ПА-ДЭ-ТРУА́ (франц. pas de trois літар. танец утраіх),
у балеце адна з разнавіднасцей класічнага ансамбля для 3 удзельнікаў. Мае кананічную структуру: выхад (антрэ), адажыо, варыяцыі кожнага з удзельнікаў, агульная кода. У 19 ст. мела пераважна дывертысментны (устаўны) характар. Абмалёўвала не гал. герояў, а іх сяброў і асяроддзе, эмац. атмасферу і інш. («Пахіта» Э.Дэльдэвеза, балетмайстар М.Петыпа; «Акіян і дзве жамчужыны» ці «Канёк-Гарбунок» Ц.Пуні, балетмайстар А.Горскі). Каб узмацніць дзейснасць харэаграфіі, сучасныя балетмайстры ўводзяць гал. герояў у па-дэ-труа класічных спектакляў («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага, балетмайстар Ю.Грыгаровіч). У сучасных балетах танц. трыо звычайна маюць больш свабодную форму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАЛЕ́НТЫ»,
бел.нар. гульня. На пляцоўцы праводзяць 4 паралельныя лініі на адлегласці 5—6 мадна ад адной. Першая лінія — «мета», на ёй устанаўліваюцца 2 гарадкі («П.»), пастаўленыя адзін на адзін. Другая лінія — «вароты», трэцяя — «двор», чацвёртая — «хата». Выбраўшы «вартаўніка», гульцы кідаюць біты ў «П.» строга па чарзе, якая ўстанаўліваецца жараб’ёўкай перад гульнёй. Збіўшы «П.», гулец павінен падабраць сваю біту і вярнуцца за лінію, з якой ён рабіў удар. Кожны гулец робіць па 3 удары з лініі «варот», «двара» і «хаты». Задачы «вартаўніка» — паставіць збітыя «П.», «запляміць» гульца і ўцячы за лінію «варот». Перамагае той, хто першым 3 разы саб’е «П.» з лініі «хаты».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЎЛІ ПРЫ́НЦЫП,
прынцып забароны, паводле якога ў сістэме часціц з паўцэлым спінам (ферміёнаў) у адным і тым жа стане можа знаходзіцца не больш як адна часціца; адзін з фундаментальных законаў квантавай механікі. Сфармуляваны В.Паўлі (1925) для электронаў пры тлумачэнні структуры спектраў складаных атамаў. Пашыраны на ўсе ферміёны.
Вынікае з сувязі паміж спінам часціцы і статыстыкай: часціцы з паўцэлым спінам падпарадкоўваюцца Фермі—Дзірака статыстыцы і хвалевая функцыя сістэмы аднолькавых часціц антысіметрычная адносна перастаноўкі любых 2 ферміёнаў. П.п. вызначае парадак запаўнення электронных абалонак атама, на ім грунтуецца тлумачэнне атамных і малекулярных спектраў. На яго аснове створана статыстыка электроннага газу, якая тлумачыць большасць цеплавых, эл. і магн. уласцівасцей цвёрдага цела.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРСІ́ДСКАЯ МО́ВА, фарсі,
адна з іранскіх моў (паўд.-зах. група). Афіц. мова Ірана. Пашырана таксама ў Афганістане, Пакістане, Індыі, Іраку, Аб’яднаных Арабскіх Эміратах і інш. Са шматлікіх дыялектаў найб. вывучаны тэгеранскі, які стаў адной з асн. крыніц фарміравання размоўнай формы сучаснай П.м. У фанетыцы 6 галосных, 22 зычныя фанемы, 2 дыфтонгі. Граматыка аналітычная, няма скланення, ужываюцца складаныя дзеяслоўныя формы, фіксаваны парадак слоў. У лексіцы шмат араб. запазычанняў. Пісьменства з 1-й пал. 9 ст. на аснове араб. алфавіта (гл.Арабскае пісьмо), дапоўненага некалькімі знакамі для гукаў, якія адсутнічаюць у араб. мове.
