1) старажытныя плямёны, якія першапачаткова насялялі тэр.Усх. і Паўд. Іспаніі і потым рассяліліся на значнай частцы Пірэнейскага п-ва (адсюль стараж. назва п-ва Іберыя). Упершыню згадваюцца ў крыніцах 6 ст. да н.э. Важнейшым цэнтрам іх культуры была паўд.ч. Іспаніі (сучасныя Андалусія і Мурсія), дзе, паводле звестак стараж. аўтараў, знаходзілася дзяржава Тартэс, заснаваная да 1100 да н.э. У выніку змяшэння І. з кельтамі (уварваліся ў Іспанію ў 6—3 ст. да н.э.) узнікла група плямён — кельтыбераў. І. мелі сваю пісьменнасць. Да 8 ст. да н.э. склалася мастацтва І., якое ў 5—4 ст. да н.э. дасягнула росквіту. У 5—3 ст. да н.э. заваяваны карфагенянамі, у 3—2 ст. да н.э. — рымлянамі. Паступова раманізаваны.
2) Этнічная назва ў ант. крыніцах усх.-груз. (картлійскіх) плямён, якія жылі на тэр.Іберыі (Іверыі); адыгралі гал. ролю ў працэсе кансалідацыі груз. плямён і фарміраванні адзінага груз. этнасу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРАВА́ДЗІ,
самая мнагаводная рака М’янмы (вытокі ў Кітаі). Даўж. 2150 км, пл.бас. 430 км². Пачынаецца ва ўсх. адгор’ях Гімалаяў, цячэ ў глыбокай цясніне, мае парожыстае рэчышча. Ніжэй г. М’ічына даліна расшыраецца, рэчышча дасягае 800 м, потым І. перасякае Шанскае нагор’е, дзе рэчышча звужаецца да 50—100 м. У сярэднім і ніжнім цячэнні (на Іравадзійскай раўніне) рака ўтварае шырокую тэрасаваную даліну. За 300 км ад вусця пачынаецца забалочаная дэльта (пл. каля 30 тыс.км²), якая павялічваецца (каля 5 км² за 100 гадоў). Гал. прытокі — Чындуін (справа) і М’інге (злева). Рэжым мусонны, летнія паводкі (падняцце вады на 8—11 м). Сярэдні гадавы расход вады 13—14 тыс.м³/с. У ніжнім цячэнні моцныя прылівы (да 4—4,5 м). Суднаходная на 1100 км, летам — на 1440 км. Выкарыстоўваецца для арашэння, у верхнім цячэнні — лесасплаў. На І. — г. Мандалай, у дэльце марскі порт і сталіца М’янмы г. Янгон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНА́РСКІ ((Konarski) Шыман) (17.3.1808, в. Дабкішкі Аўгустоўскага пав., Польшча — 11.3.1839),
дзеяч нац.вызв. руху ў Польшчы, Літве і Беларусі. Адзін з кіраўнікоў паўстання 1830—31. У складзе корпуса ген. Хлапоўскага ўдзельнічаў у баях каля Гайнаўкі, Ліды, Вільні. Пасля паражэння паўстання жыў у Прусіі, Францыі. У 1833 удзельнічаў у ваен. экспедыцыі. якую рыхтаваў Ю.Заліўскі. Арыштаваны аўстр. ўладамі ў Кракаве, але адпушчаны. Жыў у Галандыі, Бельгіі, Швейцарыі, Францыі. Зблізіўся з Х.Лялевелем. Адзін са стваральнікаў арг-цый «Маладая Польшча» (1834) і «Садружнасць польскага народа» (1835). У 1834 у Парыжы выдаваў двухтыднёвік «Północ» («Поўнач»). У 1835 вярнуўся ў Кракаў, потым нелегальна ў Расію. Дзейнічаў на Украіне, Беларусі і ў Літве, меў на мэце падрыхтоўку паўстання супраць царскага самадзяржаўя. Стварыў некалькі тайных ячэек арг-цыі «Садружнасць польскага народа», наладзіў сувязь з афіцэрамі і салдатамі царскай арміі ў Вільні, Бабруйску, Брэсце. У маі 1838 арыштаваны, расстраляны ў Вільні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЯ́К (Іван Іванавіч) (1909, в. Горы Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 13.3.1989),
бел. грамадскі дзеяч у эміграцыі, публіцыст. Вучыўся ў Віленскім ун-це, скончыў політэхн.ін-т у Львове (1941). Са жн. 1941 у Мінску, супрацоўнічаў з ням.-фаш. акупантамі, з кастр. 1941 заг. аддзела культуры Мінскага акр. аддзела Бел.нар. самапомачы. У 1944 акруговы намеснік Бел.цэнтр. рады (БЦР) у Глыбокім. Чл.Бел.навук.т-ва. Адзін з ініцыятараў абвяшчэння Бел. аўтакефальнай правасл. царквы. Удзельнік 2-га Усебел. кангрэса ў Мінску (чэрв. 1944), потым выехаў у Германію, з канца 1940-х у ЗША. Удзельнічаў у працы БЦР у эміграцыі, старшыня Бел. кангрэсавага к-та Амерыкі (1957—89). Супрацоўнічаў з час. «Беларуская думка», бел.рэліг.-грамадскім цэнтрам у Саўт-Рыверы. Аўтар даследаванняў па гісторыі Беларусі.
