ПАШКО́Ў (Генадзь Пятровіч) (н. 23.3.1948, в. Ліпавічы Чашніцкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. паэт і публіцыст. Чл.-кар.Міжнар. Славянскай Акадэміі навук, адукацыі, мастацтваў і культуры (1996). Скончыў БДУ (1971). Працаваў на Бел. радыё, з 1972 у час. «Полымя» (з 1975 адказны сакратар, з 1979 намеснік гал. рэдактара), з 1989 у апараце ЦККПБ, з 1991 нам.гал. рэдактара час. «Тэатральная Беларусь», гал. рэдактар «Цэнтральнай газеты». З 1996 гал. рэдактар выд-ва «Беларуская Энцыклапедыя». Друкуецца з 1967. У паэт. зб-ках «Кляновік» (1975), «Гравюры дарог» (1981), «Зямлю слухаю» (1983), «Маналог на кастрышчы» (1986), «Люблю, спадзяюся, жыву» (1990) і інш. роздум пра будучыню, гісторыю і культуру роднага краю, сэнс чалавечага існавання, складанасць часу, асэнсаванне ўбачанага ў інш. краінах, заклапочанасць лёсам прыроды, тэма кахання. Паэзіі П. ўласцівы грамадз.пафас, філасафічнасць, асацыятыўнасць, спавядальнасць, разнастайнасць рытміка-інтанацыйных і вобразных сродкаў, багацце моўнай палітры. Лірыка-дакумент. дзённік «Палескія вандроўнікі» (1998) — своеасаблівая падарожная трылогія, жывая гісторыя палескай зямлі, яе людзей, прыроды; дарожныя запісы «Дарога да акіяна» пра Паўд. Карэю. Аўтар кнігі нарысаў «Будзень як свята» (1977), сцэнарыя дакумент. фільма «Я так люблю зямлю...» (паст. 1978) і інш. Піша для дзяцей: зб-кі «Дзяўчынка з блакітным мячыкам» (1986), «Пціч» (1992), «Зорнае поле» (1999). Перакладае з інш. моў. За кнігі паэзіі «Чырвоны жаваранак» (1977, пер. на рус. мову І.Бурсава) і «Дыстанцыя небяспекі» (1979) прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1980. Дзярж. прэмія Беларусі 1998.
Тв.:
Крокі: Вершы, паэма. Мн., 1988;
Журавінавы востраў. Мн., 1998.
Літ.:
Панчанка П. Звонкі і чысты голас // Зб.тв.Мн., 1983. Т. 4;
Хвалей Я. Жаваранак маладой трывогі // Маладосць. 1982. №1;
Марціновіч А. Без заспакоенасці // Там жа. 1984. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОРШ-СА́БЛІН (сапр.Саблін) Уладзімір Уладзіміравіч
(29.3.1900, Масква — 6.7.1974),
бел. кінарэжысёр; адзін з пачынальнікаў бел.маст. кінематаграфіі. Засл. дз. мастацтваў Беларусі (1935). Нар.арт. Беларусі (1955). Нар.арт.СССР (1969). З 1923 працаваў у т-рах Расіі, здымаўся ў кіно, быў асістэнтам рэж. Ю.Тарыча. З 1926 у бел. кінематографе. У 1945—60 і 1969—74 маст. кіраўнік кінастудыі «Беларусьфільм», у 1957—74 першы сакратар Саюза кінематаграфістаў Беларусі. Як рэжысёр дэбютаваў фільмам «У агні народжаная» (1929). Пастаноўшчык першага гукавога фільма ў бел. ігравым кіно «Першы ўзвод» («Заходні фронт», 1933), прысвечанага падзеям 1-й сусв. вайны. Фільм «Залатыя агні» (1935) пра будаўнікоў першай на Беларусі электрастанцыі вызначаўся падзелам герояў на свядомых і несвядомых, увядзеннем у сюжэт характэрнай для тагачаснай драматургіі лініі шкодніцтва. У кінааповесці «Дачка Радзімы» (1937), лірычных камедыях «Шукальнікі шчасця» (1936) і «Маё каханне» (1940) ідэалізацыя сав. рэчаіснасці. У гады Вял.Айч. вайны паставіў «Беларускія навелы» (з Тарычам, 1942), кінаканцэрт «Жыві, родная Беларусь!» (з М.Садковічам, 1944). Да сучаснасці звяртаўся ў фільмах «Новы дом» (1947), «Пяюць жаваранкі» (з К.Саннікавым, 1953) і «Хто смяецца апошнім» (1955) па п’есах К.Крапівы, «Пасеялі дзяўчаты лён» (1956), але глыбокага асэнсавання закранутых праблем не дасягнуў. Асн. кірунак кінатворчасці К.-С. — паказ героікі барацьбы за ідэалы рэвалюцыі: «Вогненныя гады» (1939), «Канстанцін Заслонаў» (з А.Файнцымерам, 1949; Дзярж. прэмія СССР 1950), «Чырвонае лісце» (1958), «Масква—Генуя» (з А.Спешневым, П.Армандам, 1964; Дзярж. прэмія Беларусі 1968), «Запомнім гэты дзень» (1967), «Крушэнне імперыі» (1970). Паставіў дылогію «Першыя выпрабаванні» (1960—61) паводле трылогіі Я.Коласа «На ростанях», многія калізіі, сюжэтныя лініі якой увасоблены з уласцівай рэжысёру кінематаграфічнай выразнасцю. Для творчасці К.-С. характэрны яснасць грамадзянскай пазіцыі, рэв.пафас, выразнасць вобразаў гал. герояў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАХМА́НІНАЎ (Сяргей Васілевіч) (1.4.1873, маёнтак Анег, цяпер Наўгародскі р-н, Расія — 28.3.1943),
