СО́ЛІД (лац. solidus трывалы, паўнацэнны),

залатая, білонная ці медная манеты еўрап. дзяржаў. 1) Залатая манета Візант. імперыі 8—13 ст. (маса 4—4,40 г). На Беларусі абарачалася пад наз. намісма.

2) Білонная манета 15—16 ст. г. Гданьска, Торуня і Эльбланга (маса адпаведна 1,38 г, 1,44 г і 1,40 г, 1,24 г).

3) Білонная і медная манеты 17—18 ст. Рэчы Паспалітай, парытэтныя 1/3 гроша. У білонных С. з 1580 маса 1,12 г, з 1652—0,53 г, з 1670—0,71 г. У медных С. у 1650 маса 2,62 г, з 1659—1,41 г, з 1749—1,23 г, з 1766—1,30 г. Польскія эмісіі С. выпускалі на манетных дварах у Быдгашчы, Варшаве, Губіне, Дрэздэне, Кракаве, Мальбарку, Познані, Уяздзе. Літоўскія эмісіі ВКЛ С. выпускалі: Брэсцкі манетны двор у 1665—66, Віленскі манетны двор у 1580—85, 1589—92, 1612—27, 1652—54, а таксама манетныя двары ў г. Коўна ў 1665—66, Мальбарку ў 1666, Олькушы ў 1663, 1665—66, Уяздзе ў 1660—61, 1665—66.

Літ.:

Рябцевич В.Н. Нумизматика Беларуси. Мн., 1995.

Солід: 1 — літоўская чаканка 1583; 2—3 — польская чаканка 1582, 1584; 4 — рыжская чаканка 1585.

т. 15, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)