дзяржаўны і ваенны дзеяч Рэчы Паспалітай і Рас. імперыі. Ген.-фельдмаршал рас. службы (1726). З роду Сапегаў. Вучыўся ў езуіцкіх калегіумах Варшавы (да 1685) і Брунсберга (Бранева, 1692). З 1682 староста бабруйскі, з 1697 пасол (дэпутат) сойма ад Брэсцкага ваяв. Удзельнік Паўночнай вайны 1700—21. У 1702 далучыўся да войска караля Рэчы Паспалітай Аўгуста II, але неўзабаве перайшоў на бок шведаў. Адзін з ініцыятараў Варшаўскай канфедэрацыі 1704, створанай для дэтранізацыі Аўгуста II і абрання каралём Станіслава Ляшчынскага. Атрымаў шэраг перамог над войскамі Аўгуста II, у т. л. каля Пултуска (1704), Ляхавічаў (1709), удзельнік няўдалай бітвы каля Каліша (1706), 13.5.1709 разбіты рус. войскамі каля Лядухава (Украіна). У 1708—09 вял. гетман літоўскі (прызначаны шведскім каралём Карлам XII). Пасля паражэння шведаў у Палтаўскай бітве 1709 перайшоў на бок рускіх і Аўгуста II і дамогся для сябе амністыі. Аднак страціўшы пасаду гетмана, з канца 1709 з мэтай вяртання гетманскай булавы зноў павёў барацьбу (у 1711—13 узброеную) супраць Аўгуста II. У 1713 зноў перайшоў на яго бок і атрымаў амністыю. Выношваў план захопу Карла XII у час яго праезду праз Польшчу з Бендэр (Малдова) у Памор’е і выдачы яго аднаму з кіраўнікоў Сандамірскай канфедэрацыі 1704вял. кароннаму гетману А.Сяняўскаму. Але пасля няўдачы гэтай аперацыі быў сам арыштаваны прыхільнікамі Аўгуста II і аддадзены пад суд гетманаў; вызвалены праз заступніцтва крымскага хана Дэўлет-Гірэя. У 1720 разарваў адносіны з Аўгустам II. Намерваўся ажаніць свайго сына Пятра з Марыяй — дачкой рас. князя А.Д.Меншыкава, які хацеў з дапамогай С. атрымаць Курляндскае і Земгальскае герцагствы (заручыны адбыліся вясной 1726 у Пецярбургу, падарожжа С. ў рас. сталіцу апісана ў яго дзённіку). Аднак планы Меншыкава і С. не здзейсніліся, і пасля скасавання заручын іх адносіны пагоршыліся. Тым не менш С. застаўся пры двары Кацярыны I і захаваў свае пазіцыі пры Пятру II [1727—30]. Удзельнічаў у рабоце вышэйшых дзярж. устаноў Расіі. Пасля ссылкі Меншыкава (1727) ген.-губернатар Пецярбурга і Інгрыі. Вясной 1728 выехаў у ВКЛ, каб умацаваць пазіцыі Сапегаў у дзяржаве, але беспаспяхова.
Літ.:
Артамонов В.А. Россия и Речь Посполитая после Полтавской победы (1709—1714). М., 1990;
Kriegseisen W. Diariusz petersburgskiej podróży Jana i Piotra Sapiehów z 1726 r. Warszawa, 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕМНА́ЦЦАТЫ З’ЕЗД КП(б)Б.
Адбыўся 10—18.6.1938 у Мінску. Прысутнічалі 422 дэлегаты з рашаючым і 124 з дарадчым голасам ад 31 526 чл. і канд. у чл. партыі (без вайсковых арг-цый). Парадак дня: справаздачы ЦККП(б)Б (АА.Волкаў), Рэвіз. камісіі КП(б)Б (М.І.Малінін); выбары ЦККП(б)Б, Рэвіз. камісіі КП(б)Б. З’езд падвёў вынікі гасп. і культ. будаўніцтва ў БССР за год, што мінуў пасля шаснаццатага з’езда КП(б)Б. Прырост валавой прадукцыі прам-сці за гэты час склаў 15,8%, у калгасы аб’яднана 88% сял. гаспадарак (96,2% пасяўных плошчаў), іх абслугоўвалі 200 МТС. З’езд падкрэсліў неабходнасць большай актыўнасці акругкомаў і райкомаў партыі ў працы па выкананні пастановы студзеньскага (1938) пленума ЦКВКП(б) «Аб памылках партарганізацый пры выключэнні камуністаў з партыі, аб фармальна-бюракратычных адносінах да апеляцый выключаных з ВКП(б) і аб мерах па ліквідацыі гэтых недахопаў». На 15.5.1938 у КП(б)Б было разгледжана 5366 апеляцый, 3143 выключаныя адноўлены ў партыі. Волкаў, які выступаў са справаздачным дакладам, зачытваў запіскі НКУСБССР, КПКпрыЦКВКП(б) па БССР, аддзелаў ЦК, даносныя лісты, з якіх вынікала, што антысав. падполле «віло сабе гнёзды» ў парт. апараце, органах дзярж. улады, наркаматах і грамадскіх арг-цыях. У заключэнне ён сказаў, «што ворагі рассыпаліся па ўсёй Беларусі, па ўсіх яе ўчастках — у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, у савецкіх органах, у школах, ВНУ, камсамольскіх органах, у ваенных арганізацыях, аж да магазінаў», а таму 1938 павінен стаць годам «новага выкарчоўвання ворагаў». Апублікаваны 18.6.1938 у газ. «Советская Белоруссия» даклад Волкава меў ужо не той тэкст, які захоўваецца ў стэнаграме Нац. архіва Рэспублікі Беларусь. На з’ездзе прысутнічалі прадстаўнікі ЦКВКП(б), якія аб усім, што адбывалася, паведамлялі ў Маскву. 18 чэрв. ў прэзідыуме з’явіўся сакратар ЦКВКП(б) А.А.Андрэеў разам з нам.заг. Аддзела кіруючых парт. органаў ЦКВКП(б) П.К.Панамарэнкам. Андрэеў паведаміў, што Волкаў не спраўляецца са сваімі абавязкамі і таму адклікаецца на інш. работу, а ў склад ЦК КП(б) рэкамендуецца ўвесці Панамарэнку. З’езд выбраў ЦККП(б)Б з 66 чл. і 23 канд., Рэвіз. камісію КП(б)Б з 9 чл.
