МЕТА́ФАРА

(грэч. metaphora перанясенне),

ужыванне слова ці выразу ў пераносным значэнні праз супастаўленне пэўнай з’явы ці прадмета з інш. з’явай ці прадметам на аснове агульных для іх адзнак і ўласцівасцей; від паэт. тропа. М. блізкая да параўнання, аднак адрозніваецца ад яго тым, што ў ёй прысутнічае толькі адзін член супастаўлення — тое, з чым супастаўляецца, і не называецца (а падразумяваецца) тое, што супастаўляецца. М. звычайна перафразуецца ў параўнанне з дапамогай слоў «нібы», «як», «быццам» і г.д. М. істотна паглыбляе ўнутр. змест вобраза, надае яму новыя сэнсавыя адценні. Асн. сфера бытавання М. — літ. мова, паэзія. Вылучаюць простую М., калі яна складаецца з аднаго слова ці выразу («Замоўкнуў жураўліны скрып калысак і калаўротаў гул чмяліны змоўк». П.Панчанка), і разгорнутую або скразную, калі М. ахоплівае вял. адрэзак або ўвесь твор (бітва—жніво ў «Слове аб палку Ігаравым», жыццё—акіян у паэме А.Куляшова «Цунамі»). Ужываецца таксама ў бытавой гаворцы («ідзе дождж», «цяжкі характар», «прыйшла зіма»), Блізкія да М. тропы — алегорыя, сімвал.

В.П.Рагойша.

т. 10, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)