рус. кампазітар, піяніст, дырыжор. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю па кл.фп. (1891, у А.Зілоці) і кампазіцыі (1892, у С.Танеева і А.Арэнскага). У 1895 канцэртаваў па Расіі, у т. л. на Беларусі, і за мяжой. У 1897—98 дырыжор Маскоўскай прыватнай рускай оперы С.Мамантава, у 1904—06 — Вял.т-ра. З 1917 за мяжой, пераважна ў ЗША. У 2-ю сусв. вайну даваў канцэрты ў фонд Чырв. Арміі. Р. — адзін з апошніх кампазітараў-рамантыкаў, які завяршыў рус.рамант. традыцыю М.Глінкі, П.Чайкоўскага, М.Рымскага-Корсакава. Яго музыцы ўласцівы яркі меладызм, маляўнічасць, арыгінальнасць гарманічнай мовы, багацце і разнастайнасць рытмікі; рамантычны пафас і напружаны драматызм спалучаюцца з праніклівай лірыкай і паэтычнай сузіральнасцю. Сярод твораў: оперы «Алека» (1892, паст. ў Бел. т-ры оперы і балета ў 1949), «Скупы рыцар» і «Франчэска да Рыміні» (абедзве паст. 1904); кантата «Вясна» (1902), вак.-сімф. паэма «Званы» (1913); сімф. паэма «Востраў мёртвых» (1909), «Тры рускія песні» для арк. і хору (1926); 3 сімфоніі (1895, 1907, 1936), Сімф. танцы (1940), 4 канцэрты (1891, 1901, 1909, 1926); Рапсодыя на тэму Паганіні (1934) для фп. з арк., фп. варыяцыі, 2 фп. санаты (1907, 1913), цыклы фп. п’ес, Элегічнае трыо для фп., скрыпкі і віяланчэлі (1893), саната для віяланчэлі і фп. (1901), больш за 80 рамансаў і інш. Выканальніцкае мастацтва Р. — адно з вышэйшых дасягненняў сусв. піянізму 20 ст.
Літ. тв.: Литературное наследие. Т. 1—3. М., 1978—80.
С.В.Рахманінаў.
Літ.:
Келдыш Ю. Рахманинов и его время. М., 1973;
Брянцева В.Н. С.В.Рахманинов. М., 1976;
Воспоминания о Рахманинове. Т. 1—2. 5 изд. М., 1988;
Паисов Ю. Жизнестойкость романтического миросозерцания: Рахманинов // Русская музыка и XX в. М., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАМО́ВІЧ (Алесь) (Аляксандр Міхайлавіч; 3.9.1927, в. Канюхі Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 26.1.1994),
бел. пісьменнік, крытык, літ.-знавец, грамадскі дзеяч. Чл.-кар.АН Беларусі (1980), д-рфілал.н. (1962), праф. (1971). У Вял.Айч. вайну партызан. Скончыў БДУ (1950), у 1962—64 слухач Вышэйшых сцэнарных курсаў (Масква). З 1954 працаваў у Ін-це л-ры АН Беларусі, з 1987 дырэктар НДІ кінамастацтва (Масква). Літ. дзейнасць пачаў у 1953 як крытык. Найб. значныя літ.-знаўчыя манаграфіі «Беларускі раман» (1961), «Маштабнасць прозы» (1972), «Здалёк і зблізку» (1976), «Браму скарбаў сваіх адчыняю...» (1980), «Вайна і вёска ў сучаснай літаратуры» (1982), «Нічога важней» (1985). Як крытык змагаўся супраць дагматычных уяўленняў пра л-ру, дбаў пра эстэт. аналіз, спалучаў яго са сцвярджэннем гуманіст. каштоўнасцяў. Адраджаў і развіваў знішчаныя ў перыяд сталінізму метадалагічныя прынцыпы праўдзівасці і гістарызму. З 1959 выступаў як празаік. Пісаў на бел. і рус. мовах. У дылогіі «Партызаны» (раманы «Вайна пад стрэхамі», 1960, «Сыны ідуць у бой», 1963) раскрыў вытокі нар. супраціўлення акупантам у Вял.Айч. вайну (аднайм. кінадылогія на кінастудыі «Беларусьфільм», 1970, сцэнарый Адамовіча ў сааўт.). Змаганне з таталітарызмам у абліччы фашызму і камунізму складае асн.пафас «Хатынскай аповесці» (1972, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1976), рамана «Карнікі» (1980), аповесцяў «Венера» і «Нямко» (абедзве 1993). Па матывах «Хатынскай аповесці» кінафільм «Ідзі і глядзі» (сцэнарый Адамовіча і Э. Клімава, залаты медаль на Маскоўскім міжнар. кінафестывалі, 1985). У дакумент. кнізе «Я з вогненнай вёскі...» (1975, з Я.Брылём і У.Калеснікам) расказана пра трагедыю бел. Хатыняў. У апошнія гады жыцця выявіў сябе як паліт. дзеяч, змагаўся з пагрозай ядзернай вайны. Публіцыстыка Адамовіча ў кн. «Выберы — жыццё» (1986), «Дадумваць да канца» (1988), «Мы — шасцідзесятнікі» (1991), «Апакаліпсіс па графіку» (1992).