Літ.:
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 3. 1933—1945. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХЕАГРА́ФІЯ (ад археа... + ...графія),
навука, якая распрацоўвае тэорыю і методыку публікацыі дакументаў; у больш шырокім сэнсе — навук. дысцыпліна, якая займаецца пытаннямі, звязанымі з увядзеннем у навук. ўжытак пісьмовых крыніц на стадыі іх пошуку і збору (палявая археаграфія), уліку і апісання (камеральная археаграфія), публікацыі (эдыцыйная, або выдавецкая, археаграфія). Цесна звязана з крыніцазнаўствам, палеаграфіяй, дыпламатыкай, архівазнаўствам і інш.
У Еўропе ўзнікла ў 16 ст. (крытычнае выданне «Жалобнай кнігі аб пагібелі Брытаніі» храніста 6 ст. Гільдаса, «Вялікіх французскіх хронік» і інш. у Францыі). У Германіі ў сярэдзіне 16 ст. Мацей Власіч падрыхтаваў класічную працу па царк. гісторыі — «Магдэбургскія цэнтурыі». У 17 ст.маўрысты далі пачатак дыпламатыцы, палеаграфіі, выданню крыніц па гісторыі царквы сярэдневяковай Францыі. З 1630 разгарнулася археагр. дзейнасць баландыстаў. У 1819 у Германіі створана Т-ва па вывучэнні ранняй ням. гісторыі, якое заснавала серыйнае выданне «Monumenta germaniae historica». Распачаты серыйныя выданні ў Францыі, Італіі, Англіі, Венгрыі і інш. У Польшчы археаграфія пачалася публікацыяй Пісторыюса «Polonicae historiae corpus» (Базель, 1582. Т. 1—3). Археаграфіяй займаліся бібліятэкі Дзялынскіх, ардынацыя Красінскіх, заклад Асалінскіх, Кракаўская АМ і інш. У Расіі арганізаваныя пошукі і публікацыі крыніц вядуцца з 18 ст. М.Навікоў распрацаваў правілы публікацыі дакументаў. Расійская АН у 1760-я г. выдала Радзівілаўскі летапіс (І.Баркоў) і 1-ю частку Ніканаўскага, «Русскую правду» (1767). У 19 ст. створаны Т-ва гісторыі і старажытнасцяў Расійскіх пры Маскоўскім ун-це (1804), Камісія друкавання дзярж. грамат і дагавораў (1811), Археагр. экспедыцыя АН (1829—34), Археагр. камісія (1834), Рускае гіст. таварыства. Значны ўклад у абагульненне вопыту выдання дакументаў зрабіў А.С.Лапа-Данілеўскі. У СССР археаграфіяй займаліся гісторыка-археагр. камісія (пазней Гіст.-археагр.ін-т, які ў 1936 уліўся ў Ін-т гісторыі АНСССР), археагр. камісія пры Аддзяленні гіст. навук АНСССР. Значная работа вялася ў рэспубліках. Ажыўленне археагр. дзейнасці ў 20 ст. ў краінах Еўропы і ЗША звязана з удасканаленнем публікацыйнай тэхнікі. Высокім тэхн. узроўнем вызначаюцца серыйныя выданні «Класікі гісторыі сярэдневяковай Францыі» («Les classiques de l’histoire de France en moyen age», з 1923), «Збор арыгінальных крыніц па старажытнай гісторыі Германіі» («Corpus der altdeutschen Originalurkunden», з 1929), «Сярэдневяковыя класікі» («Medieval Classics», з 1950) у Англіі і інш.Гіст. крыніцы публікуюць гіст. Т-вы, нац. архівы, АН, мін-вы замежных спраў, ун-ты і інш. ўстановы розных краін.
На Беларусі камеральная археаграфія пачалася са складання вопісаў манастырскіх бібліятэк і архіваў (Слуцкага Троіцкага ў 1494, Пінскага Ляшчынскага ў 1588, Супрасльскага, Жыровіцкага і інш.). Яна ўдасканальвалася пры вопісах у 16—19 ст. дакументаў Метрыкі Вялікага княства Літоўскага, інш.дзярж., царкоўных і прыватных архіваў. Выданне зб-ка «Suada Latina» («Пераканальная лаціна, альбо Збор рыторыкі, лістоў, статыстыкі, палітыкі, надпісаў, панегірыкаў, паэтыкі і гісторыі»), складзенага сакратаром пінскага дыстрыкта ордэна марыянаў Я.Д.Астроўскім (т. 1—2, Люблін, 1745—47), стала пачаткам эдыцыйнай археаграфіі. У 19—20 ст. выдаваліся шматтомныя зб-кі дакументаў: Акты Заходняй Расіі, Археаграфічны зборнік дакументаў, Акты Віленскай камісіі, «Гісторыка-юрыдычныя матэрыялы»; асобныя выданні гіст. крыніц. Бел. летапісы выдаваліся ў Поўным зборы рускіх летапісаў і асобна. Са стварэннем Ін-та бел. культуры бел. археаграфія стала на шлях самаст. развіцця. Арганізаваная ў 1925 Археагр. камісія Інбелкульта (старшыня М.Доўнар-Запольскі) падрыхтавала да выдання «Беларускі архіў». Археагр. работу праводзяць К-т па архівах і справаводстве, ін-ты гісторыі і л-ры АН Беларусі, Беларуская Энцыклапедыя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІ́Ў (лац. archivum),
1) установа або яе аддзел, што захоўвае дакументы і арганізуе іх выкарыстанне.
2) Сукупнасць дакументаў, якія з’явіліся ў выніку дзейнасці ўстаноў, прадпрыемстваў і прыватных асоб. Як збор крыніц архіў служыць для навук. даследаванняў, практ. патрэб гаспадаркі і дзярж. кіравання.
