БЕ́РЫ-БЕ́РЫ (ад сінгальскага beri слабасць),

авітаміноз B1, полінеўрыт аліментарны, хвароба, якая характарызуецца пашкоджаннем перыферычных нерваў, сардэчна-сасудзістай сістэмы і ацёкамі ад недастатковага паступлення ў арганізм вітаміну B1 (тыяміну) ці парушэння яго абмену. Першасны B1-авітаміноз сустракаецца ў краінах Паўд. і Усх. Азіі, дзе насельніцтва харчуецца ў асн. паліраваным рысам, у якім мала тыяміну і інш. вітамінаў групы B. Другасны B1-авітаміноз бывае ад парушэння ўсмоктвання, засваення і абмену тыяміну пры хранічных хваробах тонкай кішкі (калі выключаны з ежы грубыя сарты хлеба, крупы, боб і інш.), пры паскораным разбурэнні ці павышаным выкарыстанні вітамінаў групы B (пры тырэатаксікозе, алкагалізме, цяжарнасці і кармленні грудзьмі, цяжкай фіз. працы, рабоце пры нізкай або высокай тэмпературы).

Адрозніваюць 3 формы хваробы. Сухая (атрафічная) форма з пераважным пашкоджаннем перыферычных нерваў (слабасць і парушэнні адчувальнасці пераважна ніжніх канечнасцяў, атрафія мышцаў), вострая (вільготная) з пераважным пашкоджаннем сардэчна-сасудзістай сістэмы (агульная слабасць, бяссонніца, галаўны боль, перабоі сэрца, ацёкі і інш.), дзіцячая (у асн. груднога ўзросту), калі маці хварэюць на гэтую хваробу і ў малацэ адсутнічае тыямін (адмаўленне дзіцяці ад грудзей, страта ў масе, агульны неспакой, цяжкае дыханне, асіпласць голасу). Лячэнне: вял. дозы тыяміну ўнутр і ў выглядзе ін’екцый.

Г.​Г.​Шанько.

т. 3, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́ТВА НА ВЯДРО́ШЫ 1500.

Адбылася ў ходзе вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1500—03 на р. Вядроша 14.7.1500. З пачаткам вайны вясной 1500 баявыя дзеянні адбываліся ўздоўж усёй дзярж. мяжы. Вял. князь ВКЛ Аляксандр накіраваў войскі гетмана К.​І.​Астрожскага да Смаленска «стеречи границы», дзе да яго далучыўся гарнізон пад камандаю С.​П.​Кішкі. Пасля гэтага 4—5-тысячнае войска ВКЛ рушыла пад Дарагабуж, дзе стаяў маскоўскі ваявода Ю.​Захар’іч з войскам у 20 тыс. чал. (паводле інш. звестак да 40 тыс. чал.). На пачатку бітвы Астрожскі разбіў авангард маск. войска на левым беразе р. Вядроша, пасля перайшоў раку і атакаваў гал. сілы праціўніка, якімі кіраваў Д.​В.​Шчэня. Зыход 6-гадзіннай бітвы прадвызначыла флангавая атака засаднага маск. палка. Харугвы Астрожскага пачалі адступаць і былі разбіты. Маск. воіны знішчылі мост цераз р. Трасна і дабівалі войска ВКЛ на яе левым беразе. Уцёкамі ўратаваўся толькі Кішка з чатырма ротмістрамі і з некалькімі сотнямі воінаў. Астрожскі з многімі князямі і воінамі трапіў у палон. У выніку бітвы ВКЛ страціла лепшае войска і апынулася ў цяжкім ваенна-паліт. становішчы.

Г.​М.​Сагановіч.

т. 3, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНТЫГІ́РДАВІЧЫ (Мантыгердавічы),

дзяржаўныя дзеячы і буйныя землеўладальнікі ВКЛ у 14—15 ст. Родапачынальнік — баярын Мантыгірд (Мантыгерд), намеснік полацкі ў 1396. Меў некалькі сыноў і пляменнікаў, з іх ад Наруша пайшоў шляхецкі род Нарушэвічаў. З прамых нашчадкаў Мантыгірда найб. вядомыя:

Пётр (Петраш; каля 1390—1459), сын Мантыгірда. У час заключэння Гарадзельскай уніі 1413 разам з братамі і родзічамі прыняў герб «Вадвіч». Староста падольскі ў 1418, маршалак надворны ў 1422—31, намеснік новагародскі ў 1431, маршалак земскі з 1434. Член рады вял. кн. Жыгімонта Кейстутавіча і Казіміра IV. Атрымаў мястэчкі Іўе ад вял. кн. Казіміра (1444) і Лоск пасля жаніцьбы з дачкой кн. Фёдара Карыбутавіча Ганнай. Пётр Янавіч (мянушка Белы; каля 1440—19?), унук Пятра, намеснік браслаўскі, маршалак надворны ў 1480—82, староста луцкі, маршалак валынскі ў 1487, ваявода трокскі і маршалак земскі з 1491. Неаднаразовы ўдзельнік пасольстваў вял. кн. Аляксандра ў Маскву. Уладальнік Іўя і Лоска, Дубровы і Нядрэзска ў Заслаўскім княстве, Шацка і Цітвы ў Менскім пав., Лахвы на Палессі, Алыкі на Валыні; у 1492 атрымаў Нясвіж. Яго адзіны сын Ян загінуў у бітве на Вядрошы 1500, пасля чаго ўсе маёнткі адышлі да дачкі Соф’і, жонкі Станіслава Кішкі.

В.​Л.​Насевіч.

т. 10, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́ЧАНЬ,

буйная залоза ў чалавека, пазваночных і некаторых беспазваночных жывёл, якая ўдзельнічае ў працэсах стрававання, абмену рэчываў, кровазвароту, выконвае бар’ерную функцыю. Забяспечвае пастаянства ўнутр. асяроддзя арганізма. У П. ажыццяўляецца сінтэз і расшчапленне бялкоў, ліпідаў, вугляводаў (рэгулюе ўзровень цукру ў крыві), вітамінаў (утварае і назапашвае вітамін А).

Маса П. млекакормячых складае да 2—4% масы цела (адносная маса большая ў дробных жывёл з інтэнсіўным абменам рэчываў, у дзікіх і драпежнікаў). У чалавека маса П. каля 1,5 кг. П. большасці беспазваночных — вырасты пярэдняга аддзела сярэдняй кішкі або страўніка. У чалавека і пазваночных жывёл размешчана пераважна ў правай верхняй (пярэдняй) ч. брушной поласці, прылягае да дыяфрагмы, укрыта злучальна-тканкавай капсулай, якая ўрастае ў яе парэнхіму і падзяляе на некалькі долей (лопасцей). Строма П. ўтворана рэтыкулярнай тканкай, якая падзяляе асн. тканку на долькі (дыям. 0,5—2 мм, складаюцца з клетак аднаго тыпу — гепатацытаў, што сінтэзуюць жоўць). За 1 мін праз П. працякае 1,5 л крыві. У функцыі П. праяўляецца сутачны рытм, інтэнсіўнасць утварэння глікагену адрозніваецца раніцай і ўвечары. Здольная да рэгенерацыі (у пацукоў і сабак пры выдаленні да 70% масы органа аднаўляецца праз 14—60 дзён). Пра паталогію П. гл. Гепатыт інфекцыйны, Цыроз печані.

А.​С.​Леанцюк.

Печань: 1 — правая доля; 2 — левая доля; 3 — жоўцевы пузыр.

т. 12, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́СКАЯ ДРУКА́РНЯ Існавала ў 2-й пал. 16 ст. ў мяст. Лоск

(цяпер вёска ў Валожынскім р-не Мінскай вобл.). Была цэнтрам арыянскага кнігадрукавання ў ВКЛ. Засн. магнатам-арыянінам Янам Кішкам, які ў 1572 выкупіў у братоў М. і Г.​Кавячынскіх абсталяванне Нясвіжскай друкарні і размясціў яго ў сваім замку ў Лоску. У Л.д. выдаваліся кнігі на польскай і лац. мовах (вядома каля 20 выданняў). Працавалі друкары Д.​Ланчыцкі (1573—74),

