ДЖЭЙХА́Н (Ceyhan),
рака на Пд Турцыі. Даўж. 474 км, пл. бас. 21,2 тыс. км². Пачынаецца ў гарах Армянскага Таўра, ніжняе цячэнне — на нізіне Чукурава, упадае ў заліў Іскендэрон Міжземнага м., утварае дэльту. Сярэдні расход вады каля 230 м³/с. Зімняя паводка. Выкарыстоўваецца на арашэнне. У даліне — г. Джэйхан.
т. 6, с. 97
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ПТЫ,
рака ў Непале і Індыі, левы прыток р. Гхагхра (бас. р. Ганг). Даўж. больш за 600 км, пл. басейна каля 30 тыс. км². Пачынаецца ў Гімалаях, перасякае ў вузкай цясніне горы Сівалік, ніжняе цячэнне на Інда-Гангскай раўніне. Летнія паводкі. Выкарыстоўваецца для арашэння. Суднаходная ніжэй г. Гаракхпур (Індыя).
т. 13, с. 309
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНІ ПРАХО́Д,
паўночна-заходні праход Карэйскага прал. паміж а-вамі Цусіма і п-вам Карэя. Шыр. 52 км. Глыб. 56—184 м, у вузкім жолабе да 230 м. Цячэнні ў асноўным накіраваны на ПнУ, скорасць каля 1 км/гадз. Уздоўж паўн.-ўсх. берага часта цячэнне зваротнага напрамку. Порт Пусан (Паўд. Карэя).
т. 7, с. 17
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕХАНАКАЛАРЫ́ЧНЫ ЭФЕ́КТ,
ахаладжэнне звышцякучага гелію пры працяканні яго праз каналы з вял. гідрадынамічным супраціўленнем, напр., праз капіляры. Вадкі гелій у зыходнай пасудзіне пры гэтым награваецца. М.э. адкрыты ў 1938 англ. фізікамі Дж.Даўнтам і К.Мендэльсонам; тлумачыцца на аснове тэорыі звышцякучасці. Адваротная з’ява (цячэнне гелію, выкліканае падвядзеннем цеплаты) наз. тэрмамеханічным эфектам.
т. 10, с. 320
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗА́БХАН,
рака на З Манголіі. Даўж. 808 км, пл. бас. 71,2 тыс. км². Пачынаецца ў гарах Хангай, сярэдняе цячэнне — па шырокай міжгорнай упадзіне, ніжняе — па пустынях Катлавіны Вял. азёр, упадае некалькімі рукавамі ў воз. Айраг-Нур. Сярэдні расход вады на выхадзе з гор 60 м³/с. Жыўленне снегава-дажджавое. Выкарыстоўваецца для арашэння.
т. 6, с. 99
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ЦКІ ПРАЛІ́Ў,
праліў паміж а-вамі Грэнландыя і Ісландыя. Злучае Грэнландскае м. з Атлантычным ак. Даўж. каля 530 км, шыр. 287 км, найменшая глыб. на фарватэры 120 м. Праз Д.п. уздоўж берагоў Грэнландыі з Пн на Пд праходзіць халоднае Усх.-Грэнландскае цячэнне, уздоўж берагоў Ісландыі з Пд на Пн — галіна цёплага Ірмінгера цячэння.
т. 6, с. 71
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАХА́КАМ (Mahakam),
Кутай, рака ў Інданезіі, на в-ве Калімантан. Даўж. каля 720 км, пл. басейна каля 80 тыс. км². Верхняе і сярэдняе цячэнне ў гарах Усх. Калімантана, ніжняе — па забалочанай раўніне. Упадае ў Макасарскі праліў, утварае дэльту. Мнагаводная на працягу ўсяго года. Сплаўная, у ніжнім цячэнні суднаходная. На М. — г. Самарында.
т. 10, с. 223
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ЎНАСЦЬ у праве,
устаноўлены законам тэрмін, сканчэнне якога цягне юрыд. вынікі: страту права на іск (іскавая Д.), на прымусовае выкананне рашэння суда, арбітражу і да т.п. (выканаўчая Д.), выключэнне крымін. адказнасці або магчымасці выканання абвінаваўчага прыгавору.
Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь цячэнне іскавай Д. звычайна пачынаецца з дня ўзнікнення права на іск, Д. для прыцягнення да крымін. адказнасці — з дня ўчынення злачынства, Д. прывядзення ў выкананне абвінаваўчага прыгавору ці суд. рашэнняў па цывільных справах — з часу набыцця імі законнай сілы. Агульны тэрмін іскавай Д. ўстанаўліваецца ў 3 гады (для асобных яе відаў закон прадугледжвае спец. тэрміны Д.). Пры наяўнасці законных падстаў цячэнне тэрмінаў іскавай Д. можа прыпыняцца або перарывацца.
Тэрміны Д. прыцягнення да крымін. адказнасці і выканання абвінаваўчага прыгавору дыферэнцыраваны законам і залежаць ад цяжкасці злачынства і назначанага судом пакарання. У такіх выпадках ён доўжыцца ад 1 да 10 гадоў з моманту ўчынення злачынства ці асуджэння. Цячэнне Д. перарываецца або прыпыняецца, калі да сканчэння гэтых тэрмінаў вінаваты зробіць новае злачынства ці асуджаны ўхіліцца ад адбывання пакарання або зробіць новае злачынства. Вылічэнне Д. ў такіх выпадках пачынаецца з моманту ўчынення новага злачынства або затрымання асуджанага. Асоба не можа быць прыцягнута да крымін. адказнасці, калі з моманту ўчынення злачынства мінула 15 гадоў і Д. не была перарвана ўчыненнем новага злачынства. Прымяненне Д. да асобы за злачынства, за якое паводле закону можа быць назначана пакаранне смерцю, вырашае суд. У адпаведнасці з міжнар. канвенцыяй Д. крымін. праследавання не ўжываецца да ваен. злачынцаў.
С.У.Скаруліс.
т. 6, с. 68
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖА́БІНКА,
рака ў Камянецкім і Жабінкаўскім р-нах Брэсцкай вобл., правы прыток р. Мухавец (бас. Зах. Буга). Даўж. 25 км. Пл. вадазбору 228 км². Пачынаецца за 2,5 км на ПнЗ ад в. Пелішча Камянецкага р-на. Цячэ па Прыбугскай раўніне. Рэчышча каналізавана на ўсім працягу. Верхняе цячэнне на працягу 10 км наз. канал Жабінка. Створаны сажалкі.
т. 6, с. 409
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́НЗА, Куанза (Kwanza, Cuanza),
рака ў Анголе. Даўж. 960 км, пл. бас. 147,7 тыс. км². Пачынаецца на пласкагор’і Біе, цячэ ў глыбокай даліне, утварае парогі і вадаспады, ніжняе цячэнне па прыморскай нізіне. Упадае ў Атлантычны ак. на Пд ад г. Луанда. Сярэдні гадавы расход вады 950 м³/с. Суднаходная на 258 км ад вусця. У сярэднім цячэнні ГЭС Камбамбе.
т. 8, с. 207
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)