Існуюць з глыбокай старажытнасці, іх з’яўленне падрыхтавана вынаходствам пісьменства. У Месапатаміі і М.Азіі археолагі раскапалі ў палацах правіцеляў, іх намеснікаў, дамах прыватных асоб і храмах архівасховішчы адм.-гасп. дакументаў, напісаных на гліняных таблічках. Знойдзены дыпламат. сховішчы стараж.-егіп. фараонаў. Уласна архівы, прыстасаваныя для захоўвання актаў, былі ў Стараж. Грэцыі і Рыме. У 12—13 ст. у Францыі, Іспаніі, Англіі і інш. краінах узніклі т.зв. каронныя архівы пры дварах правіцеляў. Значную ч.гіст. крыніц у гэты час захоўвалі царк. ўстановы. З 16 ст. многія дзярж. ўстановы імкнуліся мець уласныя архівы. У выніку каланізацыі еўрапейцамі зямель і інш. Кантынентаў узніклі буйныя каланіяльныя архівы (напр., Гал. архіў Індый у Іспаніі). З 19 ст. матэрыялы многіх архіваў сталі даступныя даследчыкам, пачало складвацца міжнар. архіўнае супрацоўніцтва. У 1950 на 1-м Міжнар. кангрэсе архіваў зацверджаны статут Міжнар. савета архіваў. З ім супрацоўнічаюць архівісты амаль 120 краін (1994), выдаецца міжнар.час. «Archivum». Найб. архіўныя ўстановы свету: франц.Нац. архіў (Archives Nationales; у Парыжы, з 1794), у Англіі Дзярж. публічны архіў (Public Record Office; у Лондане, з 1838), у ЗША Нац. архіў (Nationales Archives; у Вашынгтоне, з 1934); у ФРГ Федэральны архіў (Bundesarchiv; у г. Кобленц, з 1952); у Польшчы архіў новых актаў (Archiwum Akt Nowych; з 1930) і Гал. архіў стараж. актаў (Archiwum Glówne Akt Dawnych; з 1867; абодва ў Варшаве), Дзярж. архіў Расійскай Федэрацыі (б.Цэнтр.дзярж. А. Кастр. рэвалюцыі, вышэйшых органаў дзярж. улады і органаў дзярж кіравання СССР, Масква), Рас. дзярж гіст. архіў (б.Цэнтр.дзярж.гіст. архіў СССР, С.-Пецярбург) і інш.
На Беларусі першыя архівы ўтвараліся ў княжацкіх замках, манастырах, цэрквах. Пры канцылярыі вял. князёў ВКЛ існаваў архіў — Метрыка Вялікага княства Літоўскага. Свае архівы мелі гаспадарскія і гарадскія адміністрацыі, магнаты (Радзівілы, Сапегі, Хадкевічы), шляхта, некаторыя заможныя мяшчане. З 2-й пал. 19 ст. дакументы ВКЛ зберагаліся ў Віленскім цэнтральным архіве старажытных актаў і Віцебскім цэнтральным архіве старажытных актаў. У Мінску з 1872 існаваў архіў скасаваных судовых месцаў Мінскай губ. 4.8.1922 створаны Цэнтр. архіў Беларусі (заг. З.Х.Жылуновіч), які кіраваў архіўнай справай у БССР. Праведзены Усебеларускія канферэнцыі архіўных работнікаў (Мінск, 1924, 1927), 1-ы з’езд даследчыкаў бел. археалогіі і археаграфіі (Мінск, 1926). У 1938—60 архіўныя ўстановы ўваходзілі ў сістэму НКУС (МУС) БССР. Навуковае і арганізац.-метадычнае кіраўніцтва архівам ажыццяўляла Гал. архіўнае ўпраўленне прыСМБССР, пераўтворанае ў 1992 у Камітэт па архівах і справаводстве. У 1994 прыняты закон «Аб нацыянальным архіўным фондзе і архівах у Рэспубліцы Беларусь». На Беларусі 6 цэнтр.дзярж. Архіваў (1995): Нац. архіў Рэспублікі Беларусь, Нац.гіст. архівы Рэспублікі Беларусь у Мінску і Гродне, Бел.дзярж. архіў кінафотафонадакументаў, Бел.дзярж. архіў-музей л-ры і мастацтва, Бел.дзярж. архіў навукова-тэхн. дакументацыі. Абласныя архівы і іх філіялы захоўваюць дакументы мясц. устаноў, арг-цый, прадпрыемстваў, калгасаў і інш. (гл. адпаведныя арт., напр., Дзяржаўны архіў Брэсцкай вобласці). Існуюць таксама архівы АН Беларусі, КДБ Рэспублікі Беларусь. Рукапісы і гіст. дакументы захоўваюцца таксама ў бібліятэках, музеях і навук. установах. Буйныя комплексы дакументаў па гісторыі Беларусі знаходзяцца ў архівах Польшчы, Расіі, Літвы, Украіны, Германіі, Швецыі, ЗША і інш.
