ГАЗАПРАНІКА́ЛЬНАСЦЬ,

уласцівасць матэрыялаў прапускаць паветра і іншыя газы пры наяўнасці перападу ціску. Характарызуецца каэфіцыентам пранікальнасці: аб’ём газу, які праходзіць за 1 с праз адзінку паверхні матэрыялу пры перападзе ціску, роўным адзінцы.

Каэфіцыент пранікальнасці залежыць ад прыроды газу і т-ры. Адна з асн. характарыстык порыстых керамічных матэрыялаў (буд. вырабы, керамічныя фільтры).

Газапранікальнасць уласцівая і бяспорыстым матэрыялам: палімерам, металам, шклу. Газапранікальнасць уплывае на ахоўныя ўласцівасці палімерных пакрыццяў, скорасць акіслення палімераў, абмен рэчываў у жывых арганізмах (гл. Біялагічныя мембраны), якасць вырабаў з палімераў (шыны, пракладкі, раздзяляльныя мембраны, абутак, упакоўкі і інш.).

т. 4, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)