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—4. Мн., 1981—83.
Літ.:
Мележ І. Пра «Хатынскую аповесць» // Зб.тв.Мн., 1983. Т. 8;
Брыль Я. Алесь Адамовіч // Зб.тв.Мн., 1981. Т. 4;
Быкаў В. [Алесь Адамовіч] // Быкаў В. На крыжах. Мн., 1992;
Каваленка В. Святло вялікіх мэт // Полымя. 1977. № 9;
Дедков И. Во имя справедливости // Адамович А. Каратели. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКО́Ф’ЕЎ (Аляксандр Андрэевіч) (2.12.1900, с. Кабона Волхаўскага р-на Ленінградскай вобл. — 18.9.1971),
рускі паэт.Герой Сац. Працы (1970). Засл. дз. культ. Беларусі (1968). Вучыўся ў Пецярбургскай настаўніцкай семінарыі (1913—17). Друкаваўся з 1919. Першыя зб-кі вершаў — «Поўдзень», «Вуліца Чырвоных Зор» (абодва 1931), «Перамога» (1932). У паэт. зб-ках «Атака», «Гармонік» (абодва 1943) і паэме «Расія» (1944, Дзярж. прэмія СССР 1946) услаўленне подзвігу народа ў Вял.Айч. вайну. Аўтар кніг паэзіі «Дарога праз мост» (1933), «Летапіс» (1934), «На абарону закаханых» (1939), «У краі маім» (1948), «У дарозе» (1953), «Прызнанні» (1957), «Яблыня над морам» (1958), «Запрашэнне да падарожжа» (1960, Ленінская прэмія 1961), «Пад сонцам і пад ліўнямі» (1964), «Развітанне з Прымор’ем» (1969), паэм «Сад» (1948), «Юнацтва» (1955), вершаў для дзяцей і інш. Паэзіі П. ўласцівыя грамадз.пафас, глыбокі лірызм, эмацыянальнасць і шчырасць, творчае выкарыстанне фальклору, нар. гумару і жарту, быліннасці і казачнасці. Некат. яго вершы пакладзены на музыку. Шэраг вершаў П. прысвяціў Беларусі, яе прыродзе («Беларусі», «Сябрам», «То ляцелі гусі...», «Лявоніха», «Ой, ляціце», думы...»), а таксама Я.Купалу, Я.Коласу, П.Броўку, С.Прытыцкаму. На рус. мову пераклаў многія творы Я.Купалы, Я.Коласа, паасобныя М.Багдановіча, З.Бядулі, М.Чарота, П.Броўкі, П.Глебкі, М.Танка, П.Панчанкі, У.Дубоўкі, М.Лужаніна, А.Вялюгіна, Е.Лось і інш. Беларусі і яе л-ры прысвяціў арт. «У нагу з часам», «Веліч слова», «Слова пра веліч талента», «Сэрца народнае», «Рысы вялікага натхнення» і інш. Неаднаразова прыязджаў на Беларусь. На бел. мову яго вершы перакладалі М.Аўрамчык, Броўка, В.Вітка, А.Вольскі, Н.Гілевіч, Глебка, С.Грахоўскі, Дубоўка, М.Калачынскі, А.Куляшоў, Лось, Лужанін, П.Пестрак, Ю.Свірка, Я.Семяжон, М.Танк, У.Шахавец і інш.
Тв.:
Собр соч. Т. 1—4. М., 1978—80;
Бел.пер. — Выбр. вершы. Мн., 1948;
Прызнанне ў любві. Мн., 1961;
Святло над светам. Мн., 1976.
