ДЫЯРВІ́ЛА (Diervilla),
род кветкавых раслін сям. бружмелевых. Вельмі блізкі да роду вейгела. 5 відаў. Пашыраны ў Паўн. Амерыцы і Усх. Азіі. На Беларусі 3 інтрадукаваныя віды: Д. бружмелевая (D. lonicera), сядзячалістая (D. sessilifolia) і прырэчная, або ручаёвая (D. rivularis). Вырошчваюцца пераважна ў бат. садах, дэндрарыях і парках. Размнажаюцца насеннем і вегетатыўна.
Лістападныя кусты выш. да 2 м з разгалінаванымі парасткамі і шчыльнай шарападобнай кронай. Лісце простае, супраціўнае, авальна-выцягнутае або падоўжанае, бліскучае, па краі пілаватае. Кветкі двухполыя, няправільныя, зеленавата-жоўтыя, даўж. да 1 см, у гронкападобных або мяцёлчатых суквеццях. Плод — 2-гнездавая каробачка. Дэкар. расліны.
Г.У.Вынаеў.
т. 6, с. 315
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)