сукупнасць метадаў вымярэння вязкасці. Існуе шмат метадаў і вісказіметраў розных канструкцый для вымярэння вязкасці, што абумоўлена шырокім дыяпазонам значэнняў вязкасці (ад 10−5 Па∙с у газаў да 1012 Па∙с у палімераў) і неабходнасцю яе вымярэння пры нізкіх ці высокіх т-рах і цісках (напр., звадкаваныя газы, расплавы металаў).
Эксперыментальна вязкасць вызначаюць абс. ці адноснымі метадамі. Абс. метадамі вымяраюць датычнае напружанне τ, скорасць зруху γ̇ пры цячэнні даследавальнага рэчыва і вызначаюць вязкасць η = τ/γ̇. Пры вымярэнні адноснымі метадамі карыстаюцца вісказіметрамі, пракалібраванымі па вадкасцях (газах) з вядомай вязкасцю. М.-Р.Пракапчук.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРАТАНІ́Н (ад лац. serum сываратка + грэч. tonos напружанне),
біялагічна актыўнае рэчыва, адзін з медыятараўнерв. сістэмы. Удзельнічае ў перадачы нерв. імпульсаў, садзейнічае надыходу сну, прыгнечвае болевую адчувальнасць, зніжае т-ру цела, выклікае скарачэнне гладкіх мышцаў, павялічвае згусальнасць крыві, валодае радыеахоўнымі ўласцівасцямі і інш. Прысутнічае ў тканках большасці жывёл і раслін (шмат у бананах, ананасах).
У млекакормячых і чалавека да 90% С. ўтрымліваецца ў кішэчніку, ёсць таксама ў трамбацытах, гіпаталамусе, эпіфізе. Недахоп С. ў мозгу адзначаецца пры дэпрэсіях, эпілепсіі і інш., лішак прыводзіць да спазмы бронхаў, боляў у жываце. У медыцыне выкарыстоўваюць як кроваспыняльны сродак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРАСТАТЫ́ЧНЫ ГЕНЕРА́ТАР,
генератар, у якім высокае пастаяннае напружанне (да дзесяткаў мегавольт) ствараецца мех. пераносам эл. зарадаў зараданосьбітам.
Адрозніваюць Э.г.: з жорсткімі носьбітамі ў выглядзе цыліндраў або дыскаў, з гнуткімі дыэл. стужкамі (Ван-дэ-Граафа генератар), з пылавымі або вадкаснымі транспарцёрамі і інш. Выкарыстоўваюцца як крыніцы высокага напружання невял. магутнасці, а таксама ў спалучэнні з паскаральнымі трубкамі ў электрастатычных паскаральніках зараджаных часціц (паскаральнікі прамога дзеяння, інжэктары і інш.).
Схема электрастатычнага генератара Вандэ-Граафа з дыэлектрычным транспарцёрам зарадаў: 1 — прыстасаванне для нанясення і здымання зарадаў; 2 — валы транспарцёра; 3 — высакавольтны электрод; 4 — транспарцёр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕ́ЙНАЕ ЗНАЧЭ́ННЕ, эфектыўнае значэнне,
сярэднеквадратычнае за перыяд значэнне перыядычнай эл. велічыні (сілы току, напружання і інш.). Напр., Дз.з. сілы пераменнага току вызначаецца цеплавым дзеяннем току (Джоўля—Ленца закон захоўвае свой від, калі пад сілай пераменнага току разумеюць яго Дз.з.). Для велічынь, якія змяняюцца па сінусаідальным законе, Дз.з. ў √2 разоў меншае за амплітуду (найб. значэнне). У электратэхніцы Дз.з. напружання, электрарухальнай сілы і сілы току запісваюць без якіх-н. адзнак (усе амперметры і вальтметры вымяраюць Дз.з. току і напружання), напр., калі ў эл. сетцы напружанне 220 В, то менавіта 220 В — Дз.з. напружання, а яго амплітуднае значэнне (двойчы за перыяд) роўнае 220 √2 В.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭ́ТАНУС (лац. tetanus ад грэч. tetanos напружанне, здранцвенне, сутарга),
стан працяглага скарачэння і макс. напружання мышцаў; аснова дынамічнай і статычнай дзейнасці арганізма. Выклікаецца паступленнем нерв. імпульсаў з такой частатой, што іх эфекты падсумоўваюцца (кожнае наступнае раздражненне трапляе ў фазу павышанай узбудлівасці мышачнага валакна). Адрозніваюць Т. зубчасты (узнікае, калі ў адказ на раздражненне мышца пачынае скарачацца, не паспеўшы поўнасцю расслабіцца) і гладкі (утвараецца пры больш высокай частаце раздражнення, калі кожны наступны стымул прыходзіць у фазу ўкарочвання мышцы). Па амплітудзе і працягласці Т. значна перавышае адзінкавае скарачэнне, а для мышачных валокнаў, што тэтанічна скарачаюцца, характэрна адносна хуткая стамляльнасць з прычыны значнага расходу энергіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭАКТЫ́ЎНАЯ МАГУ́ТНАСЦЬ,
фізічная велічыня, якая характарызуе скорасць змены эл.-магн. энергіі, назапашанай у шпулі індуктыўнасці і кандэнсатары, а таксама скорасць перадачы энергіі ад крыніцы да прыёмніка і назад. Абазначаецца Q, вымяраецца ў вольт-амперах рэактыўных.
