ПШАЗДЗЕ́ЦКІЯ, Праздзецкія,

дзяржаўныя дзеячы, шляхецкі род герба «Рох III» у ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Карысталіся графскім тытулам, які ў 1843 зацверджаны ў Рас. імперыі. Найб. вядомыя:

Мікалай Уладзіслаў (каля 1620—11.10.1683), сын Пятра Паўла. Стольнік упіцкі ў 1658—66, ашмянскі стольнік у 1666—67, харунжы ў 1667—70 і маршалак з 1670, падваявода віленскі ў 1668—69, кашталян навагрудскі з 1677. Пасол на соймы 1665—76, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1683. Аляксандр (каля 1665 — каля 1734), сын Крыштофа. Мазырскі стольнік у 1691—94 і харунжы ў 1694—1726, мечнік ВКЛ у 1707—09, кашталян інфлянцкі з 1726. Быў дэпутатам Трыбунала ВКЛ. Антоні Тадэвуш (5.9.1718, г. Трокі — 28.3.1772), сын Аляксандра. Вял. пісар ВКЛ у 1739—50, вял. падчашы ў 1750—52, рэферэндары ў 1752—64, падканцлер з 1764. Пасол на соймы 1740—64, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1739. Рэгіментар (палкоўнік) Бел. дывізіі (1764), фактычны кіраўнік Генеральнай канфедэрацыі ВКЛ 1764. Міхал (1.5.1747, г. Заслаўе — 1799), сын Антонія Тадэвуша. Вял. пісар ВКЛ з 1777. Староста пінскі ў 1772—77, пасол на Чатырохгадовы сойм 1788—92. Кароль-Дамінік (1780 або 1781, Чорны Востраў — крас. 1832), сын Міхала. У 1812 абраны маршалкам Завілейскага пав. У вайну 1812 падтрымаў Напалеона, прызначаны камандзірам 18-га Нясвіжскага палка уланаў. Удзельнічаў у бітвах пад Койданавам 15.11.1812, Лейпцыгам 19.10.1813, у 1816 выйшаў у адстаўку з войска Каралеўства Польскага. У час паўстання 1830—31 абраны камандуючым узбр. сіламі Ашмянскага пав., у Смаргоні сфарміраваў конны і пешы паўстанцкія атрады. 29.4.1831 яго войскі разбіты, перайшоў у штаб А.​Гелгуда. Аляксандр (27.7.1814, Чорны Востраў — 26.12.1871), сын Канстанціна, унук Міхала. У 1832—34 вучыўся ў Берлінскім ун-це. Аўтар гіст. прац «Падолле, Валынь, Украіна: Карціны мясцін і часоў» (т. 1—2, 1841), «Хатняе жыццё Ядвігі і Ягайлы ...» (1854), «Польскія Ягелонкі ў XVI ст.» (т. 1—5, 1868—78). Разам з М.​Грабоўскім і М.​Маліноўскім падрыхтаваў зб-кі дакументаў «Крыніцы польскай гісторыі» (т. 1—2, 1843—44), дзе шмат матэрыялаў па гісторыі Беларусі.

У.​М.​Вяроўкін-Шзлюта.

т. 13, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁЛАКА́ЦЫЯ (ад радыё... + лакацыя),

знаходжанне і распазнаванне аб’ектаў, вызначэнне іх каардынат і інш. характарыстык з дапамогай радыёхваль; галіна навукі і тэхнікі. Сродкі і метады Р. выкарыстоўваюцца ў ваен. справе (у ППА і інш.), марской, паветр. і касм. навігацыі, метэаралогіі, астраноміі (Р. нябесных цел, у т. л. Сонца, Месяца, планет, метэораў), пры разведцы карысных выкапняў і інш.

Засн. на здольнасці фіз. цел (аб’ектаў) адбіваць, выпраменьваць і перавыпраменьваць радыёхвалі. Іх можна зарэгістраваць прыёмнікам і атрымаць патрэбную інфармацыю. Ажыццяўляецца з дапамогай радыёлакацыйных станцый (РЛС), сістэм і комплексаў. Найб. пашырана актыўная Р. з зандзіруючымі сігналамі, якія выпраменьваюцца антэннай сістэмай перадатчыка РЛС, адбіваюцца ад аб’екта і часткова ўлоўліваюцца прыёмнікам гэтай жа РЛС. Адлегласць да аб’екта вызначаюць па часе праходжання радыёсігналу да аб’екта і назад, напрамак (пеленг) — па арыентацыі накіраванай антэны. Калі аб’ект рухаецца адносна РЛС, частата радыёхвалі, адбітай аб’ектам, у адпаведнасці з Доплера эфектам змяняецца адносна частаты зандзіруючай радыёхвалі. Па рознасці гэтых частот вызначаюць скорасць перамяшчэння аб’екта. Пры Р. з актыўным адказам сігналы, пасланыя РЛС, рэтрансліруюцца радыёпрыстасаваннем, размешчаным на аб’екце (прыёмна-перадавальнай радыёстанцыяй). Пры пасіўнай радыёлакацыі выкарыстоўваецца ўласнае (цеплавое) выпрамяненне аб’екта ў дыяпазоне радыёхваль або выпрамяненне радыёпрыстасавання (радыёперадатчыка), размешчанага на аб’екце. Пры многапазіцыйнай Р. (т. зв. разнесеная сістэма) радыёсігналы, пасланыя адной РЛС і адбітыя аб’ектам, прымаюцца другой РЛС, што знаходзіцца ў інш. зоне прасторы (адлегласць паміж перадавальнай і прыёмнай РЛС можа змяняцца). Прынцыпы работы і апаратура радыёлакацыйных сістэм падобныя, як у гідралакацыі і радыёнавігацыі. Р. выкарыстоўвае складаныя зандзіруючыя сігналы і лічбавыя метады апрацоўкі інфармацыі для траекторных і картаграфічных вымярэнняў, здымкі мясцовасці, радыёкіравання рухомымі аб’ектамі і інш.

