ВЕРДЭ́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1916,

баі паміж германскімі і французскімі войскамі за ўмацаваны раён Вердэна 21 лют. — 21 снеж. ў час 1-й сусв. вайны.

Тэрм. вярх. камандаванне вырашыла ў 1916 нанесці гал. ўдар на Зах. фронце супраць Вердэнскага выступу, які быў апорай усяго франц. фронту. На 15-кіламетровым участку прарыву супраць 2 франц. дывізій было выстаўлена 6,5 дывізій 5-й герм. арміі. Атака 21—25 лют. на правым беразе р. Мёз (Маас) сустрэла ўпартае супраціўленне франц. войск і прарыў не быў зроблены. У сак. герм. войскі гал. ўдар перанеслі на левы бераг ракі, але прасунуліся толькі на 6—7 км. 24 кастр. франц. войскі перайшлі ў контрнаступленне і 21 снеж. выйшлі на рубеж, які займалі 25 лютага. Вердэнская аперацыя была для Германіі беспаспяховай: яна ўвяла 50 дывізій са 125 і страціла каля 600 тыс. чал. Францыя выставіла 65 дывізій са 125 і страціла 358 тыс. чал.

т. 4, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІСЯ́ЧЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,

будаўнічыя канструкцыі, асн. нясучыя элементы якіх (тросы, канаты, кабелі, ланцугі, сеткі, стрыжні, мембраны) успрымаюць толькі расцягвальныя намаганні. Бываюць: плоскія (выкарыстоўваюцца ў вісячых мастах, канатных дарогах) і прасторавыя (у пакрыццях грамадскіх і прамысл. будынкаў); аднапаясныя (паралельныя тросы, сеткі ці мембраны ўтвараюць цыліндрычныя або парабалоідныя паверхні з насцілам), двухпаясныя (папярэдне напружаныя, з крывалінейных паясоў, павернутых выпукласцямі ў процілеглыя бакі), седлападобныя (з тросаў, якія перасякаюцца і ўтвараюць сетку, або з адпаведных абалонак), вантавыя (гл. Вантавыя канструкцыі) і камбінаваныя.

Вісячыя канструкцыі лёгкія, эканамічныя, архітэктурна выразныя, мала адчувальныя да сейсмічных уздзеянняў, асядання апор. Будуюцца хутка, з дапамогай лёгкіх пад’ёмных механізмаў, пераважна без рыштаванняў. Асн. недахоп — дэфармавальнасць ад мясц. нагрузкі (памяншаецца адцяжкамі, раскосамі, бэлькамі жорсткасці, дадатковымі паясамі, папярэднім напружаннем элементаў). Выкарыстанне ў вісячых канструкцыях сучасных высокатрывалых матэрыялаў дазваляе перакрываць збудаванні з вял. пралётамі.

М.​К.​Балыкін.

Вісячыя канструкцыі: 1 — спартыўны будынак з вантава-бэлечным пакрыццём; 2 — падвеснае пакрыццё фабрыкі.

т. 4, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛЬНЫЯ ХЛЕБАРО́БЫ, свабодныя хлебаробы,

былыя прыватнаўласніцкія сяляне ў Расіі, вызваленыя ад прыгоннай залежнасці паводле ўказа цара Аляксандра I ад 20.2.1803. Памешчыкам дазвалялася адпускаць прыгонных паасобку або цэлымі вёскамі з абавязковым надзяленнем іх зямлёй за выкуп ці за выкананне павіннасцей. Калі абавязацельствы парушаліся, сялян вярталі назад. Паводле 9-й рэвізіі (1851) у вольныя хлебаробы пераведзены 137 034 душы мужчынскага полу (1 % прыгонных) з надзелам 6,9 дзес. на рэвізскую душу, да сярэдзіны 19 ст. — 151 тыс. На Беларусі вядомы толькі адзіны выпадак выкарыстання ўказа: у 1819 дзяржава выкупіла ў памешчыка 57 рэвізскіх душ з в. Жарцы Полацкага пав., «зважаючы на выдатныя паслугі, зробленыя імі ў вайне 1812 года». Да вольных хлебаробаў часта адносілі ўсіх сялян, якія сталі ўласнікамі зямлі, таму паводле 8-й рэвізіі (1834) іх налічвалася ў Віцебскай губ. 305, у Магілёўскай — 364 душы мужчынскага полу. У 1848 вольныя хлебаробы ўключаны ў склад дзяржаўных сялян на ўласных землях.