Я.Карцан (1576—80), Ф.​Балямоўскі (1586—89?). Ідэйным кіраўніком друкарні ў 1570 — пач. 1580-х г. быў С.Будны. Сярод найб. значных выданняў творы Буднага: «Новы запавет» (пераклад, прадмова, каментарыі), «Пра дзве сутнасці Хрыста», «Кароткі доказ таго, што Хрыстос не з’яўляецца такім жа Богам, як Бог-Айцец», «Супраць хрышчэння дзяцей» (усе 1574), «Пра свецкую ўладу» (1583). Сярод інш. выданняў — палемічныя творы М.​Чаховіца, А.​Волана, кнігі Я.​Ліцынія Намыслоўскага, трактат Цыцэрона «Пра абавязкі» (1576, пераклад С.​Кашуцкага), Э.​Варамунда Фрыза «Пра фурыі, або Вар’яцтвы французскія» (1576, пераклад С.​Буднага; пра падзеі Варфаламееўскай ночы 1572), твор А.​Маджэўскага-Фрыча «Аб удасканаленні Рэчы Паспалітай» (1577, пераклад Ц.​Базыліка, прадмовы Волана, Буднага). Выданні Л.д. адметныя вострай палемічнай накіраванасцю, якая часта выходзіла за межы тэалагічных праблем і ўздымала пытанні дзярж. і сац. перабудовы грамадства. Друкарня перастала існаваць пасля смерці Я.​Кішкі (1592).

Літ.:

Drukarze dawnej Polski od XV do XVIII w. Z. 5. Wrocław;

Kraków, 1959.

Л.​С.​Іванова.

т. 9, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯСВІ́ЖСКІ КАСЦЁЛ ЕЗУІ́ТАЎ, Нясвіжскі касцёл Божага Цела, Нясвіжскі фарны касцёл,

помнік архітэктуры барока ў г. Нясвіж Мінскай вобл. Пабудаваны ў 1584—93 (арх. Дж.​Бернардоні) на ўзор гал. храма ордэна езуітаў Іль Джэзу ў Рыме.

У 1510 у Нясвіжы па фундацыі П.​Кішкі пабудаваны драўляны касцёл, у 1555 М.​Радзівіл Чорны перадаў яго кальвіністам. У 1581 яго сын М.​К.​Радзівіл Сіротка пачаў будаваць мураваны касцёл, прызначаны для езуітаў. Будынак храма ў выглядзе грэч. крыжа ў плане (захаваўся чарцёж канца 16 ст.) не задавальняў езуітаў і ў 1586 па ініцыятыве віленскага біскупа Ю.​Радзівіла быў разбураны. На месцы разбуранага пастаўлены новы мураваны касцёл — 3-нефавая крыжова-купальная базіліка з паўцыркульнай апсідай, па баках якой размешчаны 2-павярховыя прамавугольныя ў плане сакрысціі, і з 2 сіметрычна размешчанымі гранёнымі капліцамі, прыбудаванымі побач з крыламі трансепта. Бязвежавы гал. фасад вырашаны як самаст. сценка-шырма, завершаны трохвугольным франтонам. Інтэр’ер багата дэкарыраваны размалёўкай у тэхніцы грызайль. Фрэскі выкананы ў 1750—70-я г. з удзелам мастака К.​Д.​Гескага. У касцёле надмагіллі 17—19 ст. і фамільная пахавальня кн. Радзівілаў. Касцёл пабудаваны ў ансамблі з Нясвіжскай замкавай вежай, Нясвіжскім езуіцкім калегіумам. У 1747 у двары касцёла асобна пастаўлена капліца (арх. М.​Педэці).

Т.​В.​Габрусь, У.​А.​Чантурыя.

Нясвіжскі касцёл езуітаў і Замкавая вежа (злева).
Нясвіжскі касцёл езуітаў. Інтэр’ер.

т. 11, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ МАНАСТЫ́Р БАЗЫЛЬЯ́НАК, Гродзенскі жаночы манастыр Раства Багародзіцы,

помнік архітэктуры барока. Засн. ў 1633 як уніяцкі пры Гродзенскай Прачысценскай царкве. Пазней базыльянкі пабудавалі тут драўляны храм Раства Багародзіцы і жылыя памяшканні. У 1720 пачата буд-ва мураванай царквы і жылых памяшканняў (арх. І.​Фантана III) на сродкі уніяцкага мітрапаліта Л.​Кішкі. У 1756 манастыр асвячоны. У 1843 пераўтвораны ў праваслаўны. Дзейнічаў да 1960; манашкі былі пераведзены ў Жыровічы. У 1978—85 адрэстаўрыраваны; у ім размяшчаўся Беларускі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі. У 1992 аднавіў дзейнасць жаночы праваслаўны манастыр.

