ПА́ЎЛАЎ Савелій Яфімавіч (н. 7.2.1934, в. Самуйлы Браслаўскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. гісторык, пісьменнік, публіцыст. Канд. гіст. н. (1971), праф. (1990). Скончыў БДУ (1962). З 1955 у браслаўскай раённай газеце, сакратар Маладзечанскага абкома камсамола. З 1960 нам. рэдактара газ. «Чырвоная змена». З 1961 у ЦК ЛКСМБ, з 1963 у ЦК КПБ (у 1971—89 заг. аддзела). З 1989 рэктар Ін-та паліталогіі і сацыяльнага кіравання. З 1992-заг. кафедры Бел. недзярж. ін-та кіравання, фінансаў і эканомікі. Друкуецца з 1952. Піша на рус. і бел. мовах. Працы па праблемах эвалюцыі сац.-эканам. адносін, паліт. структуры грамадства, захаванні культ. спадчыны і гуманістычных каштоўнасцей грамадства (кн. «Каштаны наліваюцца гневам», 1962; «Чалавек ідзе ў жыццё...», 1964; «Слова — зброя», 1970; «Два колеры зямлі», 1980; «Вендэта па-амерыканску», 1985). Аўтар кн. дарожных нататак «Рэпартаж з борта Зямлі» (1975).
Тв.:
Імперская паранойя. Мн., 1984;
Непрызнаныя геніі. Мн., 1987;
У всех на виду. М., 1989;
Чалавек: прадпрымальнасць, кіраванне, рынак. Мн., 1994;
Радуга времени. Мн., 1997 (разам з Я.І.Паўлавай).
т. 12, с. 204
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́Л Альбрыхт Станіслаў (1.7.1593, г.п. Алыка Валынскай вобл., Украіна — 12.11.1656),
дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, пісьменнік, гісторык. У 1598—1605 вучыўся ў Віленскай акадэміі, пасля ў Вюрцбургу, з 1609 у Лёвене. Да 1616 падарожнічаў (Нідэрланды, Францыя, Італія, Швейцарыя). Пасол на соймы 1613 і 1619, дзе прызначаны падканцлерам ВКЛ, на сойме 1623 — канцлерам ВКЛ. Староста віленскі, пінскі, аканом кобрынскі. Заснаваў Пінскі езуіцкі калегіум. Аўтар і перакладчык каталіцкіх рэліг. твораў. На лац. мове напісаў «Кароткі выклад падзей у Польскім каралеўстве ў час панавання Жыгімонта III, Уладзіслава IV і Яна Казіміра» (часткова апублікаваны ў польскім перакладзе Э.Катлубаем у 1848) і падрабязны «Дзённік» за 1632—56 — каштоўную крыніцу па ўнутр. і знешняй палітыцы Рэчы Паспалітай (апублікаваны ў польскім перакладзе Э.Рачынскім у 1839). На бел. мову фрагменты з яго «Дыярыуша» пераклаў У.Свяжынскі.
Тв.:
Memoriale rerum gestarum in Polonia, 1632—1656. T. 1—5. Wrocław etc., 1968—75;
Пол. пер. — Pamiętnik o dziejach w Polsce. T. 1—3. Warszawa, 1980;
Бел. пер. — Дыярыюш аб падзеях у Польшчы // Спадчына. 1995. № 6;
1996. № 1—3.
В.С.Пазднякоў.
т. 13, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫБАКО́Ў Барыс Аляксандравіч (н. 21.5.1908, Масква),
расійскі археолаг, гісторык. Акад. АН СССР (1958) і замежных АН, ганаровы д-р Ягелонскага ун-та ў Кракаве (1964), чл. выканкома Міжнар. саюза дагіст. і протагіст. навук (з 1958), Міжнар. к-та славістаў (з 1963). Герой Сац. Працы (1978). Скончыў Маскоўскі ун-т (1930), з 1943 праф. гэтага ун-та. З 1956 дырэктар Ін-та археалогіі, у 1973—75 акад.-сакратар Аддзялення гісторыі АН СССР. Асн. працы па сацыяльна-эканам. і паліт. гісторыі ўсх. славян і Стараж. Русі, гісторыі стараж.-рускага рамяства і культуры, язычніцтве, метралогіі, эпіграфіцы, летапісанні, нар. эпасе і інш. Пры выяўленні слядоў архаічнасці і дагіст. культаў славян выкарыстоўваў бел. фальклорны і этнагр. матэрыял. Займаўся важнай для сярэдневяковай гісторыі Беларусі тэмай радзімічаў. Ленінская прэмія СССР 1976. Дзярж. прэміі СССР 1949, 1952.