Літ.:
Архивное дело в БССР (1918—1968): Сб. законодательных и руководящих документов. Мн., 1972;
Дакументы па гісторыі Беларусі, якія зберагаюцца ў цэнтральных дзяржаўных архівах СССР. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКАЁНАК (Андрэй Ягоравіч) (12.11.1920, в. Борхаў Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — 16.11.1982),
бел.драматург.Нар. пісьменнік Беларусі (1977). Скончыў Рэсп.парт. школу прыЦККП(б)Б (1949). У Вял.Айч. вайну цяжка паранены. У 1944—47 на камсамольскай і парт. рабоце. З 1949 у час. «Вожык», у Саюзе пісьменнікаў Беларусі. У 1966—77 гал. рэдактар час. «Нёман». Друкаваўся з 1946. Пісаў гумарэскі, фельетоны, нарысы. Першая п’еса — аднаактовая драма «Добра, калі добра канчаецца» (1946). Аднаактоўкі «Перад сустрэчай», «Жыццё патрабуе» (1950), «Аксеніна цялушка» і «Крымінальная справа» (1951), «Першае пытанне» (1952) вызначаліся актуальнасцю праблематыкі. Шматактовыя драмы «Ворагі», «Узыходы шчасця» (абедзве 1947), «Выйгрыш» (1948) пры жыцці аўтара не друкаваліся і не ставіліся. У 1952 на сцэне Бел.т-ра імя Я.Купалы пастаўлена яго паліт. драма «На досвітку» пра пасляваен. Францыю. У сатыр. камедыі «Выбачайце, калі ласка!» (паст. тамсама ў 1954) бескампрамісна крытыкуюцца заганныя метады кіраўніцтва нар. гаспадаркай, паказуха, фармалізм, казённае адміністраванне. Камедыі «Каб людзі не журыліся» (паст. тамсама ў 1959) і «Лявоніха на арбіце» (паст. тамсама ў 1961; Літ. прэмія імя Я.Купалы 1962) прысвечаны жыццю пасляваен. вёскі. Сац.-паліт. накіраванасцю вызначаюцца наватарскія п’есы «Зацюканы апостал» (паст. тамсама ў 1971) і «Трыбунал» (паст.Бел. т-рам Я.Коласа, 1970), якія засведчылі значную эвалюцыю ў выяўл. манеры аўтара. Сатыр. камедыя-памфлет «Зацюканы апостал», насычаная прыёмамі сцэнічнай умоўнасці, часам з падкрэсленым ігнараваннем праўдападобнасці, вызначаецца своеасаблівасцю маст. тыпізацыі, гранічнай абагульненасцю персанажаў, не трацячы пры гэтым маст. канкрэтнасці. У трагікамедыі «Трыбунал», блізкай да традыцый нар. драмы, М. спалучыў нізкае з узвышаным, фарсавае з трагедыйным. Упершыню ў бел. драматургіі высокая героіка ўвасоблена ў камедыйным жанры. У пошуках новых жанравых і структурна-кампазіцыйных форм М. прыйшоў да камедыі-рэпартажу «Таблетку пад язык» (паст. т-рам імя Я.Купалы ў 1973; разам з «Трыбуналам» Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1974), да складанай у жанравых адносінах камедыі «Кашмар» (паст. тамсама пад назвай «Святая прастата» ў 1976), якая падкупляе клопатам пра ўсталяванне разумных сац,паліт. узаемаадносін, гуманіст. пафасам. У канцы 1970 — пач. 1980-х г. на сцэне з’явіліся трагікамедыя «Пагарэльцы» (нап. 1966, апубл. 1980, паст. тамсама ў 1981) і камедыя «Верачка» [аўтарскае вызначэнне: сентыментальны фельетон, паст. Брэсцкім і Магілёўскім («Не сумуй, Верачка») абл. т-рамі ў 1979], якія адкрылі новыя грані драматургічнага таленту М. У «Пагарэльцах», прысвечаных выкрыццю прыстасавальніцтва, апалітычнасці, шкурніцтва, аўтар адмовіўся ад традыц. сюжэтна-кампазіцыйнай структуры твора, даў толькі «пралог і эпілог адной трагікамічнай гісторыі».
Камедыя «Верачка» напісана ў больш звыклых, хоць і не кананічных жанравых формах; у эмацыянальным ладзе яе дамінуе мяккая, сцішаная танальнасць. Лірычныя моманты ёсць і ў п’есах «Лявоніха на арбіце», «Таблетку пад язык», «Кашмар», але прысутнічаюць там пераважна ў аўтарскіх рэмарках-пралогах. Апошні закончаны твор М. — трагікамедыя «Дыхайце эканомна» (апубл. 1983) — п’еса-прытча, у якой аб’ектам аўтарскага асэнсавання стала найважнейшая агульначалавечая праблема захавання Зямлі ад тэрмаядзернай катастрофы. Аўтар кінааповесці «Твой хлеб» (1956), сцэнарыяў фільмаў «Шчасце трэба берагчы» (1958), «Кандрат Крапіва» (1961), «Рагаты бастыён» (1975), тэлефільма «Пасля кірмашу» (1973). Імя М. прысвоена Гродзенскай цэнтр.гар. б-цы і Журавіцкай СШ Рагачоўскага р-на, у якой створаны музей М.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—5. Мн., 1987—90;
Выбр. тв Т. 1—2. Мн., 1980.
Літ.:
Вишневская И. Комедия на орбите. М., 1979;
Сохар Ю.М. На пульсе жыцця: Андрэй Макаёнак і бел.тэатр.Мн., 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕТРАДЫЦЫ́ЙНЫЯ КРЫНІ́ЦЫ ЭНЕ́РГІІ,
узнаўляльныя крыніцы энергіі, якія не адносяцца да найб. пашыраных традыц. крыніц энергіі: цеплавых, атамных і гідраўлічных (акрамя зусім малых) электрастанцый. Н.к.э. звычайна лічаць энергію сонца, ветру, малых рэк і вадасховішчаў, біямасы, сціснутага прыроднага газу.
Геліяэнергетыка грунтуецца на выкарыстанні сонечнай радыяцыі. Існуюць розныя спосабы пераўтварэння сонечнай энергіі (цеплавы, фота- і тэрмаэлектрычны, тэрмаэмісійны) у геліяўстаноўках (гл. таксама Геліятэхніка). Найб. пашыраны выпуск і выкарыстанне геліяэнергет. абсталявання ў Швецыі, Вялікабрытаніі, Германіі. Ветразнергетыка займаецца пераўтварэннем энергіі ветру ў эл., мех. і цеплавую энергію з дапамогай ветраэнергетычных установак (ВЭУ). Яе асновай з’яўляюцца ветраэлектрычныя станцыіНайб. развіта ў ЗША, ФРГ, Індыі, Даніі. Магутнасць традыц. лопасцевых ВЭУ, што падключаны да энергасетак свету, перавышае 6000 МВт (1996). Малая гідраэнергетыка выкарыстоўвае мех. энергію воднага патоку малых рэк і вадасховішчаў пераважна для выпрацоўкі электраэнергіі (гл.Гідраэнергетыка). Будуюцца пераважна нізканапорныя гідраэлектрычныя станцыі (мікрагэс) з гідраагрэгатамі малой магутнасці. Энергія біямасы (драўніны, мясц. відаў паліва, адходаў вытв-сці і бытавых, біягазу жывёлагадоўчых комплексаў і птушкафабрык) пераўтвараецца з дапамогай катлоў у цяпло (ідзе на цеплазабеспячэнне. вытв. патрэбы), з дапамогай газагенератараў — у гаручы газ (выкарыстоўваецца як паліва ў прамысл. пячах і інш.). Тэхналогія газіфікацыі цвёрдых быт. адходаў найб. дасканала распрацавана ў ФРГ, Японіі і інш.Энергія сціснутага прыроднага газупры яго рэдуцыраванні на газаразмеркавальных станцыях ад 30—50 атм. да ціску 3—12 атм, пад якім газ падаецца спажыўцам, можа выкарыстоўвацца для выпрацоўкі электраэнергіі з дапамогай газарасшыральных турбін. Напр., на адной з ЦЭЦ «Мосэнерга» (Расія) укараненне энергакомплексаў з турбінамі ГНПГІ «Турбагаз» дало магчымасць на кожны 1 МВт устаноўленай магутнасці дадаткова атрымліваць 8 млн.кВтгадз электраэнергіі за год.
