ТА́ТУР Мікола (Мікалай Ігнатавіч; 3.3.1919, урочышча Застар’е Клічаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 24.3.2001),
бел. перакладчык. Скончыў Мінскі настаўніцкі ін-т нацменшасцей (1937). Настаўнічаў, з 1944 працаваў у Дзярж. выд-ве БССР, з 1963 у выд-ве «Полымя», Бел.аддз.літ. фонду СССР, у 1970—79 у Бюро прапаганды маст. л-ры Саюза пісьменнікаў Беларусі. Друкаваўся з 1948. Пераклаў на бел. мову многія творы рус., укр., польскіх і інш. пісьменнікаў: аповесці А.Гайдара «Школа» (1948), А.Мусатава «Стажары» (1950), раманы В.Ажаева «Далёка ад Масквы» (1951; з У.Шахаўцом), М.Нікіціна «Паўночная Аўрора» (1953; з В.Зубам), У.Кочатава «Журбіны» (1955), К.Брандыса «Грамадзяне» (1958; з Я.Міско), А.Венцлавы «Дзень нараджэння» (1961; з С.Дзяргаем), Г.Лупан «Трэція пеўні» (1971), Э.Бээкман «Чародка белых варон» (1973), А.Ірасека «Скалакі» (1974; з Я.Васілёнкам), У.Умарбекава «Зялёная зорка» (1976), апавяданні А.Вішні, Л.Первамайскага, С.Лема, Я.Гушчы, Я.Івашкевіча, М.Твэна і інш.; для тэатраў — творы Назыма Хікмета, Б.Васільева, Л.Зорына, А.Ліндгрэн, Г.Запольскай і інш. Пісаў літ.-крыт. артыкулы, эпіграмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТВАРАНО́ВІЧ Галіна Паўлаўна (н. 17.2.1955, в. Дараганава Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. літаратуразнавец, крытык, паэтэса. Д-рфілал.н. (1999). Скончыла БДУ (1977). У 1977—80 у выд-ве «Навука і тэхніка», з 1983 у Ін-це л-ры Нац.АН Беларусі. З 1999 выкладае ва Ун-це ў Беластоку. З 2001 гал. рэдактар час. «Studia wschodniosłowiańskie» («Даследаванні ўсходнеславянскія»).
Друкуецца з 1967, як літ.-знавец з 1982. Даследаванні па ўзаемасувязях сучаснай бел. прозы і прозы б. Югаславіі, кампаратывістыцы, гісторыі бел. л-ры, сучасным літ. працэсе: «Маральны свет героя: Беларуская і югаслаўская ваенная проза 60—70-х гг.» (1986), «Пакутаю здабыты мір: Тыпалогія характару ў беларускай і славенскай прозе» (1991) і інш. Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай літаратуры XX ст.» (Т. 1—4, 1999—2002). У паэт. зб-ках «Ускраек тысячагоддзя» (1996), «Верасы Дараганава» (2000) філас. роздум над праблемамі жыцця, лёсам чалавека ў Вечнасці, любоў да роднай зямлі, хрысц. матывы. Перакладае з сербскай і польскай моў.
Тв.:
Беларуская літаратура: Паўднёваславянскі кантэкст: (Адзінства генезісу, тыпаў літаратур і характар узаемасувязей). Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЛІ, тлёвыя (Aphidinea),
падатрад паразітычных сысучых насякомых атр. раўнакрылых. 11 сям., каля 3 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, найб. — ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. Жывуць пераважна калоніямі. Асобныя віды прыстасаваны да пэўных раслін-гаспадароў і іх частак. Многія Т. шкодзяць раслінам, у т. л.с.-г.; пераносчыкі ўзбуджальнікаў вірусных хвароб раслін. На Беларусі трапляюцца прадстаўнікі 2 надсям.: сапраўдныя тлі (Aphidoidea) і хермесавыя (Adelgoidea); найб. — прадстаўнікі родаў афіс (Aphis), ацыртасіфан (Acyrthosiphon), капітафорус (Capitophorus), макрасіфум (Macrosiphum) і інш.
