БАРАЦЬБА́,

від спорту, адзінаборства 2 спартсменаў паводле пэўных правілаў. Вядомая са старажытнасці ў многіх народаў. Існуюць шматлікія віды нац. барацьбы — азерб. гулеш, груз. гідаабан, тадж. гаўштан, узб. кураш, яп. джыу-джыцу, сумо і інш. На Беларусі былі пашыраны барацьба «да крыжа» і барацьба «на крыжы». Элементы некаторых відаў нац. барацьбы выкарыстаны ў сучаснай спарт. барацьбе. Найб. пашыраныя і прынятыя ў міжнар. спорце віды барацьбы: грэка-рымская (былая класічная), вольная, дзюдо, самба (гл. пра кожную асобны арт.). Яны з’яўляюцца алімпійскімі відамі спорту (акрамя самба), па іх праводзяцца сусв., еўрап. і рэгіянальныя першынствы. Удзельнічаюць мужчыны і жанчыны. Спаборніцтвы адбываюцца на спец. дыване (у дзюдо — татамі) пэўных памераў. Час паядынку абмежаваны, можа падзяляцца на некалькі перыядаў. Сутычкі праходзяць у «стойцы» або «партэры» (адзін з барцоў знаходзіцца на каленях, лежачы на грудзях ці на баку, на «мосце»). Спартсмены падзяляюцца паводле ўзроставых груп і вагавых катэгорый. У 1921 створана Міжнар. аматарская федэрацыя барацьбы (ФІЛА). На Беларусі першыя спаборніцтвы па барацьбе праведзены ў 1914 у Мінску т-вам «Санітас». У Мінску праходзілі чэмпіянаты свету і Еўропы па розных відах барацьбы, з 1970 праводзіцца буйны Міжнар. турнір па вольнай барацьбе на прызы А.В.Мядзведзя. У 1993 у Мінску створана добраахвотнае т-ва барцоў імя А.Караваева. Гл. таксама Адзінаборствы ўсходнія.

т. 2, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ВО́ЛЬНАЕ ЭКАНАМІ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА ў Віцебску.

Існавала ў снеж. 1825 — вер. 1841. Створана памешчыкамі Віцебскай і Магілёўскай губ. з мэтай абагульняць вопыт і павышаць прадукцыйнасць прыгонніцкай працы ва ўмовах развіцця капіталіст. адносін у агр. сектары эканомікі. У яго акрамя памешчыкаў бел. губерняў уваходзіла некалькі чл. Вольнага эканамічнага таварыства ў Пецярбургу разам з рус. эканамістам М.​С.​Мардвінавым. Прэзідэнтам т-ва лічыўся ген.-губернатар Віцебскай, Магілёўскай і Смаленскай губ. М.​М.​Хаванскі. Т-ва імкнулася абагульняць дасягненні с.-г. навукі ў Расіі і за мяжой і выкарыстоўваць іх ва ўмовах Беларусі. У 1820-я г. ў набытым маёнтку Залучоссе (каля Віцебска) была арганізавана ўзорная гаспадарка. У 1841 т-ва выдала ў Пецярбургу 1 нумар час. «Летопись Белорусского общества сельского хозяйства», дзе змешчаны яго статут, артыкулы пра вінакурства на Беларусі, пра спробы безадвальнай апрацоўкі глебы і плуг для гэтай мэты, парады па арашэнні лугоў, лячэнні і засцярозе жывёлы ад паморку і інш.

Літ.:

Труды первого областного съезда сельских хозяев в гор. Двинске в 1903 г. Витебск, 1904;

Воробей Н.В. О Белорусском Вольном экономическом обществе: (Из истории экон. мысли в Белоруссии в первой половине XIX в.) // Сб. науч. работ Белорусского политехнического ин-та. Мн., 1958. Вып. 68.

М.​В.​Варабей.

