медны духавы муштуковы нетранспануючы муз. інструмент. Мае шырокія мензуру і канічны раструб, які ў вузкай частцы злучаны з рассоўным механізмам, што ўключае 2 нерухомыя трубкі (штангі), на якія насоўваецца U-падобная куліса. Рухомае прыстасаванне забяспечвае храматычны гукарад. Існуюць Т. рассоўны (цугтрамбон) і вентыльны. 6 разнавіднасцей — ад сапрана да кантрабаса. У наш час выкарыстоўваюцца тэнаравыя і тэнарава-басовыя, радзей басовыя Т. Ужываецца пераважна як арк. (Т. складае самаст. групу ў традыц. складзе эстр. аркестра «big band», эстр.-сімф.), зрэдку як сольны інструмент.
Продкам Т. лічыцца стараж.-рым. букцына (з сям’і труб). У інш. краінах Еўропы вядомы з 15 ст. Сям’я Т. сфарміравалася ў 16 ст.
На Беларусі Т. вядомы з 18 ст. ў складзе езуіцкіх капэл, з 19 ст. — у аматарскіх аркестрах навуч. устаноў: Гомельская муз. школа (Мацей Красоўскі, Ян Сураж), Мінская мужчынская гімназія (Восіп Шаскольскі), 1-е Мінскае гар. 4-класнае вучылішча (Шыменеў); духавога аркестра Мінскага вольна-пажарнага т-ва, ваен. аркестраў. З пач. 20 ст. пашыраны ў прафес. і аматарскіх аркестрах, ансамблях.
Літ.:
Вилковир Е. Практический курс инструментовки для духового оркестра. М., 1963;
Левин С. Духовые инструменты в истории музыкальной культуры. Л., 1973.