Літ.:
Молдавский Д.М. Александр Прокофьев. Л., 1975;
Александр Прокофьев: Вспоминают друзья. М., 1977;
Панчанка П. На паэтычным небасхіле. Мн., 1977;
Ліякумовіч Ц. У сугучнасці з купалаўскім словам // Бел.літ. 1982. Вып. 10.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРЦІ́НСКІ (Анатоль Ільіч) (н. 18.11.1931, в. Дзямешкава Лепельскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. паэт, драматург, публіцыст, крытык, перакладчык. Скончыў БДУ (1956). Працаваў у прэсе. У 1975—82 сакратар праўлення СП Беларусі, у 1986—90 гал. рэдактар газ. «Літаратура і мастацтва». У 1990—96 дэп. Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. Друкуецца з 1951. Першы зб. паэзіі «Песня пра хлеб» (1962). Тэмы сучаснага жыцця ў яго шматгранных вымярэннях — у аснове кніг «Тры цішыні» (1966), «Чалавечы знак» (1968), «З’яўленне» (1975), «Час першых зорак» (1976), «Ветрана» (1979). Творам Вярцінскага ўласцівы высокі грамадзянскі пафас, філасафічнасць, аналітычнасць, вострая публіцыстычнасць. Паэт асэнсоўвае «вечныя» праблемы чалавечага існавання, маральныя каштоўнасці жыцця, услаўляе духоўную веліч чалавека, выкрывае абыякавасць і самазадаволенасць. Найб. значныя творы — ліраэпічныя паэмы «Заазер’е» і «Дажынкі» (1968) — прысвечаны жыццю пасляваен. бел. вёскі, маці — вясковай працаўніцы — лірычная паэма «Начны бераг» (1972), у якой сцвярджаецца неабходнасць захавання гармоніі ва ўзаемаадносінах чалавека з прыродай, і лірыка-філас. паэма «Колькі лет, колькі зім!» (1979, тэлеспектакль 1980). Аўтар п’ес для дзяцей «Дзякуй, вялікі дзякуй!» (паст. 1974), «Скажы сваё імя, салдат» (паст. 1975), «Гефест — друг Праметэя» (паст. 1984), літ.-крытычных і публіцыстычных твораў (зб. «Высокае неба ідэалу», 1980, «Нью-Йоркская сірэна», 1987, Дзярж. прэмія Беларусі 1988). Пераклаў на бел. мову паасобныя творы класічнай і сучаснай рус., укр., літ., лат., балт., польск., венгерскай паэзіі, п’есы Лопэ дэ Вэгі «Раба свайго каханага», М.Себасцьяна «Безыменная зорка», В.Пальчынскайтэ «Спяшаюся за летам».
Тв.:
Выбранае. Мн., 1973;
Святло зямное. Мн., 1981;
Дзякуй, вялікі дзякуй!: П’есы. Мн., 1983;
Хлопчык глядзіць... Мн., 1992.
Літ.:
Шпакоўскі Я. Узрушанасць. Мн., 1978. С. 91—102;
Сямёнава А. Высокае неба // Сямёнава А. Гарачы след таленту. Мн., 1979;
Бугаёў Дз. Споведзь даверлівая і шчырая // Бугаёў Дз. Талент і праца. Мн., 1979;
Лойка А. Пераадоленне // Лойка А. Паэзія і час.Мн., 1981;
Арочка М. Усе чатыры вятры паэзіі // Арочка М. Саюз часу і майстэрства. Мн., 1981;
Чабан Т. Крылы рамантыкі. Мн., 1982. С. 129—131, 134—136, 161—167;
Бечык В. На аснове чалавечай роднасці... // Бечык В. Прад высокаю красою... Мн., 1984;
Гніламёдаў У. Вершы мае — пісьмы // Гніламёдаў У. Ля аднаго вогнішча. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́КВІЕМ (ад першага слова лац. тэксту «Requiem aetemam dona eis, Domine» — «Спакой вечны даруй ім, божа»),
1) у музыцы — жалобная памінальная меса, прысвечаная памяці памерлых. Ад урачыстай каталіцкай месы адрозніваецца тым, што замест частак «Глорыя» і «Крэда» ўводзяцца «Рэквіем», «Дыез ірэ», «Туба мірум», «Лакрымоза» і інш.
Першапач. інтанацыйнай асновай Р. служылі мелодыі грыгарыянскага харала. У 17—18 ст. Р. ператварыўся ў буйную цыклічную кампазіцыю для салістаў, хору і аркестра, дзе поліфанічны склад спалучаўся з гамафонна-гарманічным. Лепшыя ўзоры Р. набылі пазакультавы, канцэртны характар. Сусв. вядомасць набыў Рэквіем В.А.Моцарта (1791; скончаны Ф.К.Зюсмайрам). Сярод аўтараў найб. выдатных Р. 19 ст. Г.Берліёз, Дж.Вердзі, І.Брамс; у 20 ст. — П.Хіндэміт, Ф.Дэліус, Б.Брытэн. Р. стаў, з аднаго боку, галіной неакласіцызму (І.Стравінскі, А.Шнітке), а з другога — аб’ектам эксперыментаў у навейшых муз. плынях (Дз.Лігеці).
