А́ТАМНАЯ ФІ́ЗІКА,

раздзел фізікі, прысвечаны вывучэнню будовы і ўласцівасцяў атамаў, а таксама элементарных працэсаў, у якіх яны ўдзельнічаюць. У шырокім сэнсе атамная фізіка (субатамная фізіка) — фізіка мікраскапічных з’яў, якім характэрна перарыўнасць рэчыва і электрамагнітнага выпрамянення і якія падпарадкоўваюцца квантавым законам (гл. Элементарныя часціцы, Атам, Малекула, Фатон).

Гіпотэза, што матэрыя складаецца з атамаў як найменшых непадзельных і нязменных часціц, узнікла ў Стараж. Грэцыі ў 5—33 ст. да нашай эры. Дасканалыя ўяўленні пра атамістычную будову рэчыва склаліся значна пазней. У сярэдзіне 19 ст. дакладна вызначаны паняцці малекулы і атама. У канцы 19 ст. адкрыты электрон, рэнтгенаўскія прамяні і радыеактыўнасць, што дало магчымасць устанавіць складаную будову атама. Сучасную ядз. мадэль атама прапанаваў Э.​Рэзерфард у 1911. Гэта мадэль і квантавыя ўяўленні М.​Планка, А.​Эйнштэйна і інш. далі магчымасць Н.​Бору ў 1913 стварыць першую квантавую тэорыю атама і яго спектраў (гл. Бора тэорыя). У 1923 Л. дэ Бройль выказаў ідэю пра хвалевыя ўласцівасці часціц рэчыва, што было пацверджана эксперыментальна ў доследах па дыфракцыі электронаў у 1927 (гл. Дыфракцыя часціц).

Тэарэтычныя асновы атамнай фізікі закладзены ў 1925—28 працамі В.​Гайзенберга, Э.​Шродынгера, М.​Борна, П.​Дзірака і інш., у выніку чаго ўзніклі квантавая механіка і квантавая электрадынаміка. На гэтай аснове дадзена тлумачэнне вял. колькасці мікраскапічных з’яў і прадказаны шэраг эфектаў на атамна-малекулярным узроўні (гл. Атамныя спектры, Вымушанае выпрамяненне, Зонная тэорыя, Фотаэфект). Для апісання ўласцівасцяў элементарных часціц і іх узаемадзеянняў створана квантавая тэорыя поля. Развіццё атамнай фізікі прывяло да карэннага перагляду асн. уяўленняў і паняццяў фізікі мікраскапічных з’яў і ўзнікнення новых галін ведаў і тэхн. дастасаванняў, напрыклад квантавай электронікі, мікраэлектронікі, фізікі цвёрдага цела. На Беларусі даследаванні па атамнай фізіцы і сумежных навуках праводзяцца з канца 1950-х г. у ін-тах фіз. і фізіка-тэхн. профілю АН, БДУ, Бел. політэхн. акадэміі і інш.

Літ.:

Зубов В.П. Развитие атомистических представлений до начала XIX века. М. 1965;

Хунд Ф. История квантовой физики Киев, 1980;

Джеммер М. Эволюция понятий квантовой механики: Пер. с англ. М. 1985;

Ельяшевич М.А. Развитие Нильсом Бором квантовой теории атома и принципа соответствия // Успехи физ. наук. 1985. Т. 147, вып. 2.

М.​А.​Ельяшэвіч.

т. 2, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЎСТРА-ВЕ́НГРЫЯ, Аўстра-Венгерская манархія, Дунайская манархія,

дуалістычная (двухадзіная) дзяржава ў 1867—1918. Пл. 676,615 тыс. км², нас. 52,8 млн. чал. (1914). Гал. адм. цэнтры — Вена і Будапешт. Створана ў выніку рэарганізацыі Аўстрыйскай імперыі Габсбургаў на аснове пагаднення (чэрвень 1867) паміж Аўстрыяй і Венгрыяй. Падзялялася (па р. Лейта) на 2 часткі: Аўстрыйскую імперыю («Каралеўствы і землі, прадстаўленыя ў рэйхсраце»),

