ХО́РЫ (ад грэч. choros хор) у архітэктуры, верхняя (на ўзроўні 2-га яруса) адкрытая галерэя ў інтэр’ерах храмаў, парадных залаў і інш. Размешчаны звычайна з зах. боку храма ці апяразваюць неф з паўд., зах. і паўн. бакоў. У сярэдневякоўі Х. прызначаліся для прадстаўнікоў вышэйшых слаёў грамадства, пазней на іх размяшчаліся музыканты, пеўчыя, арган. У хрысц. базіліках, раманскіх і гатычных храмах 13—15 ст. Х. — агароджаная балюстрадай галерэя паміж нефам і прэсбітэрыем насупраць гал. алтара. З сярэдзіны 15 ст. Х. размяшчалі пры ўваходзе ў храм, у правасл. храмах — над бабінцам. У пабудовах стылю класіцызму Х. мелі выгляд каланады, завершанай антаблементам і атыкавай сцяной.

Хоры Сафійскага сабора ў г. Полацк Віцебскай вобл.

т. 17, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)