У бел. музыцы рысы Р. маюць паэма-Р. «Хатынскія званы» Ю.Семянякі, Р.-балада А.Мдывані, Р. «Помніце» Л.Шлег і інш. 2) У літаратуры — жанрава-стылявы тып твора спецыфічнага ідэйна-маральнага зместу — жалобна-элегічнага ці гераічнага, у якім паэтычна апяваюцца (нярэдка ў традыцыях нар. галашэнняў) ахвяры, страты і адначасова раскрываюцца магутнасць і хараство жыццёвых сіл, здольных процістаяць злу. У Р. спалучаюцца лірычна-прачулы журботны (ці трагічна-балючы) і ўзвышана-суровы, стрымана-ўрачысты, часам прамоўніцка-публіцыстычны пачаткі. У бел. л-ры рысы Р. ўпершыню праявіліся ў творах пач. 20 ст. («Зваяваным», «Курган» Я.Купалы, «Страцім-лебедзь», «Максім і Магдалена» М.Багдановіча). У сучаснай паэзіі Р. найчасцей увасабляецца ў жанрах паэмы, балады. Трагічнае пачуццё страт і гарачы антыфаш. пафас, высокае філас.-гуманіст. асэнсаванне праблем сучаснасці характэрны для паэм «Блакада» Р.Барадуліна, «Голас сэрца» П.Броўкі, «Паэма расстання» Г.Бураўкіна, «Заазёр’е» А.Вярцінскага, «Трыпутнік» К.Кірэенкі, «Варшаўскі шлях» А.Куляшова, «Паэма жніва» Н.Мацяш. Асаблівасці Р. ўласцівы малым паэт. формам, дзе зліваюцца трагічнае і гераічнае («Хатынскі снег» Бураўкіна, «Рэквіем» Вярцінскага, «Над брацкай магілай» Куляшова, «Рэквіем» М.Танка і інш.). Радзей Р. выяўляе сябе ў прозе: у ёй слаба выражаны інтанацыйны лад, эмацыянальнае гучанне. Рысы Р. ўласцівы творам А.Адамовіча «Хатынская аповесць», В.Быкава «Абеліск», «Мёртвым не баліць», «Знак бяды», «Аблава», В.Казько «Суд у Слабадзе», І.Пташнікава «Тартак», дакумент.кн. Адамовіча, Я.Брыля, У.Калесніка «Я з вогненнай вёскі», С.Алексіевіч «Чарнобыльская малітва».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЭ́ЗІЯ (ад грэч. poiēsis творчасць),
1) адзін з асноўных (побач з прозай) тыпаў мастацтва слова, які грунтуецца на вершаваным спосабе арганізацыі моўнага матэрыялу.
2) Вершапісанне розных мастакоў слова, аб’яднаных межамі пэўнай гіст. эпохі (напр., антычная П., П. Адраджэння), а таксама сукупнасць твораў аднаго аўтара ў розных родах і жанрах л-ры (напр., творчасць А.Пушкіна ўключае і драматургію ў вершах, і лірычную П., і раман у вершах, і вершаваную прозу).
3) Лірыка як род л-ры (побач з эпасам і драмай).
4) Мастацкая літаратура наогул (у адрозненне ад навуковай).
5) У пераносным сэнсе — высокі, натхнёны строй пачуццяў (у адрозненне ад прагматычна-утылітарнага, разумовага дачынення). У апошнім значэнні П. выступае як адметная якасць чалавечых адносін, характарыстыка спосабу асвойвання свету.
Як квінтэсенцыя прыстасавальных адносін П. можа існаваць толькі ў пачуццёва ўспрымальных вобразах; з’яўляецца маст. феноменам псіхаідэалаг. культуры. Найб. арганічна існуе ў вершах і паэмах, але пафас яе тлумачэння далёкі ад П. як гамы лірычных перажыванняў, таму ў паэтызацыі аналітычны пачатак прысутнічае ў мінім. ступені і для яе не патрэбны стылявыя кампаненты, якія здольны перадаваць ідэю, канцэптуальны сэнс (сітуацыя, сюжэт, прадметная і псіхал. дэталь, мова персанажаў і інш. — тое, што характэрна для прозы). Для перадачы П. актуальнымі з’яўляюцца алітэрацыя, асананс, рытм, метафара і інш. Узняты строй думак, уласцівы П., можа выяўляцца ў вершах і прозе, музыцы і жывапісе, адносінах да творчасці і г.д. Паэтычнасць растворана ў сувязях чалавека з сусветам, таму аб’ектаў паэт. адносін вял. мноства. Аднак далёка не кожны аб’ект паддаецца паэтызацыі (напр., немагчыма апаэтызаваць смерць, перажыванні скнары ці забойцы і інш.). П. і паэтызацыя, як правіла, не паддаюцца спробам аб’ектыўна-рацыяналістычнага вытлумачэння, бо гэты занятак знішчае сам дух П.
