СІМПАТЫ́ЧНАЯ НЕРВО́ВАЯ СІСТЭ́МА (ад грэч. sympathēs чуллівы, успрымальны),

частка вегетатыўнай нервовай сістэмы пазваночных. Прымае ўдзел у падтрыманні гамеастазу, спрыяе хуткай мабілізацыі фізіял. функцый арганізма, стымулюе працэсы катабалізму. Мае цэнтры, якія знаходзяцца ў бакавых рагах грудных і паяснічных сегментаў спіннога мозга, у нерв. вузлах (гангліях), размешчаных па баках пазваночніка (паравертэбральныя) і ў брыжэйцы (прэвертэбральныя гангліі). Прэвертэбральныя гангліі здольныя ўтвараць рыхлыя скопішчы, звязаныя валокнамі, — нерв. спляценні (буйнейшае з іх — сонечнае). Гангліі злучаны паміж сабой, са спінным мозгам, з выканаўчымі органамі. С.н.с. інервуе крывяносныя сасуды і ўнутр. органы, што забяспечвае рэфлекторную ўзаемасувязь паміж імі, а характэрнае для гэтай сістэмы галінаванне нерв. ствалоў спрыяе генералізаванаму ўплыву на некалькі ўнутр. структур. Медыятары С.н.с. — ацэтылхалін (прэгангліянарныя валокны) і норадрэналін (постгангліянарныя валокны, акрамя тых, што інервуюць потавыя залозы).

А.​С.​Леанцюк.

т. 14, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СО́СНА, Міхалова,

возера ў Шумілінскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Зах. Дзвіна, за 14 км на ПдУ ад г.п. Шуміліна. Пл. 0,71 км², даўж. 1,3 км, найб. шыр. 960 м, найб. глыб. 22,9 м, даўж. берагавой лініі 4,8 км. Пл. вадазбору 3,8 км². Катлавіна эварзійнага тыпу. Схілы выш. 12 м (на Пн і У 3—5 м), параслі хмызняком. Ёсць некалькі заліваў і мысаў, 3 астравы агульнай пл. 1,2 га. Берагі нізкія, на З і ПнУ зліваюцца са схіламі. Дно складанай будовы (упадзіны чаргуюцца з падняццямі), да глыб. 2—5 м пясчанае, глыбей ілістае. Найб. зарастае ў залівах і вакол астравоў, шыр. паласы расліннасці 20—170 м. У возеры рэдкія расліны — гідрыла кальчаковая і наяда марская. Злучана ручаём з воз. Гародна. Возера і прылеглая тэрыторыя ўваходзяць у заказнік Сосна.

т. 15, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПО́РАЎСКАЕ ВО́ЗЕРА.

На мяжы Бярозаўскага і Драгічынскага р-наў Брэсцкай вобл., у бас. р. Ясельда (цячэ праз возера), за 26 км на ПдУ ад г. Бяроза. Пл. 11,5 км², даўж. 5,6 км, найб. шыр. 3 км, найб. глыб. 2,2 м, даўж. берагавой лініі 19,5 км. Пл. вадазбору 3 тыс. км². Катлавіна складаецца з 2 плёсаў. Схілы нізкія, забалочаныя, на ПнЗ выш. да 5 м, часткова параслі хмызняком. Берагі забалочаныя, тарфяністыя, на Пн пясчаныя. Дно да глыб. 0,5—0,7 м пясчанае, цэнтр. ч. выслана сапрапелем. Мінералізацыя вады да 200 мг/л. Празрыстасць 0,5 м. Эўтрофнае. Ледастаў з пач. снеж. да канца сакавіка. Зарастае падводнай расліннасцю. Шыр. прыбярэжнай паласы надводнай расліннасці 150—200 м, пашырана да глыб. 0,5 м. У возера ўпадаюць р. Плёса і некалькі меліярац. каналаў.

Спораўскае возера.

т. 15, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАНІ́ЦА,

1) у Рус. дзяржаве 15—17 ст. конны атрад (60—100 чал.), які высылалі на паўд. і паўд.-ўсх. межы краіны для аховы і папярэджання нечаканага нападу праціўніка.

2) Невялікі атрад суправаджэння пасланца казацкага войска для вядзення перагавораў з інш. казацкім войскам або суседняй дзяржавай. Выраз «паслаць грамату са станіцай» азначаў паслаць грамату ў суправаджэнні атрада.