т. 2, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́СЛАЎСКАЯ ГРАДА́, Браслаўскае ўзвышша,

фізіка-геаграфічны раён прав. Усх. Прыбалтыка, на З Віцебскай вобл. ў Браслаўскім і Мёрскім р-нах. На Пн абмежавана далінай Зах. Дзвіны, на У і Пд — Полацкай нізінай, на З прадаўжаецца як Балтыйская града. Працягнулася з З на У на 66 км, з Пн на Пд амаль на 60 км. Пл. каля 1,9 тыс. км². Найб. выш. 210 м над узр. м. Прымеркавана да Прыбалтыйскай монакліналі — паўн.-зах. схілу Беларускай антэклізы. Сфарміравалася як канцова-марэнае ўзвышша ў час браслаўскага стадыялу паазерскага зледзянення. Рэльеф вызначаецца маладосцю і свежасцю формаў. Краявы ледавіковы рэльеф утвораны з градаў, якія веерападобна разыходзяцца на Пн, ПнУ і У, ствараючы водападзелы паміж паніжэннямі з азёрамі. Пашыраны камы і озы (найб. вядомы каля воз. Поцех). Характэрны таксама ўзгорысты і раўнінны рэльеф асн. марэны, участкі зандравай і водна-ледавіковай нізін. Трапляюцца тэрмакарставыя западзіны. Карысныя выкапні: легкаплаўкія гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, торф. Сярэдняя т-ра студз. -6,8 °C, ліп. 17,6 °C, ападкаў 550 мм за год. Найб. рака — Друйка (бас. Зах. Дзвіны), якая цячэ праз некалькі азёр. Пад азёрамі каля 10% тэрыторыі, большасць з іх належыць да Браслаўскай групы азёр. Лясы займаюць 20%, пад ворывам 60% плошчы. У межах Браслаўскай грады нац. парк Браслаўскія азёры, зоны адпачынку, санаторыі, турбаза.

Л.​У.​Мар’іна.

т. 3, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1623,

выступленне правасл. гараджан Віцебска супраць грэка-католікаў (уніятаў) 12 ліст. У яго падрыхтоўцы ўдзельнічалі жыхары Магілёва, Оршы, Полацка і Вільні. Гал. прычынай паўстання сталі жорсткія метады насаджэння уніяцтва (гл. Брэсцкая унія 1596) з боку грэка-каталіцкага архіепіскапа І.Кунцэвіча. Па сігнале званоў ратушы і правасл. цэркваў некалькі тысяч паўстанцаў рушылі да рэзідэнцыі Кунцэвіча, уварваліся ў двор, падпалілі дом, забілі архіепіскапа, а цела кінулі ў Дзвіну. Святары і чэлядзь з акружэння Кунцэвіча былі збіты, а маёмасць архіепіскапа разрабавана, архіў знішчаны. Рымскі папа Урбан VIII заклікаў караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта III бязлітасна расправіцца з паўстанцамі. У Віцебск прыбылі каралеўскія камісары з узбр. атрадамі. Усе гараджане, у т. л. чл. магістрата былі аб’яўлены саўдзельнікамі паўстання. Віцебск быў пазбаўлены магдэбургскага права; гараджане страцілі ўсе прывілеі, якімі карысталіся паводле віцебскага права. З горада спагнана 3079 злотых. Камісары загадалі зняць званы з ратушы і ўсіх правасл. цэркваў і адліць з іх вял. звон у памяць пра Кунцэвіча, ратуша была разбурана. Затрыманы і пакараны смерцю 19 чал., у т. л. 2 бурмістры. 78 чал., у т. л. зачыншчык забойства Кунцэвіча С.​Пасіёра, уцяклі і былі прыгавораны да пакарання смерцю завочна.

В.​І.​Мялешка.

Да арт. Віцебскае паўстанне 1623. Забойства І.​Кунцэвіча. Малюнак Зімлера. 1865.

т. 4, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДВЕНТЫ́СТЫ (ад лац. adventus прышэсце),

паслядоўнікі хрысціянскай плыні ў пратэстантызме.