Літ.:

Теоретические основы радиолокации. М., 1970;

Справочник по радиолокации: Пер. с англ. Т. 1—4. М., 1976—79.

В.​І.​Вараб’ёў.

Схема радыёлакацыі (вымярэння каардынат) самалёта наземнай радыёлакацыйнай станцыяй.
Схема актыўнай радыёлакацыі: а — з пасіўным адказам; б — з актыўным адказам; в — разнесенай сістэмы пры пераменнай адлегласці (d) паміж перадавальным і прыёмным устройствамі радыёлакацыйнай станцыі (РЛС); г — кругавога агляду зямной паверхні з дапамогай самалётнай РЛС; д — радыёлакацыйная карціна мясцовасці ў сектары агляду.

т. 13, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАКЕ́ТА-НО́СЬБІТ, касмічная ракета,

шматступеньчатая (2—4 ступені) ракета для вывядзення ў космас касмічных апаратаў. Надае карыснаму грузу скорасць, большую ці роўную 1-й або 2-й касмічнай скорасці. Працягласць палёту Р.-н. на актыўным участку траекторыі каля 17 мін; стартавая маса 10—3000 т (да 90% масы складае паліва). Асн. тып ракетнага рухавіка — вадкасны ракетны рухавік, выкарыстоўваецца таксама цвердапаліўны.

Паводле стартавай масы, энергет. характарыстык і масы карыснага грузу, які выводзіцца на нізкія каляземныя арбіты (200—300 км), адрозніваюць Р.-н.: лёгкія (карысны груз да 5 т; «Косма», «Зеніт», «Днепр», «Скаўт», «Пегас», «Аджэна», «Дэльта»), сярэднія (5—20 т; «Саюз», «Маланка», «Тытан»), цяжкія (20—100 т; «Пратон», «Тытан-4», «Арыян-5»), звышцяжкія (больш за 100 т, «Сатурн», касм. сістэмы «Спейс шатл», «Энергія»). Макс. маса выведзенага на арбіту грузу 147,5 т («Сатурн-5»; 1972). Колькасць ступеней Р.-н. абумоўлена гал. чынам яе прызначэннем. На старце працуе самы магутны рухавік 1-й ступені, які надае сістэме пэўную скорасць. Пасля таго, як запас паліва 1-й ступені зрасходаваны, яна аддзяляецца, і пачынае працаваць рухавік 2-й ступені; сістэма атрымлівае дадатковую скорасць. Асаблівасць апошніх ступеней некаторых Р.-н. — магчымасць шматразовага ўключэння іх рухавікоў, што дазваляе рабіць манеўры для змены вышыні, нахілення арбіты і інш. Старты Р.-н. здзяйсняюцца з касмадромаў. У выпадку далёкіх палётаў Р.-н. звычайна выводзіцца на арбіту ШСЗ з наступным стартам з гэтай арбіты.

Літ.:

Казневский В.П. Космические ракеты. М., 1961;

Морозов К.В. Ракеты-носители космических аппаратов. М., 1975.

У.​С.​Ларыёнаў.

Трохступеньчатая ракета-носьбіт: 1, 5, 8 — вадкасныя ракетныя рухавікі 1, 2 і 3-й ступеней; 2 — стабілізатар; 3, 6, 9 — бакі паліва 1, 2, 3-й ступеней; 4, 7, 10 — бакі акісляльніку 1, 2 і 3-й ступеней; 11 — прыборны адсек з апаратурай сістэмы кіравання; 12 — карысны груз; 13 — галаўны абцякальнік; 14 — механізм аддзялення касмічнага аб’екта, 15 стык паміж 2 і 3-й ступенямі; 16 — стык паміж 1 і 2-й ступенямі.

т. 13, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУХАВІ́К,

энергасілавая машына, якая пераўтварае энергію рознага віду ў мех. работу або ў кінетычную энергію рэактыўнага струменя. У залежнасці ад тыпу Р. работа можа быць атрымана ад вярчальнага ротара (у ротарных машынах), зваротна-паступальнага руху поршня (у поршневых машын), рэактыўнага апарата і інш. Падзяляюцца на стацыянарныя, перасоўныя і транспартныя. Прыводзяць у дзеянне рабочыя машыны, трансп. сродкі (сухапутныя, водныя, паветраныя, касмічныя), вытв.-тэхнал. ўстаноўкі, камунальныя і быт. машыны і прылады і інш.