3) Дэлегацыя («пасольства») казацкага войска (16—18 ст.), якая накіроўвалася ў сталіцу Расіі для выказвання гатоўнасці служыць рус. царам, а таксама для сувязі з урадам.

4) У Расіі 17—18 ст. казацкае пасяленне, з 19 ст. адм.-тэр. адзінка і яе цэнтр у казацкіх абл., якая аб’ядноўвала некалькі хутароў і пасёлкаў; афіц. назва буйных сёл на тэр. б. казацкіх войск (у Краснадарскім, Стаўрапольскім краях, Растоўскай вобл. і інш.).

т. 15, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАЛА́МУС зрокавыя бугры,

частка прамежкавага мозга, парныя збіранні шэрага рэчыва, якія ўтвараюць бакавыя сценкі 3-га жалудачка; гал. падкоркавы цэнтр інтэграцыі адчувальнасці. У ніжэйшых пазваночных забяспечвае ажыццяўленне рэфлексаў. Развіццё Т. звязана з фарміраваннем кары вял. паўшар’яў галаўнога мозга. У Т. чалавека вылучаюць каля 60 ядраў (спецыфічных і неспецыфічных). Мае некалькі функцыян. зон, звязаных са сваёй коркавай вобласцю. Т. вентральны мае сярэдзінныя, медыяльныя, вентралатэральныя і заднія ядры; дарсальны — пярэднія, медыяльнае і дарсальнае, перадпокрыўныя ядры. Вылучаюць функцыян. класы гэтых ядраў: спецыфічныя ядры скураных сенсорных органаў, вока і вуха (пераключальныя структуры саматычных і вісцэральных сістэм); ядры з пераважна рухальнымі функцыямі (звязваюць мазжачковыя і базальныя гангліі з рухальнай карою); ядры з асацыятыўнымі функцыямі, таксама неспецыфічныя ядры (павышаюць узбуджальнасць коркавых нейронаў і здольнасць да адказаў на паступаючыя імпульсы).

А.​С.​Леанцюк.

т. 15, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРЫПАЛІТА́НІЯ,

адна з 3 гіст. абласцей Лівіі (Т., Кірэнаіка, Фецан). Назва ад яе сталіцы г. Трыпалі. У 6 — пач. 5 ст. да н.э. — самастойная вобласць, у 5—3 ст. да н.э. пад уладай Карфагена, у 2 ст. н.э. — Нумідыі. У канцы 2 ст. да н.э. заваявана Рымам, у пач. 5 ст. н.э. — вандаламі, у 6 ст. — Візантыяй. З сярэдзіны 7 ст. ў складзе Арабскага халіфата. З 1551 — вілает (правінцыя) Асманскай імперыі (у 1711—1835 Т. кіравала фактычна незалежная дынастыя Караманлі). У час італа-турэцкай вайны 1911—12 захоплена Італіяй. У 1939 у выніку аб’яднання Т., Кірэнаікі і Фецана створана адзіная італьян. калонія Лівія. У 2-ю сусв. вайну Т. акупіравана брыт. войскамі (1943). У 1951—63 адна з 3 правінцый незалежнай Лівіі. У 1963 падзелена на некалькі дробных адм. адзінак.

т. 16, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫГЛАТПАЛАСА́Р (асірыйскае Тукультыяпал-Эшара),

асірыйскія цары. Найб. значныя: Т. I (? — каля 1076 да н.э.), цар каля 1114 — каля 1076 да н.э. Здзейсніў некалькі пераможных паходаў у М.​Азію, Сірыю, Фінікію. Вёў войны з Вавілоніяй. Адцясніў за р. Еўфрат качавыя плямёны арамеяў, якія пагражалі Асірыі. Т. III (? — 727 да н.э.), цар у 745—727 да н.э. Правёў рэформы, накіраваныя на стабілізацыю ўнутрыпаліт. становішча. У 743—740 перамог кааліцыю сірыйскіх, фінікійскіх і малаазійскіх правіцеляў, якіх падтрымлівала Урарту. У 734—732 выйграў вайну ў кааліцыі, у якую ўваходзілі Дамаскае і Ізраільскае царствы, Тыр, філістымлянскія гарады, аравійскія княствы і Эдом. У 737 умацаваўся ў Зах. Мідыі. У 738 і 735 здзейсніў паходы ва Урарту. У 729 да н.э. стаў царом Вавілона. Перасяляў народы з адных заваяваных абласцей у інш. ці ў Асірыю.

