БАЙКО́Ў Аляксандр Аляксандравіч (6.8.1870, г. Фацеж Курскай вобл., Расія — 6.4.1946),
рускі вучоны ў галіне металазнаўства, металургіі і хіміі. Акад.АНСССР (1932, чл.-кар. 1927), Герой Сац. Працы (1945). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1893), працаваў у ВНУ Пецярбурга, з 1942 віцэ-прэзідэнт АНСССР. Навук. працы па тэорыі акіслення і аднаўлення металаў і дысацыяцыі хім. злучэнняў пры высокай т-ры, асновах металургіі каляровых металаў, прамым атрыманні жалеза з руды, комплексным выкарыстанні сыравіны. Дзярж. прэмія СССР 1943.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗІ́ДЫ,
хімічныя злучэнні, вытворныя азоціставадароднай кіслаты HN3. Неарганічныя азіды — X(N3)n, дзе Х — метал, n — ступень яго акіслення, пры трэнні, награванні раскладаюцца з выбухам (акрамя азідаў шчолачных і шчолачна-зямельных металаў). Атрымліваюць узаемадзеяннем соляў металаў з NaN3. Арганічныя азіды — алкіл- і арылазіды RN3 і ацылазіды RC(O)N3 узрываюцца пры награванні, лёгка адшчэпліваюць азот, пры гэтым ацылазіды перагрупоўваюцца ў ізацыянаты. Атрымліваюць узаемадзеяннем NaN3 з галагенвытворнымі аліфатычных і араматычных злучэнняў. Неарган. азіды цяжкіх металаў выкарыстоўваюцца як ініцыіруючыя выбуховыя рэчывы, арган. азіды — паўпрадукты арган. сінтэзу, гербіцыды (азіпратрын).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСАДЖЭ́ННЕ,
выдзяленне цвёрдай фазы з газаў ці суспензій; выдзяленне аднаго ці некалькіх кампанентаў з раствораў у выглядзе асадку. Можа працякаць адвольна пад дзеяннем сілы цяжару (адстойванне), цэнтрабежнай сілы (цэнтрыфугаванне) ці сіл электрастатычнага поля. Асаджэнне з раствораў робіцца з дапамогай хім. рэакцый (комплексаўтварэння, акіслення-аднаўлення і інш.) пры дабаўленні рэагентаў. Выкарыстоўваецца ў хім. аналізе і прам-сці пры атрыманні чыстых рэчываў, ачыстцы газаў. Мае месца ў геал. працэсах утварэння платформавага чахла і асобных геахім. комплексаў (у т. л. радовішчаў многіх карысных выкапняў; гл. таксама Асадканамнажэнне).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУГЛЯРО́ДУ АКСІ́Д, чадны газ,
прадукт няпоўнага акіслення вугляроду, CO. Газ без колеру і паху, tкіп -191,5 °C, шчыльн. 1,25 кг/м³ (0 °C). Раствараецца ў спірце, бензоле, дрэнна — у вадзе. Гаручы, сумесь з паветрам (12,5—74% вугляроду аксіду) выбухованебяспечная. Пры высокіх т-рах узаемадзейнічае з вадародам і аксідамі металаў (як аднаўляльнік), з хлорам, серай, некат. металамі (гл.Карбанілы металаў). У прам-сці атрымліваюць газіфікацыяй паліва, пры канверсіі газаў. Выкарыстоўваецца як высокакаларыйнае паліва, сыравіна ў арган. сінтэзе. Ядавіты, узаемадзейнічае з гемаглабінам крыві, ГДК для вытв. памяшканняў 0,03 мг/л.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗАПРАНІКА́ЛЬНАСЦЬ,
уласцівасць матэрыялаў прапускаць паветра і іншыя газы пры наяўнасці перападу ціску. Характарызуецца каэфіцыентам пранікальнасці: аб’ём газу, які праходзіць за 1 с праз адзінку паверхні матэрыялу пры перападзе ціску, роўным адзінцы.
Каэфіцыент пранікальнасці залежыць ад прыроды газу і т-ры. Адна з асн. характарыстык порыстых керамічных матэрыялаў (буд. вырабы, керамічныя фільтры).