Вытокі бел. П. ў вуснай нар. творчасці (песні, балады, замовы). Першыя пісьмовыя ўзоры П. вядомы з пач. 16 ст.: творы Ф.Скарыны, Міколы Гусоўскага (на лац. мове), А.Рымшы, Я.Пашкевіча, Сімяона Полацкага і інш., вершы якіх мелі пераважна сілабічную структуру (гл.Сілабічнае вершаскладанне). Паступова бел. П. танізуецца, асабліва ў 1-й пал. 19 ст., калі з’явіліся ананімныя паэмы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе», творы В.Дуніна-Марцінкевіча, Я.Чачота, Я.Баршчэўскага, А.Рыпінскага, П.Багрыма, У.Сыракомлі і інш. Найважнейшым прадметам маст. пазнання стала чалавечая асоба, дэтэрмінаваная сац.-гіст. абставінамі. Пашырылася жанравая разнастайнасць П., ускладнілася маст. структура верша (творы Ф.Багушэвіча, Я.Лучыны, А.Гурыновіча). Класікі бел. П. Я.Купала, Я.Колас, М.Багдановіч, Цётка сінтэзавалі дасягненні папярэднікаў, узнялі П. на ўзровень сусв. л-ры. Пабольшала роля экспрэсіўнай паэт. мовы, індывід. пачатку ў П.; побач з удасканаленнем сілаба-тонікі (гл.Сілаба-танічнае вершаскладанне) з’явіліся такія формы верша, як верлібр, дольнік і інш., што забяспечыла ёй багатую рытміка-інтанацыйную выразнасць. Актыўнае ўзаемадзеянне формы і сэнсу адбываецца на ўсіх узроўнях паэт. творчасці, павышаючы ёмістасць вобраза і выразныя магчымасці слова. Паэты дамагаюцца высокай канцэнтрацыі выяўл. элементаў маўлення; умелае выкарыстанне паўз, націскаў рытмічнай плыні садзейнічае шматграннаму выяўленню аўтарскай інтанацыі ва ўсіх яе нюансах і дапамагае адчуць найтанчэйшыя ідэйна-маст. адценні. Пра развіццё бел. П. гл. таксама ў раздзеле Літаратура арт.Беларусь.
Літ.:
Жирмунский В.М. Теория стиха. Л., 1975;
Ралько І.Д. Беларускі верш: Старонкі гісторыі і тэорыі. Мн., 1969;
Сучасная беларуская паэзія. Мн., 1970;
Лойка А.А. Беларуская паэзія пачатку XX ст.Мн., 1972;
Шпакоўскі І.С. Структура вершаванага вобраза. Мн., 1972;
Грынчык М.М. Шляхі беларускага вершаскладання. Мн., 1973;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРО́ЎКА (Пятрусь) (Пётр Усцінавіч; 25.6.1905, в. Пуцілкавічы Ушацкага р-на Віцебскай вобл. — 24.3.1980),
бел. паэт і грамадскі дзеяч. Нар. паэт Беларусі (1962). Акад.АН Беларусі (1966, чл.-кар. з 1953). Засл. дз. нав. Беларусі (1975). Герой Сац. Працы (1972). Скончыў БДУ (1931). З 1918 працаваў перапісчыкам у Велікадолецкім ваен. камісарыяце, справаводам у валвыканкоме, рахункаводам у саўгасе, старшынёй Маладолецкага сельсавета. У 1925 накіраваны на працу ў Полацкі акр.к-т ЛКСМБ. У 1927—28 адказны сакратар газ. «Чырвоная Полаччына». З 1940 рэдактар час. «Полымя». У 1941—42 працаваў у франтавой газ. «За Савецкую Беларусь», супрацоўнічаў у партыз. друку. З 1943 адказны сакратар СП БССР, з 1945 рэдактар час. «Полымя». У 1948—67 старшыня праўлення СП БССР, у 1967—80 гал. рэдактар выд-ва «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя».