Літ.:
Рубинчик Ю.А. Современный персидский язык. М., 1960;
Пейсиков Л.С. Лексикология современного персидского языка. М., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРЫ́ЯД ПАЎРАСПА́ДУ,
прамежак часу, за які колькасць радыеактыўных ядзер у сярэднім памяншаецца ў 2 разы; адна з асн. характарыстык радыеактыўных ізатопаў. Пры наяўнасці N0 радыеактыўных ядзер у момант часу t = 0 іх колькасць памяншаецца ў часе паводле закону N = N0ε−λt, дзе λ — пастаянная распаду, τ = 1/λ — сярэдні час жыцця радыеактыўных ядзер. П.п. (T1/2) разлічваецца па формуле T1/2 = τln2 = (1η2)/λ. Для розных радыеактыўных ядзер П.п. вагаецца ад доляў секунды (для малаўстойлівых ізатопаў менш за 1 мкс) да 109—1010 гадоў (гл.Радыеактыўныя элементы). Вядомы радыенукліды з П.п. 1015—1021 гадоў (напр., кадмій-113, волава-124, тэлур-130).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́РЫ (ад грэч. poros адтуліна). У раслін — паглыбленні ў другаснай клетачнай абалонцы. Фарміруюцца ў абалонках сумежных клетак адна супраць адной. Адрозніваюць П. простыя — у клетачных абалонках парэнхімных і мех. тканак і абкружаныя — у водаправодных элементах. Адыгрываюць важную ролю ў правядзенні вады і пажыўных рэчываў. У жывёл П. — адтуліны вывадных пратокаў потавых залоз на паверхні эпідэрмісу (потавыя П.); адтуліны каналаў, якімі смакавыя органы злучаюцца з паверхняй эпітэлію слізістай абалонкі ротавай поласці (смакавыя П.). У марфалогіі П. — круглыя ўчасткі ў абалонцы клетачнага ядра, запоўненыя складана арганізаванымі глабулярнымі і фібрылярнымі структурамі. Адыгрываюць важную ролю ў транспарце буйных малекул з ядра ў цытаплазму і назад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЙС ((Price) Леанціна) (н. 10.2.1927, г. Лорэл, штат Місісіпі, ЗША),
амерыканская спявачка (сапрана). Скончыла Джульярдскую муз. школу (1952). Як оперная спявачка дэбютавала ў 1951. У 1959 у т-ры «Ла Скала». З 1961 салістка «Метраполітэн-опера» ў Нью-Йорку. З 1985 выступае як камерная спявачка. Валодае голасам выключнай прыгажосці і насычанасці. Яе выкананне вылучаецца вял. драматызмам, сілай экспрэсіі. Адна з лепшых выканальніц партый Аіды («Аіда» Дж.Вердзі) і Кармэн («Кармэн» Ж.Бізэ). Сярод інш. партый: Донна Ганна («Дон Жуан» В.А.Моцарта), Тоска («Тоска» Дж.Пучыні) і інш. Тонкі інтэрпрэтатар камерных вакальных твораў, у т. л. цыкла «Песні самотніка» С.Барбера, створанага для яе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУПО́К, антэміс (Anthemis),
род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 150 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Афрыцы. На Беларусі найб. вядомы 4 віды П.: палявы (A. arvensis), рускі (A. ruthenica), сабачы, або сабачы рамонак (A. cotula), фарбавальны (A. tinctoria). Трапляюцца на сухадольных лугах, палях, агародах.
Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны, радзей паўкусцікі. Сцёблы прамастойныя або прыўзнятыя, голыя ці апушаныя. Лісце перыстарассечанае, радзей лінейнае. Суквецці — адзіночныя шматкветкавыя кошыкі. Краявыя язычковыя кветкі з белым, жоўтым, залаціста-жоўтым, зрэдку ружовым адгінам. Плод — сямянка. Кветкі П. фарбавальнага прыдатныя для афарбоўкі тканін, маюць інсектыцыдныя ўласцівасці. Дэкар., лек., фарбавальныя, інсектыцыдныя, меданосныя расліны. Некат. — пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЭКЧЭ́,
адна з трох карэйскіх дзяржаў (П., Кагуро, Сіла), якія ўзніклі ў пач.н.э. Займала ПнЗ Карэйскага п-ва. Першы вядомы цар (ван) П. — Кой [234—286], да часу кіравання якога адносяцца першыя юрыд. ўстанаўленні дзяржавы, пашырэнне будызму, які ў 384 быў абвешчаны дзярж. рэлігіяй. З канца 4 ст. вяла войны з Кагуро, з 5 — з Сіла, у выніку чаго страціла значную ч. сваёй тэрыторыі і вымушана была перанесці сталіцу ў 475 з Хансона (цяпер Кванджу) ва Унчхон (цяпер Канджу), а ў 538 — у Сабуры (цяпер Пуё). У 660 разгромлена аб’яднаным войскам Сіла і кіт. імперыі Тан. З канца 7 ст.тэр. П. ўвайшла ў склад аб’яднанай дзяржавы Сіла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРУ́ШКА (Petroselinum),
род кветкавых раслін сям. парасонавых. 4 віды. Пашыраны ў Зах. і Паўд. Еўропе. Стараж. культура Міжземнамор’я П. агародная, ці пасяўная (P. sativum, або P. crispum) вырошчваецца ў Еўропе, Азіі, Амерыцы, Аўстраліі. Мае 2 разнавіднасці: П. каранёвая з патоўшчаным караняплодам і П. лісцевая з тонкім верацёнападобным караняплодам і вял. колькасцю лісця.
Адна- і двухгадовыя травы. Лісце перыстарассечанае, на доўгіх чаранках. Кветкі дробныя, у складаным парасоніку. Плод — віслаплоднік. Караняплоды і лісце П. агароднай маюць вітамін С (70—400 мг%), карацін, мінер. солі, плады — да 6% эфірнага алею. Выкарыстоўваюцца ў фармацэўтычнай і парфумерна-касметычнай прам-сці, кулінарыі, пры кансерваванні.