вытворчая пабудова для памолу зерня з выкарыстаннем энергіі ветру. Былі пашыраны ў многіх краінах Еўропы з 12—13 ст., звычайна мураваныя. На Беларусі вядомы з 16 ст., найб. пашыраны ў 18 — пач. 20 ст., драўляныя. Вярчальны момант ад парных крылаў (звычайна 4), умацаваных на гарыз. вале, праз зубчатыя колы перадаваўся на верт. вал і камяні паставоў. Бываюць ветракі стрыжнёвыя (казловыя, слупавыя) і шатровыя. У стрыжнёвых высокі абшыты дошкамі квадратны ў плане каркас з 2-схільнай страхой (часта з залобкам з боку крылаў) паварочваўся вакол цэнтр. слупа, умацаванага на крыжавіне з тоўстага бярвення — козлах. Больш дасканалыя і магутныя шатровыя ветракі (пашыраны пераважна на У Беларусі) мелі высокі стацыянарны зрубны ці каркасны 8-гранны або круглы аб’ём і рухомую верхнюю частку — шацёр, які разам з крыламі пры дапамозе дышля ставілі супраць ветру. Сустракаліся (пераважна на З і Пн Беларусі) і невял. сядзібныя ветракі (казлоўкі), у т. л. на колах — для перавозкі з месца на месца. Выкарыстоўваліся да сярэдзіны 20 ст.
Я.М.Сахута.
Вятрак з в. Шчолкава Валагодскай вобл. (Расія).Вятрак з в. Русіно Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́СКІЯ,
бел. мастакі (бацька і сын).
Ксаверы Дамінік (? — 4.12.1764), жывапісец і гравёр. У 1733 — 64 працаваў у Нясвіжскім замку ў кн. Радзівілаў. У 1753 напісаў для гал. алтара Нясвіжскага касцёла езуітаў карціну «Тайная вячэра», пісаў таксама ў ім фрэскі. Стварыў (з Г.Ляйбовічам) шэраг партрэтаў Радзівілаў для альбома (1757). Адзін з аўтараў дэкарацый для «камедыенгаўза» ў Нясвіжы, узораў (кардонаў) для габеленаў, якія ткаліся на мануфактурах у Карэлічах, Нясвіжы, Міры. Часта працаваў з сынам Юзафам Ксаверыем.
Юзаф Ксаверы, прыдворны жывапісец Радзівілаў у Нясвіжы ў 2-й пал. 18 ст. Сярод работ партрэты Міхала, Урсулы, Ганны (усе 1759), Гераніма (1785) Радзівілаў, польскага караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага (1783). Афармляў інтэр’еры нясвіжскіх замка і дамініканскага касцёла (1763). Мяркуюць (У.Сыракомля і інш.), што ён з’яўляецца аўтарам шэрагу карцін для Стаўбцоўскага дамініканскага касцёла («Раздача міласціны св. Антоніем і епіскапам Юльянам» і інш.). Выязджаў для работ у Брэст і Жоўкву (цяпер г. Несцераў, Украіна). Навучаў прыгонных мастакоў Мікалая, Андрэя, Канстанціна і інш.