т. 4, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУГРАПАДО́БНЫЯ (Anguilliformes),

атрад касцістых рыб. 23 сям., каля 110 родаў, 400 відаў, пераважна ў трапічных водах акіянаў. Большасць вугрападобных жывуць на мелкаводдзі, вядуць скрытны прыдонны спосаб жыцця, зрэдку селяцца калоніямі ў норках. Некаторыя марскія віды жывуць на глыб. да 4000 м або ў тоўшчы вады (да 500 м). У прэсных водах трапляюцца толькі прадстаўнікі сям. вугровых, або прэснаводных вугроў, да іх належыць вугор еўрапейскі (звычайны, рачны), які трапляецца на Беларусі. Вугрападобныя вядомы з верхняга мелу.

Даўж. змеепадобнага цела 10—300 см, маса 15 г — 65 кг. Плаўнікі без калючак. Спінны і анальны плаўнікі доўгія, мяккія, ззаду звычайна злучаюцца з хваставым. Луска вельмі дробная або адсутнічае. Пераважна драпежнікі; некаторыя паразітуюць. Развіццё з метамарфозам: празрыстая высакацелая лістападобная лічынка (лептацэфал) істотна адрозніваецца ад дарослай асобіны. У многіх вугрападобных у крыві ёсць ядавітыя рэчывы — іхтыятаксіны, якія, трапіўшы ў кроў цеплакроўных жывёл, разбураюць эрытрацыты. Многія вугрападобныя — каштоўныя аб’екты промыслу.

т. 4, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫТВО́РЧАЯ СТРУКТУ́РА ПРАДПРЫЕ́МСТВА,

сукупнасць падраздзяленняў прадпрыемства з усталяванымі паміж імі ў працэсе выпуску прадукцыі сувязямі. Кожная стадыя вытв. працэсу афармляецца ў адпаведнае структурнае падраздзяленне. Першасная структурная вытв. адзінка — рабочае месца. Рабочыя месцы аб’ядноўваюцца ў вытв. ўчасткі, якія ўтвараюць асн. структурныя падраздзяленні — цэхі. На буйных прадпрыемствах цэхі аб’ядноўваюцца ў карпусы. У залежнасці ад складу вытв. падраздзяленняў прадпрыемства мае цэхавую, бясцэхавую (толькі ўчасткі) і мяшаную структуру. Паводле ролі ў вытв. працэсе адрозніваюць цэхі асн. (нарыхтоўчыя, апрацоўчыя і зборачна-аддзелачныя), дапаможныя (інстр. вытв-сць, энергет. і рамонтная гаспадаркі) і абслуговыя (складскія, транспартныя, энергасеткі і інш. камунікацыі). Канструктарска-тэхнал. падраздзяленні займаюцца праектаваннем вырабаў і падрыхтоўкай вытв-сці, органы кіравання прадпрыемствам арганізоўваюць, накіроўваюць і рэгулююць ход вытв-сці ў цэлым. Вытворчая структура прадпрыемства залежыць ад формы ўласнасці і кіравання, галіновай прыналежнасці прадпрыемства і звычайна перабудоўваецца пры асваенні новай прадукцыі, замене тэхналогіі і абсталявання.

Р.​М.​Шахлевіч.