ці Цыслейтанію (тэр. на З ад Лейты: Ніжняя і Верхняя Аўстрыя, Ціроль, Штырыя, Карынтыя, Зальцбург, Форарльберг, Багемія, Маравія, Сілезія, Крайна, Далмацыя, Герц і Градзішка, Істрыя, Трыест з вобласцю, Галіцыя, Букавіна), і Каралеўства венграў («землі свяшчэннай венгерскай кароны»), ці Транслейтанію [тэр. на У ад Лейты: Венгрыя, Харватыя, Славенія, Славакія, Трансільванія, Закарпацкая Украіна, Ваяводзіна, порт Рыека (Фіуме)]. Венгрыя і Аўстрыя прызнаваліся суверэннымі часткамі дзяржавы. Узначальвалася аўстр. імператарам (ён жа венг. кароль), улада якога фармальна абмяжоўвалася ў Аўстрыі рэйхсратам, у Венгрыі — сеймам. Імператарамі Аўстра-Венгрыі былі Франц Іосіф I і Карл I. Разам з самаст. аўстр. і венг. мін-вамі дзейнічалі 3 агульныя мін-вы (замежных спраў, ваен.-марское, фінансавае), падпарадкаваныя імператару. Агульнадзярж. канстытуцыі не было. Выдаткі на агульныя справы вызначаліся для абедзвюх частак манархіі ў пэўнай прапорцыі, рэгуляваліся пагадненнем рэйхсрата і сейма. Заканадаўчая ўлада ажыццяўлялася т.зв. дэлегацыямі, якія склікаліся штогод (па 60 чал. ад рэйхсрата і сейма). Пасля эканам. спаду 1873—95 гаспадарка Аўстра-Венгрыі ажывілася і набыла аграрна-індустрыяльны кірунак (да 1900 65—85% прамысл. прадукцыі давала Цыслейтанія, гал. чынам яе чэшскія землі), значныя капіталы ў яе ўкладалі інвестары (пераважна Германія). У сельскай гаспадарцы панавала буйн. памешчыцкае землеўладанне. У знешняй палітыцы Аўстра-Венгрыя арыентавалася на Германію, была чл. Траістага саюза 1882. У 1878 акупіравала, у 1908 анексіравала Боснію і Герцагавіну (гл. Баснійскі крызіс 1908—09), што прывяло да пагаршэння адносін з Расіяй. Як саюзнік Германіі ўдзельнічала ў 1-й сусв. вайне. Распалася ў кастр.—ліст. 1918 у выніку паражэння ў 1-й сусв. вайне, уздыму нац.-вызв. і рэв. руху ў краіне. На яе тэр. ўтварыліся самаст. дзяржавы Аўстрыя, Венгрыя, Чэхаславакія, частка зямель увайшла ў склад Каралеўства Сербаў, Харватаў, Славенцаў, Румыніі, Польшчы. Гл. таксама гіст. нарыс у арт. Аўстрыя.

Літ.:

Австро-Венгрия и славяно-германские отношения. М., 1965;

Полтавский М.А. История Австрии: Пути гос. и нац. развития. Ч. 2. От революции 1948 г. до революции 1918—1919 гг. М., 1992. С. 86—303.

т. 2, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́САЎСКАЕ ШКЛО,

мастацкія вырабы Барысаўскага хрусталёвага завода імя Дзяржынскага з каляровага і бясколернага шкла і хрусталю.

На пач. 20 ст. выраблялі гутным, прасаваным і ціхавыдзімальным спосабам разнастайны посуд, вазы, фужэры, бакалы, кухлі, кілішкі, сухарніцы, лямпы ў стылі мадэрн, дэкарыраваныя траўленнем, алмазнай гранню, размалёўкай золатам і эмалямі, маціраваннем, рыфленнем, а таксама суцэльнацягнутыя стромкія вазы і арміраваныя нікеляваным металам цукарніцы з хрусталю і каляровага шкла. Вырабы вызначаліся выразнасцю формаў, прапорцый і разнастайнасцю дэкору, славіліся чысцінёю колеру хрусталю і бясколернага шкла. Іх вывозілі ва ўсе губерні Расіі; з 1929 экспартавалі ў Егіпет, Турцыю, Афганістан, з 1933 — у Англію, Францыю, Германію. У 1910 барысаўскі хрусталь адзначаны залатым медалём на выстаўцы ў Парыжы. У 1939 тут выраблены вял. хрусталёвыя вазы і плафоны з накладнога шкла для Усесаюзнай с.-г. выстаўкі ў Маскве. У 1930-я г. прасаваныя вырабы з-да лічыліся лепшымі ў СССР.