У ланцугах сінусаідальнага току роўная Q = UIsinφ, дзе U — напружанне, I — сіла току, φ — вугал зруху фаз паміж напружаннем і токам. Звязана з поўнай S і актыўнай магутнасцюP суадносінамі:
(гл.Магутнасць электрычная). Цыркуляцыя рэактыўнай энергіі ў эл. ланцугах выклікае дадатковыя страты энергіі і падзенне напружання ў ЛЭП, загружае эл. сетку і генератары. Таму Р.м. у эл. сетках звычайна кампенсуюць падключэннем токапрыёмнікаў, якія ствараюць процілеглы зрух фаз (эл. кандэнсатараў, сінхронных кампенсатараў, рэактараў электрычных і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭАСТА́Т (ад грэч. rheos цячэнне, паток + statos нерухомы),
электрычны апарат (пераменны рэзістар) для плаўнага або ступеньчатага рэгулявання (абмежавання) сілы току і напружання ў эл. ланцугах.
Залежна ад матэрыялу супраціўлення бываюць метал. (праваднікі з канстантану, ніхрому і інш.), вадкасныя (праваднік — электраліт) і вугальныя (слупкі з тонкіх вугальных шайбаў). Уключаюцца паслядоўна (для змены сілы току ці напружання ў невял. межах) ці паралельна (для рэгулявання ў шырокім дыяпазоне — ад нуля да макс. значэнняў) Выкарыстоўваюцца як пускавыя, рэгулявальныя, нагрузачныя, вымяральныя і інш.Гл. таксама Атэнюатар, Дзялільнік напружання, Патэнцыёметр.
Рэастат: а — лабараторнага тыпу з неперарыўнай зменай супраціўлення; б і в — паслядоўная і паралельная схемы ўключэння; U — напружанне крыніцы току; 1 — рэастат; 2 — нагрузка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРААКУСТЫ́ЧНЫЯ І ЭЛЕКТРАМЕХАНІ́ЧНЫЯ АНАЛО́ГІІ,
аналогіі ў законах руху мех.вагальных сістэм і эл.вагальных контураў. Грунтуюцца на аднолькавасці дыферэнцыяльных ураўненняў (з дакладнасцю да абазначэнняў велічынь), якія апісваюць стан гэтых вагальных сістэм. Метад Э. і э.а. выкарыстоўваецца для разлікаў электрамех. і электраакустычных пераўтваральнікаў, у т. л. складаных мех. сістэм з некалькімі ступенямі свабоды. Такія сістэмы разглядаюць як сукупнасць вагальных контураў і атрыманую эл. схему (эквівалентную схему) даследуюць метадамі электратэхнікі.