Да арт.Гескія. Ю.К.Гескі. Партрэт Станіслава Аўгуста Панятоўскага. 1783.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́СЕНСКАЯ НІЗІ́НА,
частка Полацкай нізіны на ПнЗ Віцебскай вобл. Мяжуе на Пн з Браслаўскай, на Пд са Свянцянскімі градамі. Абс.выш. 135—145 м, найб. нізкая адзнака 130 м (ніжняе цячэнне р. Дзісна). Складзена з азёрных ледавіковых, пераважна стужачных, пясчана-гліністых адкладаў. Фарміраванне нізіны звязана з утварэннем Дзісенска-Полацкага прыледавіковага вадаёма ў браслаўскую стадыю паазерскага зледзянення. Паверхня сучаснай Дз.н. плоска-ўвагнутая, парэзаная далінамі рэк, часта трапляюцца забалочаныя катлавіны з астаткавымі азёрамі. Рачныя даліны слабаўрэзаныя, нявыпрацаваныя, у нізоўях глыбіня ўрэзу да 10 м і больш. У рэльефе вылучаюцца ўчасткі марэнных узвышшаў — былыя астравы Дзісенска-Полацкага вадаёма. Карысныя выкапні: торф, легкаплаўкія гліны. Асн. рака Дзісна з прытокамі Дрысвята, Янка (злева), Бірвета (з Мядзелкай), Галбіца, Бярозаўка, Мнюта, Авута (справа). Азёры: Ельня, Чорнае, Асвята, часткова Богінскае. Сярэдняя т-растудз. -7 °C, ліп. 17,8 °C, ападкаў 560 мм за год. Пераважаюць дзярнова-падзолістыя слабаглеяватыя, глеяватыя гліністыя і цяжкасугліністыя глебы. На У і З нізіны вял. лясныя масівы з хвоі, драбналістых парод і елкі, трапляецца алешнік. Балоты пераходныя і вярховыя. На тэр. Дз.н. гідралагічны заказнік Ельня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЛЕ́МА (ад ды... + лема),
форма вываду, разнавіднасць сілагізму, пасылкамі (зыходнымі дапушчэннямі) якога з’яўляюцца 2 гіпатэтычныя (умоўныя) і 1 дыз’юнктыўнае (раздзяляльнае) суджэнні. Адрозніваюць Д. канструктыўную (сцвярджальную) і дэструктыўную (адмоўную). Будова канструктыўнай Д. ў традыц. логіцы выражаецца формулай: «Калі A ёсць B, C ёсць Д. Калі E ёсць F, C ёсць D. Але A ёсць B і E ёсць F. Адсюль C ёсць D». Будова скарочанай дэструктыўнай Д. выражаецца формулай: «Калі A ёсць B, C ёсць D. Калі E ёсць F, C ёсць D. Але C не ёсць D. Значыць, A не ёсць B і E не ёсць F». Усе гэтыя формы Д. даказальныя (або з’яўляюцца аксіёмамі) у сучаснай фармальнай (матэм.) логіцы, а дэструктыўная Д. часта выкарыстоўваецца ў лагічных абвяржэннях. Розныя віды сувязі суджэнняў, якія ўтвараюць паняцце Д., былі ўстаноўлены стараж.-грэч. філосафамі (гл.Стаіцызм), яны шырока выкарыстоўваліся ў схаластычнай логіцы. У пераносным сэнсе (у звычайнай свядомасці) пад Д. разумеюць стан, у якім апынаецца чалавек, калі яму неабходна зрабіць выбар паміж двума супрацьлеглымі роўна непрымальнымі для яго магчымасцямі (рашэннямі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІГРЫ́ШЧА,
народнае зборышча з танцавальна-гульнявымі і тэатралізаванымі паказамі. Бярэ пачатак ад масавых забаў язычніцкай абраднасці. Мае глыбокія карані ва ўсходнеслав. фальклоры. Значную ролю ў вызначэнні характару І. адыгралі скамарохі. На Беларусі пашыраны ў паўн., усх. і цэнтр. раёнах, дзе паняцце і сам тэрмін «І.» часта выступае як сінонім вечарынак, вячорак. Асабліва характэрны для святочна-каляднага часу з яго «святымі» («крывымі») вечарамі, калі можна ўсё паказваць «шыварат-навыварат», у карнавалізаваным выглядзе. Таму на І. асаблівая роля належыць карнавалізаваным хаджэнням пераапранутых (хадзіць «у гусары», «у цыганы»), гульнявым паказам вяселля («Жаніцьба Цярэшкі», «Жаніцьба бахара»), парадзіраванаму пахаванню з амбівалентнасцю смерці — уваскрэсення ў танцы, гульні, смеху («Бабёр памёр, пашлі хараніць — ажну ён сядзіць...», «у вакно глядзіць, стаіць», «ажну ён за намі бяжыць!»), іншым розным гульням у фанты, выбару пары і інш. («Яшчур», «Халімон», «Зязюля»).