Уключае царкву Раства Багародзіцы, манастырскі і гасп. карпусы, капліцу, дом ігуменні. Царква — крыжова-купальны храм з выцягнутай прамавугольнай алтарнай часткай і 2 чацверыковымі вежамі з фігурнымі галоўкамі. Гал. фасад дэкарыраваны пілястрамі, раскрапоўкамі, завяршаецца карнізам і трохвугольным франтонам. Купал на высокім барабане завершаны ліхтаром і цыбулепадобнай галоўкай. У інтэр’еры аб’ёмы перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі на падпружных арках. Будынак манастыра 2-павярховы, Г-падобны ў плане, завершаны 2-схільным дахам. Падоўжаным крылом ён прыбудаваны да царквы і ўтварае перад апсідай невял. дворык. Да ўсх. тарца манастыра ў 19 ст. прыбудавана прамавугольная ў плане капліца з 2-колерным вырашэннем фасадаў. Сцены раўнамерна расчлянёны лапаткамі, падзелены на 2 ярусы шырокім прафіляваным поясам і завершаны стылізаваным антаблементам з трыгліфамі на фрызе і зубчыкамі на карнізе. Інтэр’ер зальны з люстраным скляпеннем. Асн. гаспадарчы корпус (1891) 2-павярховы, прамавугольны ў плане, размешчаны ва ўсх. частцы комплексу.

Л.​Карнілава, Г.​П.​Жаровіна.

Гродзенскі манастыр базыльянак.

т. 5, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТЭСТАНТЫ́ЗМ [ад лац. protestans (protestantis) які публічна даказвае],

адзін з асн. кірункаў (разам з каталіцызмам і праваслаўем) у хрысціянстве. Узнік у Еўропе ў перыяд Рэфармацыі.

Першапачаткова звязваўся з вучэннем М.​Лютэра, пазней Ж.​Кальвіна, У.​Цвінглі і інш. рэфармацыйных плыней. Да сярэдзіны 16 ст. распаўсюдзіўся па ўсёй Еўропе, у 17 ст. пашырыўся за яе межы. У выніку ўзніклі і арганізацыйна аформіліся пратэстанцкія цэрквы: лютэранская, кальвінісцкая, англіканская, ад якіх утварыўся шэраг рэліг. груповак і аб’яднанняў. Для П. характэрна адсутнасць супрацьпастаўлення духавенства міранам, адмова ад складанай царк. іерархіі, спрошчаны культ, адсутнасць манаства і бясшлюбнасці духавенства. У П. няма культу Багародзіцы, святых, анёлаў, абразоў, таінствы зведзены да хрышчэння і прычашчэння. Пратэстанты адмаўляюць аўтарытэт папскіх дэкрэтаў і пасланняў, рашэнні сабораў, прызнаюць толькі Біблію, для разумення якой непатрэбны пасрэднікі і традыцыі, а патрэбна толькі вера ва ўсё тое, што ў ёй напісана. Адказнасць чалавека за сваё выратаванне залежыць ад яго асабістай веры, ніякая арг-цыя (царква як сац. ін-т) не здольная ўзяць Яе на сябе. Існуюць разнавіднасці арганізац. форм П.: баптысты, метадысты, адвентысты, пяцідзесятнікі, сведкі Іеговы (больш за 400 млн. у свеце).

На Беларусі пратэстанцкія погляды пачалі распаўсюджвацца з сярэдзіны 16 ст., што спрыяла эвалюцыі грамадскага ладу, фарміраванню шляхецкай дэмакратыі, развіццю рэнесансна-гуманіст. і рацыяналістычных тэндэнцый у духоўным жыцці, станаўленню новых форм культуры, пашырэнню міжнар. культ. сувязей. Рэфармацыю падтрымлівалі Радзівілы, Тышкевічы, Сапегі, Кішкі, адукаваная частка грамадства і інш. П. пашырыўся ў выглядзе кальвінізму, лютэранства, арыянства і інш., у 19—20 ст. з’явіліся баптысты, евангельскія хрысціяне, пяцідзесятнікі, сведкі Іеговы і інш.