З канца 1950-х г. барысаўскае шкло вырабляецца па эскізах мастакоў з-да. З 1960-х г. узбагацілася колеравая гама шкламасы і каляровага хрусталю, асабліва сіне-зялёных, серабрыста-дымчатых, жоўтых і бэзавых адценняў, што пашырыла маст. дыяпазон таўстасценнага шкла і хрусталю, прызначаных для унікальных і маласерыйных вырабаў, аздобленых шырокай і глыбокай гранню. Вырабы з накладнога шкла дэкарыраваліся пескаструменным метадам, глыбокім траўленнем, гравіраваннем медным колцам, алмазнай гранню. Для бясколернага танкасценнага шкла пачалі выкарыстоўваць люстраное пакрыццё, увялі дэкарыраванне вырабаў метадам штампа. Больш разнастайны стаў дэкор алмазнай грані, пашыраліся тэматычныя выяўл. матывы. Арыгінальнасцю маст. вырашэння вылучаюцца творы, выкананыя ў гутнай тэхніцы. З 1970-х г. асвоена тэхналогія варкі шкла, афарбаванага вокісламі рэдказямельных элементаў, якія надаюць ружовыя, бэзавыя, сінія, зялёныя, жоўтыя адценні танкасценным вырабам. Вобразнасць у вырабах з такога шкла дасягаецца дасканаласцю формаў і прапорцый і мінімумам дэкар. сродкаў. Дэкор хрусталёвых вырабаў — буйнамаштабны, з выкарыстаннем глыбокай грані і аптычных ямак пераважна геам. кампазіцыі, з уключэннем у арнамент маціраванай паверхні, якая падкрэслівае бляск алмазнай грані. Барысаўскае шкло адзначана дыпломамі ВДНГ СССР (1960, 1963), на 1-й Усесаюзнай выстаўцы «Мастацтва ў быт» (1961); экспартуецца ў многія краіны свету.

Літ.:

Яницкая М.М. Художественное стекло Советской Белоруссии. Мн., 1989.

М.​М.​Яніцкая.

Да арт. Барысаўскае шкло. Т.​Арцёмава. Дэкаратыўны набор «Яблыні цвітуць». 1977.

т. 2, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТА́НІКА (грэч. botanikē ад botanē трава, расліна),

навука пра расліны; адзін з асн. раздзелаў біялогіі. Вывучае відавую разнастайнасць раслін (сістэматыка), іх будову (марфалогія і анатомія), асаблівасці жыццядзейнасці (фізіялогія раслін, біяхімія), заканамернасці індывід. і гіст. развіцця (эмбрыялогія, эвалюцыя), роднасныя сувязі (філагенія), пашырэнне (геаграфія раслін), узаемаадносіны з навакольным асяроддзем (экалогія), структуру расліннага покрыва (геабатаніка).

Развіццё батанікі як навукі ішло адначасова з ростам практычных патрэбнасцяў чалавека і непасрэдна звязана з агульнай гісторыяй чалавецтва. Шмат звестак пра расліны было вядома людзям з глыбокай старажытнасці. Бацькам батанікі лічаць стараж.-грэч. прыродазнаўца і філосафа Тэафраста. Як стройная сістэма навук. ведаў батаніка аформілася ў 18 ст. дзякуючы ў асноўным працам швед. прыродазнаўца К.Лінея. Франц. вучоныя М.Адансон, Ж.Б.Ламарк, А.​Жусьё і інш. распрацавалі натуральную класіфікацыю раслін, паводле якой расліны аб’ядноўваліся па сукупнасці гал. прыкмет (кветка, плод, семя) у парадкі, якія ўпершыню размешчаны ў адзіны рад — ад водарасцяў да кветкавых. У 19—20 ст. інтэнсіўна развівалася батаніка, як і інш. біял. навукі, пад уплывам эвалюцыйнай тэорыі Ч.​Дарвіна. У Расіі першыя бат. даследаванні звязаны са стварэннем АН (1724) і арганізацыяй шэрагу экспедыцый для вывучэння расліннасці краіны (І.​Г.​Гмелін, П.С.Палас, С.П.Крашаніннікаў). У канцы 19 — пач. 20 ст. рус. батанікі І.​Н.​Гаражанкін, М.С Варонін, У.І.Паладзін, С.Г.Навашын, К.А.Ціміразеў і інш. зрабілі буйныя адкрыцці (двайное апладненне ў кветкавых раслін, раскрыццё энергетычных заканамернасцяў фотасінтэзу і інш.), якія паўплывалі на развіццё бат. навукі ў свеце.

На Беларусі фарміраванне батанікі як навукі пачалося ў канцы 18 — пач. 19 ст. Першыя бат. даследаванні пераважна апісальнага характару зрабілі І.​І.​Ляпёхін, В.​М.​Севяргін, В.​Г.​Бесэр. Сучасны этап развіцця батанікі звязаны з працамі Ц.М.Годнева, В.Ф.Купрэвіча, М.А.Дарожкіна, М.​Дз.Несцяровіча, М.У.Смольскага, А.А.Шлыка, А.С.Вечара, В.М.Цярэнцьева, І.Д.Юркевіча, В.С.Гельтмана, В.І.Парфёнава, Н.В.Казлоўскай і інш. Навук. праца па батаніцы вядзецца ў Ін-це эксперым. батанікі і Цэнтр. бат. садзе АН Беларусі, БДУ, Бел. с.-г. акадэміі, Гомельскім ун-це, пед. і с.-г. ін-тах, запаведніках. Вызначаны заканамернасці фарміравання, дынамікі флоры і расліннасці, распрацаваны навук. асновы выкарыстання і аховы раслінных рэсурсаў, антрапагеннага ўплыву на расліннае покрыва. Шэраг даследаванняў звязаны з выкананнем міжнар. біял. праграмы.