т. 4, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАГАРАПАДО́БНЫЯ (Gaviiformes),

атрад вадаплаўных птушак. 1 сям., 1 род, 5 відаў. Пашыраны на Пн Еўразіі і Паўн. Амерыкі. Пераважна марскія птушкі, на прэсных вадаёмах трапляюцца ў перыяд размнажэння і на пралётах. На Беларусі 3 віды: гагара палярная (Gavia immer) — вельмі рэдкі залётны від; гагара чырвонаваллёвая (Gavia stellata) — рэдкі пралётны від; гагара чорнаваллёвая (Gavia arctica) — рэдкі гнездавальны від, занесены ў Чырв. кнігу.

Цела прадаўгаватае, даўж. 66—95 см, маса 1—6,4 кг. Спіна чорная з белымі стракацінамі, бруха белае. Крылы вузкія, завостраныя, хвост кароткі, дзюба прамая, вострая і моцная. Тры пальцы злучаны плавальнымі перапонкамі. Добра плаваюць і ныраюць, па сушы перамяшчаюцца паўзком; узлятаюць толькі з вады. Кормяцца рыбай і воднымі беспазваночнымі. Гнёзды будуюць каля вады, нясуць 1—3 (звычайна 2) яйцы. Шкуркі гагарападобных выкарыстоўваюцца як «птушынае футра».

Да арт. Гагарападобныя. Гагары: 1 — чырвонаваллёвая; 2 — чорнаваллёвая; 3 — палярная (а — у шлюбным, б — у зімовым убранні).

т. 4, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАЎНЁВЫЯ ГРЫБЫ́ (Ustilagenales),

парадак базідыяльных грыбоў. Уключае 2 сям. — устылягавыя і тылецыевыя, больш за 50 родаў, каля 1000 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары. На Беларусі трапляюцца каля 100 відаў з 7 родаў (сараспорый, тылецыя, тэкафора, урацысціс, устыляга, энталома, энтарыза).

Звычайна спецыялізаваныя паразіты вышэйшых травяністых раслін: пашкоджваюць толькі пэўныя віды і нават асобныя сарты, выклікаюць спецыфічнае захворванне пераважна збожжавых злакаў — галаўню. У цыкле развіцця галаўнёвых грыбоў 3 стадыі (фазы): гаплоідная (кароткачасовая, базідыяспоры і першасны міцэлій), дыкарыятычная (працяглая, другасны паразітны міцэлій) і дыплоідная (вельмі кароткая, спелыя хламідаспоры). Міцэлій шматклетачны, бясколерны, мае гаўсторыі, з дапамогай якіх грыбы жывяцца. Міцэлій можа пранізваць розныя органы раслін, дзе ўтвараюцца спляценні з круглаватымі двух’ядравымі спорамі (хламідаспоры), якімі грыбы размнажаюцца. У некат. відаў утвараюцца спаракучкі з 40—50 і больш спораў. Хламідаспоры маюць ахоўную абалонку і здольныя пераносіць высушванне, захоўваюць жыццядзейнасць на працягу 20 і больш гадоў.

В.​С.​Гапіенка.

т. 4, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІБРЫ́Д (ад лац. hibrida помесь),

арганізм (або клетка), атрыманы ў выніку скрыжавання разнародных у генетычных адносінах бацькоўскіх форм (відаў, парод, ліній і інш.). Паводле паходжання гібрыды бываюць спантанныя, якія ўзніклі пры выпадковым скрыжаванні, і штучныя, атрыманыя шляхам мэтанакіраванага скрыжавання з падборам бацькоўскіх пар у залежнасці ад задач селекцыі. Гібрыды могуць быць 1, 2, 3-га і г.д. пакаленняў і абазначаюцца лац. літарай F з індэксамі (F1, F2, F3...). Атрыманне гібрыда ляжыць у аснове гібрыдалагічнага аналізу. Прыкметы і ўласцівасці гібрыда перадаюцца ў спадчыну і расшчапляюцца (пераразмяркоўваюцца) у наступных пакаленнях паводле пэўных генет. законаў.

