ЭЛЕКТРАТО́Н (ад электра... + грэч. tonos напружанне),
змена ўзбудлівасці і праводнасці жывой тканкі ад дзеяння пастаяннага эл. току. Выяўлены ням. фізіёлагам Э.Пфлюгерам (1859).
Адрозніваюць анэлектратон, катэлектратон і катадычную дэпрэсію. Пры дзеянні пастаяннага эл. току на нерв. валакно або мышцу непасрэдна пад катодам і ў суседніх участках тканкі павышаецца ўзбудлівасць (катэлектратон); пад анодам яна зніжаецца (анэлектратон). Пры працяглым уздзеянні эл. току на тканкі характар узбудлівасці мяняецца: пад катодам пач. павышэнне змяняецца паніжэннем (катадычная дэпрэсія). Праходжанне пастаяннага эл. току праз жывыя клеткі суправаджаецца зменамі палярызацыі іх мембран у бок змяншэння (дэпалярызацыя) і ў бок павелічэння (гіперпалярызацыя). Вывучэнне Э. дазволіла выкарыстоўваць яго ў эксперым. нейрафізіялогіі, неўралагічнай і нейрахірург. практыцы.
т. 18, кн. 1, с. 92
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)