Літ.:

Базилевская Н.А., Белоконь И.П., Щербакова А.А. Краткая история ботаники. М., 1968;

Жизнь растений. Т. 1—6. М., 1974—82;

Хржановский В.Г. Курс общей ботаники. Ч. 1—2. 2 изд. М., 1982;

Жуковский П.М. Ботаника. 5 изд. М., 1982.

т. 2, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТАНІ́ЧНЫ САД,

навукова-даследчая, навуч.-дапаможная і культ.-асветная ўстанова, у якой культывуюцца і вывучаюцца расліны мясц. і іншаземнай флоры, прапагандуюцца бат. веды. Уключаюць калекцыі раслін адкрытага грунту (дэндрарыі, альпінарыі, участкі сістэматыкі, экспазіцыі лек., харч., дэкар. і інш. раслін) і аранжарэі. Размяшчэнне раслін пераважна па геагр. і сістэматычным прынцыпе, радзей па экалагічным і інш. Асн. даследчая задача — пошук новых карысных раслін, іх выпрабаванне і ўвядзенне у культуру. Адначасова батанічныя сады з’яўляюцца аб’ектамі рэкрэацыі.

Папярэднікі батанічных садоў — манастырскія сады (у Зах. Еўропе з 4 ст.), аптэкарскія агароды. Першыя батанічныя сады заснаваны ў Італіі (Салерна, 1309; Венецыя, 1333), потым у Германіі (Берлін, 1647), Францыі (Парыж, 1635), Швецыі (Упсала, 1655), Вялікабрытаніі (Эдынбург) пераважна для развядзення лек. раслін. У эпоху вял. геагр. адкрыццяў батанічныя сады пачалі актыўна займацца выпрабаваннямі прывезеных раслін: праз батанічны сад ў К’ю (Вялікабрытанія) ішло размеркаванне па трапічных раёнах кавы, гевеі, хіннага дрэва; праз батанічны сад Францыі распаўсюджваліся віды айланту, сафоры, туі, гінкга. У 18—19 ст. батанічны сад ў Калькуце (Індыя), Богары (Інданезія) адыгралі значную ролю ў інтрадукцыі трапічных раслін у розныя раёны. У Расіі папярэднікамі батанічных садоў былі «аптэкарскія агароды» ў Маскве (1706, цяпер філіял батанічнага саду Маскоўскага ун-та), Пецярбургу (1714, цяпер батанічны сад Бат. ін-та Рас. АН). У 19 ст. батанічныя сады існавалі пераважна пры ун-тах (Вільня і Тарту, 1803; Харкаў, 1804, Масква і Казань, 1806; Кіеў, 1835; Адэса, 1865; Томск, 1880, і інш.), лясных і с.-г. ін-тах. Нікіцкі батанічны сад (Крым, 1812), Сухумскі (1840) і Батумскі (1912) батанічныя сады сталі цэнтрамі інтрадукцыі субтрапічных раслін.

На Беларусі аднымі з першых былі Гродзенскі батанічны сад (18 ст.) і дыдактычны батанічны сад пры Шчучынскім кляштары (засн. садаводам С.​Юндзілам). Працуюць Вялікалятчанскі батанічны сад, батанічныя сады пры ВНУ і АН Беларусі: гл. Батанічны сад Віцебскага педагагічнага універсітэта, Цэнтральны батанічны сад АН Беларусі, Батанічны сад БДУ, Батанічны сад Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага універсітэта, Батанічны сад Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі.

Літ.:

Антипов В.Г. Об истории создания ботанических коллекций в Белоруссии // Ботаника. 1964. Вып. 6;

Цицин Н.В. Ботанические сады СССР. М., 1974;

Федорук А.Т. Древесные растения садов и парков Белоруссии. Мн., 1980;

Головкин Б.Н. История интродукции растений в ботанических садах. М., 1981;

Лапин П.И. Ботанические сады СССР: [Фотаальбом]. М., 1984.