Даўж. да 6 мм. Цела яйцападобнае, авальнае або падоўжанае, зверху пукатае. Крылаў 2 пары, ёсць бяскрылыя формы. Вусікі 3—6-членікавыя з органамі пачуццяў. Ротавы апарат колюча-сысучы. Скурнае покрыва тонкае, мяккае, у некат. з васковым налётам. Афарбоўка звычайна пад колер раслін. Вочы складаныя або простыя. Характэрны рэзка выражаны полімарфізм, чаргаванне палавога і партэнагенет. пакаленняў. Развіццё з няпоўным ператварэннем. За год 2—25 пакаленняў. Выдзяленнямі Т. кормяцца многія насякомыя, іх збіраюць пчолы як падзевы мёд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАКА́ЙСКІ ЗА́МАК,
помнік абарончага дойлідства 2-й пал. 14 — пач. 15 ст. ў г. Тракай (Літва). Размяшчаецца на в-ве воз. Гальве. У 15 ст. адна з рэзідэнцый вялікіх князёў ВКЛ, месца ўрачыстасцей і прыёмаў дыпламатаў. У замку ў 1415 і 1416 кн. Вітаўт вёў перагаворы з магістрамі Лівонскага ордэна, у 1483 кароль Казімір IV Ягелончык — з вял. магістрам Тэўтонскага ордэна. Замак часта перабудоўваўся і прыстасоўваўся да патрэб сваіх гаспадароў. У вайну 1655—60 зруйнаваны і з часам прыйшоў у заняпад. Адбудаваны ў 1953—61 паводле праекта арх.Б.Крумініса, прызамкавая ч. адбудоўвалася з 1961 (праект арх. С.Мікулёніса). Палац (узведзены ў 1342) канвентнага тыпу, складаецца з 2 паралельна пастаўленых 3-ярусных, прамавугольных у плане карпусоў (маюць контрфорсы, галерэю на 2-м ярусе, высокія 4-схільныя дахі) і 3-яруснага данжона. Будынкі (з чырвонай цэглы) размешчаны вакол невял. ўнутр. двара. Для аздаблення інтэр’ераў выкарыстаны прафіляваная цэгла, дэкар. кафля, вітражы і інш. Пад падлогай абсталявана спец. ацяпленне. Палац быў абкружаны абарончай сцяной з 3-яруснымі вежамі. Цяпер у Т.з. гіст. музей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫЗЕНГА́ЎЗЫ, фон Тызенгаўзены,
шляхецкі род уласнага герба «Буйвал» у Рэчы Паспалітай. Маюць ням. паходжанне, у пач. 13 ст. прыбылі з Гальштэйна ў Інфлянты. З Т., што жылі ў ВКЛ, найб. вядомы:
Готард Ян (? — 1640), кашталян вендэнскі ў 1621—34, ваявода дорпцкі з 1634. Готард (? — 1669), канонік і суфраган віленскі з 1661, абат гебдоўскі, біскуп-намінат метонскі, біскуп смаленскі з 1667. Юрый (? — 6/7.9.1679), палкоўнік войска ВКЛ, мечнік ВКЛ з 1650. Андрэй (? — 8.2.1673), лоўчы ВКЛ з 1667. Стафан (? — 24.12.1708), падстолі ВКЛ у 1687, ваявода новагародскі з 1689. Ян Стафан (? — 1730), вял. пісар ВКЛ у 1669—1714, ваявода мсціслаўскі з 1714, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1716 і 1720. Міхал Бенядзікт (? — да 12.10.1726), вял. пісар ВКЛ з 1714. Антоній (1733—85), гл.Тызенгаўз А. Канстанцін (3.6.1786, г.п. Жалудок Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. — 16.3.1853), арнітолаг. Аўтар прац «Асновы арніталогіі, або Навукі пра птушак» (1841), «Усеагульная арніталогія, або Апісанне птушак усіх частак свету» (1843—46). Захапляўся жывапісам, быў вучнем Я.Рустэма. У сваім маёнтку ў Паставах стварыў арніталагічны музей, сабраў карцінную галерэю, значную б-ку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭА́ТР АБСУ́РДУ,