Тв.:
Ремесло Древней Руси. М., 1948;
Древняя Русь: Сказания. Былины. Летописи. М., 1963;
Русские датированные надписи XI—XIV вв. М., 1964;
Язычество древних славян. М., 1981;
Киевская Русь и русские княжества XII—XIII вв. М., 1982;
Язычество Древней Руси. М., 1987.
т. 13, с. 481
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВІ́ЦКІ Эдуард Міхайлавіч (н. 4.3.1935, г. Буда-Кашалёва Гомельскай вобл.),
бел. гісторык-архівіст. Д-р гіст. н. (1992), праф. (1997). Скончыў Маскоўскі гісторыка-архіўны ін-т (1959). З 1959 у Цэнтр. гіст. архіве Беларусі (з 1964 нам. дырэктара). З 1968 у выд-ве «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя», з 1973 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору і з 1977 у Ін-це гісторыі АН Беларусі, з 1982 у Бел. ін-це нар. гаспадаркі, з 1987 у Мінскім мед. ін-це. З 1990 нам. нач. Гал. архіўнага ўпраўлення, з 1992 нам. старшыні к-та па архівах і справаводстве Беларусі, у 1996—2001 нам. дырэктара Бел. н.-д. ін-та дакументазнаўства і архіўнай справы. Даследуе праблемы сял., рабочага і рэв. руху, развіцця сельскай гаспадаркі і прам-сці Беларусі 19 — пач. 20 ст. Адзін з аўтараў «Гісторыі рабочага класа Беларускай ССР» (т. 1. 1984). Складальнік зб. дакументаў і матэрыялаў «Бунд у Беларусі, 1897—1921» (1997).
Тв.:
Революционное движение в Белоруссии (август 1914 — февраль 1917 гг.). Мн., 1981;
Рабочее движение в Беларуси (июнь 1907—февраль 1917 гг.). Мн., 1995.
М.М.Смальянінаў.
т. 14, с. 71
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛУ́ПСКІ Аляксандр Іванавіч (16.4.1864, г. Слуцк, Мінскай вобл. — пасля 1907),
бел. і расійскі гісторык і археолаг. Скончыў Мінскую гімназію, Пецярбургскі ун-т (1887). Пад яго рэдакцыяй у Мінску выйшлі «Паўночна-Заходнія календары...» на 1892 і 1893, у якіх змешчаны «Народны каляндар», складзены на аснове нар. прыкмет беларусаў, тэкстаў бел. абрадавых песень, прыказак; апубл. шмат твораў Я.Лучыны на бел. мове. У календары на 1893 змешчаны артыкулы С. «Гісторыя Мінска», «Легенда пра Магілёў». У 1880—90-я г. выступаў у газ. «Минские губернские ведомости», «Минский листок» і інш. з артыкуламі па гісторыі Беларусі, гісторыі рус. л-ры. У арт. «Стары Мінск» (1895) прывёў біягр. звесткі пра В.І.Дуніна-Марцінкевіча, запісаныя ад дачок пісьменніка. З 1893 жыў на Урале; працаваў земскім начальнікам у Пермскай губ. У 1901—05 член Пермскай губ. архіўнай камісіі. Даследаваў пытанні гісторыі культуры і архітэктуры Расіі («Архітэктурныя помнікі Салікамска», 1902: «Падземныя хады Салікамска», 1904; «Да пытання аб маскоўскім і наўгародскім уплыве ў архітэктурных помніках Салікамска і Чэрдыні», 1905).
Тв.:
Изяславль и Туров — рассадники христианства, основанные Владимиром Св. в нынешней Белоруссии. Мн., 1888.
І.У.Саламевіч.
