ДЗЮФА́І ((Dufay) Гіём) (каля 1400, г. Камбрэ, Францыя — 27.11.1474),
нідэрландскі кампазітар; адзін з заснавальнікаў нідэрландскай школы. Выхоўваўся і вучыўся музыцы ў метрызе (царк. школе) пры кафедральным саборы ў Камбрэ. З 1420 у Італіі. Спяваў у папскай капэле ў Рыме (1428—33 і 1435—37) і інш. У 1437—39 служыў пры двары герцага Савойскага. З 1439 (з перапынкамі) канонік і муз. кіраўнік у саборы ў Камбрэ. Прадстаўнік строгага поліфанічнага стылю. Распрацаваў гал. жанр нідэрл. поліфаніі — 4-галосую месу (зберагліся поўнасцю 9 мес і шмат іх асобных частак). Шырока выкарыстоўваў муз.формы, заснаваныя на cantus firmus, а таксама тэхніку меладычнага вар’іравання. Аўтар матэтаў, песень і інш. Яго дзейнасць значна паўплывала на далейшае развіццё нідэрл. поліфанічнай школы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯКО́ЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
культура фіна-угорскіх плямён, якія ў 7 ст. да н.э. — 5 ст.н.э. жылі ў міжрэччы Волгі і Акі, у Верхнім Падзвінні, на Валдайскім узвышшы. Назву атрымала ад гарадзішча каля в. Дзякова (у межах Масквы). Насельніцтва жыло патрыярхальнымі сем’ямі ў наземных жытлах і паўзямлянках на гарадзішчах і паселішчах. Займалася жывёлагадоўляй, лядным земляробствам, паляваннем і рыбалоўствам, вырабляла жал. і касцяныя прылады працы, бронзавыя ўпрыгожанні. Кераміка слоікападобнай формы з тэкстыльнымі адбіткамі (адсюль інш. назва Дз. к. — тэкстыльнай керамікі культура) і арнаментам на верхняй частцы пасудзін. На тэр. Беларусі найб. даследаваныя помнікі: Загорцы, Новы Болецк, Мямлі (Гарадоцкі р-н) і інш.
Літ.:
Третьяков П.Н. Финно-угры, балты и славяне на Днепре и Волге. М.; Л., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ЎГАЕ ВО́ЗЕРА,
у Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Зеха, за 13 км на ПнЗ ад г. Лепель. Пл. 0,65 км², даўж. 2,6 км, найб.шыр. 360 м, найб.глыб. 28,4 м, даўж. берагавой лініі 5,6 км. Пл. вадазбору 9,2 км². Схілы катлавіны выш. 10—12 м, параслі лесам, на Пн і ПнЗ часткова разараныя. Берагі амаль усюды зліваюцца са схіламі, на Пд і ПдУ нізкія. Падводная ч. катлавіны стромка-ўвагнутай формы з рэзкім павелічэннем глыбінь у цэнтры. Паўн,зах.ч. возера мелкаводная. Дно да глыб. 8 м выслана пясчанымі адкладамі, глыбей — сапрапелямі. Шыр. паласы надводнай расліннасці да 50 м. На ПнУ з возера выцякае ручай у воз. Пышна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАГАНАДЫ́ЗМ (ад гіпа... + ганады),
гіпагеніталізм, паталагічны стан чалавека, які абумоўлены зніжанай сакрэцыяй палавых гармонаў і характарызуецца слабым развіццём палавых органаў і другасных палавых прыкмет. Бывае першасны (пры паталогіі палавых органаў) і другасны (у выніку пашкоджання інш. эндакрынных залоз — гіпофіза, гіпаталамуса, шчытападобнай залозы, наднырачнікаў і інш.).
Адрозніваюць розныя клінічныя формы гіпаганадызму: эмбрыянальная — праяўляецца адсутнасцю яечак, крыптархізмам або сіндромам Клайнфелтэра (калі развіваецца ў раннім эмбрыянальным перыядзе, да 20 тыдняў, прыводзіць да гермафрадытызму); дапубертатная форма суправаджаецца фарміраваннем еўнухападобных прапорцый цела і недастатковасцю або адсутнасцю другасных палавых прыкмет; постпубертатная (у дарослым узросце) характарызуецца знікненнем другасных палавых прыкмет і парушэннем палавых функцый. Гіпаганадызм можа ўзнікаць у выніку запаленчых працэсаў у яечках, таксама з прычыны гарманальнай недастатковасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕ́БАЎ (Ігар Мікалаевіч) (24.2.1923, в. Будзінка Калінінскай вобл., Расія — 18.4.1986),
бел. скульптар. Скончыў Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна ў Ленінградзе (1956). Выкладаў у Мінскім маст. вучылішчы (1956—64), БПІ (1964—76). Працаваў у галіне манум. пластыкі, партрэта, станковай кампазіцыі. Сярод твораў: «На таку» (1957), «Жаночы партрэт (Наташа)» (1959), «Подзвіг народа» (1981) і інш. Аўтар помнікаў бел. воінам і партызанам у г. Стоўбцы (з С.Селіханавым, 1963) і в.Вял. Бортнікі Бабруйскага р-на (1966), Ф.Скарыне ў Полацку паводле праекта А.Глебава (з А.Заспіцкім, В.Марокіным, 1974) і інш. Творчасці Глебава ўласцівы дакладнасць рэаліст.формы, мяккасць мадэліроўкі, жыццёвасць вобразаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЙХЕ́РА (Heuchera),
род кветкавых раслін сям. каменяломнікавых. Каля 25 (50?) відаў. Пашыраны ў Паўн. Амерыцы. На Беларусі інтрадукаваны 3 віды: гейхера амерыканская (H. americana), гібрыдная (H. hybrida) і крывава-чырвоная (H. sanguinea). Пад назвай гейхера гібрыдная аб’ядноўваюць розныя садовыя формы і сарты гейхеры крывава-чырвонай гібрыднага паходжання. Выкарыстоўваюцца для пасадак у рабатках, міксбордэрах, камяністых садах. Цвітуць у чэрв.—жніўні.
Шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 50 см з моцным карэнішчам. Лісце сэрцападобнае ці акруглае на доўгіх чаранках, сабранае ў прыкаранёвую разетку. Кветкі дробныя, званочкападобныя, шматлікія, рознага колеру (белаватыя, зеленаватыя, ружовыя, крывава-чырвоныя і інш.), у мяцёлчатых суквеццях. Плод — шматнасенная каробачка. Размнажаецца насеннем, дзяленнем карэнішчаў. Ценевынослівыя, марозаўстойлівыя дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЛЕ́НІУМ (Helenium),
род кветкавых раслін сям. Астравых. Каля 40 відаў. Пашыраны ў Паўн. і Цэнтр. Амерыцы, пераважна на захадзе ЗША. На Беларусі ў Цэнтр.бат. садзе АН інтрадукаваны 2 віды: геленіум асенні (H. autumnale) і Хупа (H. hoopsii); маюць садовыя формы і сарты гібрыднага паходжання. Выкарыстоўваюць для пасадак групамі на газонах, бардзюрах, у міксбордэрах і на зразанне.
Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны з прамымі, уверсе разгалінаванымі сцёбламі выш. да 150 см. Лісце ланцэтнае, супраціўнае, з кропкавымі залозкамі. Кветкі пераважна жоўтыя, чырванаватыя, карычневыя або стракатыя, у кошыках (адзіночных ці сабраных у шчыткападобныя суквецці). Плады — сямянкі з крылаткамі. Зімаўстойлівыя, святлалюбныя дэкар. расліны. Размнажаюць насеннем і дзяленнем кустоў. Некат. віды цвітуць з чэрв. да замаразкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕМАФІЛІ́Я (ад гема... + ...філія),
хвароба, выражаная ў схільнасці да крывацёку ад спадчыннага паніжэння згусання крыві. У хворых на гемафілію можа быць нястача тромбапласціну — антыгемафільнага глабуліну, VIII фактару згусання крыві (гемафілія A), плазмавага кампанента тромбапласціну — IX фактару (гемафілія B), X фактару згусання крыві (гемафілія C). Найчасцей бывае гемафілія A і B; хварэюць толькі мужчыны. Адрозніваюць цяжкую, сярэднюю і лёгкую формы гемафіліі. Цяжкая форма хваробы праяўляецца пры нараджэнні дзіцяці, лёгкая — пры траўмах, хірург. аперацыях. Пры гемафіліі працэс згусання крыві вельмі запаволены, пашкоджанне нават дробнага крывяноснага сасуда выклікае працяглы крывацёк. Бывае кровазліццё ў мышцы, суставы, крывацёк са слізістых, нырак, страўнікава-кішачнага тракту і інш. Лячэнне: пераліванне крыві, антыгемафільнай плазмы і спец. прэпаратаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРЭФО́РДСКАЯ ПАРО́ДАбуйной рагатай жывёлы.
Мяснога кірунку. Выведзена ў 18 ст. ў Англіі (графства Херэфардшыр) ад мясц. жывёлы з выкарыстаннем блізкароднаснага спароўвання і працяглага адбору. Займае першае месца ў свеце па колькасці пагалоўя сярод мясных парод. Гадуюць у Вялікабрытаніі, ЗША, Канадзе, Аўстраліі, краінах СНГ і інш.: на Беларусі — у племсаўгасе «Беняконскі» Воранаўскага р-на.
Жывёла мае моцную канстытуцыю, гарманічны склад цела, добра вызначаныя мясныя формы. Масць чырвоная розных адценняў, галава, карак, падгрудак, ніжняя частка ног і хваста белая. Жывая маса нованароджаных бычкоў 32—34 кг, цялушак 28—32, дарослых быкоў 850—1000, кароў 500—600 кг. Мяса сакаўное, далікатэснае, мармуровае. Малочнасць кароў 1200—1600 кг, тлустасць малака 3,9—4%.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛАТА́Я РЫ́БКА (Carassius auratus auratus),
падвід сярэбранага карася. Прызначана для ўтрымання ў дэкар. вадаёмах і акварыумах. Пашырана ўсюды. У Кітаі разводзяць з 10—12 ст., у Расію завезена ў канцы 17 ст. Зыходная форма з прэсных вадаёмаў Кітая, дзе З.р. выведзена шляхам працяглага адбору жоўтых і чырв. мутантных форм. Ад зыходнай формы адрозніваецца залаціста-жоўтай афарбоўкай, больш кароткім і шырокім (да шарападобнага) тулавам, вельмі змененымі плаўнікамі. Атрыманы сотні парод і форм рознай афарбоўкі, памераў тулава, галавы, плаўнікоў, велічыні і размяшчэння вачэй і інш. прыкмет. Найб. вядомыя жамчужына, ільвінагалоўка, камета, вадзяныя вочкі, тэлескоп, шубункін і інш.