ІНВАРЫЯ́НТ [ад лац. invarians (invariantis) нязменны] у структурнай лінгвістыцы, моўная адзінка ў адцягненасці ад яе канкрэтнай матэрыяльнай рэалізацыі. Напр., усе гукі «а», незалежна ад таго, якім чалавекам і як яны вымаўляюцца, абагульняюцца ў адзін І., што называецца фанемай «а»; усе значэнні і грамат. формы слова «кніга» з’яўляюцца рэалізацыяй аднаго адпаведнага І. і г.д. Структурныя інварыянтныя адзінкі кожнага ўзроўню мовы праяўляюцца ў суадносных варыянтных адзінках маўлення, што замацоўваецца адпаведнымі тэрмінамі: фанема — гук, ці алафон; марфема — морф, ці аламорф; лексема (слова) — лекс, або алалекс, і г.д.
Б.А.Плотнікаў.
т. 7, с. 219
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)