Літ.:

Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы (Вторая половина XVI — начало XVII в.). Мн., 1970.

С.​М.​Зень.

т. 13, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІЯ НАРО́ДНЫЯ СТРА́ВЫ,

традыцыйныя стравы, якія здаўна гатаваліся ў большасці бел. сем’яў і складаюць спецыфіку бел. кухні сёння. Беларускія народныя стравы гатаваліся з зерне-гароднінных і мяса-малочных прадуктаў, вырабленых ва ўласнай гаспадарцы, ад яе асаблівасцяў у тых ці інш. рэгіёнах залежалі мясц. адрозненні ў стравах. Паводле расліннага ці жывёльнага паходжання прадуктаў і часу спажывання па царк. прадпісанні беларускія народныя стравы падзяляюцца на посныя і скаромныя. Посныя стравы спажываліся ў пост, гатаваліся з мукі, круп, гародніны, мёду, рыбы і запраўляліся толькі алеем або семем. Скаромныя стравы — з малака, смятаны, сыру, мяса, яек, з салам, маслам, лоем, смальцам. Па кансістэнцыі беларускія народныя стравы бываюць рэдкія (крупнік, кулеш, булён, крышаны, боршч, юшка, халаднік, жур), густыя (кашы, камы, талакно, кісель, смажанка), тыпу поліўкі (верашчака, поліўка) і печыва. Спосабы прыгатавання простыя — стравы вараць, параць, смажаць, пражаць, пякуць, тушаць; часам спалучаюцца розныя працэсы: квасяць і вараць кулагу, кісель, боршч, вараць і ахалоджваюць квашаніну, сальцісон, юшнік з рыбы, вараць і таўкуць камы, запякаюць бульбянікі з варанай тоўчанай бульбы, таркуюць бульбу сырую і пякуць бабку, дранікі, вараць клёцкі, калдуны. Найб. даўні спосаб прыгатавання раслінных страў — падпражванне і варка цэлага зерня (захаваліся ў такіх стравах, як пражаны гарох, куцця). Са старажытнасці да нашых дзён спажываюць рэдкія стравы з мукі — калатушу, калі мука папярэдне густа замешваецца з вадой — зацірку. Рэдкія стравы звычайна не вельмі каларыйныя (з косткай з вяндліны, засквараныя, са смятанай, але не вадкія) раней гатаваліся не толькі на абед, а і на снеданне, часам на вячэру. Амаль штодня варылася кіслая страва, у хаце заўсёды быў квасны напітак: хлебны квас, раўгеня, квас з квашаных буракоў, які не толькі пілі, але і выкарыстоўвалі на заквашванне страў. Сярод беларускіх народных страў пірагі (крапанікі) з фасоляй, капустай, грыбамі; варэнікі (галушкі) з сырам, ягадамі, семем, калдуны з мясам, наліснікі з сырам, вантробкамі, крывянкі з крупамі, мукой, кішкі з дранай бульбай. З 19 ст. пашыраецца спажыванне страў з бульбы (салёнка, пячонікі, бабка, дранікі, камы, булён). Беларускія народныя стравы здаўна падзяляліся на штодзённыя, святочныя, абрадавыя (гл. таксама Абрадавае печыва і Абрадавыя стравы). Так, на Вялікдзень запякалі парася, начыненае кашай, наліснікамі з вантробамі, запякалі кумпяк у жытнім цесце, засмажвалі цяляціну, пяклі пірагі, бабкі, рабілі паску. На посную куццю гатавалі 12 страў. Прыправы выкарыстоўвалі пахучыя, але не вострыя: кроп, кмен, каляндру, чарнушку, часнок, цыбулю, радзей — перац. Са зменай у побыце сялян перасталі гатаваць жытнія цестападобныя кашы, талакно, раўгеню, радзей труць мак, вараць аўсяны кісель. Гл. таксама Ежа.

Г.​Ф.​Вештарт.