Р., якія пераўтвараюць прыродныя энергет. рэсурсы (паліва, энергію ветру, вады і інш.) у мех. энергію, наз. першаснымі Р. Да іх адносяцца цеплавыя рухавікі, гідраўлічныя рухавікі, ветрарухавікі. Другасныя Р. пераўтвараюць у работу энергію, атрыманую ад першасных Р. ці ад пераўтваральнікаў і накапляльнікаў энергіі (сонечных батарэй, інерцыйных і спружынных механізмаў і інш.): электрычныя рухавікі (у т. л. асінхронныя электрарухавікі, сінхронныя электрарухавікі), пнеўмарухавікі, інерцыйныя рухавікі, гіравыя, спружынныя, некаторыя гідраўлічныя і інш.

Першым мех. Р. было вадзяное кола, якое выкарыстоўвалася для падачы вады ў арашальныя сістэмы (краіны Стараж. Усходу, Егіпет, Кітай, Індыя). Ветрарухавікі барабаннага тыпу з’явіліся ў Стараж. Егіпце і Кітаі, з 7 ст. ў Персіі пачалі будаваць больш дасканалыя крыльчатыя, якія з 12—13 ст. пашырыліся ў Еўропе для прыводу ветраных млыноў (гл. Вятрак). З 13 ст. рабіліся спробы стварэння вечнага рухавіка. Цеплавы Р. — поршневая параатмасферная машына пабудавана Т.Ньюкаменам у 1705, універсальны цеплавы Р. — паравая машына — Дж.Уатам у 1784, паравая турбіна прамысл. значэння — Ч.А.Парсансам у 1884, практычна прыгодны рухавік унутранага згарання — франц. механікам Э.​Ленуарам у 1860, 4-тактавы газавы Р. — Н.А.Ота ў 1876, дызельны — Р.К.Дызелем у 1897 (гл. Дызель). У 1-й пал. 20 ст. створаны газавая турбіна, рэактыўны рухавік, ядзерная сілавая ўстаноўка. Гл. таксама Авіяцыйны рухавік, Аўтамабільны рухавік, Суднавы рухавік.

Літ.:

История техники. М., 1962;

Радость познания. Т. 4. Человек и машины: Пер. с англ. М., 1986.

У.​М.​Сацута.

Рухавікі: а — паравы Ньюкамена (1 — бак з вадой, 2 — поршань са штокам, 3 — цыліндр, 4 — упырскванне вады, 5 — паравы кацёл); б — газавы 4-тактны Ота (1 — выхад газаў, 2 — упуск паветра, 3 — упуск газу, 4 — слізгальны клапан, 5 — гарэнне газу, 6 — абалонка з ахаладжальнай вадой, 7 — поршань).

т. 13, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВА́ННЫЯ ЗО́НЫ, саваннаў і рэдкалессяў зоны,

прыродныя зоны нізкіх шырот у субэкватарыяльным і трапічным (радзей — у субтрапічным) паясах Паўн. і Паўд. паўшар’яў. Займаюць каля 40% тэр. Афрыкі (на Пд ад Сахары), пашыраны ў Паўд. і Цэнтр. Амерыцы, Паўд. і Паўд.-Усходняй Азіі, Аўстраліі. С.з. уласціва пасатна-мусонная цыркуляцыя паветраных мас з выразным падзелам на сухі зімовы і вільготны летні сезоны. Працягласць дажджлівага сезону скарачаецца па меры аддалення ад экватарыяльнага пояса з 8—9 месяцаў да 2—3 месяцаў, колькасць ападкаў ад 2000 да 250 мм за год. Радыяцыйны баланс складае 250—335 кДж/см² (60—80 ккал/см²). Т-ра самага халоднага месяца 4—20 °C, самага цёплага — 20—35 °C. Сутачныя ваганні т-ры паветра да 25 °C. Рачная сетка рэдкая. Рэкі мялеюць у сухі сезон, у дажджлівы — расход вады павялічваецца ў 15—20 разоў, узрастае цвёрды сцёк, схілавы і плоскасны змыў.

Рэльеф прадстаўлены згладжанымі паверхнямі, над якімі ўзвышаюцца эразійныя астанцы, захаваныя ад разбурэння шчыльнымі фералітнымі корамі. Бяссцёкавыя ўпадзіны ў вільготны перыяд забалочваюцца. У сухі сезон зніжаецца ўзровень грунтавых вод, актыўна праяўляюцца працэсы фіз. выветрывання, у больш засушлівых раёнах — дэфляцыі. Глебы чырвоныя, чырвона-карычневыя, чырвона-бурыя. чорныя, шэра-карычневыя; з вял. колькасцю аксідаў жалеза, марганцу, алюмінію; характарызуюцца прамыўным рэжымам у дажджлівы сезон. Расліннасць: розныя тыпы саваннаў, саванныя лясы, ксерафітныя рэдкалессі і хмызнякі, уздоўж рэк галерэйныя лясы. Жывёльны свет: буйныя капытныя, драпежнікі, грызуны, бегаючыя птушкі, паўзуны і насякомыя Вышынная пояснасць у гарах С.з. прадстаўлена знізу — рэдкалессямі або саваннамі, вышэй — сухімі і мезафітнымі лістападна-вечназялёнымі лясамі, яшчэ вышэй — хмызнякамі і горным стэпам. У С.з. субэкватарыяльных паясоў вылучаюцца падзоны вільготных высакатраўных саваннаў і саванных лясоў, тыповых саваннаў, апустыненых саваннаў і рэдкалессяў. Вырошчваюцца збожжавыя і клубневыя культуры, бавоўнік, джут, арахіс, сізаль, цукровы трыснёг і інш. Жывёлагадоўля (пераважна ў больш засушлівых абласцях). Ландшафты С.з. моцна зменены антрапагенным уздзеяннем (звядзенне лясоў, разворванне, выпальванне траў і інш.), што прыводзіць да іх апустыньвання.

