ФІСГАРМО́НІЯ, гармоніум (ням. Fisharmonium ад грэч. physa мех + гармонія),

клавішны муз. інструмент. Стваральнікам лічаць француза Г.​Ж.​Грэнье (1810), названа Ф. венскім майстрам А.​Хёкелем (1818), які ўдасканаліў інструмент. Знешне нагадвае невял. піяніна. Гук узнікае ў выніку вібрацыі свабодна праскокваючых метал. язычкоў пад паветраным струменем, што нагнятаецца мяхамі, якія прыводзіць у рух выканаўца папераменным ціскам 2 нажных педаляў. Мае 1—2 мануалы, 6—20 рэгістраў. Гучаннем нагадвае некат. рэгістры аргана. Дыяпазон да 5 актаў. У канцы 19 — пач. 20 ст. была пашырана ў аматарскім музіцыраванні.

Фісгармонія.

т. 16, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)