адно з праяўленняў авангардызму ў зах. л-ры і т-ры 1950—60-х г. Заснавальнікі — С.Бекет і Э.І.Іанеска (гл. таксама Абсурду драма). Паняцце «абсурд» прыйшло з філасофіі экзістэнцыялізму і асэнсоўвалася як нешта ірацыянальнае, пазбаўленае сэнсу і лагічнай сувязі з тэкстам або сцэн, увасабленнем. Элементы Т.а. прасочваюцца ў тэатр. формах і традыцыях задоўга да ўзнікнення абсурду 1950-х г. (фарс, гратэскныя інтэрмедыі У.Шэкспіра і т-ра рамантызму, камедыя дэль артэ і інш.). Эстэтычна абапіраецца на прынцыповы разрыў з мінулай традыцыяй — «антытэатр», які ўзнік як антытэзіс класіцысцкай драматургіі, эпічнай сістэме Б.Брэхта і рэалізму нар.т-ра і змяшчаў пафас пратэсту супраць мяшчанскай рэчаіснасці і маралі. Абсурд існуе ў некалькіх праяўленнях: нігілістычны — тэкст не нясе ніякай інфармацыі (Іанеска, В.Хільдэсхаймер); сатыр., асн. прыём якога — гратэск, пародыя (Ф.Дзюрэнмат, Г.Грас); як структурны прынцып адлюстравання сусветнага хаосу, негарманічнага вобраза чалавецтва (Бекет, А.Адамаў). Атрымаў развіццё таксама ў творчасці драматургаў-абсурдыстаў В.Гавела, С.Мрожака, Ж.Жэнэ, Х.Пінтэра і інш. Уплывае на стыль сучасных твораў і пастановак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭЛЕАЛО́ГІЯ [ад грэч. telos (teleos) вынік, заканчэнне + ...логія],
вучэнне пра мэтазгоднасць як характарыстыку аб’ектаў, працэсаў і быцця ўвогуле. Асновы тэлеалагічнага падыходу закладзены ў стараж.-грэч. філасофіі, тэрмін «Т.» ўведзены ў навуку ў 1740 ням. філосафам К.Вольфам. У адрозненне ад дэтэрмінізму Т. пастуліруе асаблівы тып прычыннасці — мэтавы, згодна з якім мэта і канчатковы вынік уздзейнічаюць на ход кожнага працэсу. Адрозніваюць Т.: антрапацэнтрычную, згодна з якой свет створаны дзеля мэт чалавека (Вольф і інш.); трансцэндэнтную, якая прызнае існаванне звышнатуральнага пачатку, што вызначае канчатковую мэту сусветнага працэсу (Платон, неатамізм і інш.); іманентную, якая зыходзіць з таго, што мэта закладзена ў саміх рэчах (Арыстоцель, Г.В.Лейбніц, Ф.В.І.Шэлінг, Г.В.Ф.Гегель і інш._). Як гнасеалагічны падыход Т. разглядаў І.Кант, які лічыў Т. «эўрыстычным прынцыпам», што мае значэнне для спосабу пазнання навакольнага асяроддзя, але не з’яўляецца анталагічнай характарыстыкай быцця. Анталагічная Т. развівалася ў філасофіі А.Шапенгаўэра, Э Гартмана, П.Тэяра дэ Шардэна і інш. Т. набыла пэўнае пашырэнне ў фізіялогіі (віталізм, халізм), псіхалогіі («фізіялогія актыўнасці», біхевіярызм), сацыялогіі (структурна функцыянальны аналіз), кібернетыцы (неафіналізм, інфарм., віталізм) і інш.