Літ.:
Финдейзен Н.Ф. Очерки по истории музыки в России с древнейших времен до конца XVIII в. Т. 1. М.; Л., 1928;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫ́ЙСКАЕ НАРО́ДНАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1857—59,
антыкаланіяльнае паўстанне пераважна на Пн і ў цэнтры Індыі. Выклікана ўзмацненнем калан. прыгнёту з боку брыт. Ост-Індскай кампаніі, рэзкім павелічэннем падаткаў і інш.Асн. масу паўстанцаў складалі сяляне, ударную сілу — палкі сіпаяў, незадаволеных сваім непаўнапраўным становішчам (у т. л. прыніжэннем рэліг. пачуццяў) у англ.калан. арміі. Пачалося ў маі 1857 з узбр. выступлення бенгальскай арміі (135 тыс. сіпаяў) і яго падтрымкі гарнізонам і насельніцтвам Дэлі. Паўстанцы занялі Дэлі, прымусілі фармальнага магольскага імператара Бахадур-шаха II абвясціць сябе правіцелем Індыі і падпісаць адозву да насельніцтва з заклікам да паўстання, якое хутка ахапіла тэр. ад Пенджаба да Бенгаліі і інш. раёны. Мусульм. духавенства абвясціла свяшчэнную вайну (газават) супраць англічан. Паўстанцы знішчалі англ.ваен. і цывільных чыноўнікаў (часта разам з сем’ямі), здраднікаў, авалодалі некалькімі крэпасцямі. У асн. цэнтрах паўстання (гарады Дэлі, Канпур, Лакхнаў) утварыліся самаст.мясц. ўрады. Раз’яднанасць паўстанцаў (сярод іх кіраўнікоў была княгіня Лакшмі-Баі) аблегчыла задушэнне паўстання англічанамі, якія былі лепш узброены і арганізаваны.
Літ.:
Юрлова Т.Ф. Народное восстание 1857—1859 гг. в Индии и английское общество. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАДЗІ́РАВАННЕў кібернетыцы,
пераўтварэнне паведамлення (інфармацыі) у сукупнасць сімвалаў (кодавае слова), сігналаў ці інш., складзеную ў адпаведнасці з выбраным кодам; атаясамліванне сімвалаў (або іх груп) аднаго кода з сімваламі другога. Прызначана для ўзгаднення формы паведамлення з дадзеным каналам сувязі, прыладамі апрацоўкі і захоўвання інфармацыі. Аперацыя, адваротная К., наз. дэкадзіраваннем. Тэарэт. асновы К. закладзены амер. матэматыкам і інжынерам К.Э.Шэнанам (1950-я Г.).
У інфармацыі тэорыі К. выкарыстоўваюць для змяншэння лішкавасці паведамленняў і ўплыву перашкод, якія скажаюць паведамленні пры перадачы па каналах сувязі. Таму выбар новага кода ўзгадняецца са стат. структурай крыніцы паведамленняў. У пэўнай ступені такое ўзгадненне маюць коды тэлеграфныя, напр., паслядоўнасці літар і лічбаў з дапамогай кода Морзе пераўтвараюцца ў пэўныя камбінацыі кропак і працяжнікаў, а сімвалам паведамлення, якія найб.часта сустракаюцца, адпавядаюць больш кароткія з іх. Пры вылічэннях на ЭВМнайб. важныя двайковае К., пры якім кожнай літары ўзаемна адназначна адпавядае байт, і двайковыя пазіцыйныя коды (прамы, адваротны, дадатковы), дзе паслядоўныя элементы кодавага слова адпавядаюць паслядоўным двайковым разрадам зыходнага ліку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛО́ЧЫНСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён, якія ў 3-й чвэрці 1-га тыс.н.э. (храналаг. рамкі: канец 4—9 ст., найб. абгрунтаваная дата 5—7 ст.) насялялі большую частку бас. Дзясны, Сейма, вярхоўяў рэк Сула і Псёл, Гомельскае і Магілёўскае Падняпроўе, ніжняе цячэнне Бярэзіны, левабярэжжа Прыпяці ад вусця Пцічы да зліцця з Дняпром. Назва ад гарадзішча каля в.Калочын Рэчыцкага р-на. Насельніцтва займалася земляробствам, жывёлагадоўляй, паляваннем і хатнімі промысламі. Асн. тыпам пасяленняў былі неўмацаваныя селішчы; нешматлікія гарадзішчы служылі сховішчамі на выпадак ваен. небяспекі. Жыллё — аднакамерныя паўзямлянкі зрубнай ці слупавой канструкцыі (часта з апорным слупам ў цэнтры), чатырохвугольныя ў плане. Характэрны адкрытыя агнішчы, трапляюцца печы-каменкі. Пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі пахаванняў на бескурганных і курганных могільніках, пахаванні урнавыя і ямныя. Насельніцтва вырабляла ляпныя гаршкі пераважна слоіка- і цюльпанападобных рабрыстых форм, а таксама прылады працы і зброю з жалеза, бронзавыя ўпрыгожанні і інш. Этнічная прыналежнасць К.к. спрэчная: В.В.Сядоў, І.П.Русанава, А.Р.Мітрафанаў, В.Б.Перхаўка адносяць яе да балтаў; П.М.Траццякоў, ЭА.Сымановіч, Я.А.Гаруноў, Л.Д.Побаль — да славян.
