знаходжанне і распазнаванне аб’ектаў, вызначэнне іх каардынат і інш. характарыстык з дапамогай радыёхваль; галіна навукі і тэхнікі. Сродкі і метады Р. выкарыстоўваюцца ў ваен. справе (у ППА і інш.), марской, паветр. і касм.навігацыі, метэаралогіі, астраноміі (Р. нябесных цел, у т. л. Сонца, Месяца, планет, метэораў), пры разведцы карысных выкапняў і інш.
Засн. на здольнасці фіз. цел (аб’ектаў) адбіваць, выпраменьваць і перавыпраменьваць радыёхвалі. Іх можна зарэгістраваць прыёмнікам і атрымаць патрэбную інфармацыю. Ажыццяўляецца з дапамогай радыёлакацыйных станцый (РЛС), сістэм і комплексаў. Найб. пашырана актыўная Р. з зандзіруючымі сігналамі, якія выпраменьваюцца антэннай сістэмай перадатчыка РЛС, адбіваюцца ад аб’екта і часткова ўлоўліваюцца прыёмнікам гэтай жа РЛС. Адлегласць да аб’екта вызначаюць па часе праходжання радыёсігналу да аб’екта і назад, напрамак (пеленг) — па арыентацыі накіраванай антэны. Калі аб’ект рухаецца адносна РЛС, частата радыёхвалі, адбітай аб’ектам, у адпаведнасці з Доплера эфектам змяняецца адносна частаты зандзіруючай радыёхвалі. Па рознасці гэтых частот вызначаюць скорасць перамяшчэння аб’екта. Пры Р. з актыўным адказам сігналы, пасланыя РЛС, рэтрансліруюцца радыёпрыстасаваннем, размешчаным на аб’екце (прыёмна-перадавальнай радыёстанцыяй). Пры пасіўнай радыёлакацыі выкарыстоўваецца ўласнае (цеплавое) выпрамяненне аб’екта ў дыяпазоне радыёхваль або выпрамяненне радыёпрыстасавання (радыёперадатчыка), размешчанага на аб’екце. Пры многапазіцыйнай Р. (т. зв. разнесеная сістэма) радыёсігналы, пасланыя адной РЛС і адбітыя аб’ектам, прымаюцца другой РЛС, што знаходзіцца ў інш. зоне прасторы (адлегласць паміж перадавальнай і прыёмнай РЛС можа змяняцца). Прынцыпы работы і апаратура радыёлакацыйных сістэм падобныя, як у гідралакацыі і радыёнавігацыі. Р. выкарыстоўвае складаныя зандзіруючыя сігналы і лічбавыя метады апрацоўкі інфармацыі для траекторных і картаграфічных вымярэнняў, здымкі мясцовасці, радыёкіравання рухомымі аб’ектамі і інш.
Літ.:
Теоретические основы радиолокации. М., 1970;
Справочник по радиолокации: Пер. с англ.Т. 1—4. М., 1976—79.
В.І.Вараб’ёў.
Схема радыёлакацыі (вымярэння каардынат) самалёта наземнай радыёлакацыйнай станцыяй.Схема актыўнай радыёлакацыі: а — з пасіўным адказам; б — з актыўным адказам; в — разнесенай сістэмы пры пераменнай адлегласці (d) паміж перадавальным і прыёмным устройствамі радыёлакацыйнай станцыі (РЛС); г — кругавога агляду зямной паверхні з дапамогай самалётнай РЛС; д — радыёлакацыйная карціна мясцовасці ў сектары агляду.