Друкаваўся з 1926. Першыя зб-кі «Гады як шторм» і «Прамова фактамі» (1930), «Цэхавыя будні» і аповесць «Каландры» (1931). Ранняя лірыка прасякнута матывамі ўслаўлення рэвалюцыі, новай рэчаіснасці. Пераадольваючы пэўную рытарычнасць і рамант. схематызм, паэт авалодваў прынцыпамі канкрэтна-рэаліст. адлюстравання жыцця (зб. «Прыход героя», 1935). У героіка-рамант. паэме «Праз горы і стэп» (1932), прысвечанай падзеям грамадз. вайны, і рэаліст.-быт. Паэме «1914» (1935) канкрэтнасць лірычнага перажывання, праўдзівасць у раскрыцці чалавечых характараў. У зб-ках «Вясна Радзімы» (1937) і «Шляхамі баравымі» (1940) побач з грамадскімі праблемамі значнае месца займае інтымная і пейзажная лірыка. Паэт плённа вучыцца ў Я.Купалы, арганічна засвойвае асаблівасці нар.-паэт. мыслення, часцей звяртаецца да лірыка-песенных формаў. У гады Вял.Айч. вайны паглыбляецца эмацыянальны і рэаліст. змест паэзіі Броўкі, узмацняецца яе патрыят. гучанне. Подзвіг народа, тэма вернасці Радзіме, пераемнасці гераічных традыцый атрымалі глыбокае лірычнае і шырокае эпічнае ўвасабленне ў «Паэме пра Смалячкова» (1943), паэмах «Беларусь» (1943) і «Ясны кут» (1944), вершах «Кастусь Каліноўскі», «Надзя-Надзейка», «Рана», «Магіла байца», «Будзем сеяць, беларусы!». Многія творы Броўкі пасляваен. часу (паэма «Паланянка», 1945; вершы «Парк Перамогі», «Смерць героя») яшчэ звязаны з яго франтавой лірыкай, але пафас творчасці паэта вызначае тэма мірнай працы (паэма «Хлеб», 1946). Працоўны подзвіг народа, барацьба за мір адлюстраваны ў зб-ках «У роднай хаце» (1946), «Дарога жыцця» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951), «Сонечнымі днямі» (1950), «Цвёрдымі крокамі» (1954), рамане «Калі зліваюцца рэкі» (1956, Літ. прэмія імя Я.Коласа 1959; па матывах рамана балет Г.Вагнера «Святло і цені», паст. 1963). У некаторых творах гэтага часу ілюстрацыйнасць, святочная параднасць, ідэалізацыя дасягненняў. За паэму «Хлеб», вершы «Думы пра Маскву», «Брат і сястра», «Народнае дзякуй», «Каб мне стаць...», «Спатканне» прысуджана Дзярж. прэмія СССР 1947. У 1960—70-я г. ўзмацнілася ўвага паэта да маральна-этычных, агульначалавечых праблем, шырокае гучанне набыла інтэрнац. тэма. У паэзіі дасягнуў цэласнасці лірычнага характару, гарманічнасці ў выяўленні асабістага і грамадскага. Творчасць Броўкі напоўнілася матывамі, звязанымі з асабістай біяграфіяй, з камсамольскім юнацтвам, маладосцю, авеянымі героікай рэв. барацьбы. Вяршынным дасягненнем творчасці Броўкі сталі зб-кі «Пахне чабор» (1959), «А дні ідуць» (1961, Ленінская прэмія 1962), «Заўсёды з Леніным» (1967), «Між чырвоных рабін» (1969, Дзярж. прэмія БССР імя Я.Купалы 1970), «Калі ласка» (1972), «І ўдзень і ўночы...» і кніга прозы «Разам з камісарам» (1974). У паэме «Голас сэрца» (1960) пранікнёна адгукнулася памяць пра маці, закатаваную ў фаш. канцлагеры. Броўка — паэт высокага грамадз. пафасу, мастак з ярка выяўленай рамант. патэтыкай і песенна-лірычнай накіраванасцю. Яго паэзіі ўласціва адкрытая публіцыстычнасць, маштабнасць, народнасць маст. мыслення, прастата рэаліст. светаадчування. Напісаў лібрэта опер «Міхась Падгорны», «Алеся» (з Я.Рамановічам). На бел. мову перакладаў творы Т.Шаўчэнкі, У.Маякоўскага, П.Тычыны, М.Бажана, А.Твардоўскага, М.Ісакоўскага, А.Пракоф’ева, У.Бранеўскага, Дж.Байрана і інш.Дзярж. прэмія БССР 1976 за ўдзел у выданні Бел.Сав. Энцыклапедыі.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—7. Мн., 1975—78;
Зб.тв.Т. 1—9. Мн., 1987—92.
Літ.:
Ярош М. Пятрусь Броўка: Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1981;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЫНЬКО́Ў (Міхась) (Міхаіл Ціханавіч; 30.11.1899, в. Зазыбы Віцебскага р-на — 21.9.1975),
