СА́ЧАНКА (Барыс Іванавіч) (15.5.1936, в. Вялікі Бор Хойніцкага р-на Гомельскай вобл. —5.7.1995),
бел. пісьменнік. Брат І.І.Сачанкі. У 1943 з бацькамі вывезены ў Германію. Скончыў БДУ (1960). Працаваў у час. «Полымя», сакратаром Саюза бел. пісьменнікаў, у выд-ве «Мастацкая літаратура». У 1993—95 гал. рэдактар выд-ва «Беларуская Энцыклапедыя». Друкаваўся з 1956. Першы зб. прозы «Дарога ішла праз лес» (1960). Чалавек на вайне, жыццё вёскі, маральна-этычныя дачыненні людзей — тэмы ранняй творчасці. Гіст. мінулае палескага краю раскрыта ў аповесцях «Варэйка Золата» (1964), «Англіцкая сталь» (1966), «Дыярыуш Мацея Белановіча» (1976). Пра Вял.Айч. вайну аповесці «Палон» (1962), «Пакуль не развіднела» (1965), «Апошнія і першыя» (1966), «Аксана» (1968), раман «Чужое неба» (1975). У трылогіі «Вялікі лес» (1979—83) асэнсаванне прац. і ратнага подзвігу народа ва ўмовах акупацыі. Тэма Чарнобыля ў «Запісках аб радыяцыі» (нап. 1986—90), аповесцях «Родны кут» і «Еўка» (1987). У творах «Не на той вуліцы» (1974) і «Запіскі Занядбайлы» (1977), «Без пяці мінут «прахвесар» (1983) выкрываў мяшчанства, прыстасавальніцтва, графаманства, розныя аспекты побыту гараджан. Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1982 за кн. прозы «Ваўчыца з Чортавай Ямы» (1978), Літ. прэмія імя І.П.Мележа 1991 за кн. крытыкі і публіцыстыкі «Сняцца сны аб Беларусі...» (1990). Апублікаваў са сваімі каментарыямі малавядомыя або невядомыя творы Я.Купалы, Я.Коласа, В.Ластоўскага, К.Сваяка, Л.Геніюш, У.Жылкі, А.Салаўя і інш. Склаў зб. паэзіі бел. эміграцыі «Туга па Радзіме» (1992), кн. ўспамінаў «На суд гісторыі» (1994) і інш. На бел. мову пераклаў аповесць Я.Гуцалы «Школьны хлеб», П.Андрэева (П.Абрасімава) «Аповесць пра майго сябра», кн. апавяданняў і аповесцей І.Андрыча «Трывожны год», п’есы А.Салынскага, А.Галіна і інш.
Тв.:
Выбр тв.Т. 1—2. Мн., 1981;
Выбр.тв.Т. 1—3. Мн., 1993—95;
Беларуская эміграцыя. 2 выд.Мн., 1991;
Трэцяе вока. Мн., 1992.
Літ.:
Савік Л.С. Пад мірным небам бацькаўшчыны. Мн., 1986.