На Беларусі найб. спрыяльны перыяд выкарыстання геліясістэм красавік—верасень, калі з 1 м² геліякалектара можна атрымаць за суткі 90 л вады з т-рай 55—60 °C. У НВА «Белсельгасмеханізацыя» распрацаваны шэраг геліяпадагравальнікаў вытв. і быт. прызначэння, у Акад.навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену» — геліякалектары з алюмінію. у Ін-це праблем энергетыкі Нац.АН даследуецца эфектыўнасць энергазберажэння пры выкарыстанні такіх геліясістэм для гарачага водазабеспячэння. Даследаванні ветраэнергет. патэнцыялу выявілі 1800 пляцовак са спрыяльнымі ветравымі патокамі (сярэднегадавая скорасць ветру 4,7—6.1 м/с). На іх перспектыўнае выкарыстанне аўтаномных ВЭУ і ветрапомпавых установак магутнасцю да 30 кВт (пераважна с.-г. прызначэння). Распрацоўваецца ветрарухавік новага тыпу — з камбінаванымі цыліндрамі замест лопасцей для работы пры нізкіх скарасцях ветру. Спраектавана і пабудавана (1998) доследна-прамысл. ВЭУ магутнасцю 60—110 кВт для характэрных на Беларусі скарасцей ветру, распрацоўваецца ротарная ВЭУ магутнасцю 250 кВт для скарасцей ветру 2—8 м/с. У малой гідраэнергетыцы найб. спрыяльныя для выкарыстання гідрарэсурсы басейна рэк Дняпро, Зах. Дзвіна, Нёман, Днестр, Вілія, Прыпяць, Зах. Буг, а таксама малых рэк і створаў у паўн. і ўсх.ч. краіны. Буд-ваГЭС мэтазгодна на буйных (аб’ём больш за 1 млн.м³) вадасховішчах. На Вілейскім вадасховішчы працуе 1-ы блок Вілейскай ГЭС магутнасцю 1 МВт (з 1998). Магутнасць такіх ГЭС на 17 буйных вадасховішчах можа дасягнуць 6 МВт, магутнасць мікрагэс на водагасп. і меліярац. сістэмах — 1 МВт. З біямасы найб. значныя аб’ёмы драўніны (за год у катлах яе спальваюць 1—1.5 млн.м³). Асвоены выпуск газагенератараў магутнасцю 30—200 кВт для перапрацоўкі драўнінных адходаў і нізкагатунковых відаў мясц. паліва. Высокаэфектыўныя катлы выпускаюць Гомельскі з-д «Камунальнік» і Бешанковіцкі «Котламаш». Біягазу ад 275 жывёлагадоўчых комплексаў і 66 птушкафабрык краіны можна атрымліваць 1,7 млрд.м³, ад перапрацоўкі цвёрдых быт. адходаў — больш за 350 млн.м³ за год. Ўкараненне энергакомплексаў з газарасшыральнымі турбінамі на газаразмеркавальных станцыях (іх у рэспубліцы 130) можа даць электраэнергіі магутнасцю больш за 30 МВт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫТМ (грэч. rhythmos ад rheō цяку),
чараванне якіх-н. элементаў (гукавых, моўных і інш.), якое адбываецца ў пэўнай паслядоўнасці, частаце; хуткасць працякання, здзяйснення чаго-небудзь.
Р. у літаратуры — раўнамернае чаргаванне аднародных моўных з’яў. Вершаваны Р. засн. на чаргаванні пэўных адзінак, што характарызуюць працягласць (ант. верш, сілабічнае вершаскладанне) або пэўную сістэму размеркавання націскных і ненаціскных складоў у стапе (сілаба-танічны верш, танічны верш, белы верш). У вершы рытмічная заканамернасць выступае як адзіны зыходны прынцып разгортвання мовы, што зададзены ў пачатку і вяртаецца пастаянна ў кожнай наступнай варыяцыі, калі прыраўнаваны адзін да аднаго асобныя адрэзкі мовы, сегменты фразы. Р. у прозе — вынік моўнага разгортвання, суаднесены са шматбаковасцю і зменлівасцю натуральнага Р. мовы ў яе разнастайных функцыянальных стылях. Маст. Р. прозы можна ахарактарызаваць як своеасаблівую арганізацыю Р. паўсядзённай мовы, які адрозніваецца большай упарадкаванасцю націскаў, аднак гэтая ўпарадкаванасць не павінна дасягаць ступені яўнай ізахроннасці, як у вершах. Агульнае ўражанне правільнасці і перыядычнасці звычайна ўзмацняецца пры дапамозе фанет. і сінтакс. прыёмаў: гукавога малюнка, сінтакс. паралелізму, ураўнаважанасці сэнсавых супрацьлегласцей. Р. непарыўна звязаны з інтанацыяй, паслядоўнасцю тонаў. Мова літ. твора больш, чым інш. тыпы выказвання, арганізаваная і выразная. У лепшых сваіх узорах яна максімальна насычана сэнсам і таму не дапускае пераафармлення, перабудавання, змянення.
Р. у музыцы — арганізаванасць муз. гукаў у іх часавай паслядоўнасці; адзін з гал. выразных і формаўтваральных сродкаў музыкі. На рытмічных заканамернасцях будуюцца суадносіны рознапрацяглых гукаў у непасрэднай блізкасці (у межах матыву, фразы і інш.) і прапорцыі частак муз. формы. У аснове Р. — суразмернасць часавых рытмічных доляў (рытмічныя адзінкі — цэлая, палавіна, чвэрць, восьмая і інш.). Нормай адліку рытм. руху, сродкам яго ўпарадкавання служыць метр (адзінства Р. і метра адлюстравана ў тэорыі музыкі паняццем метрарытму). У адпаведнасці з ім гукі звычайна аб’ядноўваюцца ў рытмічныя групы. Магчыма несупадзенне метрычных і рытмічных акцэнтаў (гл.Сінкопа). Па-за Р. не існуе музыкі. Нават самы маленькі меладычны зварот уключае і рытмічны элемент. Яго выразнасць раскрываецца ва ўзаемадзеянні з інш. элементамі, найперш ладам, тэмпам. Часам Р. выступае і адасоблена ад іх (розныя сігналы на ўдарных інструментах). Музыка кожнага народа мас характэрныя рытм. рысы. Тыповыя рытмаформулы ўласцівы некат. муз. жанрам, асабліва тым, што непасрэдна звязаны з увасабленнем руху (марш, танцы).
