РУХАВІ́К,

энергасілавая машына, якая пераўтварае энергію рознага віду ў мех. работу або ў кінетычную энергію рэактыўнага струменя. У залежнасці ад тыпу Р. работа можа быць атрымана ад вярчальнага ротара (у ротарных машынах), зваротна-паступальнага руху поршня (у поршневых машын), рэактыўнага апарата і інш. Падзяляюцца на стацыянарныя, перасоўныя і транспартныя. Прыводзяць у дзеянне рабочыя машыны, трансп. сродкі (сухапутныя, водныя, паветраныя, касмічныя), вытв.-тэхнал. ўстаноўкі, камунальныя і быт. машыны і прылады і інш.

Р., якія пераўтвараюць прыродныя энергет. рэсурсы (паліва, энергію ветру, вады і інш.) у мех. энергію, наз. першаснымі Р. Да іх адносяцца цеплавыя рухавікі, гідраўлічныя рухавікі, ветрарухавікі. Другасныя Р. пераўтвараюць у работу энергію, атрыманую ад першасных Р. ці ад пераўтваральнікаў і накапляльнікаў энергіі (сонечных батарэй, інерцыйных і спружынных механізмаў і інш.): электрычныя рухавікі (у т. л. асінхронныя электрарухавікі, сінхронныя электрарухавікі), пнеўмарухавікі, інерцыйныя рухавікі, гіравыя, спружынныя, некаторыя гідраўлічныя і інш.

Першым мех. Р. было вадзяное кола, якое выкарыстоўвалася для падачы вады ў арашальныя сістэмы (краіны Стараж. Усходу, Егіпет, Кітай, Індыя). Ветрарухавікі барабаннага тыпу з’явіліся ў Стараж. Егіпце і Кітаі, з 7 ст. ў Персіі пачалі будаваць больш дасканалыя крыльчатыя, якія з 12—13 ст. пашырыліся ў Еўропе для прыводу ветраных млыноў (гл. Вятрак). З 13 ст. рабіліся спробы стварэння вечнага рухавіка. Цеплавы Р. — поршневая параатмасферная машына пабудавана Т.Ньюкаменам у 1705, універсальны цеплавы Р. — паравая машына — Дж.Уатам у 1784, паравая турбіна прамысл. значэння — Ч.А.Парсансам у 1884, практычна прыгодны рухавік унутранага згаранняфранц. механікам Э.​Ленуарам у 1860, 4-тактавы газавы Р. — Н.А.Ота ў 1876, дызельны — Р.К.Дызелем у 1897 (гл. Дызель). У 1-й пал. 20 ст. створаны газавая турбіна, рэактыўны рухавік, ядзерная сілавая ўстаноўка. Гл. таксама Авіяцыйны рухавік, Аўтамабільны рухавік, Суднавы рухавік.

Літ.:

История техники. М., 1962;

Радость познания. Т. 4. Человек и машины: Пер. с англ. М., 1986.

У.​М.​Сацута.

Рухавікі: а — паравы Ньюкамена (1 — бак з вадой, 2 — поршань са штокам, 3 — цыліндр, 4 — упырскванне вады, 5 — паравы кацёл); б — газавы 4-тактны Ота (1 — выхад газаў, 2 — упуск паветра, 3 — упуск газу, 4 — слізгальны клапан, 5 — гарэнне газу, 6 — абалонка з ахаладжальнай вадой, 7 — поршань).

т. 13, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)