род кветкавых раслін сям. капуставых. 20 відаў. Пашырана ў Еўразіі і Амерыцы. На Беларусі 2 віды: З. клубняносная (D. bulbifera) расце ў шыракалістых і мяшаных лясах у паўд. і зах. раёнах, занесена ў Чырв. кнігу, і З. пяцілістая (D. quinquefolia) трапляецца ў Гарадоцкім і Стаўбцоўскім р-нах.
Шматгадовыя травяністыя расліны з доўгім, паўзучым карэнішчам, укрытым зубцападобнымі лускавінкамі (адсюль назва роду) і прамастойным сцяблом выш. да 60 см. Лісце перыстае, трайчастае ці пальчатае, іншы раз сабранае ў кальчак. У суквецці і пазухах верхняга лісця З. клубняноснай утвараюцца клубеньчыкі для вегетатыўнага размнажэння. Кветкі двухполыя, буйныя, фіялетавыя, лілова-ружовыя, палевыя або белыя, па 6—12 у кароткіх гронках. Плод — стручок. Лек. (вяжучы сродак), харч. і дэкар. расліны. Веснавыя эфемероіды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗУБРО́ЎКА (Hierochloe),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 30 відаў. Пашыраны ва ўмераных і высокіх шыротах абодвух паўшар’яў і ў гарах тропікаў. На Беларусі трапляюцца: З. духмяная (H. odorata), нар. назвы зубрава трава, цяпалоць, тураўка; паўднёвая (H. australis) і зрэдку жорсткаваласістая (H. hirta). Расце ў шыракалістых і мяшаных лясах, каля дарог.
Шматгадовыя травы з паўзучым карэнішчам і прамастойнымі сцёбламі выш. да 70 см. Прыкаранёвае лісце лінейнае, плоскае, завостранае, сцябловае — лінейна-ланцэтнае, карацейшае, знізу тусклае, зверху ярка-зялёнае, бліскучае. Каласкі дробныя, залаціста- або буравата-жоўтыя, круглавата-яйцападобныя, трохкветныя, у раскідзістых мяцёлках. Плод — зярняўка. Духмяныя (маюць кумарын), лек., кармавыя (для зуброў, адсюль назва) і дэкар. расліны. Выкарыстоўваюцца ў лікёра-гарэлачнай прам-сці, для пляцення, замацавання насыпаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯ́БЕР (Galeopsis),
род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Каля 10 відаў. Пашыраны ва ўмераных абласцях Еўразіі (пераважна ў Зах. Еўропе). На Беларусі 5 дзікарослых відаў: З. двухнадрэзаны, або жабрэй (G. bifida), звычайны (G. tetrahit), ладаннікавы (G. ladanum), прыгожы, або зябра (G. speciosa), пушысты (G. pubescens). Растуць як пустазелле на палях, агародах, каля дарог і жылля, у сырых лясах і хмызняках.