Р.​Р.​Паўлавец.

т. 14, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ЧАНКА (Барыс Іванавіч) (15.5.1936, в. Вялікі Бор Хойніцкага р-на Гомельскай вобл. —5.7.1995),

бел. пісьменнік. Брат І.​І.​Сачанкі. У 1943 з бацькамі вывезены ў Германію. Скончыў БДУ (1960). Працаваў у час. «Полымя», сакратаром Саюза бел. пісьменнікаў, у выд-ве «Мастацкая літаратура». У 1993—95 гал. рэдактар выд-ва «Беларуская Энцыклапедыя». Друкаваўся з 1956. Першы зб. прозы «Дарога ішла праз лес» (1960). Чалавек на вайне, жыццё вёскі, маральна-этычныя дачыненні людзей — тэмы ранняй творчасці. Гіст. мінулае палескага краю раскрыта ў аповесцях «Варэйка Золата» (1964), «Англіцкая сталь» (1966), «Дыярыуш Мацея Белановіча» (1976). Пра Вял. Айч. вайну аповесці «Палон» (1962), «Пакуль не развіднела» (1965), «Апошнія і першыя» (1966), «Аксана» (1968), раман «Чужое неба» (1975). У трылогіі «Вялікі лес» (1979—83) асэнсаванне прац. і ратнага подзвігу народа ва ўмовах акупацыі. Тэма Чарнобыля ў «Запісках аб радыяцыі» (нап. 1986—90), аповесцях «Родны кут» і «Еўка» (1987). У творах «Не на той вуліцы» (1974) і «Запіскі Занядбайлы» (1977), «Без пяці мінут «прахвесар» (1983) выкрываў мяшчанства, прыстасавальніцтва, графаманства, розныя аспекты побыту гараджан. Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Коласа 1982 за кн. прозы «Ваўчыца з Чортавай Ямы» (1978), Літ. прэмія імя І.​П.​Мележа 1991 за кн. крытыкі і публіцыстыкі «Сняцца сны аб Беларусі...» (1990). Апублікаваў са сваімі каментарыямі малавядомыя або невядомыя творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, В.​Ластоўскага, К.​Сваяка, Л.​Геніюш, У.​Жылкі, А.​Салаўя і інш. Склаў зб. паэзіі бел. эміграцыі «Туга па Радзіме» (1992), кн. ўспамінаў «На суд гісторыі» (1994) і інш. На бел. мову пераклаў аповесць Я.​Гуцалы «Школьны хлеб», П.​Андрэева (П.​Абрасімава) «Аповесць пра майго сябра», кн. апавяданняў і аповесцей І.​Андрыча «Трывожны год», п’есы А.​Салынскага, А.​Галіна і інш.

Тв.:

Выбр тв. Т. 1—2. Мн., 1981;

Выбр. тв. Т. 1—3. Мн., 1993—95;

Беларуская эміграцыя. 2 выд. Мн., 1991;

Трэцяе вока. Мн., 1992.

Літ.:

Савік Л.С. Пад мірным небам бацькаўшчыны. Мн., 1986.

Л.​С.​Савік.

Б.І.Сачанка.

т. 14, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАРУ́ЛЬСКІ ((Skorulski) Антоній Адам) (22.11.1715, Жамойць — 28.1.1777),

філосаф, асветнік. З 1730 чл. ордэна езуітаў, у 1742 пасвячоны ў ксяндза. Выкладаў філасофію, гісторыю і геаграфію ў езуіцкіх навуч. установах Латвіі і Літвы. Рэктар калегіумаў у Навагрудку (1760—64) і Коўне (1764—66), у 1766—72 правінцыял літоўскі (кіраўнік Літ. правінцыі ордэна). Рэктар Віленскай акадэміі (1772—74; з 1803 Віленскі ун-т). Пасля скасавання ордэна езуітаў (1773) заставаўся белым ксяндзом, з 1775 канонік віленскі. У адзіным творы С. «Каментарыі па філасофіі, або логіцы, гэта значыць метафізіцы, агульнай і спецыяльнай фізіцы» (1755) выкладзены асн. філас. сістэмы Новага часу і адкрыцці ў прыродазнаўстве, прыведзены каштоўныя звесткі па астраноміі, механіцы і інш. галінах ведаў. Лічыў, што існуе толькі адзін свет, а не мноства; ён абмежаваны пэўнымі межамі сваёй велічыні, заснаванай у пэўны час. Адмаўляў асн. палажэнні вучэння М.​Каперніка, тэорыі першасных і другасных якасцей, атамізму. Гнасеалагічныя погляды С. знаходзіліся пад уплывам сенсуалізму. Паводле С., пазнанне рэчаіснасці пачынаецца з уздзеяння аб’екта на органы пачуццяў; любое адчуванне ўключае 3 элементы: орган пачуццяў, уздзеянне, якое робіцца на яго, і здольнасць да ўспрымання гэтага ўздзеяння. Крытыкаваў тэорыю прыроджаных ідэй і інтуітыўнага пазнання, перасцерагаў ад легкадумнага, некрытычнага адмаўлення ўсялякай новай ідэі без папярэдняга апрабавання яе розумам. Даследаваў праблему лагічнага метаду ў непарыўнай сувязі з традыц. аперацыямі розуму (паняцце, суджэнне і вывад); пры гэтым лагічны метад падзяляў на сінтэтычны, з дапамогай якога пазнанне рухаецца ад простага да складанага, ад частак да цэлага, ад прычыны да выніку, і аналітычны, пры дапамозе якога розум вяртаецца ад складанага да простага, ад усеагульнага да адзінкавага.

