ПАРААЛІМПІ́ЙСКІЯ ГУ́ЛЬНІ (ад пара... + алімпійскія гульні),
міжнародныя комплексныя спарт. спаборніцтвы спартсменаў-інвалідаў. Праводзяцца з 1960, у адзін год з Алімп. гульнямі, пры падтрымцы Міжнар.алімп. камітэта. Міжнар. Параалімп. к-т створаны ў 1960; Параалімп. к-т Беларусі — у 1996, аб’ядноўвае 5 федэрацый інваспорту (па зроку, слыху, з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату, інвалідаў-калясачнікаў і танцаў на калясках), больш за 25 клубаў спартсменаў-інвалідаў. Нац. каманда Беларусі прыняла ўдзел у X П.г. (1996, г. Атланта, ЗША), выступіла ў 5 з 18 відаў спорту, заняла 2-е агульнакаманднае месца. Чэмпіёнамі X П.г. сталі І.Леанцюк (скачкі ў даўжыню), Т.Сівакова (штурханне ядра), А.Шэпель (скачкі ў вышыню). На XI П.г. (2000, г. Сідней, Аўстралія) каманда Беларусі (25 спартсменаў) заваявала 5 залатых, 8 сярэбраных і 10 бронз. медалёў. Чэмпіёнамі сталі А.Данілік і І.Фядотава (веласпорт), Р.Макараў (плаванне), Р.Сівіцкі (скачкі ў вышыню), В.Шулякоўская (бег на 200 м).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАЛЕКСІ́Я,
моўная з’ява, якая выяўляецца пры папарным супастаўленні лексічных адзінак дзвюх блізкароднасных моў — паралексаў. Словы-паралексы маюць нерэгулярныя адрозненні ў некат. дэталях формы: грамат. родзе, ліку, націску, словаўтваральных элементах. Вылучаюць паралексы акцэнталагічныя (бел. «крапіва» — рус. «крапива»), словаўтваральныя (бел. «пакупнік» — рус. «покупатель»), граматычныя (бел. «боль» м.р. — рус. «боль» ж.р., «каноплі» мн.л. — «конопля» адз.л.), марфалагічныя (бел. «віск» — рус. «визг»). Існуе група П. змешанага тыпу, якія адрозніваюцца словаўтварэннем і націскам (бел. «радзімка» — рус. «родинка»), словаўтварэннем і прыналежнасцю да грамат. роду (бел. «цяля» — рус. «теленок»), націскам і прыналежнасцю да грамат. роду (бел. «селядзец» — рус. «селедка») і інш. Даследаванне бел.-рус. П. мае асабліва важнае значэнне для распрацоўкі пытанняў культуры бел. мовы ў аспекце двухмоўя. Створаны «Беларуска-рускі паралексічны слоўнік-даведнік» (1985), які адлюстроўвае разыходжанні ў парадыгмах паралекс.
Літ.:
Михневич А.Е. Паралексы // Русский язык. Мн., 1981. Вып. 1;
Кунцэвіч Л.П. Да характарыстыкі беларуска-рускай паралексіі // Беларуская лінгвістыка. Мн., 1987. Вып. 31.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТАЛАГІ́ЧНАЯ ФІЗІЯЛО́ГІЯ,
раздзел паталогіі, які вывучае парушэнні фізіял. функцый і кампенсаторна-аднаўленчыя працэсы ў хворым арганізме. Падзяляецца на агульную і асобную. Агульная П.ф. разглядае прычыны (этыялогію), механізм развіцця (патагенез) хваробы, тыповыя паталаг. працэсы (запаленне, гіпаксію, гарачку, дыстрафію, парушэнні кровазвароту і інш.), аналізуе ўзаемаадносіны арганізма і знешняга асяроддзя. Асобная П.ф. вывучае паталаг. працэсы асобных органаў і сістэм.Асн. метад — эксперымент (мадэліраванне паталаг. працэсу і вывучэнне яго ў развіцці). Як самаст. навука вылучана ў сярэдзіне 19 ст. Аўтар першага падручніка і заснавальнік П.ф. ў Расіі — В.В.Пашуцін. На Беларусі развіццё П.ф. звязана з адкрыццём кафедры паталаг. фізіялогіі прыБДУ (1928), працамі А.Ю.Бранавіцкага. Навук. даследаванні праводзяцца у мед. ін-тах Мінска, Гродна, Віцебска па пытаннях росту пухлін, ліхаманкі, тэрмарэгуляцыі, рэгуляцыі сардэчнай дзейнасці і сасудзістага тонусу і інш. Вядучыя бел. спецыялісты па П.ф. — Ф.І.Вісмант, А.А.Крыўчык, А.В.Лявонава, Дз.А.Маслакоў, Ю.Я.Радзівонаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАХАВА́ННЕ,