т. 2, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАХ ((Bach) Іаган Себасцьян) (21.3.1685, г. Айзенах, Германія — 28.7.1750),

нямецкі кампазітар, арганіст, клавесініст. Адзін з найб. вядомых прадстаўнікоў сусв. гуманіст. культуры. З сям’і патомных музыкантаў. Служыў арганістам і капельмайстрам у невял. правінцыяльных гарадах, потым у Веймары, Кётэне і Лейпцыгу. Творчасць Баха, музыканта-універсала, вылучаецца ўсёабдымнасцю муз. жанраў (акрамя оперы). Яна абагульніла дасягненні муз. мастацтва некалькіх стагоддзяў на мяжы барока і класіцызму. У сваёй творчасці Бах спалучыў традыцыі пратэстанцкага харала з традыцыямі аўстр., італьян. і франц. муз. школ. Музыка Баха адметная адзінствам поліфанічнага і гамафоннага, вак. і інструментальнага мыслення, глыбокім узаемапранікненнем розных жанраў і стыляў. Вядучы жанр яго вак.-інстр. творчасці — духоўная кантата (5 гадавых цыклаў; усяго каля 300). Свецкія кантаты (усяго 24) падрыхтавалі зінгшпіль — ням. разнавіднасць камічнай оперы. Выпрацаваныя ў кантатах драматургічныя прынцыпы ўвасоблены ў месах, магніфікатах, «Страсцях» («Пакутах»), іх кульмінацыя — «Высокая» меса сі-мінор, «Страсці па Іаану» і «Страсці па Матфею». У яго інстр. творчасці цэнтр. месца належыць арганнай музыцы. Спалучыўшы вопыт арганнай імправізацыі, разнастайныя варыяцыйныя і поліфанічныя прыёмы папярэднікаў (Дз.​Букстэхудэ, І.​Пахельбеля і інш.), Бах пераасэнсаваў і абнавіў жанры такаты, фантазіі, пасакаллі, харальнай прэлюдыі. Сярод яго клавірных твораў найб. значэнне мае «Добра тэмпераваны клавір» у 2 тамах (1722, 1744; у кожным — 24 прэлюдыі і фугі ва ўсіх мажорных і мінорных танальнасцях) — першая ў гісторыі музыкі спроба маст. выкарыстання тэмпераванага строю (гл. Тэмперацыя). Створаныя ў фугах клавіра ўзоры кантрапунктычнага майстэрства прадоўжаны і закончаны ў «Мастацтве фугі» (1740—50). Музыка Баха для клавіра, скрыпкі, віяланчэлі, флейты, габоя, інстр. ансамбля, аркестра (санаты, сюіты, партыты, канцэрты) значна пашырыла выразныя і тэхн. магчымасці інструментаў, выявіла глыбокае веданне інструментаў і універсалізм у іх трактоўцы. Шэсць Брандэнбургскіх канцэртаў для розных інстр. складаў, якія ўвасобілі жанравыя і кампазіц. прынцыпы concerto grosso, — важны этап на шляху да класічнай сімфоніі. Творчасць Баха паўплывала на ўсё наступнае развіццё еўрап. муз. культуры.

Літ.:

Форкель И.Н. О жизни, искусстве и о произведениях И.​С.​Баха: Пер. с нем. 2 изд. М., 1987;

Русская книга о Бахе: [Сб. ст.]. 2 изд. М., 1986;

Schulze H.J. Studien zur Bach-Überlieferung im 18. Jahrhundert. Leipzig;

Dresden, 1984;

Schwendowius B., W.J.S.Bach: Life, time, influence. New Haven;

London, 1984.

І.С.Бах.

т. 2, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІБЛІЯГРА́ФІЯ (ад грэч. biblion кніга + ...графія),

1) галіна навукова-практычнай дзейнасці па падрыхтоўцы і апісанні інфармацыі пра творы друку і пісьменства, а таксама па распрацоўцы прынцыпаў і метадаў выкарыстання гэтай інфармацыі.

2) Апрацаваны збор бібліяграф. апісанняў дакументаў, падабраных па пэўных пытаннях.

Зарадзілася ў стараж. часы. Вядомы бібліягр. табліцы, складзеныя пад кіраўніцтвам грэка Калімаха ў Александрыйскай бібліятэцы (3 ст. да н. э.). У Еўропе першая друкаваная бібліягр. праца — «Кніга пра царкоўных пісьменнікаў» І.​Трытэнхеймскага (1494). Найб. значнай працай у 16 ст. была «Усеагульная бібліятэка» швейцарскага вучонага К.​Геснера (т. 1—4, 1545—55). Самы даўні стараж.-рускі бібліягр. помнік — арт. «Богословъца от словес» у «І зборніку Святаслава» (1073).