Тв.:

Рус. пер. — Комментарии по философии, или логике, то есть метафизике, общей и специальной физике. Вильна, 1755 // Памятники философской мысли Белоруссии XVII — первой половины XVIII в. Мн., 1991.

Літ.:

Бирало А.А. Философская и общественная мысль в Белоруссии и Литве в конце XVII — середине XVIII в. Мн., 1971;

Дорошевич Э.К. Философия эпохи Просвещения в Белоруссии. Мн., 1971;

Очерки истории философской и социологической мысли Белоруссии (до 1917 г.). Мн., 1973;

Цукерман А.Я. Философская мысль в Белоруссии середины XVIII в. Мн., 1980.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 14, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЗЫЛЬЯ́НЕ,

каталіцкія манахі ўсх. абраду, якія жывуць паводле т.зв. статута св. Васіля (Базыля) Вялікага (распрацаваны ў 4 ст.). Існуюць у Еўропе і на Б.​Усходзе з ранняга сярэднявечча. У 16 ст. зарганізаваны ў адзіны ордэн. Вылучаецца некалькі асн. базыльянскіх абрадаў: Гротаферата (італа-албанскі), св. Збаўцы і св. Яна Хрысціцеля, Мелкіцкі (у Ліване, Палесціне і Егіпце), св. Іасафата (на Украіне, у Румыніі). На Беларусі базыльяне з’явіліся ў 17 ст. ў выніку царк. рэформаў уніяцкага мітрапаліта І.​В.​Руцкага. Першая місія манахаў-кармелітаў, выкліканая Руцкім у 1605, заклала базыльянскі ордэн у Свята-Троіцкім кляштары ў Вільні. На далейшае фарміраванне ордэна ў ВКЛ і ў Рэчы Паспалітай зрабілі ўплыў езуіты. У 1617 Навагрудская кангрэгацыя зацвердзіла стварэнне базыльянскага ордэна ў Рэчы Паспалітай і прыняла рэгулы (статут) новага ордэна, распрацаваныя Руцкім, які быў абраны 1-м протаархімандрытам (генералам) базыльянаў. Паводле рэгулаў протаархімандрыт ордэна падпарадкоўваўся папу рымскаму праз уніяцкага мітрапаліта. Протаархімандрытамі базыльянаў былі Руцкі (1617—21), Леў Крэўза Ржавускі (1621—26), Рафаіл Корсак (1626—36), Пахомій Война Аранскі (з 1636), Антоній Сялява (з 1652), Якуб Суша (з 1661), Гаўрыіл Календа (з 1666), Пахомій Агілевіч (1675—79), Стафан Мартышкевіч Бусінскі (1679—86), Язэп Пяткевіч (1686—90), Сымон Агурцэвіч (з 1690), Якім Кушэвіч (з 1694), Леў Кішка (1703—13), Васіль Працэвіч (1713—17), Максімілян Вятржынскі (1717—19), Антон Завадскі (з 1719), Карнелій Сталпавіцкі-Лябецкі (да 1727), Антанін Таміловіч (1729—36), Патрыцый Жураўскі (1739—43), Палікарп Мігуневіч (1743—47), Іпацій Білінскі (1747—51; 1759—72), Ераклій Лісянскі (1751—59), Парфірый Скарбек Важынскі (1772—80 і з 1788), Язэп Маргулец (1780—85), Ерафей Карчынскі (1786—88), Максімілян Вільчынскі (да 1793), Афанасій Фалькоўскі (да 1802), Юстын Гусакоўскі (да 1804, калі пасада протаархімандрыта была скасавана). У 1743 ордэн падзелены на 2 правінцыі: Літоўскую (уваходзілі землі княства, у т. л. Беларусі) і Рускую (або Польскую, каронную). Ордэнам кіравалі протаархімандрыт, правінцыялы (кіраўнікі правінцый), 4 кансультары і сакратар. Вышэйшай заканад. уладай былі кангрэгацыі (з удзелам мітрапаліта), іерархіі базыльянаў. Кангрэгацыі склікаліся раз на 4 гады ў любым буйным цэнтры базыльянаў, найчасцей у Навагрудку (1617, 1671, 1686, 1703, 1717, 1719, 1730), Жыровічах (1629, 1631, 1658, 1659, 1661, 1675, 1679, 1694), Вільні (1636, 1642, 1646, 1650, 1667, 1713). У 1635 базыльяне атрымалі прывілей караля Уладзіслава IV, паводле якога біскупамі уніяцкай царквы маглі выбірацца толькі манахі-азыльяне, што ўзмацніла пазіцыі ордэна. Расла колькасць кляштараў. У 1772 у кожнай правінцыі было па 72 кляштары, больш за 600 манахаў. Базыльяне актыўна займаліся адукац. дзейнасцю. Прывілеем 1613 кароль Жыгімонт III Ваза дазволіў базыльянам адкрываць школы са статутам пач. і сярэдніх навуч. устаноў з выкладаннем на бел. мове. Базыльяне распрацавалі сістэму свецкай адукацыі пераважна лінгвістычнага багаслоўскага і агульнагуманітарнага кірунку. У 18 ст. буйнейшыя базыльянскія школы мелі па 300—500 вучняў. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 існавалі 4 правінцыі; акрамя 2 існуючых утварыліся Беларуская (на далучаных да Расіі землях) і Галіцкая (на тэр. Аўстрыі). У 1785 ордэну базыльянаў, які стаў сур’ёзнай перашкодай на шляху афіц. палітыкі праваславізацыі і русіфікацыі Беларусі, было забаронена выбіраць правінцыяла і протаархімандрыта, улада над ім была перададзена архібіскупу А.​Лісоўскаму І.​Лісоўскаму, прыхільніку ўсх. абраднасці. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай кантакты базыльянаў з Рымам спынены, ордэн ператварыўся ў групу адасобленых кляштараў без ордэнскай цэнтралізацыі. У 1822 паводле загаду цара Аляксандра I закрыты кляштары базыльянаў, пры якіх існавалі навіцыяты, школы або філасофскія і багаслоўскія класы, а на іх базе створаны правасл. духоўныя вучылішчы. Паводле ўказу Мікалая I ад 9.10.1827 ліквідавана базыльянскае манаства, а ў 1828 ліквідаваны і кляштары базыльянаў. Толькі Свята-Троіцкі віленскі кляштар з семінарыяй праіснаваў да 1839, калі на Полацкім дзярж. саборы была скасавана уніяцкая царква. У 1870 забаронены апошнія кляштары базыльянаў на тэр. Польшчы. Базыльяне захаваліся ў Аўстра-Венгрыі (14 кляштараў у Галіцыі і 7 у Венгрыі). На Украіне базыльяне афіцыйна дзейнічалі да 1946, калі на Львоўскім саборы была ліквідавана Украінская грэка-каталіцкая царква. З таго часу базыльяне разам з усёй царквой перайшлі на нелегальнае становішча. У канцы 1980-х г. яны аднавілі сваю дзейнасць. На Беларусі базыльянства не адрадзілася, аднак невял. частка манахаў праходзяць навіцыят ва ўкраінскіх базыльянскіх кляштарах.