бел. акцёр, педагог. Засл. арт. Беларусі (1959). Скончыў студыю пры Кіеўскім рус.драм. т-ры імя Л.Украінкі (1948). Працаваў у т-рах Расіі, Латвіі. Ў 1950—60 у Бел. т-ры імя Я.Коласа, з 1961 у Нац.акад. т-ры імя Я.Купалы. Адначасова выкладаў у Бел.АМ (з 1969), Бел. ун-це культуры (з 1975). Яго творчая індывідуальнасць адметная сцэн. тэмпераментам, майстэрствам стварэння выразнага пластычнага малюнка, раскрыцця тонкіх душэўных зрухаў героя. Сярод роляў: у т-ры імя Я.Коласа — Лабановіч («Навальніца будзе» паводле Я.Купалы), Паніч («Раскіданае гняздо» Я.Купалы), Рабцаў («Ворагі» М.Горкага), Гамлет («Гамлет» У.Шэкспіра), Збышак («Мараль пані Дульскай» Г.Запольскай) і інш.; у т-ры імя Я.Купалы — Дзед, Крандзялёў («Зацюканы апостал», «Таблетку пад язык» А.Макаёнка), Аскольд, Патанін («Выклік багам», «Начное дзяжурства» А.Дзялендзіка), Інквізітар («Напісанае застаецца» А.Петрашкевіча), Гарадулін («На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.Астроўскага), Неджмі («Дзівак» Назыма Хікмета), Саша Машкоў («Традыцыйны збор» В.Розава), Вангель («Жанчына з мора» Г.Ібсена) і інш.
грамадская арганізацыя беларусаў Расіі. Створана ў 1999. Аб’ядноўвае 11 рэгіянальных нац.-культ. аўтаномій беларусаў і інш. грамадскія арг-цыі Расіі, якія садзейнічаюць рэалізацыі мэт і задач арг-цыі. Гал. орган — з’езд (адбыліся ў крас. 1999 і кастр. 2002), які склікаецца не радзей як раз у 3 гады. У перыяд паміж з’ездамі дзейнічае Савет аўтаноміі (выбіраецца на з’ездзе тэрмінам на 3 гады). З’езд таксама выбірае старшыню Савета аўтаноміі (з крас. 1999 — Ф.П.Каўрыга).
Асн. мэты аўтаноміі: садзеянне захаванню і развіццю бел. мовы, традыцый, нац. культуры бел. народа ў разнастайных формах (стварэнне культ. цэнтраў, фондаў, устаноў, арг-цый культуры і адукацыі, развіццё сродкаў масавай інфармацыі, камунікацыі і інш.); развіццё супрацоўніцтва і ўзаемаразумення з інш.нац. аб’яднаннямі, якія дзейнічаюць на тэр.Рас. Федэрацыі і за яе межамі; садзеянне рэалізацыі і абароне канстытуцыйных правоў і свабод, нац. годнасці, барацьбе з нац. экстрэмізмам ва ўсіх яго формах і праявах; каардынацыя дзейнасці арганізацый і інш. аб’яднанняў беларусаў у Расіі, забеспячэнне інфарм. абмену паміж імі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕРА́РА (Ferrara),
горад у Паўн. Італіі. Адм. цэнтр прав. Ферара. Вядомы з 8 ст. Каля 140 тыс.ж. (2000). Прам-сць: нафтахім., маш.-буд., дрэваапр., шкляная, швейная, харч., у т. л. цукровая. Ун-т (з 1391).
Захавалася рэгулярная планіроўка 2-й пал. 15 — пач. 16 ст. (арх.Б.Расеці). Сярод помнікаў: раманскія капліца Сан-Рамана (10 ст.), сабор з гатычным фасадам і рэнесансавай кампанілай (пачаты каля 1135, дабудаваны ў 15—18 ст.; цяпер уключае Музей сабора), гатычныя палацца Камунале (1243—1481, арх. П.Бенвенуці і інш.), замак герцагаў д’Эстэ (1385—1544, арх. Барталіна да Навара, Джыралама да Карпі), летні палац герцагаў Скіфаноя (1385—1478, арх. Расеці і інш., фрэскі Ф. дэль Косы і К.Туры, 1469—70; цяпер музей), рэнесансавыя касцёлы 15 ст., палацца дэі Дыяманты (каля 1492—1565; цяпер Нац. пінакатэка і Музей-лапідарый), Лудавіка іль Мора (1493—16 ст.; цяпер археал. музей з багатым зборам керамікі; абодва арх. Расеці), дамы 15 ст., будынак ун-та (1587). У 15 ст. цэнтр Ферарскай школы.