т. 15, с. 25
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СНАПКО́ЎСКАЯ Святлана Валянцінаўна (н. 20.11.1954, Мінск),
бел. гісторык і педагог. Д-р гіст. н. (1999), праф. (2000). Скончыла БДУ (1979) і з 1980 працавала ў ім. У 1992—2001 заг. лабараторыі гісторыі адукацыі і этнапедагогікі Нац. ін-та адукацыі, адначасова ў 1997—2000 заг. кафедры педагогікі і псіхалогіі Бел. дзярж. ін-та ўдасканалення ўрачоў, з 2000 у Бел. пед. ун-це імя М.Танка. Даследуе гісторыю палітыкі царызму ў галіне адукацыі на Беларусі, педагогікі і асветы Беларусі ў 2-й пал. 19 ст. — 1917. Адзін з рэдактараў калект. прац «Асвета і педагагічная думка на Беларусі: Бібліягр. паказ» (ч. 1—3, 1995—2001), «Народная педагогіка беларусаў» (1996).
Тв.:
Ля вытокаў нацыянальнай педагогікі: З гісторыі школы і пед. думкі Беларусі канца XIX — пачатку XX ст. Мн., 1995;
Шляхі развіцця школы на Беларусі ў канцы XIX — пачатку XX ст. Мн., 1997;
Адукацыйная палітыка і школа на Беларусі ў канцы XIX — пачатку XX стст. Мн., 1998;
Гісторыя адукацыі і педагагічнай думкі Беларусі (60-я гг. XIX—пачатак XX ст.). Мн., 2001.
т. 15, с. 65
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТА́ТУС САЦЫЯ́ЛЬНЫ,
суадноснае становішча (пазіцыя) індывіда або групы ў сац. сістэме, якое вызначаецца па шэрагу эканам., прафес., этн. і інш. спецыфічных для дадзенай сістэмы адзнак (пол, узрост, прафесія, адукацыя, даход і інш.). Упершыню паняцце «С.с.» выкарыстаў у канцы 19 ст. англ. гісторык Г.Мэн. К.Маркс і Ф.Энгельс лічылі, што аб’ектыўнай асновай становішча індывідаў у грамадстве з’яўляецца грамадская практыка, іх сумесная дзейнасць, якая набывае ў ходзе развіцця асаблівыя гіст. формы. М.Вебер сцвярджаў, што стратыфікацыя грамадства і становішча індывіда ў ім вызначаюцца не толькі эканам. кампанентамі (доступ да сродкаў вытв-сці, грамадскіх багаццяў), але і сац. ролямі і пазіцыямі. Кожны індывід мае некалькі статусных характарыстык Вылучаецца гал. статус, які і вызначае становішча асобы ў грамадстве. У залежнасці ад таго, якую пазіцыю займае чалавек у грамадстве дзякуючы спадчынным адзнакам (сац. паходжанне, раса, нацыянальнасць і інш.) або асабістым намаганням (адукацыя, кваліфікацыя і г.д.), адрозніваюць прыродны і дасягальны С.с. Суадносіны іх у сац. структуры грамадства з’яўляюцца паказчыкамі характару эканам. і паліт. улады, якая і вызначае адпаведную структуру С.с.
І.В.Катляроў.
т. 15, с. 169
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТА́ТУР Генрык Хрыстафоравіч (1846, Мінск — 1907),
бел. археолаг, гісторык, краязнавец, калекцыянер. Чл. Мінскага статыстычнага к-та, павятовы маршалак дваранства. З 1874 вёў археал. раскопкі ў Мінскай губ., склаў яе археал. карту з апісаннем помнікаў. У 1884—85 заснаваў часовы археал. музей у г. Беразіно, дзе ў наваколлі вёў раскопкі. У 1890 ён раскапаў 120 курганоў каля в. Дулебы і Няюнішчы Ігуменскага пав., у 1892—40 курганоў каля в. Станькава, у 1893—40 курганоў каля в. Прылукі Мінскага пав. У выніку паездак па Міншчыне падрыхтаваў вял. альбом археал. помнікаў (1893). Стварыў у Мінску багаты прыватны музей па гісторыі матэрыяльнай культуры Беларусі і унікальную б-ку. Пасля смерці яго зборы былі прададзены, многія вывезены за мяжу. Аўтар прац «Археалагічнае значэнне Мінскай губерні» (1878), «Нарыс археалагічных помнікаў на прасторы Мінскай губерні і яе археалагічнае значэнне» (1892), якія выдадзены ў Мінску. У рукапісах засталіся «Гістарычны нарыс мястэчка Турава, ранейшай сталіцы ўдзельнага Тураўскага княства», «Гісторыя Станькава», «Гісторыя. Заслаўя».
