ДЫФТО́НГ (ад ды... + грэч. phthongos голас, гук),

складаны галосны гук, які ўключае складаўтваральны і нескладаўтваральны элементы ў адным складзе. Звычайна Д. маюць большую працягласць, чым мафтонгі. Адрозніваюцца Д : узыходны, у якім складаўтваральным кампанентам з’яўляецца другі элемент (напр., франц. [ie⌒] pied); сыходны, калі складаўтваральны кампанент — першы элемент (напр., ням. [ae⌒] Leid, англ., [ai⌒] my). У бел. мове ёсць Д. [оу⌒] і [іе⌒] толькі ў дыялектах на Пд Беларусі. Вымаўляюцца ў закрытых складах замест «о» і «е», а таксама замест «е» што паходзіць з «ѣ»: напр., коу⌒нь, сіе⌒м, ліе⌒та (конь, сем, лета).

т. 6, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)