Вучэнне адвентызму ўзнікла ў 1830-я г. ў ЗША заснавальнік У.​Мілер. Прапаведуюць блізкасць 2-га прышэсця Хрыста і ўстанаўлення на Зямлі 1000-гадовага царства Божага, уваскрэсенне мёртвых, пекла для грэшнікаў. Прызнаюць абрады водахрышчэння, прычашчэння, узаемнага абмывання ног. Абавязковай прызнаюць плату ​1/10 часткі даходаў на карысць абшчыны, місіянерскую дзейнасць. Мае некалькі галін: адвентысты першага дня, сёмага дня (найб. пашыраны), рэфармісты і інш.

Групы абшчын адвентысты утвараюць злучэнні, з якіх складаюцца уніёны (саюзы), дывізіёны. У дывізіён уваходзяць адвентысты некалькіх дзяржаў (напр., у б. СССР адвентысты складалі 1 дывізіён). Цэнтр адвентыстаў знаходзіцца ў Вашынгтоне. Усяго ў свеце каля 3 млн. адвентыстаў, з іх 1 млн. адвентыстаў сёмага дня. Адвентызм належыць да таталітарных культаў, уплывае на свядомасць, пачуцці і паводзіны веруючых, якія знаходзяцца ў трывожным чаканні «канца свету». На Беларусі адвентысты з’явіліся ў 1920-я г. ў зах. рэгіёнах. Першым місіянерам на Палессі быў М.​Даўгун (у 1921 вярнуўся з заробкаў з ЗША), актыўную дзейнасць вялі прыезджыя місіянеры. У 1925 у Столінскім р-не створана першая абшчына. У 1973 на Беларусі было каля 300 адвентыстаў, у 1988 іх колькасць падвоілася. На 1995 існавала больш за 20 абшчын, з іх 10 на Брэстчыне.

К.​С.​Пракошына.

т. 1, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗАФАРБАВА́ЛЬНІКІ,

клас фарбавальнікаў, у малекуле якіх адна ці некалькі азагруп -N=N-, звязаных з радыкаламі арган. злучэнняў (араматычных, гетэраараматычных, з актыўнымі CH2-групамі). У склад малекулы ўваходзяць таксама замяшчальныя і незамяшчальныя аміна- і гідраксігрупы, сульфакіслотная група SO3H, нітратная NO3, карбаксільная COOH і інш. Сінтэз азафарбавальнікаў заснаваны пераважна на рэакцыі азаспалучэння. Па колькасці азагруп адрозніваюць мона-, ды- і поліазафарбавальнікі.

Колер монаазафарбавальнікаў залежыць ад хім. будовы радыкалаў, звязаных з азагрупай, колькасці і месцазнаходжання замяшчальнікаў у іх. Прасцейшыя азафарбавальнікі звычайна жоўтага, аранжавага ці чырв. колеру. Паглыбленне колеру звязана з колькасцю аміна-, гідраксі- і азагруп, велічынёй сістэмы спалучэння малекулы азафарбавальнікаў, яе палярызацыяй, наяўнасцю спалучэння паміж азагрупамі. Паводле хім. будовы, асаблівасцяў узаемадзеяння з матэрыяламі азафарбавальнікі падзяляюцца на: пігменты; дысперсныя азафарбавальнікі (нерастваральныя ў вадзе, растваральныя ў арган. растваральніках і палімерах); асноўныя фарбавальнікі; кіслотныя фарбавальнікі; лакі (звычайна нерастваральныя ў вадзе солі барыю ці кальцыю кіслотных фарбавальнікаў); пратраўныя фарбавальнікі, прамыя фарбавальнікі; актыўныя фарбавальнікі (уступаюць ў хім. рэакцыі з малекуламі матэрыялаў); азагены; металазмяшчальныя комплексныя злучэнні азафарбавальнікаў. Уключаюць фарбавальнікі ўсіх колераў і адценняў, усіх груп па тэхнал. выкарыстанні. На долю азафарбавальнікаў прыпадае больш за палову вытв-сці фарбавальнікаў. Выкарыстоўваюцца на фарбаванне прыродных і сінт. валокнаў, скуры, паперы, гумы, пластмас, як пігменты для лакаў, фарбаў, пры вытв-сці каляровых алоўкаў і інш.

Літ.:

Аналитическая химия синтетических красителей: Пер. с англ. Л., 1979.