Аднагадовыя травяністыя расліны з апушаным прамастойным 4-гранным галінастым сцяблом выш. да 70 см. Лісце цэласнае, супраціўнае, чаранковае, яйцападобна-ланцэтнае, зубчастае. Кветкі пурпурна-фіялетавыя, чырванаватыя, жаўтаватыя або белыя, двухполыя, у густых несапраўдных кальчаках. Плод — шматарэшак. Лек., алейныя (у насенні да 40—50% алею), вітамінаносныя, меданосныя і перганосныя расліны; многія віды — пустазелле, ёсць ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯ́БЛІВА, зяблевае ворыва,
летне-асенняя апрацоўка глебы пад сяўбу яравых с.-г. культур наступнага года. Праводзіцца з мэтай назапашвання вільгаці, мабілізацыі пажыўных рэчываў, знішчэння пустазелля, шкоднікаў і ўзбуджальнікаў хвароб с.-г. культур. Тэхналогія З. вызначаецца тыпам глебы, узроўнем яе акультурвання, эрадзіравання, папярэднімі і наступнымі культурамі і інш. З прыёмаў З. найб. пашыраны плужнае адвальнае з перадплужнікам ці безадвальнае ўзворванне, радзей пласкарэзная, шматслойная ярусная апрацоўка і глыбокае ўзворванне. Пасля збожжавых культур зяблеваму ворыву папярэднічае лушчэнне ці дыскаванне ржышча за 2—3 тыдні; пасля прапашных, шматгадовых траў і інш. культур З. праводзіцца без лушчэння. З. дапаўняецца ўнясеннем арган. і мінер. угнаенняў, вапнаваннем, рыхленнем падворыўных слаёў, глебапаглыбленнем і проціэразійнымі аграпрыёмамі. На Беларусінайб. эфектыўнае ранняе З. (жнівень — пач. верасня).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯЛЁНАЯ ЗО́НА,
тэрыторыя за межамі гарадской лініі, занятая лясамі, лесапаркамі і інш. зялёнымі насаджэннямі. Выконвае ахоўныя і сан.-гігіенічныя функцыі і з’яўляецца месцам адпачынку насельніцтва. Лясы З.з. належаць да лясоў I групы; у іх вылучаюць лесапаркавую частку, дзе дазваляюцца сан. і высечкі догляду, і лесагаспадарчую, дзе дазволены лесааднаўленчыя высечкі. На Беларусі З.з. вылучаюцца паводле пастаноў урада рэспублікі. Першыя створаны ў 1945 вакол гарадоў Асіповічы, Бабруйск, Баранавічы, Барысаў, Брэст, Вілейка, Віцебск, Гомель, Гродна, Ліда, Мазыр, Маладзечна і Мінск. Агульная пл. З.з. склала 1,246 млн.га (1994). Самая вял. вакол Мінска (радыусам да 80 км). Каля абл. цэнтраў З.з. радыусам да 30 км, раённых — 10 км. Праекты З.з. распрацоўваюцца БелНДІ праблем горадабудаўніцтва.
Літ.:
Горохов В.А. Городское зеленое строительство. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВАНО́Ў (Павел Іванавіч) (12.7.1909, г. Саратаў, Расія — 1989),
бел. акцёр. Засл. арт.Беларусі (1940). Скончыў Ленінградскі тэатр. тэхнікум (1928). З 1929 у Бел. т-ры імя Я.Коласа, з 1945 у Бел. т-ры імя Я.Купалы, у 1964—69 кіраўнік нар.т-ра Палаца культуры і тэхнікі Мінскага аўтазавода. Выканаўца характарных і камедыйных роляў, якія вылучаліся яскравым малюнкам, псіхал. паглыбленасцю: Шаранговіч («Над Бярозай-ракой» П.Глебкі), Карандышаў («Беспасажніца» А.Астроўскага), Энгстранд («Здані» Г.Ібсена), Пікалаў («Любоў Яравая» К.Транёва), фон Штубэ («Разлом» Б.Лаўранёва) і інш. ў т-ры імя Я.Коласа; Нейгаўз («Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона), Печкуроў («Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка), Джэралд («Ён прыйшоў» Дж.Прыстлі) і інш. ў т-ры імя Я.Купалы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІДЗКО́ЎСКІ ((Idźkowski) Адам) (24.12.1798, Альшанка, каля г. Пултуск, Польшча — 3.5.1879),
польскі архітэктар і тэарэтык архітэктуры. Прадстаўнік позняга класіцызму і неаготыкі. Вучань А.Карацы. Вучыўся ў Варшаўскім ун-це (1820—24) і за мяжой. Сярод работ у Варшаве: перабудовы кафедральнага сабора св. Яна Хрысціцеля (1836—40) у стылі англ. готыкі, Саскага палаца (1838—42) у класіцыстычным стылі і інш. Работы на Беларусі: рэканструкцыя і дабудова Гомельскага палаца, праект планіроўкі Гомельскага палацава-паркавага ансамбля; палац, гасп. пабудовы і пахавальня ў в. Трылесіна Горацкага р-на Магілёўскай вобл. Аўтар тэарэт. прац «Архітэктурныя канструкцыі ў розных іх варыянтах як прадмет прыгажосці» (1832) і «Планы будоўлі... у розных архітэктурных стылях» (1843).
