета) Віцебскай зямлі. Пасля адм. рэформы ВКЛ 1565—66 уключаны ў Аршанскі пав. На 1885 у Абольцах 265 ж., 60 дамоў. У 1924—31, 1946—56 Абольцы — цэнтр сельсавета Коханаўскага, у 1931—46 і з 1956 — Талачынскага р-наў.
Сярэдняя школа, б-ка, Дом культуры, бальніца, аптэка, дзіцячы сад, аддз. сувязі, камбінат быт. абслугоўвання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЧУ́ГА,
вёска ў Беларусі, у Крупскім р-не Мінскай вобл., на р. Бобр. Цэнтр сельсавета і калгаса «Абчуга». За 30 км на ПнУ ад Крупак, 150 км ад Мінска, 25 км ад чыг. ст. Бобр, 347 ж., 157 двароў (1994).
Упамінаецца ў інвентарах 17 ст. як вёска каля мяст. Красны Стаў у складзе маёнтка Чарэя, які належаў Сапегам. З 1793 у складзе Рас. імперыі, уласнасць памешчыка Нітаслаўскага, злілася з мястэчкам пад агульнай назвай Абчуга. У 2-й пал. 19 ст. ў Абчузе 678 ж., 77 двароў. У пач. 20 ст. цэнтр воласці ў Сенненскім пав., 353 ж, 125 двароў, уласнасць памешчыцы Э.А.Ястрамбіцкай. З 1924 цэнтр сельсавета ў Чарэйскім, з 1931 — у Крупскім р-не.
Сярэдняя школа, б-ка, клуб, бальніца, аддз. сувязі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВАДНІ́,
насякомыя з атр. двухкрылых. Пашыраны на ўсіх мацерыках, акрамя Антарктыды. Належаць да 3 сям.: насаглотачных (Oestridae), падскурных (Hypodermatidae) і страўнікавых (Jastrophilidae) аваднёў. Каля 160 відаў, з іх на Беларусі 11. Найб. трапляюцца авадзень авечы (Oestrus ovis), авадзень бычыны (Hypoderma bovis) і авадзень кручок (Jastrophilus intestinalis). Часта аваднёў блытаюць са сляпнямі.
Цела даўж. 9—22 мм, укрыта валаскамі, радзей голае. Ротавыя органы рудыментарныя. Не жывяцца, жывуць 3—25 сутак за кошт рэчываў, назапашаных у лічынкавай стадыі. У развіцці праходзяць стадыі яйца, лічынкі (9—10 месяцаў), кукалкі, дарослай асобіны. Самкі насаглотачных аваднёў жывародныя, падскурных і страўнікавых адкладваюць яйцы. Спелыя лічынкі акукліваюцца ў глебе, гнаі, паразітуюць у скуры, лобных пазухах, насаглотцы, страўніку, галаве, вачах жывёл і чалавека. Вельмі шкодзяць жывёлагадоўлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЛЯ́К (Pteridium),
род папарацяўсям. гіпалепісавых. 8 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных і субтрапічных абласцях, з іх арляк звычайны (P. aquilinum) расце амаль па ўсім свеце, арляк крымскі (P. tauricum) — у горным поясе Крыма і Каўказа. На Беларусі ўсюды ў хвойных і мяшаных лясах, на ўзлесках, высечках і гарах расце арляк звычайны.
Шматгадовая споравая расліна выш. да 2 м з доўгім паўзучым разгалінаваным карэнішчам. Лісце адзіночнае, двойчы-, тройчы непарнаперыстае, скурыстае, размешчана на доўгім моцным чаранку ў адной плоскасці. Сорусы ўкрыты індузіем, пад загорнутым краем ліста. Споры тэтраэдрычныя, шарападобныя. Маладое лісце ядомае. Багатыя крухмалам (да 45%) карэнішчы маюць у сабе арлякадубільную і сінільную к-ты, выкарыстоўваюцца на корм свінням (для буйн. раг. жывёлы і коней атрутныя); лек сродак ад глістоў, кашлю, залатухі, рахіту ў дзяцей і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТЭЗІЯ́НСКІЯ ВО́ДЫ,
напорныя пластавыя падземныя воды, якія залягаюць паміж водатрывалымі слаямі. Прымеркаваны да адмоўных геаструктур — сінкліналяў, мульдаў, прагінаў, упадзін. Напор узнікае пры гідраўлічнай ізаляванасці ваданосных гарызонтаў ад перавышэння вобласці жыўлення над вобласцю разгрузкі. Пры залішнім гідрастатычным ціску выліваюцца на паверхню зямлі або фантануюць пры ўскрыцці. Ва ўмовах актыўнага водаабмену артэзіянскія воды прэсныя, застойных — салёныя ці расолы (гл.Мінеральныя воды). Артэзіянскія воды звычайна звязаны з артэзіянскімі басейнамі. На Беларусі ўскрыты амаль на ўсёй тэр. на глыб. ад некалькіх дзесяткаў метраў да некалькіх кіламетраў, належаць да Аршанскага гідрагеалагічнага басейна, Брэсцкага гідрагеалагічнага басейна, Прыпяцкага гідрагеалагічнага басейна і Беларускага гідрагеалагічнага масіву. Артэзіянскія воды з’яўляюцца асн. крыніцай пітнога водазабеспячэння.
А.В.Кудзельскі.
Фарміраванне артэзіянскіх водаў у артэзіянскім басейне: 1 — гліністыя пароды; 2 — ваданосныя пяскі; 3 — вапнякі; ф — месца (крыніца, свідравіна) выхаду вады на паверхню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́РФА (ням. Harfe),
струнна-шчыпковы музычны інструмент.
Мае выгляд высокага трохвугольніка, бакамі якога з’яўляюцца рэзанансная расшыраная ўнізе скрынка, калонка з рычагамі механізма перастройкі і дугападобная рама ўверсе з калкамі і дыскамі педальнага механізма. Унутры трохвугольніка вертыкальна нацягнуты 44—47 струнаў рознай даўжыні і настройкі (дыяпазон C1—g4). Асн. строй арфы дыятанічны (Ces-dur). З дапамогай 7 педаляў (вынайдзены ў 1801 С.Эрарам) яна механічна перастройваецца ва ўсе танальнасці. Гучанне мяккае, пяшчотнае, камернае. Арфа — стараж. струнны інструмент, вядомы многім народам свету (найб. раннія выявы датуюцца 5-м тыс. да н.э.). З 17 ст. выкарыстоўваецца як аркестравы, з 18 ст. — як ансамблевы і сольны інструмент. На Беларусі арфа і яе выявы сустракаюцца ў літ. помніках і размалёўках каталіцкіх храмаў 16—19 ст. У Бел. акадэміі музыкі існуе клас арфы.