ЛАКТО́ЗА, малочны цукар (C12H22O11),

вуглявод з групы дыцукрыдаў, складаецца з рэшткаў галактозы і глюкозы. Утвараецца ў малочнай залозе, ёсць у малацэ ўсіх млекакормячых жывёл і чалавека (2—8,5%), у некат. раслінах. Белае крышт. рэчыва, салодкае на смак, добра раствараецца ў вадзе. Ад браджэння Л. малака атрымліваюць кісламалочныя прадукты. У прам-сці вылучаюць з малочнай сыроваткі. Мае вял. значэнне ў харчаванні. Выкарыстоўваецца ў медыцыне і мікрабіялогіі (гатуюць пажыўныя асяроддзі).

т. 9, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНЦУГО́ВАЯ ПІЛА́,

піла для грубага папярочнага рэзання драўніны з дапамогай бясконцага пілавальнага ланцуга з рэжучымі зубамі.

Мае бензінавы матор або электрарухавік, муфту счаплення, рэдуктар і кансольны рэжучы механізм у выглядзе накіравальнай шыны, па якой рухаецца пілавальны ланцуг. Бываюць спецыяльныя (для валкі дрэў, абрэзкі сучкоў) і універсальныя; цяжкага, сярэдняга, лёгкага і асабліва лёгкага класаў. Найб. пашыраны Л.п. з карбюратарным рухавіком (тыпу «Дружба») і электрапілы (для папярочнага раскрою леса- і піламатэрыялаў).

т. 9, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАПЛА́СА АПЕРА́ТАР,

лінейны дыферэнцыяльны аператар Δ, які зададзенай функцыі u(x, y, z) ставіць у адпаведнасць функцыю Δu(x, y, z). У прамавугольных дэкартавых каардынатах мае выгляд Δu = ∂2u ∂x2 + ∂2u ∂y2 + ∂2u ∂z2 . Для функцыі адной пераменнай супадае з аператарам 2-й вытворнай. Ураўненне Δu = 0 наз. Лапласа ўраўненнем (адсюль назва «Л.а.»). Абазначэнне Δ увёў англ. фізік і матэматык Р.​Мёрфі (1833).

т. 9, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́НЦА ПРА́ВІЛА, Ленца закон,

асноўнае правіла (закон), якое вызначае напрамак індукцыйнага току. Устаноўлена Э.Х.Ленцам у 1834 як удакладненне закону электрамагнітнай індукцыі.

Паводле Л.п. індукцыйны ток, які ўзнікае ў замкнёным контуры пры змене знешняга магн. патоку, мае такі напрамак, што створаны ім магн. паток праз плошчу, абмежаваную контурам, імкнецца кампенсаваць тую змену знешняга магн. патоку, якая выклікае індукцыйны ток. Л.п. з’яўляецца вынікам дзеяння закону захавання энергіі ў эл.-магн. з’явах.

т. 9, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІНЕ́ЙНЫ АПЕРА́ТАР,

абагульненне паняцця лінейнага пераўтварэння на лінейныя прасторы. Л.а. F на лінейнай прасторы E наз. функцыя F(x), вызначаная для элементаў x гэтай прасторы, значэнні якой ёсць элементы лінейнай прасторы E1 і якая мае ўласцівасць лінейнасці: F(ax+by) = aF(x) + bF(y), дзе x, y — любыя элементы з E; a, b — адвольныя лікі. Прыклады Л.а. ў функцыянальнай прасторы — дыферэнцыяльны і інтэгральны аператар, Лапласа аператар. Гл. таксама Функцыянальны аналіз.

т. 9, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́КСІМУМ І МІ́НІМУМ (лац. maximum i minimum літаральна найбольшае і найменшае),

гранічныя велічыні, найб. і найменшая колькасць чаго-н., найвышэйшая і найніжэйшая ступень. У матэматыцы — найб. і найменшае значэнне функцыі ў параўнанні з яе значэннямі ва ўсіх дастаткова блізкіх пунктах. Пункты М. і м. наз. таксама пунктамі экстрэмуму. Калі функцыя мае некалькі такіх пунктаў, то яны наз. лакальнымі, калі адрозніваюцца ад найб. і найменшага значэнняў функцыі ва ўсёй вобласці вызначэння.

т. 9, с. 547

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЬТО́ЗА (ад англ. malt солад),

соладавы цукар, прыродны дыцукрыд, малекула якога складаецца з двух астаткаў глюкозы. Асн. структурны элемент глікагену і крухмалу. У свабодным стане прысутнічае ў прарослым зерні (соладзе) злакаў, памідорах, пылку і нектары некат. раслін. Добра раствараецца ў вадзе, салодкага смаку; з’яўляецца адноўленым цукрам (мае незамешчаную паўацэтальную гідраксільную групу). У жывёльных і расл. арганізмах утвараецца пры ферментатыўным расшчапленні крухмалу і глікагену. Выкарыстоўваецца ў мікрабіялогіі для прыгатавання пажыўных асяроддзяў.

т. 10, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНАПЛА́Н (ад мана... + лац. planum плоскасць),

самалёт або планёр з адной нясучай паверхняй (крылом), якая размешчана па абодва бакі фюзеляжа.

Адрозніваюць нізкаплан (з нізкім размяшчэннем крыла), сярэдне- і высакаплан. Крыло М. можа быць свабоднанясучым, падкосным ці расчалачным (замацаваным знізу і зверху падкосамі або расчалкамі). У параўнанні з біпланам М. мае лепшую абцякальнасць форм, меншае лабавое супраціўленне, большыя скорасці лёту. Свабоднанясучы М. — асн. тып сучасных самалётаў. Іл. гл. да арт. Авіяцыя.

т. 10, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСЛЁНКА,

абястлушчаныя вяршкі; пабочны прадукт маслабойнай вытворчасці. Мае да 9% сухога рэчыва: малочнага цукру 4,5—5%, бялку 3,2—3,5, мінер. рэчываў 0,5—0,7, тлушчу 0,2—0,5%, фасфатыды (у т. л. лецыцін), вітаміны A, B, C, D, E, K, PP, халін і інш. Дыетычны харч. прадукт з лячэбнымі ўласцівасцямі. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці кісламалочных прадуктаў, сыроў, напіткаў, кандытарскіх вырабаў, у хлебапякарнай вытв-сці, таксама на корм маладняку с.-г. жывёл.

т. 10, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕРЫДЫЯ́Н МАГНІ́ТНЫ Зямлі,

праекцыя сілавой лініі геамагнітнага поля на паверхню Зямлі (гл. Магнітнае поле Зямлі). М.м. — складаныя крывыя, якія сыходзяцца ў паўн. і паўд. магнітных полюсах Зямлі. Плоскасць М.м. — верт. плоскасць, што праходзіць праз месца назірання і мае ў гэтым пункце вектар напружанасці геамагнітнага поля. Вугал паміж плоскасцю М.м. (у ёй размяшчаецца стрэлка магнітнага компаса) і плоскасцю геагр. мерыдыяна (гл. Мерыдыян зямны) у дадзеным пункце зямной паверхні наз. магнітным схіленнем.

т. 10, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)