Р. у архітэктуры — чаргаванне акцэнтных элементаў (праёмаў, прасценкаў, верт. стоек каркаса, балконаў, эркераў і інш.) пры вырашэнні кампазіцыі будынка або паўтарэнне саміх будынкаў пры стварэнні арх. ансамбля; адзін са сродкаў кампазіцыі, з дапамогай якога дасягаецца сувымернасць і эмац. выразнасць твора архітэктуры. У аснове Р. — адзінства функцыян., канстр. і аб’ёмна-планіровачнага вырашэння. Р. у архітэктуры вядомы са старажытнасці (памяншэнне аб’ёмаў па вертыкалі ў пірамідах і зікуратах краін Стараж. Усходу). Рытмічнасць сістэмы ант. дойлідства па-мастацку асэнсавана сродкамі ордэрнай сістэмы (манум. пабудовы Стараж. Грэцыі і Рыма). Р. можа быць простым (паўтарэнне арх. элемента з захаваннем яго памераў і інтэрвалаў паміж імі), нарастаючым ці ўбываючым (паступовае змяненне інтэрвалаў паміж арх. элементамі). Заканамернасці нарастання і ўбывання выкарыстоўваюцца гал. чынам для стварэння выразнага арх. аблічча збудавання, пазбаўлення яго манатоннасці (касцёлы бернардзінцаў і езуітаў у Гродне, палац у Гомелі, ратуша ў г. Чачэрск Гомельскай вобл., Дом урада ў Мінску). Рытмічныя акцэнты падкрэсліваюць колерам, фактурай аддзелачных матэрыялаў і інш.
Літ.:
Елатов В.И. Ритмические основы белорусской народной музыки. Мн., 1966;
Холопова В.Н. Вопросы ритма в творчестве композиторов первой половины XX в. М., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІМФАНІЧНЫ АРКЕ́СТР,
калектыў інструменталістаў, прызначаны для сумеснага выканання твораў сімфанічнай музыкі, вышэйшы тып аркестра.
Развіццё С.а. абумоўлена эвалюцыяй арк. інструментаў, новымі прыёмамі ігры, размяшчэннем музыкантаў на эстрадзе ці ў арк. яме, кіраваннем калектывам, зменай арк. мыслення кампазітараў. Класічны (т. зв. малы) С.а. склаўся ў канцы 18 ст. Звычайна ў яго ўваходзілі квінтэт стр. смыкавых (І-я і 2-я скрыпкі, альты, віяланчэлі, кантрабасы), парны склад духавых (2 флейты, 2 габоі, 2 кларнеты, 2 фаготы, 2 валторны, пазней 2 трубы) і літаўры. У 19 ст. сфарміраваўся вялікі С.а., які ўключаў стр., парны склад драўляных з малой флейтай і контрафаготам, 4 валторны, 2 трубы, 3 трамбоны, тубу, літаўры, вугольнік, талеркі, вял. барабан. Творчасць рамантыкаў (К.М.Вебер, Ф.Шуберт, Ф.Мендэльсон, Г.Берліёз) стымулявала развіццё каларыстычных і драм. бакоў гучання, увод у С.а. інструментаў з асаблівым тэмбрам (малая, альтовая і басовая флейты, англ. ражок, габой д’амур, гекельфон, малы кларнет, басетгорн, бас-кларнет, саксафон, контрафагот, арфа, чэлеста, розныя ўдарныя інструменты). Творчасць Р.Вагнера абумовіла ўзнікненне трайнога, а да канца 19 ст. і чацвярнога (медная група ўзмоцнена квартэтам валторнавых, ці «вагнераўскіх», туб) складу С.а. Творчасць кампазітараў пач. 20 ст. (Р.Штраус, Г.Малер, А.Скрабін, І.Стравінскі) абумовіла з’яўленне звышаркестраў з пяцярной групай духавых, павялічанай колькасцю стр., ударных і інш. інструментаў; колькасць выканаўцаў дасягала 100 і больш чалавек. У 20 ст. наглядалася тэндэнцыя да памяншэння арк. складаў. Сучасная практыка ўлічвае розныя арк. склады. Найб. пашыраны трайны, камерны (малы), С.а. з павялічанай групай ударных (Стравінскі. А.Шонберг, Б.Бартак, А.Месіян) без акрэсленай вышыні гучання. Адраджаюцца інстр. склады перыяду барока, вядзецца работа па стварэнні стэрэафанічнага гучання ў выніку індывідуалізаваных тыпаў рассаджвання музыкантаў або іх пераходу ў час выканання. З 1950-х г. пашырана «амерыканская рассадка»: злева ад дырыжора 1-я і 2-я скрыпкі, справа — альты і віяланчэлі, у глыбіні — драўляныя і медныя духавыя, кантрабасы, злева — ударныя інструменты. Сярод найб. вядомых С.а.: Гевандхаўз (1743), Венскі філарманічны аркестр, Нью-Йорскі філарманічны аркестр (абодва з 1842), Бостанскі сімфанічны аркестр (1881), Берлінскі філарманічны аркестр (1882), Лонданскі філарманічны аркестр (1932), Дзяржаўны акадэмічны вялікі сімфанічны аркестр імя П.І.Чайкоўскага (1930), Маскоўскі дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр (1943).