т. 1, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАСТО́ЦКАЯ АБЛАСНА́Я АНТЫФАШЫ́СЦКАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з ліст. 1943 да ліп. 1944 на тэр. Беластоцкай вобл. на чале з абл. антыфаш. к-там. Першыя антыфаш. арг-цыі і групы ўзніклі ў 1941—42 пераважна ў тых нас. пунктах, у якіх у Зах. Беларусі быў развіты рэв. і нац.-вызв. рух пад кіраўніцтвам КПЗБ. Значную ролю ў фарміраванні сеткі антыфаш. руху ў Беластоцкай вобл. адыграў Брэсцкі міжраённы «Камітэт барацьбы з нямецкімі акупантамі». У ліст. 1943 Беластоцкі падп. абком КП(б)Б стварыў абл. антыфаш. к-т на чале з Д.К.Сукачовым. Да мая 1944 абл. арг-цыя аб’ядноўвала 86 арг-цый і груп (639 чал.), у т. л. Беластоцкую гар., Бельскую, Бранскую, Ваўкавыскую, Гродзенскую, Заблудаўскую, Крынкаўскую, Лапскую, Свіслацкую, Скідзельскую, Снядаўскую, Саколкаўскую раённыя антыфаш. арг-цыі. Падпольшчыкі вялі паліт. агітацыю сярод насельніцтва, распаўсюджвалі лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, падтрымлівалі цесную сувязь з партызанамі, перадавалі ім зброю, медыкаменты, харч. прадукты і інш., удзельнічалі ў стварэнні скрытага партыз. рэзерву (больш за 3 тыс. чал.). Яны спалілі ў Беластоку тэкст. ф-ку, у Гродне ўзарвалі 2 вагоны з авіябомбамі, пусцілі пад адхон некалькі эшалонаў, сістэматычна парушалі тэлеф.-тэлегр. сувязь ворага, вялі разведку, нападалі на гарнізоны і апорныя пункты акупантаў.

Л.​В.​Аржаева, П.​П.​Ліпіла.

т. 3, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́ТВА КАЛЯ́ СІ́НІХ ВО́Д 1362.

Адбылася паміж войскамі ВКЛ і аб’яднаным войскам Крымскай, Перакопскай і Ямбалукскай ордаў на р. Сінія Воды (Сінюха; левы прыток Паўд. Буга). Бітва была гал. падзеяй у наступленні ВКЛ на падпарадкаваныя татарам землі паўд.-зах. Русі. У 1362 вял. кн. ВКЛ Альгерд, выкарыстаўшы паляпшэнне адносін з Польшчай і крыжакамі, выступіў супраць ардынскага панавання ў міжрэччы Дняпра і Дуная. Яго войска было сабрана ў ВКЛ, папоўнена на Валыні і Кіеўшчыне. Восенню Альгерд з войскам рушыў з Кіева на зах. Падолле. Войска татар, якое ўзначалілі князі Кутлубуг, Качубей (Качыбей, Хачыбей) і Дзімітр — «отчычы і дзедзічы Падольскай зямлі», падзялялася на 3 часткі. Альгерд свае 6 палкоў паставіў у лінію глыбокай абароны ў некалькі радоў, што не давала магчымасці варожай конніцы зайсці ў тыл. Лёгка адбіўшы націск татар, войскі Альгерда нанеслі ўдары ў цэнтры фронту і па флангах. Пасля нядоўгага бою супраціўленне татар было зламана і яны ратаваліся ўцёкамі. У час пагоні быў захоплены абоз ардынцаў. Асабліва вызначыліся ў бітве ратнікі з Новагародка, якімі камандавалі князі Карыятавічы. У выніку перамогі ВКЛ пашырыла сваю тэр. да вусцяў Дняпра і Днястра, замацавала ў сваім складзе Чарнігава-Северскія землі, Падолле, Валынь, Кіеўшчыну. Пачалося вызваленне ўсх.-слав. зямель ад ардынскага панавання.

Г.​М.​Сагановіч.

т. 3, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́ТВА НА ВО́РСКЛЕ 1399.