спосаб хаваць нябожчыка. З мусцьерскага часу (палеаліт) вядомы П. ў пячорах і інш. жытлах, пазней у вадзе, на дрэвах і інш.Пры пераходзе да бронзавага веку ўзніклі абрады трупаспалення (гл.Крэмацыя), трупапалажэння, потым муміфікацыі (гл.Мумія). Часта ў магілу клалі ежу, прылады працы, зброю, упрыгожанні. З усталяваннем маёмасных адносін у некаторых народаў з нябожчыкам клалі забітых жонак, рабоў, жывёлу. Рабілі дальмены, скляпы, будавалі піраміды, маўзалеі, калумбарыі, храмы, пахавальні. На Беларусі вядомы курганныя і бескурганныя могільнікі. У раннім жал. веку на Пд шмат П. у урнах. З канца 10 — пач. 11 ст. ўсталявалася П. хрысціянскае (у зямлі ў дашчанай дамавіне, з царк. адпяваннем), якое суправаджалася галашэннямі, памінкамі. Для П. адводзяцца спец. месцы (могілкі), на магілах ставяць помнікі. Пашыранай з’явай перыяду Вял.Айч. вайны сталі брацкія магілы: П. ў адным доле да некалькіх соцень воінаў, жыхароў, якія загінулі ў баях, ад рук ням.-фаш. захопнікаў. У наш час хаваюць пераважна ў зямлі або крэміруюць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́НСІЯ (ад лац. pensio плацеж),
грашовае забеспячэнне, якое атрымліваюць грамадзяне з пенсіённых, страхавых і інш. фондаў пасля заканчэння прац. дзейнасці, пры інваліднасці і ў некат. інш. выпадках; гал. крыніца сродкаў для існавання пенсіянераў. Парадак назначэння і выплаты П. ў Рэспубліцы Беларусь рэгулюецца Законам «Аб пенсіённым забеспячэнні» ад 17.4.1992 і інш. нарматыўнымі актамі. Паводле закона існуюць працоўныя П. (па ўзросце, інваліднасці, з выпадку страты карміцеля, за выслугу гадоў, за асаблівыя заслугі перад рэспублікай) і сацыяльныя П., якія назначаюцца грамадзянам, што не атрымліваюць прац. П., інвалідам, у т. л. інвалідам з дзяцінства, асобам, якія дасягнулі пэўнага ўзросту (мужчыны 60 і жанчыны 55 гадоў), дзецям — у выпадку страты карміцеля і дзецям-інвалідам ва ўзросце да 16 гадоў. Асобыя ўмовы назначэння П. прадугледжаны ў Рэспубліцы Беларусь Законам «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС» ад 22.2.1991. Пенсіённы фонд дзяржавы фарміруецца за кошт сродкаў работадаўцаў, страхавых узносаў прадпрымальнікаў і абавязковых страхавых узносаў грамадзян, якія працуюць, а таксама дзярж. бюджэту рэспублікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАКСІ́Д ВАДАРО́ДУ,
перакіс вадароду, хімічнае злучэнне вадароду з кіслародам; найпрасцейшае і найб. пашыранае неарган. пераксіднае злучэнне, H2O2. Атрыманы ў 1818 франц. хімікам Л.Ж.Тэнарам.
Вязкая бясколерная вадкасць (tпл -0,41 °C), шчыльн. 1450 кг/м³, tкіп 150,2 °C. Раствараецца ў вадзе (неабмежавана), этаноле, дыэтылавым эфіры; канцэнтраваныя водныя растворы выбухованебяспечныя. Пры награванні і пад уздзеяннем святла лёгка раскладаецца на ваду і кісларод. Утварае крышт. сальваты, якія выкарыстоўваюць як цвёрдыя носьбіты П.в. (напр., злучэнне з мачавінай CO(NH2)2 H2O2 — гідраперыт). Праяўляе ўласцівасці акісляльніку (акісляе, напр., нітраты, бензол) і аднаўляльніку. У прам-сці атрымліваюць у асн. акісленнем алкілантрагідрахінонаў паветрам. Выпускаюць пераважна ў выглядзе 30—90%-ных раствораў; 30%-ны раствор з дабаўкамі стабілізатараў (звычайна фасфатаў натрыю) наз.пергідролем. Выкарыстоўваюць для атрымання арган. і неарган. пераксідаў, адбельвання тлушчаў, тэкст. матэрыялаў, паперы і інш., дэзінфекцыі сцёкавых вод, як крыніцу кіслароду на падводных лодках і інш Выклікае апёкі скуры, слізістых абалонак і дыхальных шляхоў, ГДК 1,4 мг/м³.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРЫЯДЫ́ЧНАЯ ФУ́НКЦЫЯ,
функцыя, значэнні якой не змяняюцца, калі да значэнняў яе аргумента дадаць (ці адняць) некаторы лік τ > 0, г.зн. 𝑓(x) = 𝑓(x + τ) = 𝑓(x − τ). Найменшы лік T з усіх лікаў τ наз. перыядам функцыі 𝑓(x). Напр. sin(x + 2π) = sinx, tg(x + π) = tgx (перыяды адпаведна 2π і π).