т. 2, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІНАГАДО́ЎЛЯ,

галіна жывёлагадоўлі, развядзенне свіней на мяса, сала і інш. прадукты. Свініна — каштоўны харч. прадукт, са скуры свіней робяць абутак і інш. рэчы, з крыві — каўбасы, альбуміны, крывяную муку, са шчаціння — шчоткі і пэндзлі, з касцей — касцявую муку, кішкі ідуць у каўбасную вытв-сць і на выраб струн. Свінні рана дасягаюць палавой спеласці, ужо ў гадавым узросце могуць мець прыплод. Высокая пладавітасць (10—12 парасят за апарос) разам з кароткім эмбрыянальным перыядам даюць магчымасць атрымліваць ад кожнай свінаматкі да 2,5 т свініны ў жывой масе за год. Рэалізацыйнай жывой масы 100—120 кг свінні дасягаюць за 5—7 месяцаў пры сярэднясутачнай прывазе 600—300 г (а пры збалансаваных рацыёнах кармлення да 1000—1200 г) пры спажыванні на 1 кг прыбаўлення ў масе 3,5—4,5 кг у кармавых адзінках. Свінні маюць высокую забойную масу (да 75—85% ад жывой масы), у ёй да 52% мяса і да 32% падскурнага тлушчу. З мяса свіней гатуюць разнастайныя харч. прадукты, многія з якіх вытрымліваюць працяглае захоўванне. У мясным балансе Беларусі свініна складае 47,7% (2000).

Гадоўляй свіней людзі пачалі займацца ў неаліце (5—3-е тыс. да н.э.). У развітых антычных краінах (Егіпет, Грэцыя, Рым) ужо існавалі іх пароды. У краінах феад. Зах. Еўропы С. была прымітыўная. Яе развіццё звязана з ростам гарадоў і попыту на мяса. У 19 ст. пачалася інтэнсіўная праца па паляпшэнні мясц. і фарміраванні новых парод, у выніку з’явіліся высокапрадукцыйныя, многія з якіх (асабліва буйная белая, выведзеная ў Англіі) не страцілі значэння да нашага часу. Найб. развіццё С. атрымала ў Еўропе, Усх. Азіі, Паўн. і Паўд. Амерыцы. Амаль палова сусв. пагалоўя ў краінах Азіі (найб. Кітай, Японія, Індыя, В’етнам), каля 25% у Еўропе (Германія, Францыя, Італія, Вялікабрытанія, Расія, Украіна, Польшча) і каля 10% у ЗША. Па рэліг. матывах С. не атрымала развіцця ў мусульманскіх краінах. У сусв. гандлі свінінай гал. месца займаюць Нідэрланды, Бельгія, Данія, Кітай і Канада.

На Беларусі да пач. 20 ст. С. была адной з развітых галін жывёлагадоўлі. Гадаваліся пераважна мясц. пароды, у памешчыцкіх гаспадарках — палепшаныя пароды. У 1916 было 2,4 млн. свіней. Племянная і таварная С. пачала развівацца ў 1920-я г. У час калектывізацыі ўзніклі таварныя свінагадоўчыя фермы (больш за 4 тыс. ў 1934). На пач. 1941 мелася 2,5 млн. свіней. З 1970-х г. С. пераводзілася на прамысл. аснову. Пабудаваны буйныя высокамеханізаваныя комплексы і ўкаранёна паточна-цэхавая сістэма вытв-сці на фермах калгасаў і саўгасаў. На Беларусі (2000) 100 свінагадоўчых комплексаў і больш за 1 тыс. ферм трох тыпаў: з закончаным абаротам статка, рэпрадукцыйных і адкормачных. Буйныя комплексы на 108 тыс. галоў гадавога адкорму свіней і сярэднія на 54 тыс. галоў — у дзярж. уласнасці. Асн. пароды: буйная белая, чорна-белая, беларуская мясная, эстонская беконная, ландрас і інш. Племянную работу праводзяць спецыялізаваныя заводы, саўгасы, раённыя племянныя станцыі; навук. даследаванні — Бел. НДІ жывёлагадоўлі, лабараторыі пры ВНУ. Колькасць свіней 3,6 млн. галоў, у т. л. 1,3 млн. ў насельніцтва (2000). Эфектыўнасць С. апошнія гады паніжана ў сувязі з высокімі выдаткамі корму (каля 6,6 кг у кармавых адзінках на 1 кг прывагі, у т. л. каля 6 кг у кармавых адзінках канцэнтратаў).

Г.​С.​Смалякоў.

Да арт. Свінагадоўля. Свінагадоўчы комплекс у саўгасе-камбінаце «Сож» Гомельскага раёна.

т. 14, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)