Адбылася паміж войскамі ВКЛ на чале з вял. кн. Вітаўтам і Залатой Арды на чале з ханам Цімурам-Кутлукам і цемнікам Едыгеем 12.8.1399 каля р. Ворскла (левы прыток Дняпра; верагодна, на тым самым полі, дзе адбылася Палтаўская бітва 1709). Саюзнікамі Вітаўта былі некалькі тысяч татар, прыведзеных ханам Тахтамышам. Вітаўт абяцаў Тахтамышу дапамогу ў захопе ханскага трона Залатой Арды, за што Тахтамыш павінен быў выдаць яму ярлык на Маскоўскае вял. княства, Ноўгарад, Пскоў. Вітаўта падтрымаў і папа рымскі, які абвясціў крыжовы паход на Залатую Арду. У войску ВКЛ былі атрады з Польшчы, Тэўтонскага ордэна, Валахіі. Аднак асн. сілу войска ў 15—20 тыс. чал. складалі харугвы прыкладна 50 князёў ВКЛ. Войска Залатой Арды (верагодна, большае за войска ВКЛ) сустрэла Вітаўта ў межах Залатой Арды каля пераправы цераз р. Ворскла. Спачатку татары зацягвалі час перагаворамі, а з падыходам асн. іх сіл войска Вітаўта было акружана і разбіта, тысячы воінаў загінулі ці трапілі ў палон. Вітаўт і Тахтамыш з рэшткамі войска ўцяклі. Перамога дала магчымасць Цімуру-Кутлуку ўчыніць спусташальны набег на землі Кіеўшчыны і Валыні. ВКЛ захавала кантроль над паўн. Прычарнамор’ем, хоць праваліліся планы Вітаўта дамагчыся панавання над усёй Руссю. Паражэнне садзейнічала заключэнню Віленска-Радамскай уніі 1401 ВКЛ з Польшчай.

В.​Л.​Насевіч.

т. 3, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЗАРАЗРА́ДНЫЯ ІНДЫКА́ТАРЫ, індыкатары тлеючага разраду,

газаразрадныя прылады для візуальнага ўзнаўлення інфармацыі. Прынцып работы заснаваны на свячэнні тлеючага разраду катоднай вобласці (гл. Электрычныя разрады ў газах). Маюць высокую надзейнасць, даўгавечнасць, вял. яркасць, малую паглынальную магутнасць. Бываюць сігнальныя, лінейныя, знакавыя, матрычныя, газаразрадныя індыкатарныя панэлі, прызначаныя для ўзнаўлення найб. складанай інфармацыі (паўтонавай, знакаграфічнай і інш.). Выкарыстоўваюцца для індыкацыі і сігналізацыі ў вымяральных апаратах, сістэмах кантролю і кіравання ў прам-сці, сродках аргтэхнікі, медыцыне, на транспарце і інш.

Газаразрадныя індыкатары запаўняюць сумессю інертных газаў на аснове неону (ярка-аранжавае свячэнне) з дабаўленнем аргону, крыптону і ксенону, таксама на аснове гелію або ртутнай пары. Катоды вырабляюць з чыстага металу (напр., малібдэну) або актываваныя. У сігнальных газаразрадных індыкатарах інфармацыя выяўляецца ў выглядзе кропкі або невял. святлівай вобласці (напр., неонавыя індыкатарныя лямпачкі), у лінейных (аналагавых і дыскрэтных) — у выглядзе святлівага слупка, даўжыня якога прапарцыянальная сіле току, што працякае праз прыладу, або рухомага святлівага пункта, месцазнаходжанне якога залежыць ад колькасці пададзеных на прыладу імпульсаў (гл. Дэкатрон). Знакавыя газаразрадныя індыкатары ўзнаўляюць інфармацыю свячэннем электродаў пэўнай формы (асобныя элементы сімвалаў, сабраных у адно ці некалькі знакамесцаў, або лічбы, літары і інш. сімвалы цалкам), матрычныя — у выглядзе сукупнасці пунктаў, размешчаных на плоскім экране. Гл. таксама Індыкатар.

Ф.​А.​Ткачэнка.

т. 4, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)