Для кожнай неперарыўнай П ф. 𝑓(x) ≠ const выконваецца τ = nT, дзе n = ±1, ±2, ±3, ... . Графік П.ф. атрымліваецца паслядоўнымі зрушэннямі на велічыню T у дадатным (ці адмоўным) напрамку восі Ox часткі яе графіка, пабудаванай для адрэзка a ≤ x ≤ a + T. Сума, рознасць, здабытак і дзель П.ф. з аднолькавым перыядам ёсць таксама П.ф. з тым жа перыядам. Сума П.ф. з рознымі перыядамі будзе П.ф. толькі тады, калі гэтыя перыяды сувымерныя. П.ф. выкарыстоўваюцца ў фіз. і тэхн. навуках, напр., пры вывучэнні перыяд. (напр., вагальных) працэсаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́ЛЯР (Раман Аляксандравіч) (1894, Вільня, паводле інш. звестак Беластоцкае ваяв., Польшча — 2.9.1937),
дзяржаўны дзеяч БССР. Камісар дзяржбяспекі 2-га рангу (1935). Вучыўся ў Петраградскім ун-це (1915—17). У 1917—19 старшыня ВРК Літвы, член Прэзідыума і сакратар ЦВКЛіт.-Бел. ССР. З 1920 у органах ВЧК і АДПУ РСФСР. У 1924 удзельнічаў у аперацыі «Сіндыкат-2» па захопе ў Мінску Б.В.Савінкава і разгроме яго падп. арг-цыі. У 1925—29 старшыня ДПУ БССР, адначасова паўнамоцны прадстаўнік АДПУпрыСНКСССР па Зах. краі. З 1929 паўнамоцны прадстаўнік АДПУ і нач. УНКУС СССР па Паўн.-Каўказскім краі, Сярэдняй Азіі, Саратаўскай вобл.Чл.ЦК і Бюро ЦККП(б)Б у 1925—29. Чл.ЦВКЛіт.-Бел. ССР у 1919, ЦВКБССР у 1927—29, ЦВКСССР у 1929—37. Неабгрунтавана арыштаваны 15.5.1937 як удзельнік «Польскай арганізацыі вайсковай» і агент польск. разведорганаў. 2.9.1937 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1957.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІНА́ЕВА ((дзявочае Хведасюк) Людміла Іосіфаўна) (н. 14.1.1936, г. Краснае Сяло Ленінградскай вобл., цяпер у межах г. С.-Пецярбург),
расійская спартсменка і трэнер (веславанне на байдарках). Засл. майстар спорту СССР (1964). Скончыла школу трэнераў прыДзярж. ін-це фіз. культуры (1963, С.-Пецярбург). Педагог-выхавацель. Чэмпіёнка XVIII і XIX Алімп. гульняў (1964, Токіо; 1968, Мехіка) па веславанні на байдарцы-адзіночцы (к-1) на дыстанцыі 500 м, XX Алімп. гульняў (1972, г. Мюнхен, Германія) — на байдарцы-двойцы (к-2) з К.Курышка; бронз. прызёр на к-2 (з А.Серадзінай). Чэмпіёнка свету 1966 на к-1 і на байдарцы-чацвёрцы (к-4); 1970 на к-1; 1971 на к-1 і к-4; 1973 на к-4. Чэмпіёнка Еўропы 1961 на к-2 (з Н.Грузінцавай); 1965 на к-1 і к-4; 1967 на к-1, к-2 (з Серадзінай) і к-4. 19-разовая чэмпіёнка СССР (1960—62, 1964—68, 1970—73) на к-1, к-2 і к-4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІНАЧЭ́Т УГА́РТЭ ((Pinochet Ugarte) Аўгуста) (н. 25.11.1915, г. Вальпараіса, Чылі),
ваенны і дзярж. дзеяч Чылі. Скончыў Ваен. акадэмію Чылі (1936). Генерал. У 1956—58 ваен. аташэ пры пасольстве Чылі ў ЗША. У 1959—64 нам.нач.Ваен. акадэміі Чылі. З 1968 нач. штаба, з 1969 камандзір дывізіі, з 1972 нач. штаба сухап. войск, са жн. 1973 каманд.сухап. войскамі Чылі. 11.9.1973 здзейсніў ваен. пераварот, у выніку якога скінуты ўрад «Народнага адзінства» і загінуў прэзідэнт С.Альендэ Госенс.
Узначаліў ваен. хунту (савет), у снеж. 1974 абвешчаны прэзідэнтам Чылі. Разам з жорсткімі паліт. рэпрэсіямі і масавымі грубымі парушэннямі правоў чалавека (у 1973—74 больш за 130 тыс.чал. арыштаваны, многія загінулі) праводзіў курс на эканам. рэформы, якія ператварылі эканоміку Чылі ў адну з найб. дынамічных у Лац. Амерыцы. У 1988 прайграў рэферэндум па працягванні сваіх прэзідэнцкіх паўнамоцтваў, у 1989 прэзідэнцкія выбары. У 1990 вымушаны перадаць уладу цывільнаму прэзідэнту, захаваўшы да 1998 пасаду галоўнакаманд. ўзбр. сіламі. З 1998 пажыццёвы сенатар.