СВІНЕ́Ц, плюмбум (лац. Plumbum),
Pb, хімічны элемент IV групы перыяд. сістэмы, ат. н. 82, ат. м. 207,2. Прыродны складаецца з 5 стабільных ізатопаў: 202Pb (сляды), 204Pb (1,5%), 206Pb (23,6%), 207Pb (22,6%) і 208Pb (52,3%). Ізатопы С. з масавымі лікамі 206—208 — канчатковыя прадукты натуральных радыеактыўных радоў. У зямной кары 1,6∙10−3% па масе. Найважн. мінерал — галеніт (гл. Свінцовыя руды). Вядомы са стараж. часоў. У 3—2-м тыс. да н.э. ў Месапатаміі і Егіпце са С. выраблялі статуі, пячаткі, прадметы хатняга ўжытку, таблічкі для пісьма. Старажытнаслав. назва С. — олово. Захавалася ў чэш. (Olovo), польскай (olów), укр. (олово) і некат. інш. славянскіх мовах. У бел. мове назва С. — волава захоўвалася да сярэдзіны 20 ст. (адсюль назва «аловак»).
Мяккі пластычны цяжкі метал сінявата-шэрага колеру, шчыльн. 11341,5 кг/м³ (20 °C), tпл 327,5 °C (адзін з легкаплаўкіх металаў), tкіп 1751 °C Для С. характэрны дыямагнетызм, пры т-ры 7,19 К становіцца звышправадніком. У паветры метал. С. набывае шэры колер, што абумоўлена ўтварэннем тонкай плёнкі аксіду PbO (гл. Свінцу аксіды), якая ахоўвае метал ад далейшага акіслення. Пры пакаёвай т-ры не ўзаемадзейнічае з разбаўленымі сернай і салянай к-тамі; раствараецца ў разбаўленай азотнай і воцатнай к-тах, канцэнтраваных растворах шчолачаў. Атрымліваюць з сульфідных канцэнтратаў пасля іх агламерацыйнага абпалу з вапнай (гл. Агламерацыя ў металургіі) з наступнай плаўкай агламерату і рафінаваннем чарнавога металу Выкарыстоўваюць для вырабу электродаў акумулятараў, абалонак эл. кабеляў, футравання хім. апаратаў, як матэрыял для аховы ад іанізавальных выпрамяненняў, кампанент друкарскіх і антыфрыкцыйных сплаваў (гл. Свінцу сплавы), паўправадніковых матэрыялаў. Атрутны; ГДК у атм. паветры 0,003 мг/м³, вадзе 0,03 мг/л. Асн. крыніцы забруджвання навакольнага асяроддзя С.: металургічныя прадпрыемствы, выхлапныя газы рухавікоў унутр. згарання.
Літ.:
Козин Л.Ф., Морачевский А.Г. Физико-химия и металлургия высокочистого свинца. М., 1991.
Я.Г.Міляшкевіч.
т. 14, с. 258