Літ.:

Коялович М.О. История воссоединения западнорусских униатов старых времен. Спб., 1873;

Бобровский П.О. Русская греко-униатская церковь в царствование императора Александра I. Спб., 1890.

І.​М.​Дубянецкая.

т. 2, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЕ́І ЛІТАРАТУ́РНЫЯ Збіраюць, зберагаюць, экспануюць і прапагандуюць матэрыялы пра жыццё і творчасць пісьменнікаў або гістарычна-літ. працэс у краіне ўвогуле. На Беларусі ў 16—18 ст. паводле ініцыятывы мецэнатаў Радзівілаў, Сапегаў, Агінскіх, Храптовічаў, Стравінскіх створаны першыя музейныя і архіўныя калекцыі Акрамя твораў мастацтва ў іх знаходзіліся помнікі стараж. пісьменнасці, старадрукі. Друкаваныя і рукапісныя помнікі л-ры зберагаліся ў музеі старажытнасцей К. і Я.​Тышкевічаў у Лагойску, у музеі А.​Ельскага ў в. Замосце (Пухавіцкі р-н), у Віленскім музеі старажытнасцей, Магілёўскім музеі, Беларускім музеі ў Вільні і інш. Паводле зместу і характару дзейнасці М.л. падзяляюцца на літ.-мемар. і гісторыка-літаратурныя. Літаратурна-мемарыяльныя музеі ствараюцца ў памяць аб пісьменніках і складаюцца з мемар. комплексаў (пабудовы, сядзібы, кватэры, абсталяванне, асабістыя рэчы пісьменнікаў) і літ. экспазіцыі. У экспазіцыю ўваходзяць дакументы-арыгіналы (аўтографы ці іх копіі, рукапісы твораў, кнігі, прадметы творчай працы, побыту, творы мастацтва, ілюстрацыі і г.д.). У гісторыка-літаратурных музеях збіраюць матэрыялы пра асн. перыяды развіцця л-ры. На Беларусі большасць М.л. уваходзіць у Аб’яднанне дзярж. літ. музеяў (засн. ў 1986). Галаўны музей — Музей гісторыі беларускай літаратуры ў Мінску. Яго філіялы: музей М.​Агінскага (в. Залессе Смаргонскага р-на), Багушэвіча Ф.К. літаратурна-мемарыяльны музей-сядзіба ў Кушлянах (Смаргонскі р-н), літ. музей І.​Буйніцкага (в. Празарокі Глыбоцкага р-на), мемар. сядзіба-музей М.​Гарэцкага (в. Малая Багацькаўка Мсціслаўскага р-на), музей С.​Манюшкі (в. Убель Чэрвеньскага р-на), сядзіба-музей сям’і Міцкевічаў (в. Завоссе Баранавіцкага р-на), літ.-гіст. музей у в. Гарадок, літ.-гіст. музей у в. Плябань (абодва Маладзечанскі р-н), літ. музей К.​Чорнага (в. Цімкавічы Капыльскага р-на). У аб’яднанне ўваходзяць: Багдановіча М. літаратурны музей у Мінску з філіяламі «Беларуская хатка» (Мінск), «Фальварак Ракуцёўшчына» (Маладзечанскі р-н), Броўкі Петруся літаратурны музей у Мінску з філіялам сядзіба-музей П.​Броўкі (в. Пуцілкавічы Ушацкага р-на), Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльны музей у Мінску, Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльнага музея філіял, музей гісторыі тэатр. і муз. культуры Беларусі ў Мінску з філіялам «Гасцёўня У.​Галубка» (Мінск). Да М.л. адносяцца: Купалы Янкі літаратурны музей у Мінску, Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Акопы», Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Вязынка» (Маладзечанскі р-н, уваходзіць у Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка»), Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Ляўкі» (Аршанскі р-н, уваходзіць у Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Ляўкі»), Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Яхімоўшчына» (Маладзечанскі р-н), Міцкевіча Адама дом-музей у Навагрудку, музеі Багдановіча ў Гродне, У.