ДАЛА́Й-ЛА́МА [ад манг. далай — мора (мудрасці) + лама],

тытул паліт. (да 1951) і духоўнага ўладыкі тыбецкага народа; першасвяшчэннік ламаісцкай царквы (гл. Ламаізм). З’яўляецца таксама духоўным аўтарытэтам будыстаў тых тэрыторый, што апынуліся пад уплывам тыбецкай цывілізацыі (Манголія, Бурація, Тува, Калмыкія і інш.). Тытул Д.-л. ўстаноўлены ў 1391. Д.-л. — абаронца веруючых, зямное ўвасабленне Авалакітэшвары, будысцкай персаніфікацыі міласэрнасці. Вядома 14 носьбітаў тытула Д.-л., якіх веруючыя прымаюць за аднаго. Лічыцца, што Д.-л. не памірае, а пераўвасабляецца ў дзіця, якое нараджаецца ў час смерці Д.-л.

Першым Д.-л. быў Гедундуб (1391—1474). 5-ы — Агван Лабзан Джамцо падпарадкаваў сваёй уладзе амаль увесь Тыбет, ператварыў яго ў тэакратычную дзяржаву; вядомы як гісторык і літаратар, стваральнік новай драматургіі містэрый цам (свята ў масках). 14-ы Тэндзін Г’ягсо (Д.-л. з 1940).

т. 6, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯ́ТЛАЎСКІ МУЗЕ́Й НАРО́ДНАЙ СЛА́ВЫ.

Адкрыты ў 1968 у г.п. Дзятлава Гродзенскай вобл. Пл. экспазіцыі 326 м², больш за 10 тыс. экспанатаў (1997). Экспазіцыя музея знаёміць з гісторыяй Дзятлаўшчыны са стараж. часоў да нашых дзён. Сярод экспанатаў археал. знаходкі эпох мезаліту і неаліту, човен 16 ст., выяўлены каля в. Пархуты, матэрыялы пра землякоў — удзельнікаў кастр. падзей 1917, грамадз. вайны, пра становішча працоўных у 1920—30-я г., дзейнасць КПЗБ. Экспануюцца вырабы мясц. майстроў, прадметы нар. побыту, адзенне, узоры маст. ткацтва, дакументы, асабістыя рэчы С.В.Прытыцкага, В.З.Харужай, М.Танка. Асобныя стэнды прысвечаны падзеям Вял. Айч. вайны (дзейнасць падполля, партызан. злачынствы ням.-фаш. акупантаў, вызваленне раёна), Героям Сав. Саюза Б.А.Булату, Ф.М.Сінічкіну. Макет помніка скульпт. А.​Салятыцкага і карціна мастака П.​Свентахоўскага прысвечаны І.Ю.Філідовічу, які паўтарыў подзвіг І.​Сусаніна.

Т.​В.​Палховіч.

т. 6, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ГІ (ад англ. dog сабака),

догападобныя сабакі, група парод службовых сабак. Выкарыстоўваліся як паляўнічыя, баявыя, вартавыя і ахоўныя, цяпер — як свойскія вартавыя і службовыя сабакі. Радзіма Д. — Тыбет; пашырыліся да Еўропы, Паўн. Афрыкі, Японіі. Ад тыбецкіх Д. узніклі сучасныя пароды — баксёры, бульдогі, мастыфы і інш. Назва «Д.» захавалася за ням., выведзеным у Германіі ў сярэдзіне 19 ст., стараж. байцоўскім бардоскім і белым паляўнічым аргенцінскім, выведзенымі ў 1920-я г.

Нямецкі Д. — самая вял. сярод інш парод сабак. Выш. ў карку 72—80 см, маса 70 кг і больш Канстытуцыя моцная, сухая, касцяк і мускулатура магутныя. Грудзі глыбокія, галава доўгая, з шырокімі масіўнымі сківіцамі, на доўгай шыі. Поўсць кароткая, густая, бліскучая. Масць чорная. мармуровая, палевая. тыгравая, блакітнавата-шэрая розных адценняў. Характэрны алюр — галоп.

Э.​Р.​Самусенка.

Дог нямецкі.