На Беларусі ў 18—1-й пал. 19 ст. дзейнічалі прыватна-ўладальніцкія муз. выканальніцкія калектывы пры дварах і т-рах магнатаў (Шклоў, Гродна, Слуцк, Нясвіж, Слонім; гл.Прыгонныя аркестры і капэлы). У 1803—1917 (з перапынкамі) працаваў Мінскі гарадскі аркестр; у канцы 19 ст. невял. прафес. С.а. існаваў у Віцебску, у пачатку 20 ст. дзейнічалі аматарскія С.а. ў Гродне (пры мужчынскай гімназіі), у Магілёве, С.а. у Брэсце (прымуз.-літ.-драм. гуртку). У 1910-я г. на базе нар. кансерваторый, муз. школ, драм. т-раў створаны С.а. ў Мінску, Віцебску, Гомелі, Магілёве. На Беларусі (2001) працуюць Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь, Сімфанічны аркестр Беларускага тэлебачання і радыё, Вял.сімф. аркестр творчага аб’яднання «Нац.акад.Вял.т-р оперы і балета Рэспублікі Беларусь», С.а. Дзярж.муз.т-ра Беларусі, Дзяржаўны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь, С.а. Гомельскай абл. філармоніі, С.а. ў Брэсце, Маладзечне і інш., вучэбныя С.а. сярэдніх спец. і вышэйшых навуч. устаноў, у т. л. «Маладая Беларусь» Бел. акадэміі музыкі і «Маладзёжны сімфанічны аркестр» Бел. ун-та культуры.
Літ.:
Рогаль-Левицкий Д.Р. Беседы об оркестре. М., 1961;
Благодатов Г.И. История симфонического оркестра. Л., 1969;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛКІ́, пратэіны,
прыродныя высокамалекулярныя арган. рэчывы, малекулы якіх складаюцца з астаткаў амінакіслот. Адзін з асн.хім. кампанентаў абмену рэчываў і энергіі жывых арганізмаў. Абумоўліваюць іх будову, гал. адзнакі, функцыі, разнастайнасць і адаптацыйныя магчымасці, удзельнічаюць ва ўтварэнні клетак, тканак і органаў (структурныя бялкі), у рэгуляцыі абмену рэчываў (гармоны), з’яўляюцца запасным пажыўным рэчывам (запасныя бялкі). Складаюць матэрыяльную аснову амаль усіх жыццёвых працэсаў: росту, стрававання, размнажэння, ахоўных функцый арганізма (гл.Антыцелы, Імунаглабуліны, Таксіны), утварэння генет. апарату і перадачы спадчынных прыкмет (нуклеапратэіды), пераносу ў арганізме рэчываў (транспартныя бялкі), скарачэнняў мышцаў, перадачы нерв. імпульсаў і інш.; ферменты бялковай прыроды выконваюць у арганізме спецыфічныя каталітычныя функцыі, выключна важнае значэнне ў рэгуляцыі фізіял. працэсаў маюць бялкі.-гармоны. Сінтэзуюцца бялкі з неарган. рэчываў раслінамі і некат. бактэрыямі. Жывёлы і чалавек атрымліваюць гатовыя бялкі з ежы. З прадуктаў іх расшчаплення (пептыдаў і амінакіслот) у арганізме сінтэзуюцца спецыфічныя ўласныя бялкі, дзе яны няспынна разбураюцца і замяняюцца зноў сінтэзаванымі. Біясінтэз бялкоў ажыццяўляецца па матрычным прынцыпе з удзелам ДНК, РНК, пераважна ў рыбасомах клетак і інш. Паслядоўнасць амінакіслот у бялках адлюстроўвае паслядоўнасць нуклеатыдаў у нуклеінавых к-тах. Паводле паходжання і крыніц атрымання бялкоў падзяляюцца на раслінныя, жывёльныя і бактэрыяльныя, паводле хім. саставу — на простыя (некан’югіраваныя) — пратэіны і складаныя (кан’югіраваныя) — пратэіды. Простыя складаюцца з астаткаў амінакіслот, што злучаны паміж сабою пептыднай сувяззю (—NH—CO) у доўгія ланцугі — поліпептыды, складаныя — з простага бялку, злучанага з небялковым арган. ці неарган. кампанентам непептыднай прыроды, т.зв.прастэтычнай групай, далучанай да поліпептыднай часткі. Сярод складаных бялкоў паводле тыпу прастэтычнай групы вылучаюць нуклеапратэіды, фосфапратэіды, глікапратэіды, металапратэіды, гемапратэіды, флавапратэіды, ліпапратэіды і інш. У састаў бялкоў уваходзіць ад 50 да 6000 і больш астаткаў 20 амінакіслот, што ўтвараюць складаныя поліпептыдныя ланцугі. Амінакіслотны састаў розных бялкоў неаднолькавы і з’яўляецца іх важнейшай характарыстыкай, а таксама мерай харч. каштоўнасці. Паслядоўнасць амінакіслот у кожным бялку вызначаецца паслядоўнасцю монануклеатыдных буд. блокаў у асобных адрэзках малекулы ДНК. Вядома амінакіслотная паслядоўнасць некалькіх соцень бялкоў (напр., адрэнакортыкатропнага гармону чалавека, рыбануклеазы, цытахромаў, гемаглабіну і інш.). Парушэнні амінакіслотнай паслядоўнасці ў малекуле бялку выклікаюць т.зв.малекулярныя хваробы. Амінакіслотную паслядоўнасць поліпептыднага ланцуга для малекулы гармону інсуліну ўстанавіў англ. біяхімік Ф.Сэнгер (1953). Звесткі пра колькасць адрозненняў у амінакіслотных паслядоўнасцях гамалагічных бялкоў, узятых з розных відаў арганізмаў, выкарыстоўваюць пры складанні эвалюцыйных картаў, якія адлюстроўваюць паслядоўныя этапы ўзнікнення і развіцця пэўных відаў арганізмаў у працэсе эвалюцыі.
