ІНТРАДУ́КЦЫЯ,

перасяленне асобных відаў жывёл і раслін за межы іх натуральнага арэала, у мясцовасці ці экасістэмы, дзе яны раней не жылі або іх шчыльнасць была нізкая; пачатковы этап акліматызацыі. Від, які перасяляюць, павінен мець перавагі перад блізкімі абарыгеннымі відамі або не мець аналагаў. На Беларусі інтрадукавана каля 30 відаў жывёл, у т. л. 13 відаў млекакормячых (напр., андатра, янот-паласкун), 2 віды птушак (курапатка барадатая, фазан), 12 відаў рыб (напр., еўрапейскі вугор, карась сярэбраны, пелядзь), некалькі відаў беспазваночных (мізіды). І. раслін вядзецца (паводле археал. даследаванняў) з 3 ст. да н.э. (напр., віка, проса, пшаніца); бульбу пачалі вырошчваць у 18 ст. З 2-й пал. 18 ст. ў сувязі з развіццём садова-паркавага мастацтва пачалася І. іншаземных відаў дрэвавых і кустовых раслін, пераважна лек. і вітамінаносных (абляпіха, барбарыс, лімоннік кітайскі, рабіна чарнаплодная і інш.).

т. 7, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)