КАРЭЛЯ́ЦЫЯ (ад позналац. correlatio суадносіны) у біялогіі, узаемазалежнасць у зменлівасці паміж марфал., фізіял., біяхім. прыкметамі раслінных ці жывёльных арганізмаў; узаемасувязь паміж біял. працэсамі са складаным перакрыжаваннем розных прычын, узаемных уплываў і іх вынікаў. Паняцце К. ўведзена франц. заолагам Ж.Кюўе, распрацоўвалася сав. біёлагамі А.М.Северцавым і І.І.Шмальгаўзенам. Адлюстроўвае ўзаемную адпаведнасць будовы і функцый клетак, тканак, органаў і сістэм арганізма, якая выяўляецца ў працэсе яго развіцця і жыццядзейнасці. Бывае дадатная (прамая залежнасць паміж прыкметамі) і адмоўная (залежнасць адваротная). Стат. мера ўзаемасувязі развіцця прыкмет — каэфіцыент К.

Адрозніваюць некалькі форм К.: геномную, якая абумоўлена дзеяннем сукупнай колькасці спадчынных фактараў (плеятрапія) і дзеяннем звязаных паміж сабой генаў (храмасомная К.); морфагенетычную — узаемазалежнасць ва ўнутр. фактарах індывід. развіцця (пры гэтым разглядаецца сувязь паміж двума або многімі морфагенет. працэсамі). Філагенетычная, або філетычная К. — суадносная змена органаў у працэсе эвалюцыі.

А.С.Леанцюк.

т. 8, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)