«ХО́РНУНГ»

(«Hornung», «Люты»),

кодавая назва карнай аперацыі ням. фашыстаў супраць партызан і насельніцтва ў Ганцавіцкім, Жыткавіцкім, Чырвонаслабодскім, Ленінскім, Лунінецкім, Ляхавіцкім, Слуцкім, Старобінскім р-нах, на тэр. партыз. злучэнняў Пінскага і Слуцкай зоны ў лютым 1943 у Вял. Айч. вайну. Праводзілася сіламі 3 паліцэйскіх палкоў і 5 батальёнаў, у т. л. асобым батальёнам СС Дырлевангера. Партызаны стварылі штаб (камандзір В.З.Корж), на чале з якім некалькі дзён стрымлівалі націск гітлераўцаў, потым асн. сілы партызан выйшлі з-пад удараў праціўніка. У час аперацыі здзейснілі подзвіг браты І. і М. Цубы. Карнікі ўчынілі масавае знішчэнне грамадзян у Слуцку, потым пачалі прачэсваць міжрэчча Случ—Морач—Цна і спалілі шэраг вёсак з жыхарамі. У выніку аперацыі карнікі загубілі больш за 10 тыс. грамадзян, захапілі 16 700 галоў жывёлы, 222,8 т збожжа і інш.

т. 17, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)