СКО́БЕЛЕЎ (Эдуард Марцінавіч) (н. 8.12.1935, Мінск),

бел. пісьменнік. Засл. дз. культуры Беларусі (1996). Скончыў Маскоўскі ін-т міжнар. адносін (1959). З 1959 у пасольстве СССР у Швейцарыі, з 1961 у Мін-ве замежных спраў Беларусі, з 1966 у апараце ЦК КПБ. З 1991 нам. дырэктара міжнар. цэнтра Акадэміі кіравання пры СМ Рэспублікі Беларусь, з 1994 у Бел. ін-це інфармацыі і прагнозу пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, з 1996 гал. рэдактар «Информационного бюллетеня Администрации Президента Республики Беларусь». Друкуецца з 1964. Піша на рус. мове. Вершы з паэт. зб-каў «Дарога» (1969), «Кроплі дажджу» (1973), «Вячэрнія цені» (1977), «Мой дом» (1988), «Славянские сутры» (1996) і інш. вызначаюцца афарыстычнасцю і філасафічнасцю. У празаічных творах звяртаецца да гіст. (раманы «Міраслаў — князь Дрыгавіцкі», 1979; «Сведка», 1987, і інш.) і сучаснай маральна-этычнай праблематыкі (раманы «Крокі за тваёй сцяной», 1971; «Катастрофа», 1984; «Уцякач», 1989). У прагнастычна-філас. рамане «Скачок д’ябла» (2001) паказана асн. праблематыка сучаснага грамадства, супрацьстаянне стваральнікаў нац. духоўнасці і яе разбуральнікаў. Аўтар вершаваных драм пра С.​Буднага, Сімяона Полацкага, К.​Лышчынскага, Ф.​Скарыну. К.​Каліноўскага, Я.​Купалу, Дзмітрыя Данскога, Дж.​Бруна, Сакрата і інш., публіцыстычных і літ.-крытычных артыкулаў. Піша для дзяцей: «Прыгоды Арбузіка і Бябешкі» (1983, экранізавана пад наз. «Падарожжа ў краіну пачвар»), «Хлапчукі купілі востраў» (1989), «Уладар часу» (1992), «Чорны вядзьмар» (2000) і інш. Перакладае на рус. мову вершы бел. паэтаў. Некат. яго вершы пакладзены на музыку. Дзярж. прэмія Беларусі 1998.

Тв.:

Маятник надежды: Роман. Мн., 1978;

Выпускники: Повесть. Мн., 1984;

Фигуры: Драмы Мн., 1986;

Исцеление: Стихи. М., 1989;

Гефсиманский сад: Роман. Мн., 1993;

Узелки на память: Заметки о лит. мастерстве. Мн., 1997;

Сыны Отечества: Ист. драмы. Мн., 1999;

Венки сонетов. Мн., 2001;

Государь мой, куда Вы спешите?: Афоризмы и суждения. Мн., 2001.

т. 14, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)