Тв.:
З гісторыі праваслаўнай царквы беларускага народу. Нью-Йорк, 1956;
Беларусь учора і сяньня. Мн., 1993 (разам з Я.Найдзюком).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ТКАЎСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1942,
баі партызанскіх атрадаў М.П.Бумажкова, А.П.Пакуша, У.Ц.Шантыра, Р.І.Краўца, М.Б.Храпко супраць ням.-фаш. захопнікаў у Глускім і Акцябрскім р-нах у жн. 1942 у Вял.Айч. вайну. Аперацыя праведзена паводле рашэння штаба партыз. злучэння Мінскай і Палескай абл. з мэтай разграміць варожы гарнізон у в. Катка, які прыкрываў дарогу на Глуск, рабаваў і знішчаў жыхароў суседніх вёсак. Кіраваў аперацыяй нам. камандзіра партыз. злучэння М.П.Канстанцінаў. 9 жн. 300 варожых салдат з 2 гарматамі выйшлі з в. Катка ў в. Харомцы; раніцай 10 жн. атрады Бумажкова, Пакуша, Краўца і Шантыра раптоўным ударам выбілі праціўніка з в. Харомцы. Потым разам з атрадам Храпко пераправіліся цераз р. Пціч і ў баях з 19 да 22 жн. разбілі гарнізоны ў в. Халопенічы, Слабодка, Бярозаўка, авалодалі в. Катка. Вёску Харомцы партызаны ўтрымлівалі да снеж. 1943.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТО́ВІЧЫ,
дзяржаўныя дзеячы ВКЛ герба «Корчак». Вядомы з 15 ст. У 16—18 ст. мелі маёнткі ў Віцебскім ваяв., Гродзенскім, Браслаўскім, Ковенскім пав., на Валыні. Найб. вядомыя:
Павел Юр’евіч, дваранін каралеўскі ў 1556, падкаморы гродзенскі ў 1568, архімандрыт гродзенскі і супрасльскі ў 1568—80. Андрэй Францішак (?—1682), староста гродзенскі з 1652, кухмістр ВКЛ з 1657, адначасова гараднічы віленскі ў 1657—65, пісар вялікі ВКЛ з 1658 і інш.Аляксандр (каля 1622—30.11.1686), царк. дзеяч, сакратар каралеўскі, рэгент вял. канцылярыі ВКЛ. Біскуп смаленскі (з 1672), віленскі (з 1684). Рыгор Юзаф (? — пач. 1724?), харунжы ў 1699—1700 і падстароста ў 1699—1704 гродзенскі, палкоўнік каралеўскі ў 1701, староста гродзенскі з 1706, лоўчы ВКЛ з 1710. Прыхільнік Сапегаў. У час.Паўн. вайны 1700—21 ваяваў супраць шведаў, потым на баку Станіслава Ляшчынскага. Пасля рэстаўрацыі Аўгуста II у 1709 ваяваў супраць шведаў і Сапегаў, выступаў за вывад рас. войск з ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЎЧУ́К НАТУРА́ЛЬНЫ,
высокаэластычны матэрыял, прадукт расліннага паходжання, асн. кампанент якога палімер ізапрэну. Атрымліваюць каагуляцыяй латэксу натуральнага — млечнага соку каўчуканосных раслін, пераважна гевеі бразільскай. Прамысл. сарты К.н. — смокед-шытс і крэпы маюць 5—7% па масе некаўчукавых рэчываў (бялкоў, ліпідаў, смол і інш.), якія ўплываюць на яго стабільнасць і ўмовы перапрацоўкі.