На сучасным этапе адрозніваюць бібліяграфію: дзяржаўную, або нацыянальную (рэгістрыруе творы друку і аўдыёвізуальныя матэрыялы, выдадзеныя на тэрыторыі пэўнай краіны, і інфармуе аб іх грамадскасць); навукова-дапаможную (садзейнічае навук. і прафесійна-вытв. дзейнасці); рэкамендацыйную (садзейнічае агульнай і прафес. адукацыі, самаадукацыі, выхаванню і папулярызацыі ведаў); універсальную (адлюстроўвае дакументы паводле фармальных прыкмет — тыпалагічных, храналагічных, моўных); галіновую (адлюстроўвае дакументы пэўнай галіны ведаў ці практычнай дзейнасці); краязнаўчую (пашырае інфармацыю, звязаную зместам з пэўнай мясцовасцю ў краіне); бягучую (рыхтуе і распаўсюджвае інфармацыю пра новыя творы друку); рэтраспектыўную (рыхтуе і распаўсюджвае інфармацыю пра дакументныя масівы за пэўны прамежак часу). З сярэдзіны 20 ст. уніфікуюцца метады апрацоўкі бібліяграфіі, аўтаматызуецца тэхніка іх складання, ствараюцца інфарм. сістэмы, якія каардынуюцца міжнар. арг-цыямі (ЮНЕСКА, Міжнар. федэрацыя бібліятэчных т-ваў і інш.).

На Беларусі бібліягр. дзейнасцю займаюцца Нацыянальная кніжная палата (з 1978 выдае штогод паказальнік «Бібліяграфічных дапаможнікаў Беларусі»), Бібліятэка нацыянальная Беларусі, Бібліятэка цэнтральная навуковая імя Я.​Коласа АН Беларусі, Бібліятэка прэзідэнцкая, Бібліятэка навукова-тэхнічная рэспубліканская, Бібліятэка навукова-медыцынская рэспубліканская, Бібліятэка навукова-педагагічная рэспубліканская, Бібліятэка беларуская сельскагаспадарчая і інш., а таксама б-кі ВНУ, абласныя навук. б-кі, органы навукова-тэхн. інфармацыі. Значны ўклад у развіццё бел. бібліяграфіі зрабілі Ю.І.Бібіла, А.​Дз.Васілеўская, Н.Б.Ватацы, Л.І.Збралевіч, М.​В.​Іваноў, В.​Е.​Лявончыкаў, А.​А.​Сакольчык, І.Б.Сіманоўскі, М.​Ц.​Талкачоў, В.​А.​Факееў і інш.

Літ.:

Здобнов Н.В. История русской библиографии до начала XX в. 3 изд. М., 1955;

Симановский И.Б. Белорусская советская библиография. Ч. 1. Мн., 1965;

Отраслевые библиографии БССР. Мн., 1979;

Симон К.Р. История иностранной библиографии. М., 1963.

т. 3, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІБЛІЯТЭ́КА ПРЭЗІДЭ́НЦКАЯ Рэспублікі Беларусь.