т. 16, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРОНТ АТМАСФЕ́РНЫ, фронт трапасферны,

пераходная зона ў трапасферы паміж паветранымі масамі з рознымі фізічнымі ўласцівасцямі. Характарызуецца рэзкай зменай т-ры, ціску і вільготнасці паветра. Прасціраецца ў выглядзе вузкіх (некалькі дзесяткаў кіламетраў) палос на сотні і тысячы кіламетраў. Узнікае пры набліжэнні і сустрэчы мас халоднага і цёплага паветра ў ніжніх слаях або па ўсёй трапасферы, ахоплівае слой паветра магутнасцю да некалькіх кіламетраў. Халоднае паветра як больш шчыльнае прылягае да паверхні зямлі, мае форму вострага кліна, парадак велічыні нахілу франтальнай паверхні да гарызантальнай (тангенс вугла нахілу) 0,01—0,001. Ф.а., які перамяшчаецца ў бок халоднага паветра, наз. цёплым, а наадварот — халодным. У франтальнай зоне развіваюцца воблачныя сістэмы, выпадаюць франтальныя ападкі, фарміруюцца цыклоны і антыцыклоны. На клімат Беларусі вял. ўплыў маюць атм. працэсы, звязаныя з арктычным фронтам і палярным фронтам.

т. 16, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ХО́РНУНГ»

(«Hornung», «Люты»),

кодавая назва карнай аперацыі ням. фашыстаў супраць партызан і насельніцтва ў Ганцавіцкім, Жыткавіцкім, Чырвонаслабодскім, Ленінскім, Лунінецкім, Ляхавіцкім, Слуцкім, Старобінскім р-нах, на тэр. партыз. злучэнняў Пінскага і Слуцкай зоны ў лютым 1943 у Вял. Айч. вайну. Праводзілася сіламі 3 паліцэйскіх палкоў і 5 батальёнаў, у т. л. асобым батальёнам СС Дырлевангера. Партызаны стварылі штаб (камандзір В.З.Корж), на чале з якім некалькі дзён стрымлівалі націск гітлераўцаў, потым асн. сілы партызан выйшлі з-пад удараў праціўніка. У час аперацыі здзейснілі подзвіг браты І. і М. Цубы. Карнікі ўчынілі масавае знішчэнне грамадзян у Слуцку, потым пачалі прачэсваць міжрэчча Случ—Морач—Цна і спалілі шэраг вёсак з жыхарамі. У выніку аперацыі карнікі загубілі больш за 10 тыс. грамадзян, захапілі 16 700 галоў жывёлы, 222,8 т збожжа і інш.

т. 17, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫКЛІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,

злучэнні, якія маюць замкнёны ў кольца ланцуг атамаў.

Бываюць неарган. і арганічныя. Неарган. цыклы ўтвараюць асобныя атамы, напр., бор, сера. Сярод арган. Ц.з. адрозніваюць карбацыклічныя злучэнні (цыклы складаюцца з вугляродных атамаў, напр., аліцыклічныя злучэнні, араматычныя злучэнні) і гетэрацыклічныя злучэнні (у цыкле разам з атамамі вугляроду 1 або некалькі інш. атамаў). Могуць мець 1 цыкл (монацыклічныя, напр., цыклаалканы), 2, 3 і больш цыклаў (бі- і поліцыклічныя). Да бі- і поліцыклічных адносяцца: спіразлучэнні (хоць адна пара цыклаў мае агульны атам); кандэнсаваныя злучэнні (2 суседнія цыклы маюць 2 агульныя атамы, напр., азулены, антрацэн, нафталін); мастковыя злучэнні (утрымліваюць фрагмент, у якім 2 кольцы маюць 3 і больш агульных атамаў). Хім. ўласцівасці Ц.з. вызначаюцца прыродай атамаў, якія іх складаюць. Для многіх Ц.з. характэрна наяўнасць розных канфармацый (гл. Канфармацыйны аналіз).

т. 17, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)