Поліізапрэн К.н. мае 98—100% звёнаў ізапрэну ў 1,4-цыс канфігурацыі (стэрэарэгулярны поліізапрэн). Пры т-ры вышэй за 10 °C аморфнае рэчыва, шчыльн. 913 кг/м³, т-ра шклавання ад -70 да -72 °C, крышталізуецца пры ахаладжэнні ніжэй за -10 °C ці пры расцяжэнні. Не раствараецца ў вадзе, ацэтоне, этаноле. Набракае, а потым раствараецца ў бензіне, эфіры, бензоле, талуоле. Вулканізацыяй К.н. атрымліваюць высокаэластычную, зноса- і марозаўстойлівую гуму. Выкарыстоўваюць у вытв-сці шын, гумава-тэхн. вырабаў, кляёў, эбаніту, электраізаляцыйных матэрыялаў, гумавых вырабаў санітарна-гігіенічнага, мед., харч. і спарт. прызначэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕ́ЦКІЯ АБАРО́НЧЫЯ ЎМАЦАВА́ННІ,
комплекс драўляна-земляных умацаванняў Клецка ў 11—18 ст. Складаліся з дзядзінца (Высокага замка) і вакольнага горада (Дольнага замка). Пляцоўка першапачатковага дзядзінца мела форму, блізкую да круга, была ўмацавана валам, з боку поля — ровам. Мела драўляную сцяну ў выглядзе састаўленых клецей (адсюль назва горада). Дзядзінец збудаваны, відаць, у сярэдзіне 11 ст., узмоцнены ў 1-й пал. 13 ст., меў мураваны склеп і цэйхгауз са зброяй. Вакольны горад пабудаваны ў 12—13 ст. Складаўся з землянога вала з драўлянай сцяной і рова, мостам злучаўся з дзядзінцам. У сярэдзіне 13 ст. ўмацаванні разбураны, у 1503 спалены крымскімі татарамі, потым адбудаваны. На тэр. вакольнага горада ў 1-й пал. 17 ст. размяшчаўся асабісты двор Радзівілаў. На працягу 17—18 ст. усе ўмацаванні разбурыліся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НЮХ (Пётр Васілевіч) (8.3.1910, в. Турэц Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 14.7.1994),
бел. спявак (бас). Скончыў курсы льнаводства ў Вілейцы, да 1939 працаваў на Баранавіцкім ільнокамбінаце. У 2-ю сусв. вайну ў арміі Андэрса. З 1945 як стыпендыят 2-га корпуса Войска Польскага вучыўся ў АМ у Рыме. Незвычайная шырыня дыяпазону голасу, яго моц і тэмбравая афарбоўка дазвалялі яму па-майстэрску выконваць вядучыя басовыя партыі ў операх «Дон Карлас» Дж.Вердзі, «Фауст» Ш.Гуно, «Мефістофель» А.Бойта, «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага і інш. Выступаў у Італіі, здзейсніў турнэ па Еўропе. З 1950 у ЗША, потым у Канадзе. У 1958—85 саліст хору данскіх казакоў пад кіраўніцтвам С.Жарава (ЗША). Выкладаў спевы ва ўласнай школе ў Нью-Йорку, у Гамбургу (Германія). Лаўрэат Міжнар. конкурсу вакалістаў у Рыме (1957). У 1975 наведаў Беларусь. Сябраваў з Р.Шырмай, Я.Брылём, А.Бажко.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ШАЛЬ (Францішак Вінцэнтавіч) (16.2.1895, в. Пяршаі Валожынскага р-на Мінскай вобл. — май 1968),
вайсковец, дзеяч бел. эміграцыі. Муж Н.А.Арсенневай. Скончыў Віленскае пях. вучылішча (1916). Удзельнік 1-й сусв. вайны. У 1919—21 чл.Беларускай вайсковай камісіі. З 1922 у польск. арміі, удзельнік абарончых баёў на Заходнім фронце ў вер. 1939, камандзір батальёна. 22.9.1939 інтэрніраваны ў СССР. У час акупацыі Беларусі супрацоўнічаў з ням.-фаш. ўладамі: са снеж. 1941 нач. падафіцэрскай бел. школы паліцыі ў Мінску, з ліп.—жн. 1942 кіраўнік курсаў перападрыхтоўкі афіцэраў, гал.вайск. рэферэнт у Беларускім корпусе самааховы, са снеж. 1943 чл.Беларускай цэнтральнай рады, з сак. 1944 шэф гал. камандавання Беларускай краёвай абароны. Удзельнічаў у выданні час.«Беларус на варце». З 1944 у Германіі, потым ЗША. Заснаваў Аб’яднанне бел. ветэранаў (1947, Германія). У 1947—54 узначальваў Беларуска-амерыканскае задзіночанне. Аўтар артыкулаў па пытаннях ваен. гісторыі Беларусі.