Засн. ў 1933 у Мінску на базе даведачных б-к ЦВК, СНК, Дзяржплана, асобных наркаматаў БССР як філіял Дзярж. б-кі і бібліягр. ін-та БССР. У 1936 рэарганізавана ў самастойную навук. б-ку, з 1938 — урадавая, з 1994 — прэзідэнцкая. У Вял. Айч. вайну яе фонд (каля 250 тыс. экз.) знішчылі ням.-фаш. захопнікі. Аднаўленне пачалося ў 1944. Кніжны фонд (на 1.1.1996) больш за 1,2 млн. экз. З’яўляецца фондатрымальнікам Рэсп. даведачна-інфарм. фонду па пытаннях дзярж. права і эканомікі, каардынацыйным і метадычным цэнтрам для б-к Беларусі па бібліятэчным і інфарм. забеспячэнні мясц. органаў самакіравання. У фондзе рэдкіх і каштоўных выданняў (10 710 адзінак) вылучаны калекцыі беларусікі 18—20 ст., старадрукаў 16—18 ст., выданняў рус. грамадскага руху 1700—1825, нелегальнага і забароненага цэнзурай друку 19 ст., марксісцкага і рэв.-дэмакр. друку 1905—07. Захоўваюцца часткі Радзівілаў бібліятэкі, Супрасльскага Благавешчанскага манастыра бібліятэкі, Рус. Тургенеўскай б-кі ў Парыжы, б-кі П.​М.​Лепяшынскага, асобныя выданні з б-к Баркалабаўскага манастыра, бел. гімназій і семінарый, кнігазбораў Б.​І.​Эпімах-Шыпілы, К.​Б.​Езавітава, Ф.​Г.​Шантара і інш. Б-ка мае выданні Пецярбургскай археагр. камісіі, Віленскай археаграфічнай камісіі, Віцебскай вучонай архіўнай камісіі, працы па гісторыі, выдадзеныя Ін-там бел. культуры і АН БССР, манаграфіі і публікацыі М.​В.​Доўнар-Запольскага, Дз.​І.​Даўгялы, Я.​Ф.​Карскага, А.​П.​Сапунова, У.​І.​Пічэты і інш. Сярод іх — «Беларускі архіў старажытных грамат» (1824), «Збор старажытных грамат і актаў гарадоў Мінскай губерні...» (1848), «Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 года» (1854), «Памятныя кніжкі» Віленскай, Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губ., выпускі Мінскай, Магілёўскай і Полацка-Віцебскай «даўнін», «Акты, якія адносяцца да гісторыі Заходняй Расіі» (1846—53), «Акты, якія адносяцца да гісторыі Паўднёвай і Заходняй Расіі» (1863—92). Зберагаюцца дарэв. і сав. часопісы і газеты, у т. л. газеты «Наша доля» і «Наша ніва», час. «Наш край». У б-цы вядуцца ген. алфавітны каталог кніг на бел. мове, сістэматычны каталог кніг пра Беларусь, гал. даведачныя картатэкі па дзярж. будаўніцтве, праве і эканоміцы, нар. гаспадарцы. Б-ка выдае метадычную серыю «Праблемы бібліятэчна-бібліяграфічнага забеспячэння мясцовых органаў дзяржаўнай улады і кіравання Рэспублікі Беларусь». Мае 2 філіялы і 6 бібліятэчных пунктаў у дзярж. установах.

Літ.:

Издания Правительственной библиотеки им. А.​М.​Горького. Мн., 1983.

В.​М.​Герасімаў.

т. 3, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІБЛІЯТЭ́КА ЦЭНТРА́ЛЬНАЯ НАВУКО́ВАЯ імя Якуба Коласа АН Беларусі.

Засн. 16.2.1925 у Мінску пры Інбелкульце. З рэарганізацыяй Інбелкульта ў АН БССР (1.1.1929) увайшла ў яе склад. У Вял. Айч. вайну разрабавана ням.-фаш. захопнікамі, найб. каштоўная л-ра вывезена ў Германію. Адноўлена ў 1944. Імя Я.​Коласа прысвоена ў 1956. Да 1981 наз. Фундаментальная б-ка імя Я.​Коласа АН БССР. З’яўляецца галаўной у цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэме АН, што аб’ядноўвае 27 б-к пры ін-тах акадэміі. Кніжны фонд — больш за 3 млн. экз. (на 1.1.1996). Абменьваецца навук. л-рай з б-камі і ўстановамі замежных краін. У аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў зберагаюцца пергаменты 16 ст. на бел. мове, кітабы (тэксты на бел. мове арабскай графікай). Сярод старадрукаў кірылаўскага шрыфту «Евангелле вучыцельнае» (Заблудаў, 1569) і «Біблія» (Астрог, 1580—81) І.​Фёдарава, кнігі з друкарні Мамонічаў у Вільні, «Евангелле» (1575), «Новы запавет з Псалтыром» (Еўе, 1611), «Дыёптра» (Магілёў, друкарня Вашчанкаў, 1699), 1-ы слав. слоўнік «Лексікон славянарускі» Памвы Бярынды (Куцейна, 1653), «Катэхізіс» Л.​Зізанія (Гродна, 1788). У калекцыі замежных выданняў 15—18 ст. кнігі з лепшых еўрап. друкарняў, у т. л. інкунабулы: «Сусветная хроніка» Х.​Шэдэля (Нюрнберг, 1493), «Жыццё і вучэнні людзей, якія праславіліся ў філасофіі, выкладзеныя ў дзесяці кнігах» Дыягена Лаэрцкага (Балоння, 1495) і інш. Сабраны бел. фалькл., этнагр. і краязнаўчыя зборнікі 19 ст.; выданні па гісторыі Беларусі рус. і польск. даследчыкаў, энцыклапедычная і даведачная л-ра, бел. кнігі і перыяд. выданні пач. 20 ст., калекцыя зах.-бел. друку. Асобнымі фондамі зберагаюцца б-ка А.​Я.​Багдановіча, П.​Н.​Беркава, П.​Ф.​Глебкі, П.​К.​Панамарэнкі, частка б-кі Радзівілаў; асабістыя архівы Я.​Брыля, М.​Гарэцкага, Ю.​Гаўрука, Глебкі, Я.​Драздовіча, У.​Дубоўкі, Л.​Геніюш, У.​Караткевіча, К.​Крапівы, І.​С.​Краўчанкі, М.​Лынькова, А.​Пальчэўскага, С.​П.​Сахарава, М.​М.​Улашчыка, Я.​Шутовіча і інш. Вядзе навук. і метадычную работу, выдае зборнікі прац па гісторыі кнігі, бібліяграфіі і бібліятэказнаўстве Беларусі, бібліягр. дапаможнікі, у т. л. па навуказнаўстве, гісторыі і інш.