​Караткевіча ў Оршы. Пры некат. гіст.-краязнаўчых музеях працуюць філіялы, аддзелы або экспазіцыі, прысвечаныя пісьменнікам-землякам: літ. музей А.​Куляшова ў Новых Саматэвічах (Касцюковіцкі р-н), мемар. музей П.​М.​Лепяшынскага (в. Ліцвінавічы Кармянскага р-на), зала Ф.​Багушэвіча ў Ашмянскім краязнаўчым музеі імя Багушэвіча і інш. Ёсць комплексныя музеі (напр., Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва). На грамадскіх пачатках створаны літ. музей Багушэвіча (в. Жупраны Ашмянскага р-на), музей А.​Блока (в. Лапаціна Пінскага р-на), Германавіцкі літ.-краязнаўчы музей (Шаркаўшчынскі р-н), Дастоеўскі літ.-краязнаўчы музей (в. Дастоева Іванаўскага р-на), Карскага Я.Ф. мемарыяльны музей (в. Лаша Гродзенскага р-на), літ.-этнагр. музей Я.​Коласа (в. Люсіна Ганцавіцкага р-на), літ.-этнагр. музей Я.​Коласа (в. Пінкавічы Пінскага р-на), мемар. музей М.​Лынькова (в. Крынкі Лёзненскага р-на), А.​Макаёнка (в. Журавічы Рагачоўскага р-на), літ. музей І.​Мележа (в. Глінішча Хойніцкага р-на), музей «Літаратурная Лагойшчына» (СШ № 1, Лагойск). Памяці пісьменнікаў прысвечаны пакоі, куткі ў мясцінах, звязаных з іх жыццём і творчасцю: П.​Багрыма (в. Крошын Баранавіцкага р-на), П.​Глебкі (в. Вял. Уса Уздзенскага р-на), М.​Клімковіча (в. Сялітранка Барысаўскага р-на), Я.​Коласа (в. Верхмень Смалявіцкага р-на), Я.​Купалы (в. Бяларучы Лагойскага р-на), Я.​Маўра (в. Бытча Барысаўскага р-на), В.​Таўлая (г. Слонім), П.​Труса (в. Нізок Уздзенскага р-на), Цёткі (г.п. Астрына Шчучынскага р-на), Л.​Якубовіча (в. Чапялі Салігорскага р-на), паэтаў-франтавікоў (СШ № 150, г. Мінск) і інш. М.л. вядуць н.-д. работу, арганізоўваюць экскурсіі, лекцыі, канферэнцыі, выстаўкі, юбілейныя вечары, сустрэчы з дзеячамі л-ры і мастацтва. Вынікі сваёй работы публікуюць у зборніках, даведніках, каталогах, буклетах, рэкламных лістах, апісаннях рукапісаў і асабістых бібліятэк пісьменнікаў. Шматлікія музейныя калекцыі даследуюць вучоныя і літаратары.

Літ.:

Современные литературные музеи: некоторые вопр. теории и практики. М., 1982.

Г.​А.​Каханоўскі, Т.​П.​Аніскавец, Н.​У.​Гарэлік.

т. 11, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАДМАГІ́ЛЛЕ,

твор скульптуры ці архітэктурнае збудаванне, якія прызначаюцца для ўвекавечвання памяці нябожчыка і ўстанаўліваюцца на яго магіле. Н. ствараюць у выглядзе бюстаў, статуй, рэльефаў, стэл, калон, абеліскаў і інш. Форма і характар Н. абумоўлены сац. і рэліг. патрабаваннямі, пануючым маст. стылем.

Вядомы з часоў неаліту ў выглядзе слупоў, менгіраў, у Стараж. Грэцыі — статуі, стэлы з выявай памерлага. З 11 ст. ў Зах. Еўропе асн. тыпам Н. была тумба (пустая каменная ці бронз. каробка). На сярэдневяковым Каўказе, у Румыніі, на Балканах пашыраны каменныя пліты з арнаментальнай разьбой. Кіт. Н. (верт. пліты) узводзіліся адна над адной і паступова пераўтвараліся ў мемар. сцены. У эпоху Адраджэння Н. выцеснены грабніцамі. У 17—18 ст. партрэтныя выявы часта спалучалі з сімваламі і алегарычнымі фігурамі; большую значнасць набылі надпісы 3 канца 18 — пач. 19 ст. Н. ўстанаўліваюцца на могілках. У Н. 2-й пал. 19—20 ст. рэліг.-дыдактычны пачатак паступова слабее, аздабленнем магілы часцей становіцца партрэт памерлага ці сімвалічна-мемар. эмблема.

