ВЫДЗІМА́ННЕ ПАСЕ́ВАЎ,

выветрыванне верхняга слоя глебы разам з пасеяным насеннем, іншы раз і з усходамі. Часцей выдзімаюцца вясной палі, засеяныя яравымі збожжавымі, шматгадовымі і аднагадовымі травамі, радзей — пасевы азімых увосень. На Беларусі адзначаецца часам на тарфяных і пясчаных глебах. Гл. таксама Эрозія глебы.

т. 4, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУША́РА,

у старажытнаарабскай міфалогіі вярхоўнае бажаство ў пантэоне Набатэйскай дзяржавы, апякун краіны і бог царскай дынастыі. Паводле міфа, народжаны дзевай-каменем; ідалам Д. служыў чорны камень, якому прыносілі ахвяру. Д. лічылі таксама богам-грамавержцам і атаясамлівалі з Зеўсам, Дыянісам, часам з Арэсам.

т. 6, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРА́ЧЫ ПО́ЯС,

сукупнасць геагр. паясоў з найб. высокімі т-рамі паветра. Уключае экватарыяльны пояс, субэкватарыяльныя паясы, трапічныя паясы. Межы гарачага пояса ў Паўн. і Паўд. паўшар’ях звычайна праводзяць па сярэднегадавых ізатэрмах 20 °C, якія прыкладна супадаюць з 30° паўн. і паўд. шыраты.

т. 5, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕРЦЬ,

зерне, здробненае зернедрабілкамі або на млыне без спец. ачысткі. Здрабняюць пераважна зерне з цвёрдай абалонкай — ячмень, проса, сорга, сухую кукурузу, віку, гарох і інш. Выкарыстоўваецца ў кармленні с.-г. жывёл, у рацыён уключаюць сумесі Дз. з сакаўнымі кармамі, а таксама Дз. дражджаваную.

т. 6, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́КЛА, Хекла (Hekla),

дзеючы вулкан на Пд Ісландыі. Выш. 1491 м. Гекла — стратавулкан, які ўтварыўся ў выніку шматлікіх вывяржэнняў з лінейнай трэшчыны. Складзены з андэзітавых і базальтавых лаў. За апошнія 700 гадоў было 20 буйных вывяржэнняў (найб. разбуральныя 1766—68, 1947—48).

т. 5, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎРАПЕ́ЙСКАЯ ВАЛЮ́ТНАЯ АДЗІ́НКА (European Currency Unit; ЭКЮ). валютная адзінка, якая выкарыстоўваецца ў Еўрапейскай валютнай сістэме. Уведзена ў 1979. Суадносіны (парытэт) ЭКЮ з валютамі інш. краін вызначаюцца зыходзячы з таго, што ЭКЮ з’яўляецца прадстаўніком усяго «кошыка валют» краін, якія ўваходзяць у еўрап. валютную сістэму.

т. 6, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗААНО́ЗЫ (ад заа... + грэч. nosos хвароба),

інфекцыйныя і інвазійныя хваробы, на якія хварэюць жывёлы. Да З. адносяць некрабактэрыёз, мыт, пастэрэлёз, чуму свіней і буйн. раг. жывёлы і інш. З. наз. таксама хваробы, якімі чалавек можа заразіцца ад жывёл (антрапазаанозы, напр., шаленства, бруцэлёз, чума).

т. 6, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́ДРУГА (сербахарвацкае),

у паўднёвых славян ранейшая назва вялікай патрыярхальнай сям’і; разнавіднасць сямейнай абшчыны. Складалася з некалькіх пакаленняў нашчадкаў аднаго бацькі з іх жонкамі і дзецьмі; гаспадарка і спажыванне агульныя. Налічвала 20—30 чал. (часам 50—80). Існавала да 2-й пал. 19 ст.

т. 6, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛП,

адначасовы выстрал (пуск) з некалькіх гармат, мінамётаў, ракетных і рэактыўных пускавых установак, тарпедных апаратаў, стралковай і інш. зброі. Даецца па пэўным сігнале (камандзе) для нанясення агнявога ўдару, а таксама пры святочных салютах і адданні ваенных ушанаванняў («халастыя» З. — без снарадаў і куль).

т. 6, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВЯ́ЗКА,

дзеяслоў са страчаным ці аслабленым лексічным значэннем, які ўваходзіць у састаўны выказнік як службовае слова. Выражае сувязь іменнай часткі выказніка з дзейнікам, У сучаснай бел. мове ёсць З. незнамянальныя («быць», «з’яўляцца»), паўзнамянальныя («станавіцца», «рабіцца», «выглядаць», «здавацца»), знамянальныя («ісці», «хадзіць». «прачынацца», «сядзець», «спыняцца»).

т. 7, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)