ІДЗКО́ЎСКІ ((Idźkowski) Адам) (24.12.1798, Альшанка, каля г. Пултуск, Польшча — 3.5.1879),

польскі архітэктар і тэарэтык архітэктуры. Прадстаўнік позняга класіцызму і неаготыкі. Вучань А.Карацы. Вучыўся ў Варшаўскім ун-це (1820—24) і за мяжой. Сярод работ у Варшаве: перабудовы кафедральнага сабора св. Яна Хрысціцеля (1836—40) у стылі англ. готыкі, Саскага палаца (1838—42) у класіцыстычным стылі і інш. Работы на Беларусі: рэканструкцыя і дабудова Гомельскага палаца, праект планіроўкі Гомельскага палацава-паркавага ансамбля; палац, гасп. пабудовы і пахавальня ў в. Трылесіна Горацкага р-на Магілёўскай вобл. Аўтар тэарэт. прац «Архітэктурныя канструкцыі ў розных іх варыянтах як прадмет прыгажосці» (1832) і «Планы будоўлі... у розных архітэктурных стылях» (1843).

В.Ф.Марозаў.

А.Ідзкоўскі.
А.Ідзкоўскі Кафедральны сабор святога Яна Хрысціцеля ў Варшаве. Здымак 1929.

т. 7, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)