т. 6, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАЗДО́ВЫЯ (Turdidae),

сямейства пеўчых птушак атр. вераб’інападобных. 50—55 родаў, каля 300 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды і халодных раёнаў Арктыкі. Жыхары лясоў, зараснікаў, кустоў, абрываў і скал. У Чырв. кнізе МСАП 4 віды і 8 падвідаў. На Беларусі 14 відаў з 6 родаў: гарыхвосткі, дразды (Turdus), заранкі (Erithacus), каменкі (Oenanthe), салаўі (Luscinia), чаканы (Saxicola).

Даўж. 12—40 см, маса 13—200 г. Вонкавы выгляд і афарбоўка дарослых птушак разнастайныя Птушаняты плямістыя. Ногі ў большасці моцныя, пярэдні бок цэўкі ўкрыты 1 шчытком Дзюба моцная, але тонкая. Хвост у большасці прамы. Ва ўмераных шыротах Д. — пералётныя птушкі. Гняздуюцца на дрэвах, кустах, зямлі, у дуплах і інш. Нясуць 2—6 яец. Гадуюць за год 1—2 патомствы. Кормяцца насякомымі, восенню і зімой — ягадамі, насеннем. Многія Д. добра спяваюць.

т. 6, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖМУРО́ЎСКІ (Дзмітрый Пятровіч) (н. 10.1.1918, в. Барысавічы Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

Герой Сав. Саюза (1944). Д-р гіст. н. (1973), праф. (1974). У 1938—41 вучыўся ў Магілёўскім пед. ін-це. Скончыў Маскоўскі пед. ін-т (1946). У Вял. Айч. вайну на Бранскім, Калінінскім, 2-м Укр. франтах. Удзельнік Курскай бітвы, Корсунь-Шаўчэнкаўскай і Яска-Кішынёўскай аперацый. Камандзір кулямётнага разліку сяржант Ж. вызначыўся ў сак. 1944 пры фарсіраванні р. Прут, паранены, не пакінуў поля бою. З 1950 на выкладчыцкай рабоце ў ВНУ Вільнюса, Масквы, Мінска. Аўтар даследаванняў па гісторыі КПСС і КПБ.

Тв.:

Организаторская работа Коммунистической партии в деревне (1918—1920 гг.). Мн., 1970;

Республика Советов: единство фронта и тыла (1918—1920 гг.). Мн., 1980;

В борьбе за Советскую власть: Деятельность большевиков в бел. деревне, 1918—1920. Мн., 1989.

Дз.П.Жмуроўскі.

т. 6, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖО́ЛТАК (Валяр’яна Канстанцінаўна) (н. 13.12.1919, г. Жлобін Гомельскай вобл.),

бел. жывапісец. Скончыла Віцебскае маст. вучылішча (1939). У 1939—51 мастак-дэкаратар Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Працуе ў жанрах бытавым — «Зіма прыйшла» (1954), «У школу» (1963), «Вясна. 1930-я гады» (1972), «Кірмаш» (1984), нацюрморта — «Сон-трава» (1957), «Званочкі лясныя» (1958), «Суровыя гады» (1975), «Інтэр’ер з народнай керамікай» (1980), «Сухія кветкі» (1985), «Аканіт» (1988—89), «Успаміны пра лета» (1994), пейзажа — «Разліў на Бярэзіне» (1958), «Вязынка» (1964), «Бярозавыя карункі» (1993), «Полацк. Спаса-Ефрасіннеўская царква» (1994), серыі пейзажаў Закарпацця (1967), Ноўгарада і Пскова (1969), Сібіры і Крыма (1970) і інш. На тэму Вял. Айч. вайны карціны «За дапамогай да партызан» (1957), «Вяртанне» (1958, 1967). Іл. гл. таксама да арт. Бытавы жанр.

Л.​Ф.​Салавей.

В.Жолтак. Сухія кветкі. 1985.

т. 6, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫЛІНСКА́ЙТЭ ((Žilinskaité) Вітаўтэ) (н. 13.12.1930, г. Каўнас, Літва),

літоўская пісьменніца. Засл. дз. культ. Літвы (1980). Скончыла Вільнюскі ун-т (1955). У кнігах апавяданняў, фельетонаў, літ. пародый «Не з першага погляду» (1962), «Анёл над горадам» (1967), «Парадоксы» (1973), «Карціна» (1981), «Дурман» (1984) і інш. высмейвае заганнасць маральна-быт. і грамадскіх з’яў жыцця, адзначае складанасць і супярэчлівасць праблем сучаснай цывілізацыі. Сатырыка-гумарыстычным творам уласцівы неверагодныя кантрасты, гіпербалы, парадоксы, іронія. За дакумент. аповесць «Мая нянавісць мацнейшая» (1964) і лепшыя творы сатыры і гумару Дзярж. прэмія Літвы 1972. Аўтар казак і п’ес для дзяцей, пабудаваных на фантастыцы і ўмоўнасцях (кн. «Робат і матылёк», 1978, Дзярж. прэмія Літвы 1979, «Ледзяная фея», 1979, «Падарожжа ў Тандадрыку», 1984, і інш.). На бел. мову асобныя творы Ж. пераклалі М.​Базарэвіч, У.​Казбярук.