Газапранікальнасць уласцівая і бяспорыстым матэрыялам: палімерам, металам, шклу. Газапранікальнасць уплывае на ахоўныя ўласцівасці палімерных пакрыццяў, скорасць акіслення палімераў, абмен рэчываў у жывых арганізмах (гл.Біялагічныя мембраны), якасць вырабаў з палімераў (шыны, пракладкі, раздзяляльныя мембраны, абутак, упакоўкі і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХЛОРАРГІРЫ́Т (ад хлор + грэч. argyros серабро),
кераргірыт, мінерал класа галагенідаў, хларыд серабра, AgCl. Змяшчае 73,3% серабра, 24,7% хлору, прымесі ёду, ртуці. Утварае бесперапынны ізаморфны рад з бромаргірытам.
Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Утварае зярністыя агрэгаты, шчоткі з дробных крышталёў, кубічныя крышталі і інш. Колер жамчужна-шэры з жоўта-зялёным ці бурым адценнямі, на свежым зломе бясколерны, пад уплывам святла — фіялетава-карычневы да чорнага. Цв. 2,5. Шчыльн. 5,5—5,6 г/см³. Пластычны. Паходжанне гіпергеннае. Трапляецца ў зонах акіслення радовішчаў сераброзмяшчальных сульфідных руд. Утварае другасныя сярэбраныя руды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЯВО́ДСКІ Уладзіслаў Уладзіслававіч (25.7.1917, С.-Пецярбург — 20.2.1967),
савецкі фізікахімік. Акад.АНСССР (1964, чл.-кар. 1958). Скончыў Ленінградскі політэхн.ін-т (1940). З 1940 у НДІ і ВНУ Масквы, з 1959 у Ін-це хім. кінетыкі і гарэння Сібірскага аддзялення АНСССР. Навук. працы па хім. кінетыцы. Распрацаваў асн. пытанні тэорыі акіслення вадароду, колькасную тэорыю крэкінгу алефінавых вуглевадародаў. Развіў ланцуговую тэорыю гетэрагеннага каталізу (разам з М.М.Сямёнавым і Ф.Ф.Валькінштэйнам). Даследаваў механізм гетэрагенна-каталітычных рэакцый, з дапамогай метаду электроннага парамагнітнага рэзанансу свабоднарадыкальныя рэакцыі. Дзярж. прэмія СССР 1968.
Тв.:
Физика и химия элементарных химических процессов. М., 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛАНД (Wieland) Генрых (4.6.1877, г. Пфорцгайм, Германія — 5.8.1957),
нямецкі хімік-арганік і біяхімік. Д-р філасофіі (1901), праф. (1909). Замежны чл.-кар.АНСССР (1929). Вучыўся ў Мюнхенскім і Берлінскім ун-тах, Вышэйшай тэхн. школе ў Штутгарце. У 1899—1917 і 1925—52 у Мюнхенскім ун-це, у 1917—18 у Ін-це хіміі ў Берліне, у 1921—25 у Фрэйбургскім ун-це. Навук. працы па хіміі гармонаў, стэроідаў, алкалоідаў, жоўцевых кіслот і інш. Прапанаваў тэорыю дэгідрыравання, што растлумачыла механізм акісляльных рэакцый, у т. л. працэс біял.акіслення. Нобелеўская прэмія 1927.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ЙРАЎСКІ (Heyrovský) Яраслаў (20.12.1890, Прага — 27.3.1967),
чэшскі хімік, стваральнік паляраграфіі. Чл. Чэхаславацкай АН (1952). Скончыў Пражскі ун-т (1918), з 1922 праф. гэтага ун-та, у 1926 працаваў у Сарбоне (Парыж). У 1950—67 дырэктар Дзярж. паляраграфічнага ін-та ў Празе, які з 1964 носіць яго імя. Пры даследаванні электролізу на ртутна-кропельным электродзе ўстанавіў залежнасць паміж патэнцыяламі аднаўлення і акіслення рэчываў і іх прыродай, а таксама паміж велічынёй дыфузійнага току і канцэнтрацыяй рэчыва ў электраліце (1922), што дало пачатак паляраграфіі. Нобелеўская прэмія 1959.
Тв.:
Рус.пер. — Основы полярографии. М., 1965 (разам з Я.Кута).