На Беларусі Н. вядомы з 16 ст. Уяўлялі сабой каменныя або жал. пліты з тэкстам пра жыццё памерлага, выявамі герба, евангельскіх сцэн, іх клалі на магілу або ў храмах (надмагільная пліта епіскапа Цярлецкага, захоўваецца ў Музеі стараж.-бел. культуры Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі). Паяўленне скульпт. Н. звязана з уплывам традыцый Адраджэння і дзейнасцю італьян. мастакоў. Захаваліся Н. 16 ст.: А.​Гаштольда — рэльефная выява памерлага (1539—41, скульпт. З.​Бернардзін), П.​Гальшанскага (1550, скульпт. Падавана; абодва ў Віленскім кафедральным саборы), фрагмент мармуровага Н. з выявай спячага дзіцяці з замка ў г.п. Мір (Гродзенскі гісторыка-археал. музей), надмагільны рэльеф М.​К.​Радзівіла Сіроткі (пасля 1616) і Н. ў выглядзе бюста другога яго сына (1608, абодва ў Нясвіжскім касцёле езуітаў), шматфігурная кампазіцыя на пліце ў памяць пра тых, што загінулі пад Хоцімам (пасля 1643, Навагрудскі фарны касцёл), Мікалая і Барбары Вольскіх — укленчаныя адзін супраць аднаго перад крыжам (пасля 1623, Георгіеўскі касцёл у в. Крамяніца Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл.), Л.​Сапегі і яго жонак (пасля 1633, касцёл Міхаіла ў Вільні), П.​Сапегі і трох жонак (пасля 1635, в. Гальшаны Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл., цяпер у Музеі стараж.-бел. культуры). Рысы класіцызму выяўляюцца ў маст. вырашэнні надмагілля Б.​Біспінка з мармуровай выявай жанчыны, якая сядзіць на саркафагу (1789, скульпт. І.​Прукнер, Троіцкі касцёл, г.п. Ружаны Пружанскага р-на Брэсцкай вобл.), К.​Радзівіл (1825, Нясвіжскі касцёл езуітаў), графа М.​П.​Румянцава (1834, скульпт. В.​Дэмут-Маліноўскі, Гомельскі краязнаўчы музей), брата А.​Міцкевіча Аляксандра (пасля 1873, г. Кобрын Брэсцкай вобл.), А.​Чахоўскага (пасля 1858, в. Лунна Мастоўскага р-на), С.​Пац (19 ст., Троіцкі касцёл, г.п. Рось Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл.), А.​Тызенгаўза з бронзавай выявай сядзячай жанчыны і партрэтным медальёнам (1887, скульпт. Т.​Дукас, Гродзенскі касцёл езуітаў). У 2-й пал. 20 ст. створаны шэраг значных Н. дзярж. дзеячаў, вучоных, пісьменнікаў, артыстаў, мастакоў: Я.​Коласа (1970, скульпт. У.​Ананька, М.​Якавенка, арх. М.​Мызнікаў), Я.​Купалы (1971, скульпт. А.​Анікейчык і А.​Заспіцкі), І.​Жыновіча (1976, скульпт. З.​Азгур), І.​Мележа (1980, скульпт. С.​Вакар, арх. Ю.​Казакоў), П.​М.​Машэрава (1983, скульпт. Анікейчык, арх. Л.​Левін, Ю.​Градаў), Е.​Лось (1985, скульпт. Заспіцкі), І.​І.​Грамовіча (скульпт. М.​Рыжанкоў), А.​А.​Анікейчыка (абодва 1988, скульпт. А.​Фінскі), Ю.​А.​Карачуна (скульпт. У.​Лятун), В.​Ц.​Турава (абодва 1999, скульпт. Якавенка). У мемар. комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой» створана агульнае Н. над некропалем герояў, што загінулі ў крэпасці (1967—71, арх. У.​Кароль, Казакоў, В.​Волчак, В.​Занковіч, Г.​Сысоеў і інш.). Н.-стэлы ўстаноўлены ахвярам фашызму каля в. Маціёва Талачынскага р-на (1967) і ў г. Докшыцы (1968), на брацкай магіле партызан, ахвяр фашызму і землякоў у в. Масевічы Маларыцкага р-на Брэсцкай вобл. (1975), гомельскім апалчэнцам і Ц.​С.​Барадзіну (1975, скульпт. Г.​Гарбанёў), на брацкай магіле чырвонагвардзейцаў у в. Калышкі Лёзненскага р-на Віцебскай вобл. (1983) і інш.

А.​К.​Лявонава.

Надмагілле Мікалая і Барбары Вольскіх у Георгіеўскім касцёле вёскі Крамяніца Зэльвенскага раёна Гродзенскай вобл.
Да арт. Надмагілле. Помнік на магіле Янкі Купалы. 1971. Скульптары А.​Анікейчык і А.​Заспіцкі.

т. 11, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)