ТО́МСАН (Thomson) Уільям (лорд Кельвін; Kelvin; 26.6.1824, г. Белфаст, Вялікабрытанія — 17.12.1907),
англійскі фізік, адзін са стваральнікаў тэрмадынамікі і кінетычнай тэорыі газаў. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1851; у 1890—95 яго прэзідэнт). Ганаровы замежны чл. Пецярбургскай АН (1896; чл.-кар. 1877). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1845). У 1846—99 праф. ун-та ў г. Глазга. Навук. працы па тэрмадынаміцы, электрамагнетызме, тэорыі пругкасці, матэматыцы і тэхніцы. Увёў паняцці абс. т-ры і абс. тэмпературнай шкалы (гл.Кельвіна шкала). Разам з Дж.П.Джоўлем адкрыў Джоўля—Томсана эфект. Незалежна ад Р.Ю.Э.Клаўзіуса даў адну з першых фармулёвак другога закону тэрмадынамікі (1851) і выказаў гіпотэзу аб «цеплавой смерці» Сусвету (1852). Правёў грунтоўныя даследаванні па тэрмадынаміцы пары і вадкасці (гл.Кельвіна ўраўненне), прапанаваў тэорыю тэрмаэл. з’яў і адкрыў Томсана з’яву. Актыўна ўдзельнічаў у наладжванні тэлегр. сувязі па трансатлантычным кабелі, даў разлік эл. контура і вывеў формулу перыяду эл. ваганняў (формула Т.). Сканструяваў і ўдасканаліў шэраг фіз. прылад і вымяральных інструментаў. У яго гонар названа адзінка абс. т-ры — кельвін.