В.Ф.Марозаў.
А.Ідзкоўскі.А.Ідзкоўскі Кафедральны сабор святога Яна Хрысціцеля ў Варшаве. Здымак 1929.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНШАЗЕ́МНЫЯ СЛАБО́ДЫ,
месцы пасялення іншаземцаў у рус. гарадах, пераважна ў Маскве, у 16—17 ст. Першая І.с. ўзнікла ў Маскве ў 1-й трэці 16 ст. ў Замаскварэччы. У 2-й пал. 16 ст. на р. Яўза ўзнікла І.с. з палонных, захопленых у час Лівонскай вайны 1558—83, якая пазней стала месцам пасялення іншаземцаў розных нацыянальнасцей і прафесій (Нямецкая слабада). У 17 ст. ў Маскве існавала яшчэ 6 І.с., у т. л. Мяшчанская слабада, населеная выхадцамі з Беларусі (пераважна палоннымі рамеснікамі). Яе жыхары зрабілі значны ўклад у развіццё рус. культуры. І.с. была таксама ў Архангельску. Жыхары І.с. падпарадкоўваліся агульнарас. законам, але карысталіся некат. самакіраваннем і свабодай веравызнання. Пры Пятру I І.с. падпарадкаваны Бурмістарскай палаце і страцілі сваю адасобленасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІО́ФЕ (Эмануіл Рыгоравіч) (н. 20.3.1939, г. Беразіно Мінскай вобл.),
бел. гісторык. Д-ргіст.н. (1993), праф. (1995). Скончыў БДУ (1961). З 1978 у Бел.пед. ун-це. Даследуе бел. гістарыяграфію, гісторыю навукі і культуры, грамадз. і Вял.Айч. войнаў, гісторыю бел. яўрэяў. Адзін з аўтараў кн. «Акадэмік У.І.Пічэта» (1981), «Асновы паліталогіі» (1991), «Канцэпцыя нацыянальна-культурнага развіцця нацыянальных меншасцей Беларусі» (1996).
Тв.:
Выхоўваць павагу да закона. Мн., 1978;
Березино: Ист.-экон. очерк. Мн., 1986;
Советские военачальники на белорусской земле. Мн., 1988;
Из истории белорусской деревни: (Сов. историогр. соц.-экон. развития бел. деревни середины XVII — первой пол. XIX в.). Мн., 1990;
Страницы истории евреев Беларуси. Мн., 1996;
Евреи: (По страницам истории]. Мн., 1997 (разам з С.М.Асіноўскім).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІПАДРО́М (грэч. hippodromos ад hippos конь + dromos бег, месца для бегу),
комплекс збудаванняў для конна-спарт. спаборніцтваў, выпрабавання, трэнінгу і выставак племянных коней; установа, якая іх арганізуе. Бываюць І. для выпрабаванняў верхавых, рысістых, ламавых коней і камбінаваныя. На тэр. І. размяшчаюцца стайні, вет. лазарэт, кузня і інш.гасп. пабудовы, месцы для сядлоўкі і вывадкі коней перад скачкамі, т.зв. падок.
Вядомы са старажытнасці. І. Стараж. Грэцыі і Рыма мелі форму прамавугольнай ці закругленай пляцоўкі са сцяной пасярэдзіне. Вакол пляцоўкі — трыбуны для гледачоў (І. у Канстанцінопалі, 203—330). З канца 19 ст. іх будавалі ў вял. гарадах Беларусі, Расіі, Украіны і інш.Найб. буйныя сучасныя І.: Маскоўскі (Расія), Лексінгтонскі (ЗША), Нью-Маркет (Вялікабрытанія), Ланшан (Францыя), Пардубіцкі (Чэхія), Мадрыдскі (Іспанія) і інш.