бел. пісьменнік, літ.-знавец, грамадскі дзеяч. Нар. пісьменнік Беларусі (1962). Акад.АН Беларусі (1953, чл.-кар. 1936). Скончыў Рагачоўскую настаўніцкую семінарыю (1917). У грамадз. вайну ўдзельнічаў у партыз. руху. Настаўнічаў у Буда-Кашалёўскім і Рагачоўскім р-нах (1917—19 і 1922—25). У 1919—22 у Чырв. Арміі. З 1925 працаваў адказным сакратаром, рэдактарам бабруйскай акр.газ. «Камуніст». З 1930 у Дзярж. выд-ве «Беларусь», у 1933—41 гал. рэдактар час. «Полымя рэвалюцыі». Быў арганізатарам і кіраўніком Бабруйскай філіі «Маладняка», адным з кіраўнікоў БелАПП. Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі (1938—48). Рэдактар газ. «Беларуская звязда» (1939), «За Савецкую Беларусь» (1941—42). У 1943-46 і 1949—52 дырэктар Ін-та л-ры, мовы і мастацтва АН Беларусі. Друкаваўся з 1919. Асабліва моцны ўплыў зрабілі на Л. рамант. стылёва-выяўл. традыцыі рус. л-ры. У апавяданнях 1920—30-х г. (зб-кі «Апавяданні», 1927; «Гой», 1929, «Андрэй Лятун», 1930, «Саўка-агіцірнік», 1933, «На вялікай хвалі», 1934, і інш.) пераважна на аснове асабістага жыццёвага вопыту пісаў пра рэвалюцыю і грамадз. вайну, паказваў барацьбу за новы грамадскі лад («Над Бугам», «Крот», «Манчжур», «Кватармайстар Бадай», «Сінія галіфэ» і інш.), як змяняліся міжнац. адносіны («Гой»), усталёўваўся новы побыт («У мястэчку»), Паэтызаваў працу простых людзей, асэнсоўваў яе як крыніцу сапраўднай духоўнасці («Андрэй Лятун»). Шмат увагі аддаваў паказу гарадскога і местачковага жыцця, рабочага асяроддзя («Гома», «Чыгунныя песні», «Журавель мой, журавель» і інш.). Рэалістычны паказ старой бел. вёскі складае асн. змест няскончанага рамана «На чырвоных лядах» (1934). У аповесцях для дзяцей «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў» (1935) і «Міколка-паравоз» (1936, кінафільм 1957) створана дынамічная і займальная падзейная плынь, у якой яркая і маляўнічая апавядальнасць атрымала лірыка-гумарыстычную афарбоўку. Жыццё працоўных Зах. Беларусі паказаў у зб. апавяданняў «Сустрэчы» (1940). Гераізм і самаахвярная мужнасць народа ў барацьбе з фашызмам у перыяд Вял.Айч. вайны паказаны ў напоўненых драматызмам і трагедыйнасцю апавяданнях са зб. «Астап» (1944). У многіх з іх гучыць тэма знявечанага фаш. акупацыяй дзяцінства («Дзіцячы башмачок», «Недапетыя песні», «Пацалунак» і інш.). Яркія эпізоды партыз. вайны на Беларусі супраць ням.-фаш. акупантаў атрымалі эмацыянальна-ўсхваляванае адлюстраванне ў рамане «Векапомныя дні» (кн. 1—4, 1-е поўнае выд. 1958; Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1968). На матэрыяле замежных паездак напісаў кн. замалёвак, нарысаў і апавяданняў «За акіянам» (1962). Публіцыстычнае майстэрства Л. найб. выявілася ў артыкулах і сатыр. замалёўках перыяду Вял.Айч. вайны («Смачны жабе арэх, ды зубоў бог не даў...», «Цешыўся старац, што перажыў марац, ажно ў маю нясуць яго да гаю...» і інш.), у нарысах «Шляхамі вайны» (1945), «Пад сонцам Індыі» (1957). У літ.-знаўчых і крытычных работах абараняў праўдзівасць, даследчы пафас л-ры, змагаўся супраць спрошчанага, вульгарызатарскага яе разумення. Пісаў пра жыццё і творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, К.Крапівы, К.Чорнага, І.Мележа, Я.Брыля, І.Шамякіна і інш.бел. пісьменнікаў, Т.Шаўчэнку, рус. і зарубежных класікаў (А.Пушкіна, М.Гогаля, М.Някрасава, Л.Талстога, Ф.Дастаеўскага, А.Чэхава, М.Горкага, Р.Тагора), дзеячаў сусв. культуры (Я.Каменскага і інш.). На бел. мову перакладаў творы М.Горкага і М.Ціханава. Помнікі Л. ў в. Крынкі Лёзненскага р-на і на магіле ў Мінску (на Усходніх могілках); музеі ў Крынкаўскай і Бронніцкай (Буда-Кашалёўскі р-н) школах.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—4. Мн., 1967—68;
Зб.тв.Т. 1—8. Мн., 1981—85;
Летапіс эпохі. Мн., 1968;
Літаратура і жыццё. Мн., 1978;
Публіцыстыка. Мн., 1980;
Насустрач жыццю: Апавяданні. Мн., 1988;
Міколка-паравоз: Аповесці і апавяданні. Мн., 1989.
Літ.:
Бугаёў Дз. Шчодрае сэрца пісьменніка. Мн., 1963;
Яго ж. Чалавечнасць. Мн., 1985;
Куляшоў Ф.І. Міхась Лынькоў. Мн., 1979;
Яго ж. Міхась Лынькоў: Семінарый. Мн., 1963;
Дзюбайла П.К. Беларускі раман аб Вялікай Айчыннай вайне. Мн., 1964;
Пашкевіч Н.Е. На шырокіх шляхах жыцця. Мн., 1965;
Святло яго душы. Мн., 1979;
Скрыган Я. Некалькі хвілін чужога жыцця. 2 выд.Мн., 1990;
Гілевіч Н. Удзячнасць і абавязак. Мн., 1982;
Бачыла А. Крыло неспакою. Мн., 1985;
Мушынскі М. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства: 40-я — першая палавіна 60-х гг.Мн., 1985;
Кенька М. Міхась Лынькоў: Летапіс жыцця і творчасці. Мн., 1987.