Да арт.Электраакустычныя і электрамеханічныя аналогіі. Прыклады электрычных і механічных аналагаў: 1 — паслядоўны і паралельны электрычныя контуры (L — шпуля індуктыўнасці; C — кандэнсатар; B — супраціўленне; U — электрычнае напружанне; i — ток); 2 — спружынны маятнік з 1 ступенню свабоды (S — пругкая спружына; m — маса цела; r — супраціўленне руху).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРАТО́Н (ад электра... + грэч. tonos напружанне),
змена ўзбудлівасці і праводнасці жывой тканкі ад дзеяння пастаяннага эл. току. Выяўлены ням. фізіёлагам Э.Пфлюгерам (1859).
Адрозніваюць анэлектратон, катэлектратон і катадычную дэпрэсію. Пры дзеянні пастаяннага эл. току на нерв. валакно або мышцу непасрэдна пад катодам і ў суседніх участках тканкі павышаецца ўзбудлівасць (катэлектратон); пад анодам яна зніжаецца (анэлектратон). Пры працяглым уздзеянні эл. току на тканкі характар узбудлівасці мяняецца: пад катодам пач. павышэнне змяняецца паніжэннем (катадычная дэпрэсія). Праходжанне пастаяннага эл. току праз жывыя клеткі суправаджаецца зменамі палярызацыі іх мембран у бок змяншэння (дэпалярызацыя) і ў бок павелічэння (гіперпалярызацыя). Вывучэнне Э. дазволіла выкарыстоўваць яго ў эксперым. нейрафізіялогіі, неўралагічнай і нейрахірург. практыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРО́ННА-ДЗІ́РАЧНЫ ПЕРАХО́Д, p—n-пераход,
вобласць паўправадніка, у якой тып эл. праводнасці мяняецца ад дзірачнай p (легіраванай акцэптарамі) да электроннай n (легіраванай донарамі).
Пры адсутнасці току кантактнае эл. поле, накіраванае ад нескампенсаваных электронамі праводнасці дадатна зараджаных донараў да нескампенсаваных дзіркамі адмоўна зараджаных акцэптараў, перашкаджае дыфузіі электронаў і дзірак насустрач адзін аднаму. Падвойны электрычны слой паміж электранейтральнымі p- і n-абласцямі з’яўляецца энергет. бар’ерам для руху электронаў n-вобласці ў p-вобласць і дзірак p-вобласці ў n-вобласць. Калі знешні дадатны эл. патэнцыял прыкладзены да p-вобласці, а адмоўны — да n-вобласці, г.зн. знешняе эл. поле накіравана процілегла кантактнаму полю, то энергет. бар’ер для руху электронаў і дзірак памяншаецца (прамое зрушэнне). Калі дадатны патэнцыял прыкладзены да n-вобласці, а адмоўны — да p-вобласці, то энергет. бар’ер павялічваецца (адваротнае зрушэнне). Адсюль вынікае асн. ўласцівасць p—n-пераходу — залежнасць яго супраціўлення ад напрамку і велічыні знешняга эл. поля. Пры прыкладанні да Э.-дз.п. дастаткова вял. адваротнага зрушэння ўзнікае электрычны прабойp—n-пераходу, і ток рэзка нарастае. Залежнасць таўшчыні падвойнага эл. слоя ад рознасці патэнцыялаў паміж n- і p-абласцямі дае магчымасць выкарыстоўваць Э.-дз.п. як кандэнсатар з ёмістасцю, кіравальнай знешняй крыніцай эл. поля. На залежнасці току насычэння ад розных знешніх уздзеянняў (цеплавых, мех., аптычных і інш.) заснаваны прынцыпы работы датчыкаў т-ры, ціску, іанізавальных выпрамяненняў і інш. Э.-дз.п. — аснова многіх паўправадніковых прылад (транзістараў, тырыстараў, лазерных дыёдаў, сонечных батарэй і інш.).
Літ.:
Гл. да арт.Паўправадніковыя прылады.
М.А.Паклонскі.
Да арт.Электронна-дзірачны пераход: 1 — схема p-n-пераходу (з электрычнымі кантактамі); 2 — залежнасць току I праз p-n-пераход ад рознасці электрычных патэнцыялаў U паміж электранейтральнымі p- і n-абласцямі: U1 — напружанне адкрывання p—n-пераходу; IS — ток насычэння; U2 — прабіўное напружанне (|U2| ≫ |U1|. Залежнасці I(U) пры прамым і адваротным зрушэннях прыведзены ў розных маштабах.