члены тайнага аднайм.т-ва ў Італіі і інш. краінах Еўропы ў 1-й пал. 19 ст. З’явіліся ў пач. 19 ст. на Пд Італіі, пасля 1815 і ў інш.італьян. дзяржавах. Змагаліся за нац. вызваленне ад франц., потым аўстр. панавання і ўстанаўленне канстытуцыйнага ладу. Прадстаўлялі розныя слаі грамадства ад сялян да ліберальных дваран і ніжэйшага духавенства. Запазычылі ў масонаў складаную іерархічную структуру і сістэму абрадаў, мелі сваю сімволіку. Назву «К.» звязвалі з легендай пра сваё паходжанне ад сярэдневяковых вугальшчыкаў, якія ўрачыстым рытуалам выпальвання драўлянага вугалю сімвалізавалі духоўнае ачышчэнне чалавека; падобны абрад яны выконвалі і на тайных сходах членаў т-ва. К. ўзначальвалі рэвалюцыі 1820—21 у Каралеўстве абедзвюх Сіцылій і П’емонце. Пасля іх паражэння хутка аднавілі дзейнасць як неакарбанарскі рух (існаваў да 1840-х г.). Удзельнічалі ў паўстаннях 1831 у абласцях Эмілія-Раманья і Парма. Пад уплывам італьян. К. узнік карбанарскі рух у Францыі, Швейцарыі і на Балканах. Пазней уліліся ў інш. тайныя т-вы. У 1-й трэці 19 ст. словам «К.» часта называлі кожнага рэвалюцыянера-змоўшчыка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСТА́НЬЁ [Castagno; дакладней Андрэа дэль Кастаньё (Andrea del Castagno; 1417 або 1419, Кастаньё, каля г. Фларэнцыя, Італія — 19.8.1457],
італьянскі жывапісец Ранняга Адраджэння; прадстаўнік фларэнційскай школы жывапісу. Зазнаў уплыў Мазачыо, Данатэла, П.Учэла. Працаваў пераважна ў Фларэнцыі, таксама ў Венецыі (1442), магчыма, Рыме (1454). Творчасці ўласцівы майстэрскае валоданне малюнкам, энергічная пластычная мадэліроўка форм, напружаная выразнасць поз і ракурсаў, якая часта надае яго творам драм. вастрыню, грубавата-выразная прастата і мужнасць вобразаў: фрэскі ў капэле Сан-Таразіо царквы Сан-Дзакарыя ў Венецыі (1442, з Франчэска да Фаэнцам), «Укрыжаванне з перадстаячымі» ў царкве Санта-Марыя дэльі Анджэлі (каля 1443), «Аплакванне Хрыста», «Тайная вячэра», «Укрыжаванне», «Палажэнне ў труну», «Уваскрэсенне», «Партрэты 9 знакамітых людзей» (Дантэ, Дж.Бакачыо, Петраркі і інш.; усе паміж 1445—57, цяпер у манастыры Сант-Апалонія, пераўтвораным у музей К.) у Фларэнцыі, «Вядомыя людзі» (каля 1450—51, з вілы Кардучы ў Леньяйі), партрэт мужчыны (каля 1455) і інш.
Андрэа дэль Кастаньё Сівіла Кумская. Фрэска цыкла «Вядомыя людзі» з вілы Кардучы ў Леньяйі. Фрагмент. Каля 1450—51.