У раслінаводстве адрозніваюць гібрыды: міжродавыя, міжвідавыя, унутрывідавыя, міжлінейныя, міжсартавыя, сорталінейныя, трыплоідныя, несапраўдныя (псеўдагібрыды). Шырока выкарыстоўваюцца міжродавыя гібрыды пшанічна-пырнікавыя і трыцікале, міжлінейныя гібрыды кукурузы, шматлікія міжсартавыя гібрыды культурных раслін, што служаць таксама крыніцай зыходнага матэрыялу для селекцыі. У жывёлагадоўлі гібрыдам прынята называць толькі патомкаў, атрыманых ад скрыжавання розных родаў і відаў. Гл. Гібрыдызацыя.

т. 5, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУСІ́НАЯ ЦЫБУ́ЛЯ (Gagea),

род кветкавых раслін сям. лілейных. Больш за 130 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі, а таксама ў Паўн. Афрыцы. На Беларусі трапляюцца 8 відаў. Найб. вядомыя і пашыраныя гусіная цыбуля жоўтая (G. lutea) і малая (G. minima). Растуць пераважна ў вільготных лісцевых і мяшаных лясах, хмызняках, садах і парках. Рэдка трапляюцца: гусіная цыбуля зярністая (G. granulosa), пакрывальцавая (G. spathacea), Пачоскага (G. paczoskii). Толькі па звестках навук. л-ры вядомы гусіная цыбуля лугавая (G. pratensis), нізенькая (G. pusilla) і чырванеючая (G. erubescens).

Невысокія шматгадовыя травяністыя расліны, ранаквітучыя цыбульныя эфемероіды (улетку надземныя часткі адміраюць) з 1—3 цыбулінамі (іншы раз каля асновы гал. цыбулін развіваецца шмат дробных цыбулінак). Прыкаранёвы ліст 1, зрэдку 2. Кветкі дробныя, жоўтыя (рознага адцення), радзей белаватыя, зеленаватыя ці чырванаватыя, у раскідзістых гронка-парасонападобных суквеццях. Плод — трохгнездавая каробачка. Лек., харч., кармавыя, меданосныя і дэкар. расліны.

Г.​У.​Вынаеў.

Гусіная цыбуля жоўтая.

т. 5, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВАЙНО́ГА АДМАЎЛЕ́ННЯ ЗАКО́Н,

закон логікі, паводле якога адмаўленне адмаўлення (г.зн. паўторанае двойчы адмаўленне) дае сцвярджэнне. Напр.: «Калі няправільна, што сусвет не з’яўляецца бясконцым, то ён бясконцы». Гэты закон вядомы з часоў антычнасці. Стараж.-грэч. філосафы Зянон Элейскі і Горгій выкладалі яго так: калі з адмаўлення якога-н. выказвання выходзіць супярэчнасць, то мае месца двайное адмаўленне зыходнага выказвання, г.зн. яно само. Д.а.з. запісваецца ў вылічэнні выказванняў сучаснай матэм. логікі наступным чынам: a→A, што чытаецца так: «двайное адмаўленне a мае вынікам A′» (знак → — знак імплікацыі, які адпавядае злучніку «калі, то»). Другі закон логікі, які гаворыць аб магчымасці не здымаць, а ўводзіць 2 адмаўленні, называюць зваротным Д.а.з.; двайное сцвярджэнне мае вынікам сваё двайное адмаўленне. Напр.: «Калі Шэкспір пісаў санеты, то няпраўда, што ён не пісаў санеты». Аб’яднанне гэтых 2 законаў дае поўны Д.а.з.: двайное адмаўленне раўназначна сцвярджэнню. Напр.: «Планеты не нерухомыя толькі ў тым выпадку, калі яны рухаюцца».

т. 6, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)