ГЕКСАЗАМІ́НЫ,

C6H13O5N, вытворныя простых цукроў, у якіх адзін з гідраксідаў замешчаны амінагрупай (NH2). Адносяцца да амінацукру. У прыродзе пашыраны глюказамін і галактазамін — структурныя кампаненты розных мукаполіцукрыдаў жывёльнага, расліннага і бактэрыяльнага паходжання.

т. 5, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНЦЭ́ПЦЫЯ (ад лац. conceptio разуменне, сістэма),

пэўны спосаб разумення, успрымання чаго-н.; трактоўка і асн. пункт погляду на прадмет, з’яву; вядучая канструктыўная лінія розных відаў дзейнасці (маст., тэхн., паліт. і інш.).

т. 8, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАЎНА́ЛЬНАЕ ПРАВАЗНА́ЎСТВА,

1) метад вывучэння прававых сістэм розных дзяржаў шляхам супастаўлення аднайменных дзярж. і прававых інстытутаў, сістэм права, іх асн. прынцыпаў і г.д. 2) П.п., кампаратывістыка — адна з галін юрыд. навукі.

т. 12, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУБЛІКА́ЦЫЯ (ад лац. publico абвяшчаю ўсенародна),

1) паведамленне пэўнай інфармацыі для агульнага ведама праз друк, радыёвяшчанне, тэлебачанне.

2) Друкаванне якіх-н. матэрыялаў у розных выданнях (кнігах, часопісах, газетах).

3) Тое, што апублікавана, выдадзена.

т. 13, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАКЛА́Ў (ад аўта... + лац. clavis ключ),

герметычны апарат для правядзення розных працэсаў пад ціскам (большым за атмасферны) і пры награванні. Выкарыстоўваецца ў хім. прам-сці, гідраметалургіі, вытв-сці буд матэрыялаў, харч. прам-сці, медыцыне.

т. 2, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖЫН (англ. gin),

ядлаўцовая гарэлка, моцны алкагольны напітак (каля 45 аб’ёмных працэнтаў спірту). Атрымліваюць перагонкай спіртавога настою сушаных ядлаўцовых ягад з дабаўленнем (у залежнасці ад маркі) розных прыпраў (апельсінавых скарынак, каранёў дзягілю і інш.).

т. 6, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮТЭІНІЗАВА́ЛЬНЫ ГАРМО́Н,

гармон пярэдняй долі гіпофіза, які стымулюе ўтварэнне палавых гармонаў. Садзейнічае авуляцыі і ўтварэнню жоўтага цела ў самак; у самцоў падтрымлівае сперматагенез. Па хім. прыродзе глікапратэід, адрозніваецца саставам амінакіслот у розных відаў жывёл.

т. 9, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДО́К ВЕРШАВА́НЫ,

графічна і інтанацыйна выдзелены моўны рад у вершаваным творы; адзінка вершаванага рытму. Р.в. розных памераў спалучаюцца ў пэўным парадку, утвараючы строфы (страфоіды). Р.в., у якім поўнасцю змяшчаецца схема вершаванага памеру, наз. вершарадам.

т. 13, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́МЯЦЬ у вылічальнай тэхніцы,

функцыянальная частка вылічальнай машыны для запісу, захоўвання і счытвання інфармацыі. Ствараецца на базе розных запамінальных прыстасаванняў. Асн. элементы: носьбіт інфармацыі, блок кіравання (выконвае пошук месца на носьбіце, запісвае і счытвае інфармацыю) і канал сувязі П. з інш. блокамі ЭВМ. Асн. параметры: аб’ём і час доступу для запісу ці счытвання інфармацыі.

П. сучасных ЭВМ мае шматступеньчатую іерархічную структуру. што забяспечвае спалучэнне вял. ёмістасці і высокага хуткадзеяння. У іерархію П. ўваходзяць: знешняя П. вял. ёмістасці на аптычных дысках, магнітных дысках, барабанах, стужках і інш.; унутраная, ці аператыўная П. (мае адносна невял. аб’ём і вял. хуткадзеянне); звышаператыўная П. (кэш-П., П. неадкладнага доступу, мае час доступу, значна меншы за час доступу да аператыўнай П., і служыць буферам паміж працэсарам і аператыўнай П.); рэгістры — запамінальныя прыстасаванні аб’ёмам 1 слова ў розных блоках працэсара; пастаянная П. (доўгачасовая, аднабаковая) для захоўвання канстант, падпраграм і мікрапраграм; буферная П. як прамежкавае звяно паміж запамінальнымі прыстасаваннямі розных узроўняў ЭВМ. Пры праграмаванні складаных задач аперацыйная сістэма забяспечвае рэжым віртуальнай П., калі П. падзяляецца на асобныя старонкі і кожнаму карыстальніку аддаецца адвольны аб’ём П., незалежны ад рэальнага аб’ёму асн. П. ЭВМ і абмежаваны толькі разраднасцю адрасоў у камандах.

М.​П.​Савік.

т. 12, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭФО́РМА (франц. réforme ад лац. reformare пераўтвараць),

пераўтварэнне, змяненне, перабудова якога-н. боку грамадскага жыцця (парадкаў, ін-таў, устаноў); фармальна — новаўвядзенне любога зместу, аднак часцей Р. называюць прагрэсіўнае пераўтварэнне пры захаванні асноў існуючага сац. ладу. Сац.-паліт. Р. садзейнічае эвалюцыйнаму развіццю грамадства і характарызуецца параўнальнай паступовасцю, плаўнасцю сац. і паліт. змен. Паліт. Р. могуць ахопліваць паліт. сістэму грамадства ў цэлым або абмяжоўвацца якімі-н. яе сферамі, рэарганізоўваць вышэйшыя эшалоны ўлады ці органы мясц. кіравання, вырашаць праблемы раздзялення і раўнавагі ўлад, іх субардынацыі. Р. ў пэўнай меры рэгламентуюць функцыі розных галін улады, уплываюць на этыка-прававыя нормы і стыль дзейнасці як кіраўніка дзяржавы, так і ўладных структур, на становішча правоў і свабод чалавека, на сац.-псіхал. і паліт. клімат у краіне. Р. праводзяцца ў розных сферах грамадскага жыцця: зямельныя, судовыя, грашовыя, школьныя, пенсіённыя, ваенныя, царкоўныя і інш. (гл. таксама Рэформа дзяржаўных маёмасцей, Рэформы азбукі і правапісу, Рэформы моўныя). Гіст. вопыт паказвае, што поспех або няўдача Р. у значнай меры залежаць ад своечасовасці іх правядзення, гатоўнасці ўладных структур пайсці на такія новаўвядзенні, якія могуць сапраўды зняць напружанасць у грамадстве; няўдала праведзеныя Р. могуць прывесці да рэв. працэсаў, негатыўных з’яў у розных сферах жыццядзейнасці людзей.

В.​Дз.​Марозаў.

т. 14, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)