ГА́МА (грэч. gamma) у музыцы, 1) літара грэч. алфавіта, якой у сярэднія вякі абазначалі самы нізкі гук — соль вял. актавы.
2) Паступенная ўзыходная і сыходная паслядоўнасць усіх ступеней гукарада (у межах адной ці больш актаў) пэўнай гукавой сістэмы (12-ступеннай — храматычная гама, 7-ступеннай — дыятанічная, 5-ступеннай — пентатонная) ці ладу (гама мажорная, мінорная і інш.). Выкананне розных гам — сродак развіцця тэхнікі ігры на муз. інструментах і вакальнай тэхнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАНО́ГРАФ (ад фон + ...граф),
апарат для механічнага запісу і ўзнаўлення гуку. Вынайдзены ў 1877 Т.Эдысанам. У час запісу гуку звязаная з мембранай іголка рухаецца па вінтавой лініі на паверхні цыліндрычнага валіка, укрытага фольгай ці воскам, і выціскае на ёй канаўку пераменнай глыбіні. Пры ўзнаўленні запісу іголка рухаецца па канаўцы, робячы вымушаныя ваганні, а звязаная з ёю мембрана адпаведна ўзнаўляе гук праз рупар. Да 1920-х г. выкарыстоўваўся для запісу твораў муз. фальклору. Правобраз грамафона, патэфона і інш. прылад мех.гуказапісу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫГРА́Ф (ад ды... + ...граф),
спалучэнне 2 літар, што ўжываецца для абазначэння на пісьме пэўнага гуку. Уласцівы кірыліцы (Д. «оу» абазначаў просты гук «у»). У помніках старабел. мовы 14—17 ст. ужываліся Д. «кг» на месцы «г» (кгузикъ), «іо» — «ё» (ліонъ), «хв» — «ф» (Тимохвѣй), «дж» (дроджи), «дз» (дзедзіч). Сучаснай бел. мове ўласцівы Д. «дз» і «дж». Спалучэннямі з 2 і больш літар перадаюцца ў некат. зах.-еўрап. сістэмах пісьма зычныя гукі, блізкія да ўсх.-слав. «х», «ч», «ш», «щ» (ням. ch, tsch, sch, schtsch; польск. ch, cz, sz, czcz).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВАНО́ЧКІ,
1) аркестравы ўдарны самагучальны муз. інструмент. Складаецца з 25—32 храматычна настроеных метал. пласцінак, размешчаных у 2 рады ў пляскатай скрыні; верхні рад адпавядае чорным клавішам фартэпіяна, ніжні — белым. Дыяпазон залежыць ад колькасці пласцінак. Гук здабываецца ўдарамі 2 метал. (радзей драўляных) малаточкаў або пры дапамозе клавіятуры фартэпіяннага тыпу.
2) Стараж. інструмент тыпу малога звона (выш. да 15—20 см). Вядомы ў культавых рытуалах (у краінах Лац. Амерыкі, Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі, далёкаўсх. рэгіёна) і побыце (пастухоўскім, школьным), у паштовай службе. У Расіі найб. вядомы валдайскія З. (ямшчыцкія, паддужныя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНВАРЫЯ́НТ [ад лац. invarians (invariantis) нязменны] у структурнай лінгвістыцы, моўная адзінка ў адцягненасці ад яе канкрэтнай матэрыяльнай рэалізацыі. Напр., усе гукі «а», незалежна ад таго, якім чалавекам і як яны вымаўляюцца, абагульняюцца ў адзін І., што называецца фанемай «а»; усе значэнні і грамат. формы слова «кніга» з’яўляюцца рэалізацыяй аднаго адпаведнага І. і г.д. Структурныя інварыянтныя адзінкі кожнага ўзроўню мовы праяўляюцца ў суадносных варыянтных адзінках маўлення, што замацоўваецца адпаведнымі тэрмінамі: фанема — гук, ці алафон; марфема — морф, ці аламорф; лексема (слова) — лекс, або алалекс, і г.д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІГАТУ́РА (ад позналац. ligatura сувязь, злучэнне),
1) знак любой сістэмы пісьменнасці ці фанет. транскрыпцыі, утвораны шляхам спалучэння элементаў двух графем ці транскрыпцыйных знакаў. Напр., дацкае, ісланд., нарв. æ, ням. β. Такога тыпу Л. часта выкарыстоўваліся ў скорапісе, для ўпрыгожання, арнаменталізацыі тэкстаў (гл.Вязь).
