ФЕДАРО́ЎСКІ Мацвей Львовіч (9.8.1927, Кіеў — 11.6.1992),

бел. акцёр, педагог. Засл. арт. Беларусі (1959). Скончыў студыю пры Кіеўскім рус. драм. т-ры імя Л.​Украінкі (1948). Працаваў у т-рах Расіі, Латвіі. Ў 1950—60 у Бел. т-ры імя Я.​Коласа, з 1961 у Нац. акад. т-ры імя Я.​Купалы. Адначасова выкладаў у Бел. АМ (з 1969), Бел. ун-це культуры (з 1975). Яго творчая індывідуальнасць адметная сцэн. тэмпераментам, майстэрствам стварэння выразнага пластычнага малюнка, раскрыцця тонкіх душэўных зрухаў героя. Сярод роляў: у т-ры імя Я.​Коласа — Лабановіч («Навальніца будзе» паводле Я.​Купалы), Паніч («Раскіданае гняздо» Я.​Купалы), Рабцаў («Ворагі» М.​Горкага), Гамлет («Гамлет» У.​Шэкспіра), Збышак («Мараль пані Дульскай» Г.​Запольскай) і інш.; у т-ры імя Я.​Купалы — Дзед, Крандзялёў («Зацюканы апостал», «Таблетку пад язык» А.​Макаёнка), Аскольд, Патанін («Выклік багам», «Начное дзяжурства» А.​Дзялендзіка), Інквізітар («Напісанае застаецца» А.​Петрашкевіча), Гарадулін («На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.​Астроўскага), Неджмі («Дзівак» Назыма Хікмета), Саша Машкоў («Традыцыйны збор» В.​Розава), Вангель («Жанчына з мора» Г.​Ібсена) і інш.

Б.​І.​Бур’ян.

т. 16, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)