Літ.:

Библиотечное дело и библиография в системе библиотек Академии наук БССР: [Сб. ст.]. Мн., 1976.

М.​П.​Стрыжонак.

Бібліятэка цэнтральная навуковая імя Я.​Коласа АН Беларусі.

т. 3, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКВАРЭ́ЛЬ (франц. aguarelle ад лац. agua вада),

фарбы, разведзеныя на вадзе (звычайна з раслінным клеем) і прызначаныя для жывапісу, а таксама від жывапісу, твор, выкананы ў тэхніцы акварэлі гэтымі фарбамі. Асн. якасці акварэлі — празрыстасць, чысціня і яснасць колеру. Акварэль спалучае асаблівасці жывапісу і графікі. Спецыфічныя прыёмы — размывы і зацёкі, якія ствараюць эфект рухомасці і трапятлівасці.

Акварэль (з дамешкам бяліл, гл. Гуаш) была вядомая ў Стараж. Егіпце, Кітаі, Японіі. У 15—17 ст. служыла пераважна для расфарбоўкі гравюр, чарцяжоў, эскізаў карцін і фрэсак, выкарыстоўвалася і самастойна (пейзажы А.​Дзюрэра, галандскіх і фламандскіх мастакоў). З 18 ст. пашырылася ў пейзажным жывапісе. З’явіліся прафес. мастакі-акварэлісты. У 19 ст. распаўсюдзілася ў Англіі (У.​Тэрнер, Р.​Бонінгтан), Францыі (Э.​Дэлакруа, А.​Дам’е), Расіі (К.​Брулоў, А.​Іваноў, У.​Бяхцееў, А.​Астравумава-Лебедзева, А.​Фанвізін, М.​Урубель).

На Беларусі выкарыстоўвалася ў 15 ст. ў мініяцюрах Радзівілаўскага летапісу, у 17—18 ст. — для расфарбоўкі гравюр. У 19 — пач. 20 ст. жанравыя карціны і пейзажы ў тэхніцы акварэлі стваралі Л.​Альпяровіч, С.​Богуш-Сестранцэвіч, Я.​Дамель, К.​Кастравіцкі, М.​Кулеша, Н.​Орда, І.​Пешка, Ф.​Рушчыц; у 1920—30-я г. — А.​Астаповіч, В.​Волкаў, У.​Кудрэвіч, М.​Лебедзева, М.​Філіповіч. Пазней традыцыйная акварэль атрымала развіццё ў творчасці Л.​Лейтмана, А.​Волкава, В.​Цвіркі, І.​Сталярова. Новы этап развіцця акварэлі азначыўся на пач. 1960-х г. Арганізуюцца ўсесаюзныя (1965) і рэсп. (1966) выстаўкі, ствараюцца групы мастакоў акварэлі, фарміруюцца школы акварэлі (гл. Віцебская школа акварэлі). Пашырэнне выяўл. сродкаў, тэхн. прыёмаў, мастацкіх манер прывяло да вызначэння спецыфікі акварэльнага вобраза. Акварэль зацвердзілася як самастойны від жывапісу. Шырокую вядомасць атрымалі творы А.​Паслядовіч, У.​Стальмашонка, З.​Літвінавай, П.​Драчова, Г.​Шутава, Ф.​Гумена, І.​Пратасені, Г.​Паплаўскага, Ф.​Кісялёва, В.​Паўлаўца, Л.​Марчанкі.

Літ.:

Беспалый А. Беларуская акварэль. Мн., 1989.

У.​І.​Рынкевіч.

Да арт. Акварэль. М.​Урубель. Партрэт Т.​С.​Любатовіч у ролі Кармэн. 1890-я г.
Да арт. Акварэль. Л.​Марчанка. Бэз. 1994.
Да арт. Акварэль. І.​Пратасеня. Набат 1863. К.​Каліноўскі і Марыся. 1990.
Да арт. Акварэль. Г.​Паплаўскі. Буслы Браслаўшчыны. 1994.
Да арт. Акварэль. В.​Паўлавец. Стажкі. 1991.
Да арт. Акварэль. Э.​Дэлакруа. Стрэл (фантазія). 1832.

т. 1, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)