Літ.:
Алексеев Л.В. Археология и краеведение Беларуси, XVI в. — 30-е гг. ХХ в. Мн., 1996.
Г.А.Каханоўскі.
т. 15, с. 457
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАЦЦЯКО́Ў Пётр Мікалаевіч (12.11.1909, г. Кастрама, Расія — 12.6.1976),
расійскі археолаг і гісторык. Чл.-кар. АН СССР (1958). Д-р гіст. н. (1945). Скончыў Ленінградскі ун-т (1930). У 1950—53 гал. рэдактар час. «Вопросы истории». З 1951 дырэктар Ін-та славяназнаўства АН СССР, з 1959 у Ленінградскім аддзяленні Ін-та археалогіі АН СССР. Даследаваў праблемы этнагенезу і стараж. гісторыі ўсх. славян, працэс складвання стараж.-рус. народнасці. У 1951 узначаліў Славянскую (Верхнедняпроўскую) экспедыцыю, якая пачала вывучэнне культур ранняга жал. веку і 1-га тыс. н.э. ў Верхнім Падняпроўі. У 1951—53 разам з Ю.У.Кухарэнкам і В.М.Мельнікоўскай адкрыў і абследаваў шэраг помнікаў зарубінецкай і мілаградскай культур на Гомельшчыне. Ўдзельнічаў у падрыхтоўцы кадраў бел. археолагаў. Дзярж. прэмія СССР 1952.
Тв.:
Восточнославянские племена. 2 изд. М., 1953;
Раннеславянские поселения и могильники на территории Белоруссии // Краткие сообщения Ин-та археологии. Киев, 1955. Вып. 4;
Чаплинское городище // Памятники зарубинецкой культуры. М.; Л., 1959;
Финно-угры, балты и славяне на Днепре и Волге. М.; Л., 1966;
У истоков древнерусской народности. Л., 1970;
По следам древних славянских племен. Л., 1982.
В.С.Вяргей.
т. 15, с. 524
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЛАРО́ЎСКІ Антоній Васілевіч (14.12.1884, г. Кіраваград, Украіна — 27.3.1968),
расійскі і чэшскі гісторык-славіст. Скончыў Новарасійскі ун-т (г. Адэса, 1908), з 1912 дацэнт, у 1917—22 праф. гэтага ун-та. З 1923 у Чэхаславакіі, старшыня гісторыка-філал. аддзялення Рускай навуч. калегіі. З 1933 выкладаў гісторыю Расіі ў Карлавым ун-це ў Празе. З 1948 ардынарны праф. гэтага ун-та. Аўтар прац па гісторыі Расіі і ўзаемаадносін Чэхіі з усх. славянамі, у т. л. беларусамі («Чэхі і ўсходнія славяне», ч. 1—2, Прага, 1935—47). Даследаваў жыццё і дзейнасць Ф.Скарыны. У арт. «Скарыніяна» (1968) прааналізаваў найважн. публікацыі пра Скарыну за 1926—66. Падзяляў думку У.І.Пічэты пра першаснае значэнне ўнутр. бел. каранёў у фарміраванні духоўна-творчага аблічча Скарыны.
Тв.:
Scoriniana // 450 год беларускага кнігадрукавання. Мн., 1968;
Франциск Скорина и Москва // Тр. Отд. древнерус. лит. Ин-та рус. лит. АН СССР. Л., 1969. Т. 24;
Чешская библия в истории русской культуры и письменности: (Фр.Скорина и продолжатели его дела) // Sbomik íilologicky. Praha, 1940—46. Sv. 12;
Ćesko-Ruské obchodni styky v minulosti. Praha, 1954.
А.К.Каўка.
т. 16, с. 423
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)