2) Спалучанае напісанне двух (гл.Дыграф) і большай колькасці літар, якія перадаюць адзін гук; напр., бел. дж, дз., польск. sz, cz, ням. sch.
3) Злітнае напісанне двух ці некалькіх пісьмовых знакаў. Трапляецца ў слав. азбуцы, у замежных шрыфтах (напр., Æ — злітны абрыс A і E).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТОНу музыцы,
1) фізічная характарыстыка муз.гуку, якая ўключае пэўную вышыню, гучнасць, тэмбр.
2) Мера, якая вызначае велічыню інтэрвалу паміж гукамі, роўнага 1/6актавы. У сучаснай 12-тонавай муз. сістэме найменшая адлегласць паміж гукамі — паўтон.
3) Ступень гукарада, лада, гамы, гук акорда, элемент мелодыі.
4) Характарыстыка слыхавога ўражання ад гучання голасу, муз. інструмента (чысты, фальшывы, роўны, ціхі і інш.).
5) У майстэрзінгераў — мелодыя-мадэль, на якую выконваліся розныя тэксты.
6) У сістэме царк. ладоў — вызначэнне лада (I Т., II Т. і г.д.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІСГАРМО́НІЯ, гармоніум (ням. Fisharmonium ад грэч. physa мех + гармонія),
клавішны муз. інструмент. Стваральнікам лічаць француза Г.Ж.Грэнье (1810), названа Ф. венскім майстрам А.Хёкелем (1818), які ўдасканаліў інструмент. Знешне нагадвае невял. піяніна. Гук узнікае ў выніку вібрацыі свабодна праскокваючых метал. язычкоў пад паветраным струменем, што нагнятаецца мяхамі, якія прыводзіць у рух выканаўца папераменным ціскам 2 нажных педаляў. Мае 1—2 мануалы, 6—20 рэгістраў. Гучаннем нагадвае некат. рэгістры аргана. Дыяпазон да 5 актаў. У канцы 19 — пач. 20 ст. была пашырана ў аматарскім музіцыраванні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́НДЖА (англ. banjo),
струнны шчыпковы інструмент. Напачатку мела драўляны, пазней метал. корпус у выглядзе бубна са скураной (цяпер пластыкавай) мембранай, доўгую шыйку з грыфам без ладоў (цяпер з ладамі), галоўку з калкамі, 4—9 жыльных (пазней металічных) струн. Гук рэзкі, востры, з шаргаценнем, хутка згасае, здабываецца пераважна плектрам. Завезена з Зах. Афрыкі ў ЗША каля 17 ст. Выкарыстоўвалася для акампанементу і сольнай ігры, пазней у традыц.джазе. У канцы 19 — пач. 20 ст. з’явіліся разнавіднасці банджа — пікала, тэнар, бас і яго мадыфікацыі — банджа-укулеле, банджа-мандаліна, банджа-гітара (падобныя да банджа колькасцю струн і настройкай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Ё,
сёмая літара бел. і некаторых інш.слав. алфавітаў. Утворана шляхам спалучэння літары «е» з дыякрытычнымі знакамі. Запазычана з рус. графікі, дзе ўпершыню з’явілася ў 1797. У старабел. пісьменстве гук «о» пасля мяккіх зычных абазначаўся літарай «е» («медъ»), спалучэннем «іо» («ліосъ») і нават літарай «о» («всо»), У сучаснай бел. мове абазначае лабіялізаваны галосны «о» задняга раду сярэдняга пад’ёму і мяккасць папярэдняга зычнага («вёска» — в’оска»), а ў пач. слова, пасля галосных, «ў», «ь» і апострафа — 2 гукі («й» і «о»): «ёд» («йод»), «тваё» («твайо»), «пугаўё» («пугаўйо»), «мільён» («міл’йон»), «аб’ём» («абйом»).