Агульны хім. састаў бялкоў (у % у пераліку на сухое рэчыва): C — 50—55, O — 21—23, N — 15—18, H — 6—7,5, S — 0,3—2,5, P — 1—2, і інш. Малекулярная маса ад 5 тыс. да 10 млн. Большасць бялкоў раствараецца ў вадзе і ўтварае малекулярныя растворы. Па форме малекул адрозніваюць бялкі фібрылярныя (ніткападобныя) і глабулярныя (згорнутыя ў кампактную структуру сферычнай формы); па растваральнасці ў вадзе, растворах нейтральных соляў, шчолачах, кіслотах і арган. растваральніках вылучаюць альбуміны, гістоны, глабуліны, глютэліны, праламіны, пратаміны і пратэіноіды. Бялкі маюць кіслыя карбаксільныя і амінныя групы, таму ў растворах яны амфатэрныя (маюць уласцівасці асноў і к-т). Пры гідролізе яны распадаюцца да амінакіслот; пад уплывам розных фактараў здольныя да дэнатурацыі і каагуляцыі, уступаюць у рэакцыі акіслення, аднаўлення, нітравання і інш.Пры пэўных значэннях pH у растворах бялкоў пераважае дысацыяцыя тых ці інш. груп, што надае ім адпаведны зарад і выклікае рух у электрычным полі — электрафарэз. Структура бялкоў характарызуецца амінакіслотным саставам, парадкам чаргавання амінакіслотных астаткаў у поліпептыдных ланцугах, іх даўжынёй і размеркаваннем у прасторы. Адрозніваюць 4 парадкі (узроўні) структуры бялкоў: першасную (лінейная паслядоўнасць амінакіслотных астаткаў у поліпептыдным ланцугу), другасную (прасторавая, найчасцей спіральная прасторавая канфігурацыя, якую прымае сам поліпептыдны ланцуг), трацічную (трохмерная канфігурацыя, якія ўзнікае ў выніку складвання або закручвання структур другаснага парадку ў больш кампактную глабулярную форму) і чацвярцічную (злучэнне некалькіх частак з трацічнай структурай у адну больш буйную комплексную праз некавалентныя сувязі). Найб. устойлівая першасная структура бялкоў, іншыя лёгка разбураюцца пры павышэнні т-ры, рэзкім змяненні pH асяроддзя і інш. уздзеяннях (дэнатурацыя бялкоў), што вядзе да страты асн.біял. уласцівасцяў. Фарміраванне прасторавай канфігурацыі малекул бялку вызначаецца наяўнасцю ў поліпептыдных ланцугах вадародных, дысульфідных, эфірных і салявых сувязяў, сіл Ван дэр Ваальса і інш. Уласцівасці бялкоў залежаць ад іх хім. будовы і прасторавай арганізацыі (канфармацыі). Наяўнасць некалькіх узроўняў арганізацыі Б. забяспечвае іх вял. разнастайнасць у прыродзе (напр., у клетках бактэрыі Escherichia coli каля 3000 розных бялкоў, у арганізме чалавека больш за 50 000). Кожны від арганізмаў мае ўласцівы толькі яму набор бялкоў, па якім ён можа быць індэнтыфікаваны. Органы і тканкі жывых арганізмаў маюць розную колькасць бялкоў (у % да сырой вагі); 6,5—8,5 у крыві, 7—9 у мозгу, 16—18 у сэрцы, 18—23 у мышцах, 10—20 у насенні злакаў, 20—40 у насенні бабовых, 1—3 у лісці большасці раслін. Па харч. каштоўнасці бялкі падзяляюць на паўнацэнныя (маюць усе амінакіслоты, неабходныя жывёльнаму арганізму для сінтэзу бялкоў сваіх тканак) і непаўнацэнныя (у складзе малекул няма некаторых амінакіслот). Сутачная патрэба дарослага чалавека ў бялках 100—120 г. Арганізм расходуе ўласныя бялкі, калі ў ежы іх менш за норму. Многія прыродныя бялкі і бялковыя ўтварэнні выкарыстоўваюць у прам-сці (напр., для вырабу скуры, шэрсці, натуральнага шоўку, казеіну, пластмасаў і інш.), медыцыне і ветэрынарыі (як лек. сродкі і біястымулятары, напр., інсулін прыцукр. дыябеце, сываратачны альбумін як заменнік крыві, гама-глабулін для прафілактыкі інфекц. захворванняў, бялкі-ферменты для лячэння парушэнняў абмену рэчываў, гідралізатары бялкоў для штучнага жыўлення). Для атрымання пажыўных і кармавых бялкоў выкарыстоўваюць мікрабіял. сінтэз. Вядуцца даследаванні па штучным сінтэзе бялковых малекул (штучна сінтэзаваны фермент рыбануклеаза і інш.). Бялкі — адзін з гал. аб’ектаў даследаванняў біяхіміі, імуналогіі і інш. раздзелаў біял. навукі.
Літ.:
Бохински Р. Современные воззрения в биохимии: Пер. с англ.М., 1987;
Ленинджер А. Основы биохимии: Пер. с англ.Т. 1—3. М., 1985;
Гершкович А.А. От структуры к синтезу белка. Киев, 1989;
Овчинников Ю.А. Химия жизни: Избр. тр.М., 1990.
У.М.Рашэтнікаў.
Да арт.Бялкі. Малекула бялку міяглабіну: 1 — агульны выгляд; 2 — структурная схема.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЛАДНЕ́ННЕ, сінгамія,
працэс зліцця мужчынскай і жаночай палавых клетак (гамет); аснова палавога размнажэння ў раслін, жывёл і чалавека. У выніку апладнення ўтвараецца зігота, якая дае пачатак новаму арганізму. Пры гэтым аднаўляецца дыплоідны набор храмасом, характэрны для саматычных клетак арганізма, і забяспечваецца перадача спадчынных прыкмет ад бацькоў да нашчадкаў.
Адрозніваюць апладненне вонкавае, калі палавыя клеткі зліваюцца па-за арганізмам, і ўнутранае, якое адбываецца ўнутры палавых органаў індывіда (перакрыжаванае апладненне і самаапладненне). У жывёл і чалавека апладненню папярэднічае асемяненне. У жывёл з унутраным апладненнем (пераважна наземныя жывёлы) ёсць спец. прыдаткавыя палавыя органы для пераносу спермы з цела самцоў у цела самак. У большасці жывёл, што жывуць у вадзе (ігласкурыя, малюскі, некаторыя рыбы і земнаводныя), назіраецца вонкавае апладненне: у навакольным асяроддзі адкладаюцца яйцаклеткі і сперма, дзе і зліваюцца. У шэрагу раслін (бактэрыі, сіне-зялёныя водарасці) тыповы палавы працэс, у т. л. апладненне, адсутнічае. У ніжэйшых раслін назіраюцца розныя віды палавога працэсу: ізагамія, анізагамія, аагамія, кан’югацыя і інш. Вышэйшым раслінам уласціва аагамія. У голанасенных і пакрытанасенных раслін апладненню папярэднічае апыленне. У пакрытанасенных ажыццяўляецца т.зв.двайное апладненне.