ФЕРА́РА (Ferrara),

горад у Паўн. Італіі. Адм. цэнтр прав. Ферара. Вядомы з 8 ст. Каля 140 тыс. ж. (2000). Прам-сць: нафтахім., маш.-буд., дрэваапр., шкляная, швейная, харч., у т. л. цукровая. Ун-т (з 1391).

Захавалася рэгулярная планіроўка 2-й пал. 15 — пач. 16 ст. (арх. Б.​Расеці). Сярод помнікаў: раманскія капліца Сан-Рамана (10 ст.), сабор з гатычным фасадам і рэнесансавай кампанілай (пачаты каля 1135, дабудаваны ў 15—18 ст.; цяпер уключае Музей сабора), гатычныя палацца Камунале (1243—1481, арх. П.​Бенвенуці і інш.), замак герцагаў д’Эстэ (1385—1544, арх. Барталіна да Навара, Джыралама да Карпі), летні палац герцагаў Скіфаноя (1385—1478, арх. Расеці і інш., фрэскі Ф. дэль Косы і К.​Туры, 1469—70; цяпер музей), рэнесансавыя касцёлы 15 ст., палацца дэі Дыяманты (каля 1492—1565; цяпер Нац. пінакатэка і Музей-лапідарый), Лудавіка іль Мора (1493—16 ст.; цяпер археал. музей з багатым зборам керамікі; абодва арх. Расеці), дамы 15 ст., будынак ун-та (1587). У 15 ст. цэнтр Ферарскай школы.

Н.​К.​Мазоўка.

Ферара. Замак д’Эстэ.

т. 16, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)