т. 6, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЭ́ШАЎСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Rzeszowskie),

на ПдУ Польшчы. Пл. 3397 км², нас. 740 тыс. чал., гарадскога каля 42% (1993). Адм. ц. — г. Жэшаў. Найб. гарады: Мелец, Ланцут, Лежайск. Размешчана ў міжрэччы Віслы і Сана на Кальбушоўскім пласкагор’і і перадгор’ях Карпат. Клімат умераны. Сярэдняя т-ра студз. -3 °C, ліп. 19 °C, ападкаў 700 мм за год. Гал. рэкі — Віслока (прыток Віслы) і Віслак (прыток Сана). Глебы на Пн малаўрадлівыя, падзолістыя, у цэнтр. ч. ўрадлівыя, утвораныя на лёсах, на Пд — горныя. Пад лесам 24% тэрыторыі. Гаспадарка прамысл.-аграрная. Прам-сць: трансп. сродкаў (авіяц., аўтамаб.), машынабудаванне (авіяц. рухавікі, станкі), металаапрацоўка (прадметы хатняй гаспадаркі, вырабы з серабра), харчасмакавая (кансервавая, піваварная, тытунёвая, цукр.), мэблевая, хім., буд. матэрыялаў. Здабыча прыроднага газу. Вырошчваюць пшаніцу, жыта, сланечнік, бульбу, кармавыя культуры, авёс. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (малочнага кірунку), коней, птушак.

т. 6, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗА САВЕ́ЦКУЮ БЕЛАРУ́СЬ».

франтавая газета. Выдавалася з 11.7.1941 да кастр. 1942 на бел. мове палітупраўленнем Зах. фронту пры ўдзеле ЦК КП(б)Б. Рэдактар М.​Ц.​Лынькоў. Была разлічана на бел. партызан і жыхароў акупіраванай тэрыторыі рэспублікі. Друкавала найб. важныя дакументы партыі і ўрада, звесткі пра падзеі на франтах, матэрыялы пра мужнасць бел. партызан, працоўны гераізм народа ў тыле ворага. На стар. газеты змешчаны творы Я.​Купалы, Я.​Коласа (арт. «Роднаму народу», вершы «Байцам-камсамольцам», «Смерць разбойнікам», «Абаронцам роднай зямлі»), П.​Броўкі, П.​Глебкі, К.​Крапівы, М.​Лынькова, П.​Панчанкі, М.​Танка, К.​Чорнага, а таксама вершы «Камсамолка-партызанка» Дз.​Беднага і «Дзед Талаш» А.​Суркова. Інфармавала пра 1-ы Усеславянскі мітынг у Маскве (жн. 1941) і выступленне на ім Я.​Купалы.

М.​Ф.​Шумейка.

т. 6, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАБЫЧА́ННЕ,

вёска ў Касцюковіцкім р-не Магілёўскай вобл., на р. Жадунька. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 19 км на ПдЗ ад г. Касцюковічы, 120 км ад Магілёва, 15 км ад чыг. ст. Камунары. 442 ж., 175 двароў (1997).

Упершыню ўпамінаецца ў 1552 як сяло ў Крычаўскай воласці, дзярж. маёмасць. Сяляне вёскі ўдзельнічалі ў Крычаўскім паўстанні 1743—44. У 1747 у Крычаўскім старостве: 10 двароў, царква. Пасля 1772 у Рас. імперыі. У 1779 у Чэрыкаўскім пав., 208 ж., 47 двароў. У 1880—276 ж.. У 1909—322 ж., 3 разы ў год праводзіліся кірмашы. З 1924 у Касцюковіцкім р-не. У 1971—415 ж., 123 двары.

Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — царква (канец 19 — пач. 20 ст.).

т. 6, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)